Майстар рускага слова

- 10:20Людзі адукацыі

Яна з дзяцінства, акунуўшыся ў свет паэзіі, зачытвалася А.С.Пушкіным, перажывала за лёс Таццяны Ларынай і захаплялася рысамі любімых герояў. З хваляваннем вучыла вершы М.Ю.Лермантава, М.А.Някрасава, Г.А.Ахматавай, С.А.Ясеніна. Ларыса Уладзіміраўна Салагубоўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 34 Мінска, стараецца развіваць у сваіх вучнях пачуццё прыгожага, любові і цікавасці да рускага слова, знаёміць з творчасцю рускіх пісьменнікаў.

Ларыса Уладзіміраўна працуе ў сярэдняй школе № 34 Мінска тры гады. Яна вельмі лёгка ўвайшла ў калектыў школы, з першых хвілін здолела звярнуць на сябе ўвагу. Заўсёды ветлівая, тактоўная, добразычлівая, энергічная. Яе мяккі голас, добрыя, ласкавыя вочы прыцягваюць да сябе людзей, узбагачаючы іх ідэямі, зараджаючы аптымізмам, верай у свае сілы, прадвызначаючы тым самым поспехі на працоўным шляху. Гэта чалавек, надзелены цудоўнымі якасцямі: эрудзіраванасцю, прастатой, лёгкасцю ў зносінах, адкрытасцю, бескарыслівасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу, а галоўнае — яна вельмі патрабавальная да сябе.

Ларыса Уладзіміраўна прыйшла ў педагогіку па клічы душы і прызванні. Прынцып работы настаўніцы — клапатліва і асцярожна дапамагчы юнаму таленту раскрыцца, адчуць сваю каштоўнасць, усяліць у яго ўпэўненасць. Ларыса Уладзіміраўна стараецца навучыць дзяцей разумець нават тое, пра што не гавораць, чытаць тое, што не напісана, — гэта значыць навучыць бачыць, знаходзіць, прасочваць сувязі ў прасторы і часе. Адзін з наймацнейшых інструментаў пазнання свету — слова, таму Ларыса Уладзіміраўна вучыць валодаць ім, а праз яго валодаць і думкай.

У настаўніцы заўсёды натхнёны, добры і ўсмешлівы твар. З навучэнцамі ў яе цудоўныя адносіны, поўнае ўзаемаразуменне і павага. Ларыса Уладзіміраўна ўпэўнена, што настаўнік павінен, як клапатлівы садоўнік, расціць дабрыню ў сэрцах вучняў, таму што ён канструктар чалавечых душ. Кожны раз Л.У.Салагубоўская натхняе вучняў на добрыя ўчынкі, каб з кожнага вырас перш за ўсё сапраўдны чалавек.

Ларыса Уладзіміраўна творча падыходзіць да адукацыйнага працэсу. Яе характарызуе мяккі, але настойлівы стыль працы, уменне выклікаць у вучня цікавасць да прадмета. На сваіх уроках настаўніца ўмее засяродзіць увагу дзяцей і ўтрымліваць яе на працягу заняткаў. Не дае нават на хвіліну абстрагавацца. Яна тлумачыць матэрыял даходліва і эмацыянальна, так захапляюча расказвае пра граматыку рускай мовы, што нават складаныя тэмы дзеці вывучаюць з цікавасцю. Ларыса Уладзіміраўна — майстар рускага слова. Не дарма гавораць, што настаўнік — гэта артыст, які кожны дзень выходзіць на сцэну, каб зноў і зноў аддаваць вучням усё, што ўмее і што мае.

Важную ролю на ўроку педагог адводзіць самакантролю і самаацэнцы, уменню ўсведамляць значэнне будучай работы, падводзіць вынікі выкананай. На ўроках Л.У.Салагубоўскай ніхто не сумуе. Заняткі арганізаваны такім чынам, што ўсе міжвольна становяцца іх удзельнікамі. А на ўроку літаратуры навучэнцы паспяваюць пазнаёміцца з шэдэўрамі сусветнай замежнай літаратуры, з бессмяротнымі творамі Бальзака, Шэкспіра, Гётэ, Байрана, Мальера і г.д. На занятках пануе асаблівы клімат, атмасфера даверу, шчырасці і сімпатыі.

Ларыса Уладзіміраўна валодае ўменнем адчуваць вучня, заўважаць яго асаблівасці і магчымасці. Яна імкнецца прывіць дзецям густ да творчасці, любоў да прыгожага, дае магчымасць праявіць сябе з дапамогай слова. “Руская мова вельмі цяжкая, — гаворыць Ларыса Уладзіміраўна, — таму я заклікаю дзяцей вучыць яе, каб валодаць мовай Пушкіна і Дастаеўскага, каб вучні маглі свабодна і правільна выкладаць свае думкі, прытрымліваючыся ўсіх самых складаных нюансаў рускага маўлення”. Настаўніцу хвалюе, што руская мова забруджваецца замежнымі словамі, што страчваецца самабытнасць, багацце і чысціня прыгожай, выразнай і гібкай мовы.

У скарбонцы дасягненняў Ларысы Уладзіміраўны шмат перамог. У 2015 годзе яна стала пераможцай гарадскога конкурсу “Педагагічныя старты”, а таксама лаўрэатам аднайменнага конкурсу ў Маскве (Расійская Федэрацыя). У 2017 годзе — уладальніца дыплома ІІІ ступені гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Настаўнік”. Навучэнцы Ларысы Уладзіміраўны —пастаянныя пераможцы рэспубліканскіх, гарадскіх конкурсаў (конкурс па рускай літаратуры “Творы веку залатога”, дыплом; конкурс “Залатое пяро”, дыплом І ступені; конкурс навуковых работ “Біблейскія сюжэты ў сусветным мастацтве”, дыплом І ступені), а таксама дыпламанты конкурсу даследчых работ (навуковая канферэнцыя студэнтаў і школьнікаў “Сучаснае мовазнаўства, літаратуразнаўства і культуралогія ў работах маладых вучоных”).

Л.У.Салагубоўская не шкадуе сваіх сіл, свайго часу дзеля працы, заўсёды ў курсе ўсіх педагагічных навінак. Яна шчодра дзеліцца з калегамі вопытам на семінарах, навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню.

На пытанне “Што для вас шчасце?” Ларыса Уладзіміраўна адказала: “Шчасце — гэта кожны дзень займацца тым, што цябе радуе больш за ўсё на свеце”. А гэта значыць працаваць з дзецьмі.

Ася ТАМАШОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры, кіраўнік метадычнага аб’ядання настаўнікаў
беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 34 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.