Майстэрства пацвярджаюць вучні

- 11:31Людзі адукацыі, Рознае

Свае ўрокі настаўніца інфарматыкі гімназіі № 4 Магілёва Жанна Мацюшчанка будуе традыцыйна. Аднак кожныя заняткі яна стараецца зрабіць не падобнымі на папярэднія. Выкарыстоўваючы розныя формы і методыкі навучання, не проста дае навучэнцам неабходныя веды, а вучыць іх вучыцца.

За плячыма Жанны Вітальеўны звыш дваццаці гадоў педагагічнага стажу. Парадаксальна, але аб педагогіцы ў якасці прафесіі яна не думала.

— У мяне былі здольнасці да матэматыкі, фізікі, пастаянна і паспяхова ўдзельнічала ў розных алімпіядах, таму яшчэ ў 8 класе дакладна вырашыла: буду студэнткай фізічнага факультэта БДУ, каб пасля займацца фундаментальнай навукай, — успамінае настаўніца.

Пастаўленых мэт яна прывыкла дасягаць, таму праз гады дзіцячыя мары ажыццявіліся. Хутка праляцела пара студэнцтва, і Жанна Мацюшчанка стала супрацоўнікам Магілёўскага інстытута фізікі. Магчыма, яна б і засталася ў навуцы, але лёс павярнуў яе жыццё ў зусім іншы бок.

— У педагогіку мяне прывёў выпадак. Маленькі сын наведваў дзіцячы сад, які размешчаны побач з чацвёртай гарадской гімназіяй. Там тэрмінова быў патрэбны інфарматык. Вырашыла паспрабаваць, тым больш што ва ўніверсітэце ў нас быў адпаведны вучэбны курс. Дысцыпліна гэтая ў той час была новай, даводзілася старанна займацца самаадукацыяй, адточваць педагагічнае майстэрства. З цягам часу зразумела, што выкладанне сапраўды маё прызванне, — гаворыць Жанна Вітальеўна.

Звычку вывучаць сучасныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі яна не пакінула. На самастойны пошук ведаў матывуе і сваіх вучняў. Настаўніца падштурхоўвае дзяцей да ўласных адкрыццяў, такім чынам выпрацоўваючы ў іх уменне разважаць, рашаць нестандартныя задачы і творча думаць.

— Шляхам запамінання інфарматыку не вывучыш, яе неабходна разумець. Я ніколі не навязваю вучням нейкіх меркаванняў або спосабаў рашэння задач. Атрымаўшы дыферэнцыраваныя заданні, дзеці самі выбіраюць аптымальны для іх алгарытм рашэнняў ці знаходзяць уласны. Вядома, не заўсёды ён бывае правільным, таму мы перыядычна разам, класам, праводзім работу над памылкамі. Такі падыход дазваляе дасягнуць максімальнага засваення прадмета, — падкрэслівае Жанна Мацюшчанка.

Атрыманню навучэнцамі глыбокіх і трывалых ведаў спрыяе таксама практыкаарыентаванасць урокаў Жанны Вітальеўны. Педагог заўсёды расказвае, у якіх жыццёвых сітуацыях можна прымяніць атрыманыя на занятках навыкі, гаворыць пра сувязь інфарматыкі з іншымі вучэбнымі прадметамі.

— На ўроках у Жанны Вітальеўны вельмі цікава. Яна тлумачыць тэму так, што ўсім усё зразумела. Калі ж раптам нешта не атрымліваецца, займаецца з намі індывідуальна, — расказвае навучэнка 6 класа Ганна Спанчыкава.

— А мне Жанна Вітальеўна дапамагла падрыхтавацца і добра выступіць на алімпіядзе, — дадае васьмікласнік Яўген Рудкоўскі.

Работа з адоранымі навучэнцамі займае важнае месца ў педагагічнай дзейнасці настаўніцы. Імкненне таленавітых вучняў да інфарматыкі яна развівае на факультатывах, індывідуальных занятках, працуе з дзецьмі дыстанцыйна, усяляк падтрымлівае іх псіхалагічна. Карпатлівая праца дае адпаведны вынік. Вучні Жанны Мацюшчанка на працягу шэрага гадоў паспяхова выступаюць на абласной малышковай алімпіядзе, а таксама розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Акрамя таго, яе выпускнікі штогод становяцца студэнтамі адпаведных профільных УВА. А гэта, як вядома, лепшы паказчык майстэрства настаўніка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.