Мабільныя прылады на ўроку: карысць ці шкода?

- 12:10Якасць адукацыі

Не сакрэт, што смартфоны для дзяцей і падлеткаў — гэта цэлы свет. Яны пагружаюцца туды з галавой і не жадаюць выходзіць у рэальнасць. Не раз даводзілася назіраць, як за вокнамі экскурсійнага аўтобуса праплываюць маляўнічыя краявіды, экскурсавод штосьці захапляльна расказвае, але большасць школьнікаў з азартам глядзяць на экраны, бо там цікавей, чым тут. Альбо ў тэатры ідзе камедыйны спектакль, акцёры проста пераўзыходзяць сябе, але ў розных куточках пагружанай у цемру глядзельнай залы то тут, то там успыхваюць знаёмыя агеньчыкі манітораў. Для некаторых педагогаў гаджэты сталі проста катастрофай для вучэбнага працэсу ў школе. Яны рознымі сродкамі вядуць няроўную барацьбу з віртуальным светам, часам прынцыпова забараняючы выкарыстанне мабільных прылад на ўроках. Мы паспрабавалі высветліць, ці заўсёды смартфоны, планшэты і іншыя мабільныя прылады — шкода для навучання і як пераўтварыць іх з ворагаў у сяброў, уключыўшы ў адукацыйны працэс. 

Вераніка Аляксандраўна БЕБЕХ, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска:

— Смартфоны, планшэты і іншыя мабільныя прылады — гэта тыя інструменты, якія не толькі можна, але і патрэбна выкарыстоўваць на занятках. Галоўнае, каб яны мелі выхад у інтэрнэт. Хаця сёння ў прынцыпе ёсць дадаткі, якія дазваляюць іх выкарыстоўваць на ўроках і без выхаду ў сусветную павуціну. Канечне, гэта не значыць, што дзеці павінны ся­дзець у мабільніках пастаянна, але пры дапамозе такіх прылад вельмі лёгка пераўтварыць урок у нешта такое, што са­праўды будзе цікава навучэнцам. Я называю гэта мабільнай камп’ютарнай лабараторыяй. Згадзіцеся, што, каб абсталяваць лінгафонны кабінет, патрэбна затраціць многа сродкаў. Дык чаму ж не выкарыстоўваць тое, што ёсць у дзяцей? Сёння мабільныя дадаткі даюць магчымасць і вучыць словы, і глядзець кінафільмы, і выконваць тэсты — адным словам, спрашчаюць многія працэсы і робяць іх цікавымі для дзяцей, бо толькі падручніка, сшытка і ручкі на дадзены момант недастаткова.

Каб навучэнцам быў цікавы прадмет, настаўніку трэба быць з імі на адным узроўні ці крыху вышэй. Мабільныя тэхналогіі дапамагаюць мне ўцягнуць дзяцей у вучэбны працэс і зрабіць іх актыўнымі на ўроку.

Звярнуцца да мабільных прылад мяне падштурхнуў ­удзел у Міжнароднай адукацыйнай праграме дзяржаўнага дэпартамента ЗША  “Праграма ўдасканалення педагагічнага майстэрства настаўнікаў сярэдніх школ”. Зімой 2016 года ў Каліфарнійскім універсітэце я прайшла курс па гэтай праграме. Тут вельмі многа ўвагі ўдзялялася выкарыстанню мабільных тэхналогій. І вось два гады я выкарыстоўваю не толькі тое, чаму навучылася, але і свае напрацоўкі. Ёсць вялікая колькасць платформ, дадаткаў, якія можна спампаваць на тэлефон і выкарыстоўваць. Напрыклад, Socrative мае вялікую базу і канструктар тэстаў. Безумоўна, трэба затраціць час, каб іх стварыць, але потым не даводзіцца правяраць сшыткі, а таксама выкон­ваць работу над памылкамі: тэст прадугле­джвае каментарыі да памылковых і правільных адказаў. Гэта дастаткова эфектыўны інструмент.

Яшчэ адзін інструмент Quizlet — стварэнне картак. Ён дапамагае вывучаць замежныя словы ў інтэрактыўным рэжыме па картках: на адным баку пішацца слова, на другім — пераклад (альбо карцінка). Гэта такі немудраге­лісты спосаб запамінання. У выніку мне не трэба затрач­ваць час на ўроку, каб праверыць, як вучні засвоілі словы. Дзецям гэта вельмі падабаецца, і яны нават сядзяць у смартфонах на перапынках.

Расійскія вучоныя праверылі, ці сапраўды мабільныя тэлефоны, а менавіта забаўляльныя дадаткі, — гэта прэрагатыва слабапаспяваючых вучняў, якія раней лавілі варон на ўроку, глядзелі ў акно, а зараз пагружаны ў свае гаджэты. Але такая залежнасць не выяўлена. І выдатнікі, і слабапаспяваючыя школьнікі, калі ім становіцца сумна, пераключаюцца на экран смартфона.

Ствараць віктарыны, тэсты і гульні на любую тэму, а потым праводзіць заняткі ў фармаце спаборніцтваў (дзеці дзеляцца на каманды і спаборнічаюць, хто першым правільна адкажа на пытанне) дазваляе дадатак Kahoot. Для яго выкарыстання патрэбны дзве мабільныя прылады на клас — прынцып даступнасці абсалютна выконваецца. Пры дапамозе яго можна і ўводзіць новую тэму, і правяраць вывучанае.
У выніку матэрыял засвойваецца лёгка і нязмушана, ствараецца сітуацыя поспеху для кожнага, у вучняў няма ніякага стрэсу. Дзеці таксама могуць рабіць чэленджы дома, а потым дзяліцца вынікам у сацыяльных сетках і параўноўваць свае веды з іншымі.

Такім чынам, мабільныя прылады — гэта інструменты, якія дапамагаюць зрабіць вучэбны працэс больш цікавым для дзяцей і для настаўніка, бо я таксама развіваюся і вучуся. У дзяцей павышаецца матывацыя да вывучэння прадмета і, адпаведна, паспяховасць. Зараз я працую ў профільным дзясятым класе. Некалькі навучэнцаў, якія былі слабейшымі (у 5—6 класах у іх па англійскай мове былі “шасцёркі”), зараз добра паспяваюць — вучацца на 8 і 9. Таму, думаю, калегам таксама варта выкарыстоўваць гаджэты на занятках, інакш дыялог з сучаснымі дзецьмі ім будзе складана наладзіць.

Ганна Рыгораўна КУШНЯРОВА, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 5 Віцебска:

— На маю думку, ад выкарыстання на ўроках смартфонаў, планшэтаў і іншых мабільных прылад вялікая карысць. Гэта і дапамога для настаўніка, і зацікаўленасць для дзяцей — магчымасць выконваць тыя ж заданні, аднак з большым жаданнем. З гэтымі прыладамі мы працуем пачынаючы з 1 класа. Спачатку матывацыяй для малодшых школьнікаў з’яўляецца наяўнасць у руках планшэта (“Ух ты! Здорава!”), а потым паступова яны пачынаюць разумець, што пры дапамозе гэтых прылад вучацца. Каб паскорыць работу з мабільнымі прыладамі (не ўсе першакласнікі ўмеюць чытаць, добра арыентуюцца ў тэхніцы, не ведаюць замежнай мовы) на дапамогу прыйшлі QR-коды. У іх можна зрабіць спасылку на заданне, тэкст, карцінку, і дзеці, сканіруючы код, хутка пераходзяць на адрас задання, якое патрэбна.

У сваёй рабоце прымяняю наступныя сэрвісы: LearningApps.org, які дазваляе зручна і лёгка ствараць электронныя інтэрактыўныя практыкаванні, дыдактычныя матэрыялы, віктарыны, крыжаванкі (пры жаданні кожны настаўнік па любым прадмеце можа стварыць свой рэсурс — невялікае практыкаванне для тлумачэння новага матэрыялу, для замацавання, трэнінгу, кантролю), Kahoot, што дазваляе праводзіць апытанні, даследаванні, складаць віктарыны. Kahoot устанаўліваецца на смартфоны ці планшэты вучняў. На вялікім экране ў класе дзеці бачаць пытанне і варыянты адказаў, пазначаныя трохвугольнікам, квадратам, ромбам. На экране іх гаджэтаў размяшчаюцца толькі гэтыя фігуры без лішняй інфармацыі. Яны націска­юць на тую фігуру, якая адносіцца да правільнага адказу. Сістэма адразу ж паказвае, хто адказаў першым, колькі набраў балаў, колькі дзяцей далі правільны адказ, на якім месцы сярод усіх у класе апынуўся кожны вучань і г.д. Напрыканцы віктарыны дзеці могуць ацаніць, спадабалася ім заданне ці не. А я магу спампаваць у Excel-фармаце вынікі віктарыны, дзе выяўляюцца ўсе ўдзельнікі і відаць якія адказы яны давалі. Адразу бачна, якія тэмы неабходна прапрацаваць на наступным уроку. Адзінае, што крыху перашкаджае рабоце: пры азартнай гульні губляецца дысцыпліна.

Таксама мы актыўна выкарыстоўваем сэрвісы Google (Google-дакументы, Google-табліцы, Google-малюнкі). Мае навучэнцы з задавальненнем працу­юць з інтэрактыўнымі флэш-карткамі (дадатак GoConqr), пры дапамозе якіх можна вывучаць табліцу множання, слоўнікавыя словы, склад лікаў і г.д. У гэтым сэрвісе для сістэматызацыі матэрыялу ёсць Mind maps — карты памяці. Напрыклад, зусім нядаўна навучэнцы складалі карту памяці на тэму “Па якіх законах жылі нашы продкі”.

Палюбіўся маім выхаванцам і такі сэрвіс, як Class Dojo. Ён вельмі насычаны, у ім ёсць з чым папрацаваць. Тут прадугле­джаны аўтаматычнае дзяленне на групы (настаўнік загадзя можа ўнесці свае пажаданні для фарміравання групы), апавяшчэнне, музыка і іншае. Усё гэта мы стараемся прымяняць.

Сэрвіс таксама дапамагае ў перыяд безадзнакавага навучання, дазваляе прыцягнуць да ўзаемадзеяння бацькоў. Гэта своеасаблівы віртуальны клас — электронны журнал, дзе кожнаму дзіцяці пры ўваходзе прысвойваецца монст­рык. Навучэнцы, працуючы ў класе і дома, зарабляюць бурбалкі. Напрыканцы тыдня сістэма рассылае падлікі бацькам, дзе на кругавой дыяграме паказана, колькі бурбалак набрала дзіця. А бурбалкі могуць быць як станоўчымі (за добрае рашэнне прыкладаў, за выразнае чытанне і г.д.), так і адмоўнымі (яны ідуць пад назвай “Неабходна яшчэ папрацаваць”). Дарэчы, бацькам у любы час можна зрабіць рассылку. Мне не трэба пісаць ім запіскі, як гэта было раней.

Мабільныя прылады для мяне — вялікія памочнікі. Сваім калегам я параіла б не баяцца выкарыстоўваць іх на ўроках, бо мы ад іх нікуды не адыдзем. Забараняць сёння смартфоны — гэта забараняць шарыкавую ручку і прапаноўваць пі­саць пяром і чарніламі. Як бы мы ні супраціўляліся, гэта павеў часу, і мабільная адукацыя будзе толькі набіраць ход.

Дар’я Алегаўна КАСЯКОВА, настаўніца гісторыі гімназіі № 34 Мінска:

— На пытанне “Варта ці не варта выкарыстоўваць розныя гаджэты на ўроках?” адкажу адназначна: “Варта”. Ад іх толькі карысць, таму што адукацыйны працэс у краіне не адарваны ад агульнасусветнага развіцця, і калі мы хочам ісці ў нагу з часам, даваць сучасную адукацыю школьнікам, то ад га­джэтаў нельга адмаўляцца. Мабільныя прылады адкрываюць і для настаўніка, і для вучня шырокае кола магчымасцей, дазваляюць зрабіць адукацыю больш індывідуалізаванай (працаваць у сваім тэмпе вучням з рознымі пазнавальнымі магчымасцямі, складаць рознаўзроўневыя заданні) і г.д.

Гаджэты сёння дазваляюць мне арганізоўваць дыстанцыйнае навучанне. Я выкарыстоўваю іх у рабоце з алімпіяднікамі і высокаматываванымі дзецьмі. Я магу дыстанцыйна кантраляваць, дыягнаставаць і карэкціраваць іх поспехі.

У выкладанні свайго прадмета практыкую элементы перавернутага навучання і перавернутага ўрока, якія прадугледжваюць вывучэнне дома значнай часткі матэрыялу. Гісторыя ў гэтым плане вельмі багаты прадмет. Вучням прапаноўваецца прагледзець дома гістарычны фільм, навукова-пазнавальную перадачу і іншае, а потым прааналізаваць іх па прапанаваным алгарытме. З аднаго боку, гэта дзецям вельмі цікава, з другога — карысна. На ўроках таксама часта практыкую прагляд відэаматэрыялаў да вывучэння канкрэтнай тэмы, пасля чаго мы праводзім іх аналіз.

Смартфоны я выкарыстоўваю на ўроку для правядзення тэсціравання, віктарын, мэта якіх — не ацаніць навучэнцаў, не паставіць ім фінальную адзнаку, а праверыць іх веды і скарэкціраваць у далейшым. Пачынаючы той ці іншы ўрок, я часта даю дзецям анлайн-тэсты ў сэрвісах Quiz ці Kahoot, якія дазваляюць кожнаму дзіцяці праз свой тэлефон адка­заць на пытанні па дамашнім заданні. У сябе на камп’ютары я бачу ўсе адказы навучэнцаў, прычым відаць не толькі вынікі кожнага асобна ўзятага вучня, а ў цэлым становіцца зразумела, над якімі пытаннямі, паняццямі і датамі трэба яшчэ па­працаваць. Гаджэты прывабліваюць навучэнцаў і тым самым ажыўляюць урок, дзеці больш актыўна рэагуюць на тэлефон і камп’ютар, чым на папяровую картку.

З’яўляючыся яшчэ і класным кіраўніком, у сваёй практыцы я змагаюся з планшэтамі. Лічу, што планшэт вучням у школе не патрэбен. Большасць дзяцей не выкарыстоў­ваюць яго ў якасці электроннага падручніка, як заяўляюць настаўніку і бацькам, а прыносіць у школу, каб пагуляць.

Выкарыстанне смартфонаў спрыяе развіццю крытычнага мыслення навучэнцаў. Калі мы вывучаем пэўную падзею, працэс, мала мець адну крыніцу інфармацыі  — падручнік. У вучняў абавязкова павінен быць пэўны выбар і параўнанне ў тым ліку з актуальнымі матэрыяламі, якія былі апублікаваны ўчора, на мінулым тыдні ці месяцы. Па групах ці варыянтах вучні атрымліваюць заданне наконт той ці іншай падзеі або асобы. Адны працуюць з Вікіпедыяй, другія вывучаюць артыкул пэўнай газеты, трэція праглядаюць і аналізуюць відэаматэрыял, чацвёртыя чытаюць водгукі, якія пакідаюць людзі пра тую ці іншую падзею. Такім чынам, праз работу з рознымі крыніцамі інфармацыі навучэнцы могуць зразумець, наколькі складаны свет і як няпроста ў ім арыентавацца.

Я працую ў школе пяты год, аднак сваю штодзённую практыку не ўяўляю без сучасных сродкаў навучання. На мой погляд, тое, што цікава сёння дзецям, павінна быць цікава і настаўнікам.

***

Як бачым, педагогі актыўна асвойваюць магчымасці сучасных электронных прылад у навучанні, падключаючы фантазію і кемлівасць. Пры жаданні любы настаўнік-прадметнік можа знайсці для сябе карысную інфармацыю на гэтую тэму на сайтах і форумах калег, а таксама прапанаваць свае метады і прыёмы работы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.