Майстар-клас: навучанне канструяванню, мадэляванню і стварэнню адзення ў працэсе праектнай дзейнасці

- 14:08Образование, Портфолио, Приложение

Настаўніца працоўнага навучання кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 3 Слоніма Таццяна Шаўчэнка дала майстар-клас па развіцці ўменняў навучэнцаў канструяваць і вырабляць адзенне.

Мэта: арганізацыя актыўнага педагагічнага ўзаемадзеяння ў працэсе прэзентацыі сістэмы работы па развіцці ўменняў навучэнцаў канструяваць, мадэляваць і вырабляць адзенне ў ходзе праектнай дзейнасці.

Задачы:

  • перадаць (прадставіць) вопыт настаўніка па адзначанай тэме;
  • арганізаваць актыўнае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў майстар-класа;
  • садзейнічаць развіццю ва ўдзельнікаў уменняў па арганізацыі і прэзентацыі праектнай дзейнасці навучэнцаў для развіцця ўменняў па канструяванні, мадэляванні і стварэнні адзення;
  •  садзейнічаць усведамленню ўдзельнікамі значнасці атрыманага вопыту.

Даведаюцца:

  • што такое тэхналагічнае мысленне і яго складнікі: канструя­ванне, мадэляванне;
  • што такое праектная дзейнасць, яе асаблівасці пры стварэнні швейных вырабаў;
  • метадычныя прыёмы развіцця тэхналагічнага мыслення;
  • метадычныя прыёмы навучання канструяванню, мадэляванню і стварэнню адзення ў працэсе праектнай дзейнасці.

Змогуць навучыцца:

  •  канструяваць, мадэляваць, ствараць швейны выраб “французская хустка”;
  • самастойна канструяваць сістэму тэхналагічных этапаў работы па стварэнні швейных вырабаў на прыкладзе французскай хусткі.

Тэхнічнае і метадычнае забеспячэнне: мультымедыйны праектар або камп’ютар; прэзентацыя, распрацаваная ў праграме PowerPoint; раздатачны метадычны і дыдактычны матэрыял, рэкамендацыі для ўдзельнікаў, часопісы мод, папера, стыкеры, фламастары.

Абсталяванне: швейныя ніткі, іголкі, нажніцы, вымяральныя стужкі, швейная машына.

Ход майстар-класа

I этап. Арганізацыйны.

Мэта: псіхалагічная настроенасць і арганізацыя ўдзельнікаў майстар-класа на работу і гатоўнасць да педагагічнага ўзаема­дзеяння.

Прывітанне. Прыём “Нітачка, іголачка, нажніцы, шпілька”. (Прыём выкарыстоўваецца для фарміравання 4 груп.)

— Выберыце картку, асацыіруючы са сваім характарам.

II этап. Матывацыйны.

Мэта: стварэнне атмасферы зацікаўленасці, матывацыя на дзейнасць, якае мае быць, вызначэнне напрамкаў сумеснай дзейнасці.

— Паглядзіце ўважліва на выкрайку швейнага вырабу “французская хустка”. Да чаго ён падобны, да якога інструмента для работы? (Ён падобны да сякеры. Гэта адлюстравана ў тэме майстар-класа.)

Падніміце руку тыя, хто знаёмы з казкай “Каша з сякеры”? У чым яе асноўны сэнс? Чым цікавы вам галоўны герой?

  1. Просты салдат дапамог скупой гаспадыні прааналіза­ваць, што мінімальна неабходнае ўсё ж такі ёсць у яе запасах, з чаго яна зможа згатаваць практычна значны прадукт. А таксама зможа накарміць ім іншых, хто мае ў гэтым патрэбу. Так і мы з вамі таксама паспрабуем да­стаць назапашаныя веды са свайго педагагічнага багажу, паглыбім іх і пераўтворым у новы педагагічны прадукт, актуальны і практычна значны.
  2. Прыём “Гардэроб сучаснага педагога”.

— На дошцы вы бачыце імправізаваны гардэроб сучаснага педагога.

Заданне: вызначыце мадэлі адзення, якія з’яўляюцца складнікамі іміджу. Прымацуйце іх на “гардэроб”.

 — Выдатна! У вас добрыя здольнасці да мадэлявання! Але не хапае іскрынкі. А я прапаную вырабіць аксесуар да адзення, які дапаўняе касцюм, падкрэслівае імідж дзелавога чалавека, — шыйную хустку асаб­лівай канструкцыі, арыгінальна змадэляваную, універсальную, якая падыходзіць як жанчыне, так і мужчыну.

  1. Прыём “Постар — рэклама”.

— “Шыйная хустка! Лепшае ўпрыгажэнне для сукенкі, дзелавога касцюма. А для мужчыны — добры варыянт пад кашулю на сустрэчы без гальштукаў. Пры ўдалым выбары паляпшае колер твару, хавае маршчыны, дабаўляе шарму. Хустка — добры падарунак, зроблены сваімі рукамі!”. Выканалі нашы навучэнцы школы моды “ТЫНЭЙДЖАР” (на плакаце ў форме паслядоўных фотафайлаў). Ацаніце, наколькі гэтая рэклама матывуе ўдзельнікаў да дзейнасці.

— А цяпер — ваша рэклама!

  1. Усе жанчыны і дзяўчаты — істоты няўрымслівыя. Мы знахо­дзімся ў пастаянным пошуку, і прывычныя спосабы нашэння хустак і шаляў нас ужо не задавальняюць!
  2. Французская хустка мае яшчэ такія назвы: франтон і шаль-трансформер.
  3. Франтон — дэталь няяркая, але элегантная, яна падыдзе як маладым дзяўчатам, так і дарослым жанчынам.
  4. Ідэальна ўпішацца ў рамантычны і класічны стыль, нават строгі дзелавы касцюм прыкметна зменіцца.
  5. Спецыяльны крой дазваляе без наяўнасці навыкаў і ўмення прыгожа завязваць хусткі. Пры дапамозе толькі адной такой рэчы можна стварыць некалькі яркіх вобразаў.
  6. Франтон можа быць двухбаковы. Напрыклад, для аднаго бока можна выбраць тканіну з яркім малюнкам, а для другога — аднатонны матэрыял.
  7. Для пашыву неабавязкова набываць новую тканіну, можна проста ўзяць хустку, шаль, абрэз­кі тканіны, якія ўжо ёсць.
  8. У сучаснай модзе дапускаецца насіць хустку не толькі на шыі — яе павязваюць на сумку, штаны, спадніцу, ствараючы лёгкі настрой.
  9. Цяпер вы ведаеце, як лёгка і проста можна парада­ваць сябе сімпатычнай моднай абноўкай, якая не запатрабуе вялікіх матэрыяльных затрат, а таксама дапаможа стварыць элегантны вобраз!

— Такім чынам, сёння мы будзем выконваць творчы праект “Французская хустка — гэта стыльна!”.

III этап. Аб’яўленне тэмы і мэтавызначэнне.

Мэта: сумеснае канструяванне мэты, задач удзельнікамі і выяўленне іх чаканняў.

— Абапіраючыся на тэму гэтага майстар-класа, уласныя веды, запішыце, якія мэты вы паставіце перад сабой, выкарыстоўваючы “Ліст чаканняў”. (Што вы даведаецеся падчас майстар-класа? Чаму навучыцеся? У працэсе работы што набудзеце? Ад чаго адмовіцеся?)

Работа груп па запаўненні “Ліста чаканняў”. Сумесная пастаноўка задач.

IV этап. Актуалізацыя суб’ектнага вопыту ўдзельнікаў.

Мэта: дыягностыка першаснага педагагічнага вопыту ўдзельнікаў майстар-класа, забеспячэнне актыўнасці ўдзель­нікаў у дзейнасці.

Прыём “Метаплан”.

— Прапаную зараз папрацаваць у групах. Закончыце азначэнні:

  1. Тэхналагічнае мысленне — …
  2. Канструяванне ў адукацыйным працэсе — …
  3. Канструяванне ў адзенні — …
  4. Мадэляванне — …
  5. Праектная дзейнасць — …

V этап. Інфармацыйна-дзейнасны.

Мэта: паглыбленне ў тэарэтычныя асновы пазначаных пытанняў; знаёмства з прыёмамі, метадамі, спосабамі дзейнасці майстра; стварэнне атмасферы калектыўнага ўзаемадзеяння.

— Тэхналагічнае мысленне — гэта нацэленасць чалавека на пераўтваральную дзейнасць па стварэнні практычна значнага прадукту.

Схема тэхналагічнага мыслення простая: патрэба — мэта — спосаб — вынік. Гэтая схема наглядна паказвае этапы працэсу, ад узнікнення патрэбы да атрымання выніку.

Прывядзём самы просты, вельмі жаночы прыклад. Калі рыхтуемся да мерапрыемства, у нас з’яўляецца патрэба: добра выглядаць. Мы задаёмся пытаннем: “Што надзець?”. Такім чынам, у нашай галаве фармулюецца мэта — падабраць убор. Спосабаў можа быць некалькі. Якія? Першы варыянт: выбраць што-небудзь са свайго гардэробу, купіць новы ўбор. Другі варыянт: стварыць выраб сваімі рукамі. А можна дапоўніць касцюм, які ёсць, новым стыльным аксесуарам.

Выкарыстоўваючы першы спосаб вырашэння задачы, мы прымяняем элементарныя веды і прыкладаем мінімум намаганняў, але максімум матэрыяльных сродкаў. У другім спосабе вырашэння задачы мы павінны валодаць тэхнікай раскрою і тэхналогіяй стварэння гэтага вырабу.

Фота з сайта pixabay.com

Ацаніўшы ўсе свае магчымасці, мы прымаем рашэнне — стварыць новы стыльны аксесуар сваімі рукамі і стварыць выраб не толькі арыгінальны, але і не затратны па часе і фінансах. Вось тут нам і дапаможа тэхналагічнае мысленне. Адным з найважнейшых шляхоў развіцця тэхналагічнага мыслення з’яўляецца творчы праект.

Выступленні ўдзельнікаў (па групах). (Удзельнікі каменціруюць заданне, свае запісы, замацоўваюць запоўнены ліст на дошцы.) Майстар выслухоўвае меркаванні ўдзельнікаў майстар-класа.

— Правядзём дзелавую гульню “Дом моды “Элегант”. Вы можаце выбраць від дзейнасці і назву групы: “Студыя мастацкага мадэлявання”, “Студыя канструя­вання”, “Вытворчы цэх”, “Педагагічная група”.

Прыём “Партфоліа дызайнера”.

— Перад вамі на сталах у кожнай групы ляжыць папка, у якой заданні, інструкцыі па выкананні, інфармацыя.

Заданне групе № 1 “Студыя мастацкага мадэлявання”.

Выканаць эскіз мадэлі вырабу.

Міні-праект “Парады ма­дэльера “Французская хустка — гэта стыльна!”. Спосабы завяз­вання шыйнай хусткі.

Заданне групе № 2 “Студыя канструявання”.

Вывучыць правілы пабудовы чарцяжа-асновы вырабу “французская хустка”.

Вырабіць выкрайку вырабу.

Выканаць эканомную раскладку выкрайкі на тканіне.

Заданне групе № 3 “Вытворчы цэх”.

Вывучыць і выканаць: пашыў вырабу па прапанаваных тэхналагічных картах; пашыў выканаць на швейнай машынцы абшыўным швом і швом упадгінку з закрытым зрэзам або ручным швом “назад
іголку”.

Заданне групе № 4 “Педагагічная група”.

Выканаць канструяванне сістэмы тэхналагічных этапаў па канструяванні, мадэляванні, вырабе і прэзентацыі праекта “Французская хустка — гэта стыльна!”; прапанаваць форму абароны праекта.

Прыём “Матывацыя ўдзельнікаў майстар-класа”.

— Хто з вас з цікавасцю вывучаў прадмет “Працоўнае навучанне”? Ці спатрэбіліся веды па прадмеце ў жыцці і ў педагагічнай дзейнасці?

Для групы № 3 “Вытворчы цэх”.

— Прапануйце выйсце, калі няма абсталявання, швейнай машынкі.

Прыём “А я бяру і раблю!”.

Прытча “Калумбава яйка”.

— Хто ведае гэтую прытчу з урокаў гісторыі? (Рэалізацыя прынцыпу міжпрадметных сувязей.)

Паводле падання, Калумб падчас абеду ў кардынала расказваў пра тое, як ён адкрываў Амерыку. Адзін з прысутных сказаў: “Што можа быць прасцей, чым адкрыць новую зямлю? І мы маглі б так…” У адказ Калумб прапанаваў яму простую задачу: як паставіць яйка на стол вертыкальна? Калі ні адзін з прысутных не змог гэтага зрабіць, Калумб, узяўшы яйка, разбіў яго з аднаго канца і паставіў на стол, паказаўшы, што гэта проста. Убачыўшы гэта, усе запратэставалі, сказаўшы, што так змаглі б і яны. На што Калумб адказаў: “Розніца ў тым, спадары, што вы маглі б гэта зра­біць, а я зрабіў гэта!” З таго часу “калумбава яйка” — крылаты выраз, які азначае нечакана простае выйсце з цяжкага становішча. З яе рэзюмэ: “А я бяру
і раблю!”.

— І мы — бяром і робім! Успомніце ручныя шыўкі — “строчка”. Тэхніка выканання шыўкоў, хто ведае? Адказ у другой назве — “назад іголку”.

VI этап. Практычны.

Мэта: забеспячэнне практычнай дзейнасці ўдзельнікаў па асваенні прыёмаў, метадаў работы; прымяненне атрыманых ведаў у праектнай дзейнасці.

Настаўнікі-вучні МК вы­кон­ваюць самастойную работу ў рэжыме методыкі настаўніка-майстра, прадастаўляюць пра­дукт дзейнасці.

Група № 1. Эскіз мадэлі “французская хустка”. Міні-выступленне “Спосабы карэкцыі знешнасці з дапамогай шыйнай хусткі”.

Паказаць спосабы завязвання французскай хусткі.

Група № 2. Выкрайка вырабу “французская хустка”. Раскладка выкрайкі на тканіне.

Каб вырабіць хустку, патрэбны мінімум падручных сродкаў: тканіна 30—40 см (шыфон, шоўк, атлас, крэп, трыкатаж інш), ніткі і выкрайка.

Выкрайка вельмі простая, прыводзім прыклад са стандартнымі лічбамі, пры жаданні
можна змяніць іх у большы бок.

Група № 3. Гатовы выраб “французская хустка”.

Група № 4. Структура сістэмы этапаў па канструяванні, мадэляванні і стварэнні швейнага вырабу “французская хустка”.

Этапы тэхналагічнага працэсу стварэння швейнага вырабу.

  1. Пошукава-планавы этап.

Выбар тэмы праекта. Планаванне праектнай дзейнасці па этапах. Збор, вывучэнне і апрацоўка інфармацыі. Выбар мадэлі вырабу.

  1. Мастацка-канструктарскі этап.

Эскізаванне. Пабудова чарцяжа-асновы. Даследаванне канструкцыі з улікам патрабаванняў дызайну. Мадэляванне і стварэнне выкрайкі. Афармленне канструктарскай дакументацыі.

  1. Тэхналагічны этап.

Выбар тэхналогіі стварэння. Падбор матэрыялаў, інструментаў, абсталявання. Пашыў вырабу. Бягучы кантроль якасці. Афармленне тэхналагічнай дакументацыі.

4.1. Аналітычны этап.

Ацэнка якасці выкананай работы. Прэзентацыя праекта. Вывучэнне магчымасцей выкарыстання вынікаў праектавання.

Настаўнік-майстар выконвае ролю кансультанта, арганізуе самастойную работу ўдзельнікаў і кіруе ёй, сумесна з педагогамі праводзіць абмеркаванне аўтарскіх мадэлей.

4.2. Абарона створаных праектаў удзельнікаў МК.

Мэта: падвядзенне вынікаў калектыўнай працы.

Прэзентацыя міні-праектаў. Прадстаўнікі кожнай групы расказваюць аб тым прадукце, які атрымаўся ў выніку калектыўнай работы.

Дэманструюць (група 1) спосабы завязвання шыйнай хусткі на ўдзельніках МК.

  1. Рэфлексіўны этап.

Мэта: асэнсаванне зместу і вынікаў работы на майстар-класе, ацэнка ступені дасягнення пастаўленых мэт удзельнікамі майстар-класа.

— А зараз раскладзём усё па палічках нашага гардэроба. Звернемся да задач, якія ставілі ў пачатку заняткаў. Ці апраўдаліся тыя чаканні, якія запісаны на лісце чакання?

Праводзіцца дыскусія па выніках сумеснай дзейнасці майстра і слухачоў.

Прыём “Дзякуй…”.

— А зараз я прапаную кожнаму з вас выбраць толькі аднаго з удзельнікаў сваёй групы, каму хочацца сказаць дзякуй за супрацоўніцтва, і патлумачыць, у чым іменна гэтае супрацоўніцтва выявілася.