Магчымасць падцягнуць веды, адшліфаваць маўленне

- 11:13Адукацыйная прастора

Абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах завяршыўся. За пуцёўку ў фінал інтэлектуальнага спаборніцтва краіны змагаліся 1054 навучэнцы школ, гімназій і ліцэяў Гомельшчыны, 467 з іх сталі дыпламантамі.

Многія юнакі і дзяўчаты каторы год запар прымаюць удзел у алімпіядах, і сёлета гэта быў для іх чарговы крок на шляху заваявання вяршыні, іншыя ж спрабавалі свае сілы ў валоданні прадметам упершыню. Але хваляванні былі аднолькавыя ва ўсіх, бо сярод пераможцаў марыць быць кожны. Для тых, хто ўвайшоў у склад абласной каманды для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе, хваляванні не скончыліся, наперадзе — дадатковая падрыхтоўчая работа з трэнерамі каманд.

У Гомельскай вобласці з 17 вучэбных прадметаў, па якіх праводзіцца інтэлектуальнае спаборніцтва, самымі шматлікімі па колькасці ўдзельнікаў сталі матэматыка (129 удзельнікаў), беларуская (108) і руская (98) мовы. Веды навучэнцаў ацэньвала журы, у склад якога ўваходзілі 138 выкладчыкаў устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай, агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна.

Найбольшая колькасць перамог у навучэнцаў Савецкага раёна Гомеля — дыпломамі ўзнагароджаны 77 юнакоў і дзяўчат, а таксама Жлобінскага і Рэчыцкага раёнаў, дзе дыпламантамі сталі 47 і 46 вучняў адпаведна. Добрую падрыхтоўку паказалі навучэнцы ўстаноў адукацыі Рэчыцкага, Ельскага, Калінкавіцкага і Кармянскага раёнаў, якія ў сёлетняй алімпіядзе ўзялі больш дыпломаў, чым у мінулым годзе. Высокіх вынікаў дасягнулі і навучэнцы гімназіі № 51 Гомеля, Гомельскага абласнога ліцэя, гімназіі Светлагорска. Павялічылася колькасць дыпламантаў з ліку прадстаўнікоў Мазырскага абласнога ліцэя, ліцэя МНС, Ельскай раённай гімназіі, гімназіі № 8 Жлобіна, №№ 46, 56, 71 Гомеля, Гомельскай Ірынінскай гімназіі, гімназій Калінкавіч, Петрыкава, Брагіна, Кармы. У параўнанні з мінулым годам павялічыўся працэнт дыпламантаў з ліку навучэнцаў гімназій і ліцэяў.

Сярод гарадскіх сярэдніх школ па колькасці атрыманых узнагарод лідзіруюць школы № 13 і № 10 Жлобіна, №№ 8, 17 Гомеля, № 2 Рэчыцы, № 10 Светлагорска. На жаль, змяншаецца колькасць прызёраў абласнога этапу алімпіяды з сельскіх школ. Гэтая тэндэнцыя назіраецца ўжо некалькі гадоў запар. Чаму так адбываецца і як выпраўляць сітуацыю — сёння адна з прыярытэтных задач, якую ставіць перад сабой і педагогамі вобласці кіраўніцтва. Разам з тым выклікаюць радасць і павагу тыя вясковыя школы, навучэнцы якіх не толькі прынялі ўдзел у алімпіядзе па прадметах, але і сталі пераможцамі. Гэта школьнікі з Уваравіцкай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна, Брылеўскай, Яромінскай, Цярэшкавіцкай, Урыцкай сярэдніх школ Гомельскага раёна, Бабровіцкай сярэдняй школы, Крукавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна, Букчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лельчыцкага і Брынёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Петрыкаўскага раёнаў, Балатнянскай, Доўскай, Стаўпнянскай сярэдніх школ Рагачоўскага раёна.

Ёсць над чым працаваць рэгіёнам, ніводная ўстанова адукацыі якіх не ўвайшла ў лік пераможцаў. Тое ж тычыцца і раённых гімназій, навучэнцы якіх таксама не сталі дыпламантамі.

У цэлым, гомельскія школьнікі штогод паказваюць добрыя вынікі па многіх прадметах. Вышэй адзначалася папулярнасць матэматыкі, рускай і беларускай моў. Праяўляюць цікавасць юнакі і дзяўчаты таксама да замежных моў. Яны адзначаюць, што гэтая цікавасць прадыктавана часам: сёння валоданне замежнай мовай разглядаецца не як нейкае асобаснае дасягненне, а як належнае. Алімпіяда — гэта добрая магчымасць падцягнуць веданне замежнай мовы, адшліфаваць маўленне, перамагчы нейкія комплексы гаварэння.

Як правіла, асабліва папулярнымі застаюцца англійская і нямецкая мовы. З 72 уручаных пераможцам дыпломаў 29 — у знаўцаў англійскай мовы і 25 — нямецкай. Выдатнае валоданне французскай мовай паказваюць навучэнцы гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля, а іспанскай — вучні сярэдняй школы № 17 Гомеля імя Франсіска дэ Міранды. У гэтых установах згаданыя мовы вывучаюцца мэтанакіравана.

Апошнім часам усё больш і больш удзельнікаў прыходзяць на алімпіяды праверыць сваё веданне кітайскай мовы, а значыць, канкурэнцыя ў інтэлектуальных спаборніцтвах па гэтым кірунку з кожным годам узрастае. Па словах навучэнца Рэчыцкага раённага ліцэя Ільі Пырха, які чарговы раз трапіў у лік пераможцаў, задача значна ўскладняецца, калі ў алімпіядзе ўдзельнічаюць носьбіты мовы. З іншага боку, адзначае хлопец, у такой няпростай барацьбе кошт перамогі становіцца вышэйшым.

— Не сакрэт, што кітайская мова — адна з самых складаных для вывучэння, — гаворыць Ілья. — Я займаюся ёй два з паловай гады і аддаю на гэта велізарную колькасць часу. Займаюся пастаянна, бо гэта неабходна, інакш проста забудзешся тыя іерогліфы, якія вучыў.

Намаганні не праходзяць дарма. Сёлета ў навучэнца Рэчыцкага раённага ліцэя дыплом І ступені. Хлопец упэўнены, што кожны год ён і тыя, хто займаецца вывучэннем кітайскай мовы, працуюць на вынік для сябе.

— Кітайская мова — гэта адлюстраванне самай старажытнай цывілізацыі за ўсю гісторыю чалавецтва, гэта багатая культура і невычэрпны фальклор, знаёмства з якімі вельмі абагачае, — дзеліцца ліцэіст. — А яшчэ гэта шлях у будучыню, бо, вядома, адносіны паміж КНР і Рэспублікай Беларусь пастаянна ўзмацняюцца.

Разам з адзінаццацікласнікам Ільёй Пырхам дыплом І ступені ў алімпіядзе па кітайскай мове атрымала таксама навучэнка 11 класа Рэчыцкага раённага ліцэя Аліна Кацура. Да ўдзелу ў алімпіядзе навучэнцаў рыхтавала Ніка Аляксандраўна Цішкевіч. Сярод пераможцаў — і навучэнец сярэдняй школы № 44 імя Н.А.Лебедзева Гомеля Чэнь Іларыя, падрыхтоўкай якога займалася валанцёр з Кітая Чэнь Цзяньбо.

Дыпломамі І ступені па нямецкай мове ўзнагароджаны Настасся Дзям’янцава (10 клас, Брылеўская сярэдняя школа Гомельскага раёна; настаўнік Р.В.Шчарбін), Ірына Швец (10 клас, Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй; настаўніца С.П.Талкачова), Лізавета Несцярэнка (11 клас, Рэчыцкі раённы ліцэй; настаўніца Н.У.Кузняцова), Яніна Канцавая (11 клас, Рэчыцкая раённая гімназія; настаўніца Л.М.Канцавая).

Па англійскай мове дыпломы І ступені атрымалі Захар Бакша (9 клас, гімназія № 56 Гомеля імя А.А.Вішнеўскага; настаўніца Л.У.Сычова), Дар’я Матуз (10 клас, гімназія № 14 Гомеля; настаўніца Н.У.Сівакова), Настасся Будкова (9 клас, сярэдняя школа № 8 Гомеля; настаўніца І.С.Бандарэнка), Ганна Казлоўская і Ксенія Міціна (11 клас, Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй; настаўніца С.Г.Еўдакімава).

Лепшымі ў спаборніцтве па французскай мове сталі Настасся Кавалёва (10 клас) і Аліна Лагунова (11 клас) з гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля (настаўніца А.М.Смольская), па іспанскай мове — Ганна Крыжэвіч (8 клас) і Ганна Янчанка (11 клас) з сярэдняй школы № 17 Гомеля імя Франсіска дэ Міранды (настаўніца Л.В.Вішнеўская).

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Леаніда ГАНІСЕЎСКАГА.