Магчымасцей для аднаўлення дакрызісных аб’ёмаў узаемадзеяння дастаткова

- 12:40Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў бачыць магчымасці для аднаўлення дакрызісных аб’ёмаў узаемадзеяння Беларусі і Расіі. Аб гэтым ён заявіў на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое праходзіла ў Магілёве.

“Упэўнены, што магчымасцей для свабоднай і роўнай канкурэнцыі, узгаднення дзеянняў у шэрагу галін, вытворчай кааперацыі дастаткова для аднаўлення дакрызісных аб’ёмаў узаемадзеяння Беларусі і Расіі”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Ён нагадаў, што вясной мінулага года на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расіі быў падпісаны план па стварэнні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

“Адпрацавалі па плане ў цэлым плённа: частку негатыўных момантаў знялі, па некаторых пытаннях узмацнілі галіновае ўзаемадзеянне. Сфарміраваны і ўжо актыўна дзейнічаюць, у тым ліку на пляцоўцы пастаяннага камітэта, рабочыя групы па найбольш актуальных пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр Беларусі адзначыў, што Магілёў, дзе праходзіла пасяджэнне саюзнага Саўміна, — знакавы горад у гісторыі Беларусі і Расіі. “Прычым ён знакавы не толькі з пункту гледжання гістарычных падзей, на сённяшні дзень Магілёў з’яўляецца адным з флагманаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва: рэалізуецца шмат праектаў, прычым як з беларускага, так і расійскага бакоў”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што лічыць неабходным забяспечыць каардынацыю намаганняў у Саюзнай дзяржаве і Еўразійскім эканамічным саюзе.

“Самае галоўнае цяпер — гэта забяспечыць каардынацыю нашых намаганняў у Саюзнай дзяржаве, а таксама ЕАЭС. Размова ідзе аб шэрагу пытанняў, такіх як стварэнне новых магчымасцей для развіцця ўзаемнага гандлю. Мы канстатавалі, што гэтаму пытанню трэба ўдзяляць павышаную ўвагу”, — адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў.

Таксама, паводле яго слоў, неабходна падтрымліваць прамысловую вытворчасць у нашых краінах, інвестыцыйнае і інавацыйнае супрацоўніцтва, развіццё сельскай гаспадаркі. “Трэба займацца зняццем існуючых гандлёвых бар’ераў, што з’яўляецца актуальным у тым ліку для Саюзнай дзяржавы”, — сказаў прэм’ер-міністр Расіі.

Ён вітаў ідэю праводзіць пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў розных гарадах Расіі і Беларусі. “Вось цяпер настала чарга Магілёва. Мы тут першы раз, нам тут цікава, гэта буйны беларускі цэнтр з высокім знешнім гандлёвым абаротам з Расіяй”, — сказаў прэм’ер-міністр Расіі.

У парадку дня пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы было 27 пытанняў. Асноўны блок — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У прыватнасці, быў разгледжаны план мерапрыемстваў урадаў Расіі і Беларусі па стварэнні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Абмеркавана падрыхтоўка сярэднетэрміновага прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Саюзнай дзяржавы, разгледжаны прагнозныя балансы попыту і прапанавання па найважнейшых відах прадукцыі на 2016 год.

Акрамя таго, падведзены вынікі выканання навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы “Распрацоўка і стварэнне новага пакалення мікрасістэматэхнікі і ўніфікаваных інтэграваных сістэм двайнога прызначэння на яе аснове” на 2010—2014 гады, а таксама разгледжаны канцэпцыі праектаў новых пяцігадовых праграм.