Майстэрства ў рабоце з асаблівымі вучнямі

- 10:45Спецыяльная адукацыя

На Піншчыне падвялі вынікі раённага конкурсу адкрытых урокаў сярод педагогаў школ, дзе вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Спаборніцтва праводзілася з мэтай выяўлення майстэрства настаўнікаў, якія працуюць у інтэграваных класах і ва ўмовах дамашняга навучання асаблівых дзяцей, — расказала дырэктар ЦКРНіР Пінскага раёна Інеса Уладзіміраўна Амяляшчык. — У конкурсе прыняў удзел 31 педагог з 18 устаноў адукацыі. Для фіналу былі адабраны 9 урокаў з 4 школ.

Класы інтэграванага навучання і выхавання аб’ядноўваюць розных дзяцей. Настаўнікам, якія працуюць у такіх класах, важна разумець і прымаць усіх вучняў, улічваць іх індывідуальныя асаблівасці і развіваць станоўчыя чалавечыя якасці.

— Асноўная мэта ўрокаў інтэграванага навучання — стварыць умовы, у якіх дзеці маглі б кантактаваць адно з адным, займацца калектыўнай дзейнасцю з улікам сваіх здольнасцей, — адзначыла І.У.Амяляшчык. — Педагогі выкарыстоўвалі на ўроках розныя сродкі, методыкі і тэхналогіі навучання. Прафесіяналізм настаўнікаў праяўляўся ў стварэнні камфортных умоў узаемадзеяння на занятках і станоўчых міжасобасных зносін, а таксама ва ўменні адэкватна ацэньваць вынікі дзейнасці вучняў. Майстэрства педагогаў і псіхалагічны камфорт дазволілі асаблівым дзецям не вылучацца сярод здаровых равеснікаў, атрымліваць дапамогу і падтрымку ад усіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу. Гэта з’яўляецца важным крокам да пераходу да інклюзіўнай адукацыі.

Пераможцамі конкурсу сталі настаўніца замежнай мовы Лілія Мікалаеўна Загорцава з Лапацінскай сярэдняй школы, настаўніцы надомнага навучання Вольга Леанідаўна Жыгар і Наталля Рыгораўна Шарко з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа, а таксама настаўніца пачатковых класаў Ларыса Уладзіміраўна Кузьміч са Стытычаўскай сярэдняй школы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Інесы АМЯЛЯШЧЫК.