Максімум намаганняў для стварэння бяспечнага асяроддзя

- 10:59Планёрка ў рэгіёне, Рознае

У агульнаадукацыйныя ўстановы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці 1 верасня прыйшлі 6809 навучэнцаў, першакласнікаў з іх 825. У параўнанні з мінулым навучальным годам колькасць навучэнцаў павялічылася (іх было 6530, у тым ліку 809 першакласнікаў). Аб падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі раёна да новага 2016/2017 навучальнага года, а таксама аб прыярытэтных кірунках дзейнасці па забеспячэнні якасці адукацыі расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пухавіцкага райвыканкама Валянціна Фёдараўна Андрэева.

— Работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года праведзена вялікая: і па аптымізацыі адукацыйнай сеткі, і па падрыхтоўцы будынкаў да прыняцця дзяцей, і па камплектацыі ўстаноў кіраўніцкімі і педагагічнымі кадрамі, і г.д., — адзначыла Валянціна Фёдараўна. — Прыкладзена максімум намаганняў для стварэння бяспечных умоў знаходжання выхаванцаў і навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, якія, у прыватнасці, да 1 верасня былі аснашчаны камерамі відэаназірання. Работы па ўстаноўцы сістэм відэаназірання вядуцца ў 22 установах дашкольнай адукацыі.

Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года было асвоена 652 000 рублёў, у тым ліку са сродкаў раённага бюджэту — 237 000 рублёў. Прыцягваліся і пазабюджэтныя сродкі ў памеры 370 000 рублёў, выкарыстоўвалі таксама шэфскую і спонсарскую дапамогу — больш за 63 600 рублёў. Адзначу, што з абласнога бюджэту для падрыхтоўкі да новага навучальнага года было выдзелена значна больш сродкаў. Работы па іх асваенні працягваюцца. Аднаразовую матэрыяльную дапамогу атрымалі 667 мнагадзетных сямей.

Да 1 верасня ў раёне былі закрыты малакамплектныя ўстановы адукацыі — Талькаўская базавая школа, Сяргеевіцкі дзіцячы сад — базавая школа, Узлянскі яслі-сад Пухавіцкага раёна. Некаторыя ўстановы былі рэарганізаваны ў ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа”. Эканомія ад аптымізацыі адукацыйнай сеткі і колькасці штатных супрацоўнікаў складзе сёлета па прагнозе 85 550 рублёў. Работнікам закрытых устаноў адукацыі мы прадаставілі новыя працоўныя месцы. За кошт аптымізацыі набыты два школьныя аўтобусы. Падвоз вучняў да аддаленых устаноў адукацыі ажыццяўляецца на 14 аўтобусах. На большасці з іх устаноўлена сістэма GPS-кантролю транспарту. Для падвозу дзяцей-інвалідаў на калясках спецыяльна абсталявана “газель”.

— Ці ў поўнай меры ўстановы адукацыі Пухавіцкага раёна забяспечаны спецыялістамі?

— У 2016 годзе ў адукацыйныя ўстановы раёна прыехаў 31 малады спецыяліст, прычым 25 — з вышэйшай адукацыяй. Адзін з іх скончыў магістратуру пры МДЛУ. Восем спецыялістаў, якія прыбылі сёлета, — настаўнікі замежнай мовы. Так што ўсе свабодныя вакансіі па гэтай спецыяльнасці на сёння закрыты. Але засталіся вакансіі настаўнікаў матэматыкі і пачатковых класаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Пытанне вырашаем з дапамогай педагогаў з закрытых школ і педагогаў пенсіённага ўзросту.

Вядзецца работа па заключэнні мэтавых дагавораў. У 2016 годзе заключана 12 такіх дагавораў: з БДПУ імя Максіма Танка — 8; з БДУ — 1; з Нясвіжскім педагагічным каледжам імя Якуба Коласа — 3. Для параўнання: у 2015 годзе заключаны 2 мэтавыя дагаворы, у 2014 — 6, у 2013 — 5.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму зацікаўлены ў тым, каб накіроўваць педагогаў на перападрыхтоўку па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях. У 2016 годзе, напрыклад, мы падалі заяўку на перападрыхтоўку 18 педагагічных работнікаў. Найбольш запатрабаваная спецыяльнасць — “Дашкольная адукацыя”. Мы вывучылі, якая метадычная літаратура сёння неабходна педагогам, закупілі і даставілі ў раён матэрыялы: для выхавальнікаў дашкольных устаноў па падрыхтоўцы выхаванцаў да школы, а таксама метадычную літаратуру ў дапамогу настаўніку пры арганізацыі інклюзіўнай адукацыі, дапаможнік з электронным дадаткам для настаўнікаў замежнай мовы па нямецкай мове (для 6 класа), па англійскай мове (для 11 класа).

— Валянціна Фёдараўна, якімі дасягненнямі педагогаў і вучняў раёна вы сёння ганарыцеся?

— Падчас раённай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі прайшла цырымонія ўзнагароджання лепшых педагогаў. Сёлета грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі дырэктар Свіслацкай сярэдняй школы імя А.Г.Чарвякова Таццяна Рыгораўна Селівонец і дырэктар Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната Валянцін Іосіфавіч Гілеўскі.

Свіслацкая школа прымае самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне і вобласці. Яе навучэнцы заўсёды ў ліку ўдзельнікаў і пераможцаў прадметных алімпіяд, конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый. На базе школы рэалізоўваюцца педагагічныя праекты: “Краязнаўства як крыніца духоўнага і патрыятычнага выхавання асобы”, “Арганізацыя здароўезберагальнай прасторы як эфектыўнага станоўчага спосабу здароўезберажэння і захавання жыцця”.

Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат, якую ўзначальвае Валянцін Іосіфавіч Гілеўскі, у 2014/2015 навучальным годзе на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” адзначана дыпломам I ступені, а на рэспубліканскім этапе — дыпломам III ступені. На базе школы вядзецца работа па рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Інтэграцыя ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў” (2015—2017 гады).

Варта адзначыць, што ўпершыню для педагогаў Міншчыны ў мінулым навучальным годзе праводзілася дыстанцыйная алімпіяда па 5 вучэбных прадметах. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ананіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вераніка Міхайлаўна Шавель атрымала на алімпіядзе дыплом ІІІ ступені.
20 навучэнцаў раёна знаходзяцца ў ліку пераможцаў і прызёраў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Так, у мінулым навучальным годзе дыплом І ступені міжнароднага форуму студэнцкай і навучэнскай моладзі “Першыя крокі ў навуку” атрымалі Іван Смаляк і Аляксей Корсак з Мар’інагорскай гімназіі. Іван і Аляксей, а таксама навучэнец гімназіі Сцяпан Мурзіч удастоены дыплома ІІ ступені навуковага журы і дыплома лаўрэата прэміі бізнес-журы на XII Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе. Дыпломам лаўрэата прэміі настаўніцкага журы балтыйскага конкурсу адзначаны Ягор Калач і Ілья Ільін, навучэнцы Праўдзінскай сярэдняй школы. На рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных гульняў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці “ПАТРИОТ.by” дыпломы І і ІІ ступені атрымалі Канстанцін Тамашэвіч і Захар Шыбакоў з сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі.

На IX Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “ВАВ 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” дыпломамі ІІ і ІІІ ступені ўзнагароджаны Хрысціна Комлік і Кацярына Іванова з Рудзенскай сярэдняй школы.

Надзея ЦЕРАХАВА.