Макотра з Гарадной

- 13:09Выхаванне, Выхаваўчая работа

Заканчваецца Год гістарычнай памяці, але памяць пра гісторыю роднага краю меж не мае. Таму мы працягваем тэму захавання культурнай спадчыны продкаў у нашай новай рубрыцы. Яе героямі стануць людзі, якія самі перанялі ад сваіх бацькоў і дзядоў мясцовыя традыцыі, рамёствы як найкаштоўнейшы скарб, а каб ён не знік, беражліва перадаюць яго моладзі. 

У вёсцы Гарадная, што на Століншчыне, ганчарны круг стагоддзямі круціўся амаль у кожнай хаце. Не прыпыняе ён свой бег і сёння. А яго магічнае прыцяжэнне многія юныя гарадзенцы ўпершыню адчуваюць на занятках у Васіля Казачка.

“Хто гарадэнец — той ганчар”

Настаўніцтва для Васіля Андрэевіча стала справай усяго жыцця. Больш за 40 гадоў ён выкладаў родную мову і маляванне ў мясцовай школе і каля паловы з іх быў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, але ніколі не выпускаў з рук гліны, бо быў кіраўніком школьнага гуртка “Гліняная цацка-свістулька”. Апошнія 13 гадоў ён яшчэ педагог дадатковай адукацыі і кіраўнік Гараднянскага цэнтра ганчарства, які дзейнічае ад Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. 

Пераканаўшыся, што ў старшакласнікаў сёння творчы настрой і мамзэлькі на ганчарных кругах яны выцягваюць ладныя, педагог пачынае свой аповед: “У Гарадной спрадвеку практычна ўсе жыхары займаліся ганчарствам. Выключэннем былі хіба толькі прыезджыя. У нас нават кажуць: “Хто гарадэнец — той ганчар”. Звычайна гэта майстэрства перадавалася па спадчыне ад бацькі да сына. Іншага спосабу зарабіць на пражыццё тут, лічы, не было. За сваю гісторыю тут мала хто займаўся земляробствам — прыдатных для гэтага зямель вельмі мала. Не было ў нас ні сваіх садоў, ні агародаў. Затое, дзякуючы залежам унікальнай па скла­дзе гліны, якую мясцовыя ганчары ўмела пераўтваралі ў посуд, у XVI—XVII стагоддзях мы атрымалі статус горада, а з ім — магдэбургскае права, свой герб, мясцовае самакіраванне і нават гарадскую плошчу. На гэтай плошчы і быў базар. У маім дзяцінстве па нядзелях і па святах тут прадавалася ўсё што заўгодна. Акрамя глінянага посуду. Яго гарадзенцы прадавалі ў іншых гарадах Беларусі, Польшчы, Украіны, развозячы запрэжанымі фурамі (спецыяльны высокі воз, які ўмяшчаў 500—600 гаршкоў). Добра памятаю нашы з бацькамі такія паездкі”.

У 2010 годзе традыцыі гараднянскага ганчарнага промыслу прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, а мясцовы цэнтр ганчарства ўнесены ў афіцыйны пералік аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Брэсцкай вобласці.

Праўда, прафесійны лёс В.А.Казачка склаўся так, што ён ніяк не перасякаўся з ганчарствам. Гліняныя цацкі ён заўсёды ўмеў рабіць і гэтаму вучыў дзяцей, а вось за ганчарны круг сеў, толькі калі прыйшоў працаваць у цэнтр ганчарства, у 53 гады. Ад мясцовых майстроў-старажылаў ён асвоіў тое майстэрства, што родам з даўнасці. Якраз гэтаму ён і вучыць 13 гадоў ужо сваіх навучэнцаў.

Акарыны з гліны

“Хочацца, каб дзеці не толькі ведалі пра ганчарства ў цэлым, але і разумелі адметнасці мясцовага промыслу нашых дзядоў. Таму я імкнуся навучыць дзяцей ра­біць тыя аўтэнтычныя формы, якія рабілі тут стагоддзямі нашы продкі. Гэта мам­зэлька (літровы гаршчок), сямак (2-літровы для варыва), злівач (3-літровы), макотра (посуд для замешвання блінцоў), нярознак, адзінец, розныя міскі, кубкі і г.д. Зразумела, што сучасны ганчар хоча ў першую чаргу прадаць свой выраб, імкнецца зрабіць яго прыгожым, з незвычайным аздабленнем, таму традыцыі пад увагу рэдка бярэ. Мы ж для разнастайнасці робім розныя званочкі, свістулькі, цацкі, вазачкі для кветак і г.д. Вось на такіх рэчах можна і паэксперыментаваць — і з афармленнем, і з матэрыяламі. Для гэтага замест нашай традыцыйнай палівы заказваю дзецям каляровыя глазуры. Праўда, сучасным я не надта захапляюся. На нашых гаршчках гэта не люблю і не ўспрымаю”, — расказвае педагог.         

Мясцовы посуд вызначаецца не толькі формамі і афармленнем, але і самой глінай, з якой яго робяць і якой тут яшчэ на многія стагоддзі хопіць. Гэтым летам у Гарадной прайшоў ужо VII Міжнародны пленэр ганчароў. І гэта не выпадкова. Бо толькі тут лепшыя майстры нашай краіны і суседніх могуць папрацаваць з унікальнай белай глінай. Аналагаў ёй няма ні ў Беларусі, ні ва ўсёй Еўропе. 

“Колькі я паездзіў і колькі відаў глін трымаў у руках, такой я не сустракаў. Тонкія сценкі ў збанку з іншай не зробіш — яна прасядае. А з нашай можаш і вялікі выраб зрабіць тонкім — ён будзе трымаць форму, а пасля выпальвання будзе лёгенькім. А яшчэ наша гліна звонкая, бо ўтрымлівае шмат жалеза. Пастукайце па гэтай мамзэльцы. Чуеце? Як званочак звініць. Тонка, напеўна. А злівач паслухайце — голас басавіты. І ў кожнага збанка свой голас, таму на іх можна нават іграць, складаючы іх галасы ў мелодыю”, — гаворыць Васіль Андрэевіч, і мы ўдваіх, дакранаючыся алоўкамі да пузатых гліняных збанкоў, праводзім іх “праслухоўванне”.

Майстар тлумачыць, што на “тэмбр” гаршкоў уплываюць іх памеры, форма, таўшчыня. Чым большая камера ўнутры, тым ніжэйшы голас, а чым меншая — тым танчэйшы. Гэтую рэдкую якасць Васіль Андрэевіч выкарыстоўвае не толькі ў посу­дзе — ён робіць са сваёй гліны нават акарыны! Музыканты з заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Выцінанка” вір­туозна іграюць на іх.

Гараднянскі цэнтр ганчарства — адзіная ў сваім родзе адукацыйная ўстанова ў Беларусі, дзе можна навучыцца ганчарству. 

Сакрэты гараднянскіх майстроў тычацца і непасрэдна абпалу. Для гэтага тут будаваліся спецыяльныя вулічныя печы — гораны. У шырокую трубу горана за раз можна змясціць цэлую фуру гаршкоў. Непадалёк цэнтра ганчарства таксама ёсць такі горан. У ім Васіль Казачок абпальвае толькі вялікія партыі, якія не змяшчае іх электрапеч у майстэрні. 

“Калі першы раз паліць горан, дастаткова 870 градусаў, але трэба не рэзка падні­маць такую тэмпературу, а паступова — га­дзіны чатыры запар. Інакш посуд палопаецца. Тут падыдуць і не вельмі гарачыя дровы. А вось другі раз, каб разлілася паліва, неабходны ўсе 1070 градусаў. Тут найлепш падыдуць бярозавыя дровы ці, як у нас кажуць, смолныя (са смалой). Тут галоўнае, каб яны былі сухія. Улічваючы, колькі ганчароў у нас заўсёды было і колькі посуду ім трэба было абпаліць, дроў заўсёды ў наваколлі не хапала. Але на нашых балотах ёсць шмат карчоў ад старых лясоў. Яны смалістыя, даюць вельмі высокую тэмпературу. Іх бяры, колькі хочаш, і бясплатна. Праўда, выцягнуць з балота такі корч — мучэнне”, — раскрывае тонкасці справы майстар. 

У свет — з мастацтвам

Усе гэтыя сакрэты даўно не сакрэты для дзяцей. Яны дзень пры дні адточваюць сваё майстэрства, звяраючыся з вырабамі і Васіля Андрэевіча, і іншых майстроў. А падзівіцца на толькі што абпалены посуд тут можна многа ў каго. Многія старажылы-ганчары, памятаючы сваю місію, ахвотна перадаюць свой вопыт новаму пакаленню да вельмі паважанага ўзросту, і ім цяжка гэтую навуку спыніць. Напрыклад, Рыгор Іосіфавіч Кавалька — старэйшы ганчар у Гарадной (яму 81 год), 5 мінулых гадоў працаваў у цэнтры ганчарства, але вырашыў, што з гэтага навучальнага года ўжо будзе адпачываць. Аднак доўга не вытрымаў — ужо хоча вярнуцца назад. 

Хлопцы прызнаюцца, што, нават калі паедуць вучыцца пасля школы, возьмуць з сабой гліну. Напрыклад, дзядуля сённяшняга навучэнца цэнтра Мікалая Шэлеста быў выдатным ганчаром, у яго хаце застаўся круг — ён наўрад ці будзе стаяць у куце без справы. 

“Гэта традыцыі нашых продкаў, нашы традыцыі. Яны не павінны знікнуць”, — гаворыць Мікалай, спрытна адразаючы лёскай ад круга ўжо другі за сённяшнія заняткі збанок. 

За значны асабісты ўклад у захаванне традыцый ганчарнага рамяства Васіль Казачок быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Не забываюць мясцовае мастацтва і выпускнікі. Многія з іх, куды б іх ні закінуў лёс, часта раскручваюць прывезеныя з сабой ганчарныя кругі. Сярод іх і браты Шэлесты.

“Сяргей Шэлест працуе настаўнікам фізкультуры ў Пінску, але паралельна і сам робіць посуд, і вучыць гэтаму школьнікаў. Мне вельмі прыемна сустракаць яго на ўсіх творчых фестывалях, конкурсах. Сяргей пераканаўся, што каштоўнасць нашы вырабы не страчваюць, і гэта дазваляе яму добра зарабляць. Іван Шэлест ганчарствам паспрабаваў займацца спачатку ў Мінску, але вярнуўся ў Пінск і працягвае гэтую справу там”, — гаворыць педагог. 

Дарэчы, нядаўна скончылі школу хлопцы, для якіх Васіль Андрэевіч праводзіў дапрафесійную падрыхтоўку па кірунку “Ганчарства”. Мабыць, іх таксама меў на ўвазе Васіль Казачок, калі пісаў у сваім вершы (так, так, ён яшчэ і паэт, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі!): “Спакойна спіце на пагосце, продкі, у руках надзейных ваша рамяство”. Можа, гаво­рыць ён, гэтых рук і не так многа, але іх шмат і не трэба. Бо ўсё ж на ручны посуд сёння не такі попыт, як раней, аднак асобныя лю­дзі абавязкова будуць працягваць гэтае ра­мяство.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.