Магія пяску

- 11:26Спецыяльная адукацыя

У выхаванні дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю на першы план выходзіць фарміраванне ўзораў сацыяльна-прымальных паводзін. Узнікае пытанне “Як вучыць дзіця рэагаваць на эмацыянальныя рэакцыі, якія ўзнікаюць у іх у адказ на знешнія раздражняльнікі і ўнутраныя імпульсы?”. Відавочна, што дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю патрабуюць індывідуальнага падыходу. Кожны педагог павінен знайсці ўласны шлях у карэкцыйнай рабоце з імі. Мой выбар быў зроблены на карысць пясочнай тэрапіі, а дакладней, тэхнікі пясочнай анімацыі.

На занятках з дзецьмі шмат увагі ўдзяляецца перапрацоўцы эмацыянальных станаў дзяцей, навучанню эфектыўным метадам кантролю над імгненнымі рэакцыямі. У дзяцей з інтэлектуальным недаразвіццём эмацыянальна-валявая сфера скажоная, што праяўляецца ў неадэкватнасці і несвоечасовасці рэагавання на розныя стымулы. Таму на занятках значную ўвагу трэба ўдзяляць рухальнай і моўнай актыўнасці, якая дазваляе паменшыць або ліквідаваць псіхічную напружанасць.

Упершыню пясочная анімацыя стала выкарыстоўвацца ў псіхакарэкцыйнай і псіхатэрапеўтычнай практыцы 30 гадоў назад у ЗША. Яна з’яўляецца добрым спосабам зняцця нервова-псіхічнага напружання. У працэсе малявання пяском развіваецца дробная маторыка, актывізуюцца тактыльныя аналізатары. Праз пясочную тэрапію можна змадэляваць станоўчы псіхаэмацыянальны стан, вызваліцца ад цяжкіх станаў. У працэсе работы з пяском дзеці могуць самастойна ўвасабляць свае фантазіі, у іх уяўленні ўзнікаюць разнастайныя карціны. Дзеці хаваюць рукі ў пясок, расціраюць яго ў далонях, разгладжваюць у пясочніцы, пакідаюць адбіткі рук на ім і г.д. Так праходзяць заняткі па тэмах “Вясёлыя пясчынкі”, “Магія пяску”, “Чароўныя лініі” і іншыя. Пясочная анімацыя карэкціруе парушэнні ў зносінах паміж дзецьмі, спрыяе адэкватнаму міжасобаснаму ўзаемадзеянню, пазбяганню канфліктаў. Гэтаму ўдзяляецца ўвага на занятках “Пясочная краіна згоды”, “Давайце жыць дружна”, “Міжасобасныя адносіны” і інш.

Прымяненне тэхнікі малявання пяском дазваляе дзецям з інтэлектуальнай недастатковасцю працаваць над развіццём успрымання і памяці. Так, напрыклад, увагу дзіцяці акцэнтую на фізічных уласцівасцях пяску (сухі, мокры, буйны, дробны). Таксама можна адлюстроўваць пэўныя фігуры, а дзеці будуць адгадваць, на што падобны той ці іншы элемент. На гэтым я акцэнтую ўвагу падчас карэкцыйных заняткаў “Увага: пясок!”, “Гульні з прыродным матэрыялам”, “Пясочны свет”.

Неабходна адзначыць магчымасць выкарыстання пясочнай анімацыі ў спалучэнні з казкатэрапіяй. Своеасаблівы дуэт гэтых кірункаў арт-тэрапіі дазваляе на прыкладзе пэўнай казкі больш дэталёва працаваць з сітуацыямі, якія выклікалі псіхалагічныя траўмы ў дзяцей, паступова фарміраваць у іх узоры сацыяльна-прымальных паводзін. Тым самым яны набываюць вопыт сімвалічнага вырашэння многіх жыццёвых сітуацый. Рэалізоўваецца гэтае спалучэнне кірункаў на карэкцыйных занятках па тэмах “Казачны свет”, “Казка на светлавым стале”, “Пясочная феерыя”. Нельга недаацаніць станоўчы эфект выкарыстання пясочнай тэрапіі з мэтай рэлаксацыі. У гэтым выпадку прадукцыйнае яе выкарыстанне ў спалучэнні з музыкатэрапіяй. Такім чынам, маляванне пяском гарманічна спалучае арт-тэрапію (музыка і маляванне), казкатэрапію (складанне гісторый і казак, маляванне), гульнявую тэрапію (работа з групавым малюнкам), рэлаксацыю. І кожныя заняткі даюць дзіцяці шанс наладзіць добрыя эмацыянальныя зносіны з навакольным светам.

Алена СТУПЧЫК,
педагог-псіхолаг дапаможнай школы № 1 Гродна.