Май, турызм, краязнаўства!

- 11:40Апошнія запісы

З 23 па 30 мая з мэтай актывізацыі турыстычна-краязнаўчай работы, развіцця спартыўнага, экскурсійнага турызму, масавага далучэння навучэнцаў да пошукава-даследчай дзейнасці дзеля стварэння прывабнага турыстычнага іміджу рэгіёнаў ва ўстановах адукацыі краіны праводзіцца Рэспубліканскі тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі. Гэтая традыцыйная акцыя сёлета прысвечана 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і Году моладзі.

Для сістэмы адукацыі краіны май — гэта не толькі апошні месяц навучальнага года, адчуванне набліжэння доўгачаканых летніх канікул, май — гэта і турызм, сяброўства, краязнаўства. Менавіта пад знакам турыстычна-краязнаўчай работы традыцыйна заканчваецца навучальны год. Дзякуючы тыдню турызму і краязнаўства, штогод тысячы навучэнцаў упершыню адпраўляюцца ў паход па родным краі, упершыню садзяцца ў экскурсійныя аўтобусы, а нехта ўжо не першы раз пераадольвае чарговую сотню вандроўных кіламетраў.
На працягу тыдня ў кожным рэгіёне праводзяцца свае асаблівыя акцыі. Аднак для папулярызацыі турыстычна-краязнаўчай работы Міністэрства адукацыі рэкамендуе для правядзення шэраг пэўных мерапрыемстваў. Асаблівы ўпор варта рабіць на турыстычныя паходы, справаздачы аб правядзенні якіх можна будзе прадставіць потым на Рэспубліканскі конкурс на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”. Вітаецца ўдзел педагогаў і навучэнцаў у першынстве краіны па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму, якое праводзіцца з 27 па 31 мая ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Пры арганізацыі экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці з навучэнцамі рэкамендуецца больш эфектыўна выкарыстоўваць турыстычныя базы ўстаноў адукацыі, якія прадастаўляюць якасныя танныя паслугі.
У Год моладзі актуальным застаецца пытанне вывучэння падрастаючым пакаленнем гісторыка-культурных і прыродных славутасцей Беларусі. Спрыяюць гэтаму мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, інавацыйны краязнаўчы праект “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, у рамках якога праводзяцца конкурсы відэафільмаў “Мая Беларусь” і юных экскурсаводаў “Мая Радзіма — Беларусь”. У Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі ў гэтыя дні якраз і падводзяцца вынікі конкурсу юных экскурсаводаў. Вызначыць пераможцаў няпроста, для гэтага патрабуецца некалькі дзён. На думку журы, найбольш яркія творчыя прэзентацыі экскурсій атрымаліся ў Лізаветы Булдавай з сярэдняй школы № 2 Мінска (экскурсія “Хатынівогненныя сёстры”), навучэнкі гімназіі № 25 Аліны Русаковіч (“Бессмяротная памяць”), Ангеліны Адамцэвіч з гімназіі № 9 (“Каменнае кола Беларусі”), Аляксея Еўсяевіча з сярэдняй школы № 44 (“Памятныя мясціны Беларусі”), Лізаветы Снітко з гімназіі № 31 (“Магдэбургскае люстэрка” — экскурсія пра ратушы Беларусі), навучэнкі сярэдняй школы № 118 Дар’і Марготнавай (“Гісторыка-культурныя адметнасці Беларусі”), Ганны Русаковіч з сярэдняй школы № 167 (“Падарожжа ў Косава”).
Добрай традыцыяй тыдня турызму і краязнаўства стала рэалізацыя адукацыйнай экскурсійнай праграмы “Выхадныя ў сталіцы” з выкарыстаннем матэрыяльна-тэхнічнай базы і экскурсійных паслуг Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Цяпер свае выхадныя ў беларускай сталіцы праводзяць польскія навучэнцы комплексу школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы Гайнаўкі.Нашы заходнія суседзі знаёмяцца з гісторыка-культурнымі славутасцямі Мінска, наведваюць тэатры, Нясвіжскі, Мірскі палацава-замкавыя комплексы і, безумоўна, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які стаў не толькі адной з галоўных візітовак сталіцы, але і своеасаблівым рэспубліканскім цэнтрам захавання памяці пра Вялікую Перамогу.
Апошнія дні мая, якія праходзяць пад знакам турызму, сяброўства і краязнаўства, заканчваюцца. А вы паспелі адчуць сябе турыстам?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.