Маладосць можа, вопыт дапаможа

- 15:22Сацыяльны ракурс

Міжнародны семінар “Прафсаюз і моладзь — мы разам. Разам у будучыню!” сабраў у Мінску кіраўнікоў прафсаюзаў адукацыі і навукі амаль двух дзясяткаў краін: Бельгіі, Азербайджана, Албаніі, Балгарыі, Грузіі, Літвы, Расіі, Сербіі, Румыніі, Турцыі і іншых. Таксама ўдзел у яго рабоце прыняла еўрапейскі дырэктар камітэта прафсаюзаў адукацыі Сьюзан Флокен, а камітэт, між іншым, аб’ядноўвае 11 мільёнаў чалавек з некалькіх дзясяткаў краін.

— Прыехалі тыя, каго зацікавіла тэма семінара, якую мы прапанавалі, — патлумачыў старшыня ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка, — нам яна здаецца надзвычай актуальнай.

Зацікавілі прапанаванай тэмай многіх, і гэта зразумела, бо пытанні змены пакаленняў, агульнай работы вопытных педагогаў і моладзі, у тым ліку ў рамках галіновых прафсаюзаў, хвалююць не толькі беларусаў. Як сказала, звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара спадарыня Флокен, “мы тут, каб абмеркаваць рэальныя праблемы, гэта добрая магчымасць абмяняцца вопытым”. Адной з такіх праблем яна, у прыватнасці, назвала ўзняцце іміджу прафесіі (так-так, еўрапейцаў таксама гэта хвалюе), а яшчэ пагаршэнне ўмоў работы ў сувязі са скрачэннем фінансавання, міграцыю і некаторыя іншыя.

У Беларусі, нагадаю, прыкладна кожны чацвёрты член галіновага прафсаюза — прадстаўнік маладога пакалення (да 31 года). Нездарма створаны маладзёжны савет БПРА, які ўзначальвае кіраўнік прафкама студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Міхаіл Барэйша.

Аб рабоце маладзёжнага савета Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза расказала яго старшыня настаўніца сярэдняй школы № 61 Мінска Таццяна Арлоўская. Школа, якая з’яўляецца шматпрофільным сацыякультурным рэсурсным адукацыйным цэнтрам сталіцы, зацікавіла гасцей і сама па сабе, і таму, што тут яны сустрэліся са старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларысай Волкавай. Яна расказала, што ў горадзе дзейнічаюць 9 раённых камітэтаў, 764 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, у якія ўваходзіць больш за 54,5 тысячы чалавек, ахоп членствам у гарадской прафсаюзнай арганізацыі складае 98,3%.

Але, бадай, найбольш цікавым для прафсаюзных лідараў з розных краін быў аповед пра меры стымулявання маладых педагогаў. Іх, між іншым, у сталічных установах адукацыі летась з’явілася 700 чалавек, пазалетась — столькі ж, у 2014 годзе — 880 чалавек. Важна, што больш за палову маладых спецыялістаў застаецца працаваць у галіне. Пры гэтым сталічныя педагогі маюць пэўныя перавагі. Напрыклад, дадатковыя выплаты пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі пры пэўных умовах, дадатковыя дні да адпачынку. Калі ж наймальнік “забывае” пра тыя ці іншыя выплаты моладзі, напрыклад, пра пад’ёмныя маладым спецыялістам, у справу ўмешваюцца прафсаюзы.

Таксама Ларыса Леанідаўна расказала пра новую магчымасць і для маладых, і для любых жадаючых педагогаў — аўтаматычны анлайн-разлік акладаў. Скарыстаўшыся гэтым інтэрнэт-рэсурсам, кожны можа дакладна зразумець, за што канкрэтна і якія грошы ён атрымлівае, а магчыма, і адшукаць нейкія памылкі, запатрабаваць аднаўлення сваіх правоў. Адным з бонусаў для маладых педагогаў і педагогаў наогул Л.Л.Волкава лічыць прафесійныя конкурсы педагагічнага майстэрства, бо іх пераможцы маюць права на пазачарговае атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі. А не так даўно з удзелам прафсаюзаў было вырашана пытанне аб адтэрміноўцы ад службы ў арміі для маладых выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

На сустрэчы ў школе і пры наведванні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (а ён быў першым аб’ектам на шляху гасцей Беларусі) закраналася нямала вострых пытанняў работы з моладдзю, зразумелых прафсаюзным лідарам многіх краін. Напрыклад, аб жыллі для студэнтаў і маладых спецыялістаў. Так, у Мінску пакуль існуе толькі адзін інтэрнат для маладых педагогаў і толькі для тых, хто яшчэ не мае сям’і. Праўда, па даручэнні старшыні гарвыканкама, месцы для іх могуць выдзяляцца ў інтэрнатах прадпрыемстваў-шэфаў.

А вось забяспечанасць часовым жыллём студэнтаў БДУ даволі высокая — прыкладна 80%, кошт у месяц складае 10 долараў у эквіваленце. Усяго ўніверсітэт мае зараз 9 інтэрнатаў, частка з якіх знаходзіцца ў студэнцкай вёсцы. Жыве ва ўсіх гэтых інтэрнатах больш за 8 тысяч дзяўчат і хлопцаў, пра што гасцям расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ Вольга Локцева. Удзельнікаў сустрэчы вітаў таксама прарэктар універсітэта Уладзімір Сувораў.

Такім чынам, пабываўшы спачатку ва ўніверсітэце, які ў тым ліку рыхтуе педагогаў, а потым у сярэдняй школе, удзельнікі семінара змаглі паслядоўна прасачыць, як прафсаюз суправаджае маладых людзей ад самага пачатку іх вучобы да дзейнасці на першым рабочым месцы і ў далейшым.

Галоўнай падзеяй другога дня семінара стала пленарнае пасяджэнне, якое пачаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён расказаў пра тое, што сёння ФПБ аб’ядноўвае больш за 4 мільёны членаў арганізацыі, пра дзейнасць ФПБ, у прыватнасці пра магчымасці федэрацыі ў арганізацыі адпачынку членаў прафсаюза, заняткаў спортам і пра іншыя бакі работы прафсаюзных арганізацый, работу з сацыяльнымі партнёрамі. Асабліва М.С.Орда падкрэсліў, што летась прафсаюзы дабіліся, каб усе пастановы ўрада, якія тычацца сацыяльных і эканамічных пытанняў, праходзілі ўзгадненне з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

На пасяджэнні выступілі, падзяліліся думкамі многія ўдзельнікі семінара, напрыклад, з Балгарыі, Турцыі, але першую скрыпку ігралі, безумоўна, гаспадары, у тым ліку сацыяльныя партнёры галіновага прафсаюза. Пра тое, як супрацоўнічаюць прафсаюзы і Міністэрства адукацыі ў маладзёжнай сферы, гасцям расказала намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі міністэрства Таццяна Сіманоўская.

— Галіновы прафсаюз — асноўны і самы магутны партнёр нашага міністэрства ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, — сказала Таццяна Анатольеўна. — Пры гэтым прафсаюз бярэ на сябе значную частку асноўных кірункаў работы, выступае ініцыятарам і каардынатарам многіх праектаў. Такім чынам мы разам дасягаем пастаўленых мэт і задач.

Спецыяліст нагадала, што ў Беларусі зараз пражывае крыху больш чым два мільёны маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, практычна кожны 5-ы жыхар краіны. Без удзелу галіновага прафсаюза немагчыма ўявіць вырашэнне многіх складаных задач маладзёжнай палітыкі. Так, у 2016 годзе былі ўнесены змены ў Закон “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, разгледжаны шэраг змен у Закон “Аб дзяржаўнай падтрымцы дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў”.

Акрамя таго, многія пытанні міністэрства вырашае праз Дзяржаўную праграму “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады. Канечне, у праграме шмат увагі ўдзяляецца рабоце прафсаюзных арганізацый, тым больш што ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі прыкладна 95% студэнтаў з’яўляюцца членамі прафсаюза.

— Асаблівую ўвагу мы разам з галіновым прафсаюзам удзяляем таму, каб далучаць моладзь да кіравання краінай, — заўважыла Т.А.Сіманоўская. — У прафсаюзаў існуюць маладзёжныя саветы, а пры міністры адукацыі створаны Рэспубліканскі маладзёжны савет, дзе задзейнічаны і прафсаюз. Савет выступіў ініцыятарам многіх праектаў, у прыватнасці стварэння Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.

Тацццяна Анатольеўна таксама нагадала пра шматлікія іншыя маладзёжныя ініцыятывы, а таксама пра тое, што сёлета Беларусь, як і многія іншыя краіны, прыме ўдзел у ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў, які пройдзе ў Сочы. У склад дэлегацыі ўвойдуць і прадстаўнікі прафсаюзаў.

Зразумела, што за час аднаго семінара немагчыма раскрыць усе бакі работы прафсаюзаў з моладдзю, але абмену вопытам, пошуку новых рашэнняў такія сустрэчы, канечне, спрыяюць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.