Любімы ўрок чытання

- 12:00Навіны рэгіёнаў

Чытанне — адзін з галоўных навыкаў чалавека, без якога ён не можа спасцігнуць навакольны свет. Гэтаму навыку трэба вучыць змалку. У сваёй рабоце даводзіцца вырашаць розныя праблемы, звязаныя з яго авалодваннем: як зацікавіць малодшых школьнікаў чытаннем, як навучыць іх вылучаць неабходную інфармацыю з вялікага інфармацыйнага патоку, як зрабіць урок літаратурнага чытання любімым… 

Вопыт паказвае, што толькі высокаматываваныя вучні будуць з энтузіязмам шукаць у бібліятэцы новыя творы пэўнага аўтара, эмацыянальна расказваць сябрам аб прачытанай кнізе. Толькі дзеці, якія разумеюць сэнс прачытанага, захочуць чытаць яшчэ і яшчэ. 

Разуменне мастацкага тэксту залежыць ад многіх фактараў: глыбокага ведання кожнага слова, здольнасці сканцэнтраваць увагу, уключыць уяўленне, запомніць атрыманую інфармацыю, уменняў параўноўваць, прагназаваць і знаходзіць сэнс у сюжэце і падтэксце. Дасягнуць гэтага можна толькі дзякуючы сістэмнай рабоце, вывучыўшы асаблівасці сваіх вучняў. 

Цяжэй за ўсё працаваць з першакласнікамі, у якіх розны ўзровень чытацкай падрыхтоўкі. Тут неабходны дыферэнцыраваны падыход. Дзялю вучняў на групы: “Сонейкі”, “Промні” і “Праменьчыкі”. Дзеці могуць пераходзіць з адной групы ў іншую. 

Першая група аб’ядноўвае дзяцей з высокім узроўнем гатоўнасці да навучання, якія ўжо ўмеюць чытаць. У другую групу ўваходзяць дзеці з сярэднім узроўнем гатоўнасці, якія ведаюць літары. У трэцюю — з узроўнем, ніжэйшым за сярэдні, якія не ведаюць усіх літар. 

Заданні, прызначаныя для прадстаўнікоў кожнай групы, абазначаны літарамі “С” (“Сонейкі”), “П1” (“Промні”) і “П2” (“Праменьчыкі”). Вучні выконваюць заданні па аднолькавым тэксце, надрукаваным на асобных картках. “Сонейкі” знаёмяцца з заданнямі самастойна, а астатніх знаёмлю з імі пэўны час я. 

Раздаю карткі з наступным тэкстам: “Коротышки жили в сказоч*ом городе. В городе у *их было оче*ь красиво. Около каждого дома росли цветы. Улицы *азывались име*ами цветов. А сам город *азывался *** городом”. Прапаную “сонейкам” прачытаць тэкст, назваць прапушчаныя літары і горад, знайсці словы з 4-х складоў і падумаць, што іх аб’ядноўвае. “Промні” ўважліва праслухоўваюць тэкст, лічаць колькасць слоў з новым гукам і складаюць схему слова, якое абазначае горад. “Праменьчыкі” праслухоўваюць тэкст, замест зорачак запісваюць алоўкам новую літару, прыдумляюць расліны, у назвах якіх ёсць новы гук.

У 1 класе выкарыстоўваю таксама лагічныя практыкаванні, накіраваныя на ўсведамленне і разуменне тэксту. Дзеці вучацца знаходзіць агульныя і адрозныя прыметы ў розных сувязях, аб’ядноўваць іх у адно цэлае, устанаўліваць сувязі паміж рознымі з’явамі і паняццямі. Так, выконваючы практыкаванне “Знайдзі чацвёртае”, вучні вызначаюць лагічную сувязь паміж словамі першай пары і на аснове гэтага падбіраюць адсутнае слова: песня — кампазітар, самалёт — … (вынаходнік, канструктар); нож — сталь, крэсла — … (дрэва).

Практыкаванне “Падзялі словы на тэматычныя групы”: заяц, гарох, вожык, крэсла, мядзведзь, капуста, воўк, агурок, карова, шафа, канапа. Практыкаванне “Да выдзеленага слова падбяры неабходныя па сэнсе словы”: травы — канюшына, кедр, шчаўе, падарожнік, лістоўніца, дзьмухавец.

Шырока выкарыстоўваю гульні са словамі, якія патрабуюць ад вучняў увагі да саміх слоў і іх частак. Гульні-загадкі, рэбусы і шарады дапамагаюць актывізаваць увагу дзяцей падчас і пасля чытання твора. 

Прымяняю практыкаванні, звязаныя з работай з дэфармаванымі і незавершанымі сказамі і тэкстамі. Сярод іх — “Складзі сказы да тэмы ўрока”: “У школе” — школа, клас, парты, дзяжурны, сшытак, пенал, урок. Практыкаванне “Закончы апавяданне”: “Была марозная зіма. На сасне сядзяць птушкі. Яны шукаюць ежу…” 

Знаёмлю дзяцей з такім паняццем, як герой твора. Прапаную назваць галоўнага героя пэўнай казкі і пералічыць іншых герояў па парадку, пазнаць героя па апісанні, вызначыць рысы характару галоўнага героя, расказаць, які герой з’яўляецца прыкладам і з кім дзецям хацелася б сябраваць, падабраць прымаўку да тэксту.

Разумець сэнс тэксту і падтэксту дзеці пачынаюць у 2 класе, калі ўжо сфарміраваны на пэўным узроўні чытацкі навык. На гэтым этапе фармірую ўменне весці дыялог з тэкстам, удзяляю асаблівую ўвагу разуменню лексічнага значэння слова, вучу ставіць пытанні і адказваць на іх. Каб дзеці лепш авалодалі чытацкімі навыкамі, арганізоўваю работу з тэкстам на аснове пэўных прыёмаў і заданняў.

Работа з тэкстам да чытання (падрыхтоўка да ўспрымання) развівае антыцыпацыю, разуменне зместу тэксту па загалоўку, ілюстрацыях і ключавых словах. На гэтым этапе звяртаюся да прыёму прагназавання: дзеці чытаюць прозвішча аўтара, загаловак твора, разглядаюць ілюстрацыю да тэксту, выказваюць свае меркаванні пра герояў, тэму, змест. Добра пабудаваны аповед настаўніка пра пісьменніка паглыбляе разуменне вучнямі прачытанага твора.

Работа з тэкстам падчас чытання дапамагае асэнсаваць і зразумець тэкст на ўзроўні зместу, вызначыць эмацыянальнае ўздзеянне твора (што ўспрынялі самі, чаго не змаглі), праверыць першаснае ўспрыманне. На гэтым этапе звяртаюся да прыёму мадэлявання, які дазваляе далучыць да актыўнай работы кожнага вучня. 

Выкарыстоўваю чытанне з паметамі: “+” — цікава; “!” — хачу даведацца больш; “?” — незразумела; “в” — ведаю.

Важную ролю ў фарміраванні навыку ўсвядомленага чытання адыгрывае экспрэс-апытанне. Гэты прыём выконвае кантралюючую функцыю, вучыць дзяцей успрымаць інфармацыю, развівае каштоўнасныя адносіны да яе. Вартасць экспрэс-апытання — у эканоміі часу і ўдзеле ўсіх вучняў. Акрамя таго, яно павышае канцэнтрацыю іх увагі на галоўных аспектах зместу тэксту і яго дэталях, прымушае актыўна думаць, вучыць адстойваць уласны пункт гледжання, развівае слоўнікавы запас, лагічнае мысленне і ўяўленне. 

Ірына ДУДКО,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Пружан.