Людміла Шавель-Берасцень: «Веру, што разам у нас усё атрымаецца»

- 14:15Моя гражданская позиция

“Для мяне экалогія — гэта не толькі пра навакольнае асяроддзе, а яшчэ пра месца чалавека ў грамадстве і яго ўнутраны свет”, — адзначыла ў размове з карэспандэнтам Настаўніцкай газеты настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі Людміла Шавель-Берасцень.

— Радзіма па­чы­наецца з сям’і, школы, адчування еднасці з любым бацькоўскім куточкам, дзе нарадзіўся і вырас. Для мяне гэта наш Бешанковіцкі раён. Сюды я вярнулася пасля вучобы ва ўніверсітэце, бо ніколі не імкнулася застацца ў вялікім горадзе. Выйшла замуж, мае бацькі і бацькі мужа жывуць непадалёк, у суседніх вёсках. Працую ў школе, тут жа вучацца нашы дзеці.

Упэўнена, што чалавек сапраўды шчаслівы толькі тады, калі ведае і адчувае свае карані. Асабіста я гэтае адчуванне ўпершыню ярка перажыла ў вёсцы, яшчэ ў школьным узросце. Як звычайна, прыехала на канікулах да бабулі з дзядулем. Яны ў той дзень пасвілі кароў. Сабралася хуценька ды пабегла іх шукаць, каб дапамагчы. Па дарозе мяне раптам і апанавала незвычайнае, хвалюючае пачуццё: шчасце, калі навокал — мая зямля, дзе мне радасна дыхаецца, дзе мясціны знаёмыя ледзь не да кожнага дрэўца і ўзгорка! І я жывая часцінка гэтага роднага, блізкага сэрцу. Таму хачу і павінна зрабіць усё, што ўмею, каб усё гэта жыло далей, развівалася, квітнела. З гадамі тое дзіцячае пачуццё пераўтварылася ў магутную асабістую матывацыю, якой я кіруюся ў жыцці і якую імкнуся перадаць сваім дзецям і вучням.

Біялогія раскрывае цудоўныя магчымасці для выхавання, узнімае мноства важных тэм — ад здаровага ладу жыцця да захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Каб лю­біць родную зямлю, адчуваць сябе на ёй руплівым гаспадаром, неабходна як мага больш пра яе ве­даць. Мы з вучнямі пастаянна ўдзель­нічаем у конкурсным руху. Дастаткова паспяхова выступаем на раённым і абласным узроўнях. У мінулым го­дзе сталі прызёрамі рэспубліканскай экалагічнай акцыі па пытаннях раздзельнага збору адходаў і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў “Хто, калі не мы!”. Ніколі не скажу гэта вучням, бо заўсёды на­цэльваю іх на высокі вынік, але перамога тут не самае галоўнае. Намнога важнейшыя якасці, якія фарміруюцца ў дзяцей падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсах, каштоўныя навыкі, атрыманыя ў калектыўнай справе.

Менавіта ў настаўніцкай дзейнасці мне ўдалося раскрыцца як эколагу-практыку. Мы стварылі валанцёрскі атрад. Пачыналі з элементарнага — арганізавалі рэгулярнае прыбіранне смецця на выбраным участку ляснога масіву ўздоў­ж трасы ў сваім населеным пункце. Гэта неабходная і прывабная для дзяцей справа, калі яе правільна падаць: не як руцінны абавязак, а як захапляльную прыгоду. Спаборнічаем, хто больш назбірае лісця, у каго цікавыя знаходкі. Між іншым некаторыя з іх зараз знаходзяцца ў кабінеце біялогіі, выкарыстоўваю іх у якасці нагляднага матэрыя­лу. Не ўяўляеце, наколькі вучні здзіў­ляюцца такому павароту падзей, ганарацца сваім удзелам! Мы наладзілі трывалыя кантакты і з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ходзім у сумесныя рэйды, займаемся пасадкай дрэў у райцэнтры, ра­зам даглядаем іх, паліваем у летнюю спёку. Гэтаму не перашкаджае тое, што дзеці на канікулах і я ў адпачынку: збіраемся і працуем, бо разумеем, наколькі неабходна наша дапамога.

З лясгасам таксама супрацоўнічаем. Мы з тых лю­дзей, хто пра сябе ўсміхаецца, калі чуе фразу “Чалавек у жыцці павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына”. Уласны дом і сям’я для маіх вучняў пакуль у перспектыве. А вось па першым пункце план нават перавыкананы: у нас не па дрэўцы кожны выса­дзіў — адлік ідзе на гектары. У мінулым годзе на абласным этапе конкурсу сярод грамадскіх эколагаў мяне адзначылі дыпломам ІІ ступені.

Ведаеце, для мяне экалогія — гэта не толькі пра навакольнае асяроддзе, а яшчэ пра месца чалавека ў грамадстве і яго ўнутраны свет. У кожным выпадку важныя дасведчанасць у працэсах, да якіх ты маеш дачыненне, аб’ектыў­насць у ацэнках, збалансава­насць і настрой на пазітыў, разуменне ўласнага патэнцыя­лу, інтарэсаў, магчымасцей і напрамкаў развіцця. Не абысціся і без узаемнай падтрымкі і дапамогі, свядомага імкнення да чысціні і парадку, у тым ліку ў думках і ўчынках, а таксама дысцыпліны, бо без яе не будзе парадку ні ў галаве, ні ў сям’і, ні ў рабоце. Дысцыпліна азначае адказнасць за свае дзеянні, лад жыцця, светапогляд. Канечне, мне хочацца, каб развівалася і квітнела наша краіна, каб мы жылі ў згодзе пад мірным небам, каб павышалася якасць жыцця. Толькі жадання для гэтага мала — трэба кожнаму прыкласці намаганні. Веру, што разам у нас усё атрымаецца.

Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ