Малады і аўтарытэтны

- 13:50Сацыяльны ракурс

Аляксандр Канстанцінавіч Момлік — малады дырэктар. Гімназію Пружан, што на Брэстчыне, ён узначаліў у 26 гадоў. Яму паверылі, і ён апраўдаў давер. Здавалася б, усё проста, але за гэтай прастатой ляжыць штодзённая карпатлівая праца над сабой, а таксама сумесна з калегамі і вучнямі. Сёння Аляксандр Канстанцінавіч дзеліцца з намі сваімі кіраўнічымі і настаўніцкімі здабыткамі.

— Аляксандр Канстанцінавіч, давайце з самага пачатку: чаму педагогіка?

— Насамрэч я марыў пра кар’еру ваеннага. У нас у Пружанах у свой час такая прафесія была культавай. Аднак, каб паступіць ва ўстанову ваеннага профілю, неабходна было акрамя трывалых ведаў, прадэманстраваць і добрую фізічную падрыхтоўку, прайсці строгі медыцынскі і прафагляд. І якраз на гэтым этапе мяне зрэзалі. Я прыехаў дадому. Рыхтаваўся здаваць ЦТ па матэматыцы, фізіцы і рускай мове. З такім наборам у мяне на выбар былі толькі два ўніверсітэты — БрДУ імя А.С.Пушкіна або БДТУ. Я выбраў фізіка-матэматычны профіль БрДУ. У 11 класе да нас з прафарыентацыйнай гутаркай прыязджаў Станіслаў Станіслававіч Секержыцкі з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Асоба каларытная і вядомая, здольная зацікавіць любога. І вось калі давялося выбіраць (а прафесія, пра якую марыў, аказалася недасягальнай), я ўспомніў пра яго, нашу гутарку і падаў дакументы на фізічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна (навукова-педагагічная спецыяльнасць “Фізіка”).

Спецыяльнасць выбраў складаную. Даводзілася шмат займацца матэматыкай, фізікай, інфарматыкай. З 2—3 курса ўсе сесіі пачаў здаваць паспяхова. Некаторыя залікі атрымліваў “аўтаматам”. Захапіўся прафсаюзным рухам. Быў старшынёй прафбюро на факультэце. І, напэўна, з тых часоў пачалася мая кіраўнічая кар’ера. Прафсаюз стаў першай прыступкай у развіцці маіх лідарскіх якасцей, у маёй рабоце ў калектыве і разам з калектывам.

— Як вам удалося трапіць на работу ў сваю гімназію?

— Пасля заканчэння 4 курса я ажаніўся. Мая жонка была ў Пружанах, і мне, канечне, было цікава трапіць на практыку менавіта ў свой родны горад. Я прыйшоў прасіцца да дырэктара сваёй гімназіі (у свой час я быў вучнем гэтай навучальнай установы) Ларысы Георгіеўны Казарэз. Але яна адразу прапанавала мне сумясціць практыку з працай. Ад такой прапановы адмовіцца я не змог. Будучы студэнтам 5 курса, з 1 верасня пачаў сваю прафесійную дзейнасць у ролі настаўніка фізікі ў гімназіі Пружан. У дэканаце мне дазволілі свабоднае наведванне заняткаў, таму два дні на тыдзень працаваў, а тры — вучыўся. Той першы год быў складаным, але на наступнае, 1 верасня ўжо з дыпломам маладога спецыяліста ў гімназіі я адчуваў сябе куды больш упэўнена.

На працягу таго першага года мне давялося перажыць шмат пачуццяў. Па-першае, была вялізная адказнасць (мне давяралі, і я працаваў побач з вялікімі прафесіяналамі, якія вучылі яшчэ мяне). Па-другое, не адышоўшы яшчэ ад студэнцкай лаўкі, а ўжо валодаеш вялікім багажом ведаў, якім хочацца падзяліцца. Не заўсёды гэтыя веды былі ўзроўню школы, але дзецям хочацца ж даць больш. Фізіка — прадмет сур’ёзны і складаны, разам з тым і цікавы, таму асноўнай задачай было ўлюбіць дзяцей у навуку аб законах прыроды. І ў першы год на раённай алімпіядзе мае вучні (тады я працаваў у 6—8 класах) узялі першыя дыпломы, што мне, канечне, надало ўпэўненасці. Безумоўна, вопыту не хапала, але поспехі вучняў акрылялі.

— І пасля заканчэння ўніверсітэта вас размеркавалі ў гэтую ж гімназію?

— Так. Мой першы працоўны год стаў своеасаблівай стажыроўкай, выпрабавальным тэрмінам, які я не заваліў, а прайшоў дастаткова паспяхова, што дапамагло мне замацавацца ў сваёй гімназіі. У другі год маёй працоўнай дзейнасці, ужо будучы дыпламаваным маладым спецыялістам, я выкладаў фізіку і інфарматыку. Маё настаўніцтва працягвалася з 2009 па 2013 год. Гэта быў час майго станаўлення, калі адточвалася метадычнае майстэрства, адбывалася больш цеснае знаёмства са школьнай праграмай, ішлі пошукі шляхоў дыферэнцыраванага навучання як з высокаматываванымі дзецьмі, так і з тымі, каму фізіка давалася нялёгка. Кожны год на раённым этапе алімпіяды па фізіцы мае вучні заваёўвалі дыпломы.

Займаўся са сваімі вучнямі і навукова-даследчай дзейнасцю, якая таксама была заўважана і ацэньвалася дыпломамі. У гэты ж час мне давялося стаць кіраўніком гімназічнага інтэлектуальнага клуба “Што? Дзе? Калі?”. Трэба сказаць, што я не на жарт захапіўся гэтым рухам, удзельнікам якога стаў яшчэ будучы студэнтам.

Чатыры гады майго настаўніцтва прайшлі паспяхова. Я знайшоў свайго адзінага вучня, які, напэўна, ёсць у кожнага настаўніка, але ў некага ён знаходзіцца ў сярэдзіне, а ў кагосьці — у канцы педагагічнай кар’еры. У мяне ж атрымалася напачатку. Гэта Антон Шаўчэня. Будучы навучэнцам 11 класа ў 2013 годзе, ён атрымаў 100 балаў на ЦТ па фізіцы. Для мяне, настаўніка другой катэгорыі, які толькі прыйшоў працаваць, гэта быў вялікі поспех. Мы і сёння ганарымся гэтым вучнем.

— Ці можна гаварыць пра эвалюцыю настаўніка Аляксандра Канстанцінавіча Момліка?

— Самым важным момантам для настаўніка з’яўляецца заваяваць павагу сярод сваіх навучэнцаў і літаральна з першага ўрока праявіць сябе цікавым і цікаўным чалавекам, пісьменным спецыялістам. Калі ты адразу здолееш паказаць дзецям, што твой прадмет не толькі, як у нас любяць гаварыць, самы галоўны і важны, але яшчэ і цікавы, то вучні самі да цябе павернуцца і палюбяць твой прадмет. Дзеля гэтага можна звяртацца да розных прыёмаў: уводзіць правілы, забароны, абмежаванні ці, наадварот, бонусы. Я ж імкнуўся кожны свой урок рабіць цікавым, добра і гуманна ставіцца да дзяцей і праводзіць вялікую колькасць эксперыментаў. Увесь час кантактаваў са сваімі вучнямі, пастаянна нешта ім расказваў і паказваў, вазіў на экскурсію на фізічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Калі гаварыць пра формы работы на ўроку, то ў мяне пераважае франтальная. Я працую з усім класам адначасова, прычым у рэжыме дыялогу. Мае вучні разбіраюць вялікую колькасць праблемных сітуацый, калі задаю пытанні, паказваю, што мы ў тупіку і што трэба паспрабаваць знайсці выйсце. Дзяцей гэта вабіць, яны пачынаюць думаць, сачыць за логікай рэчаў.

Канечне, напачатку было, напрыклад, складана карэктна скласці і правесці кантрольныя работы. Падчас праходжання акрэдытацыі на пацвярджэнне статусу гімназіі да мяне прыходзілі члены камісіі і я праводзіў адкрытыя ўрокі. Мае вучні пісалі кантрольныя зрэзы па лініі Дэпартамента кантролю якасці адукацыі. Натуральна, я перажываў і хваляваўся. Але побач са мной была вопытная і мудрая настаўніца фізікі Таццяна Анатольеўна Каралюк, з якой можна было параіцца ў любы момант, выдатныя намеснікі дырэктара Валянціна Васільеўна Казак, Людміла Іванаўна Амелянчук і іншыя.

— Аляксандр Канстанцінавіч, як здарылася, што вас назначылі дырэктарам? Малады, можна сказаць, пачынаючы настаўнік — і раптам дырэктар, ды яшчэ і гімназіі?

— Сапраўды, цікавае пытанне. Звычайна маладых на такія пасады прызначаюць у сельскіх школах, у невялікіх гарадах, але ні ў якім разе не ва ўстановах новага тыпу. Маёй кар’еры дапамог збег абставін. Наш вопытны дырэктар Ларыса Георгіеўна Казарэз вырашыла завяршыць сваю працоўную дзейнасць сама. Яна шмат гадоў аддала сваёй любімай справе, але ж узрост і стан здароўя гаварылі пра тое, што трэба ўсё ж больш часу аддаваць на адпачынак. Ларыса Георгіеўна бліскуча прайшла працэдуру акрэдытацыі гімназіі, з гонарам вытрымала кантрольна-рэвізійную праверку бухгалтэрыі і склала свае дырэктарскія паўнамоцтвы.

Зразумела, пасля гэтага паўстала пытанне, каго хоча бачыць у ролі дырэктара калектыў. У мінулым Ларыса Георгіеўна ўжо давярала мне летам выконваць абавязкі дырэктара, рыхтаваць гімназію да пачатку новага навучальнага года. І, будучы чалавекам адказным, стараўся не падводзіць. Адміністрацыя гімназіі выказала жаданне, каб дырэктарам навучальнай установы стаў я, нягледзячы на мой узрост і пэўную нявопытнасць. Мяне падтрымалі намеснікі дырэктара. Раённая ўлада маю кандыдатуру зацвердзіла 23 жніўня 2013 года. На той момант мне было 26 гадоў.

— І як вам даліся першыя дырэктарскія крокі?

— Вопыту не хапала тады, не хапае яго і сёння. І гэта нармальна, бо працаваць з людзьмі дастаткова складана. Калі сярод вучняў пэўны аўтарытэт быў заваяваны і праблем у гэтым плане фактычна не было, то сярод настаўнікаў я па-ранейшаму заставаўся такім жа маладым спецыялістам, а для некага і былым вучнем, таму прыняць мяне ў ролі дырэктара не кожнаму было лёгка. Разам з тым мяне падтрымалі. І першы мой педсавет паказаў, што ў цэлым калектыў да майго прызначэння ставіцца адэкватна, гатовы са мной працаваць. Мы пайшлі наперад.

— Якім стаў вектар вашага руху?

— Намі было абазначана некалькі вектараў для развіцця і руху гімназіі наперад. Кожны з іх мае свае асаблівасці і заслугоўвае ўвагі, але я спынюся толькі на самых значных. Першы вектар — гэта матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Наша гімназія была пабудавана ў 1961 годзе, і ні капітальнага рамонту, ні сур’ёзных рамонтных работ тут не адбывалася. У 2003 годзе да свята Дажынак абнавілі толькі фасад гімназіі. Рамонт быў вельмі неабходны, і мне як маладому кіраўніку выканаўчы камітэт паўшоў насустрач, мы атрымалі дадатковае фінансаванне. На працягу двух гадоў у гімназіі праводзіліся маштабныя рамонтныя работы. Было затрачана больш за 3 млрд рублёў, і наша ўстанова знутры вельмі змянілася.

Другі вектар — гэта кадравая палітыка. У нас працуе дастатковая колькасць педагогаў пенсійнага ўзросту, таму паступовы працэс амалоджвання — гэта важнейшая, хоць і вельмі складаная, задача, якая сёння стаіць перада мной. Тыя вопытныя настаўнікі, якія адпрацавалі ва ўстанове больш за 30 гадоў, сыходзяць. Тут ёсць свае аб’ектыўныя прычыны. На змену прыходзяць настаўнікі з невялікім вопытам або зусім маладыя. Мы імкнёмся прыцягваць больш вопытных — з першай, другой катэгорыяй — з іншых школ. Але гэты працэс няпросты, бо добрага настаўніка цэніць кожны дырэктар.

Трэцім вектарам з’яўляецца развіццё інтэлектуальнага (алімпіяднага) руху гімназіі. Увогуле гэта вектар развіцця і для навучэнцаў, і для педагогаў. Каб рухацца наперад, трэба займацца самаадукацыяй. У гэтым годзе мы ўступілі ў інавацыйны праект, які якраз і мае гэты кірунак. Праект называецца “Суправаджэнне інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”, і мы спадзяёмся, што ўдзел у праекце дасць магчымасць педагогам зрабіць упэўнены крок насустрач самаадукацыі. А калі атрымаем вынікі, то зразумеем, як трэба працаваць, каб у сучасных умовах жорсткай канкурэнцыі паміж установамі адукацыі заваёўваць перамогі і на алімпіядах, і на НПК.

Яшчэ адным важным вектарам для нас з’яўляецца выхаванне. Насамрэч гэта вялікая работа, якой удзяляецца пільная ўвага ў кожнай установе адукацыі. Нам крыху прасцей, бо гімназія наша невялікая. На сёння гэта 416 навучэнцаў. Усіх ведаеш і бачыш штодзень. Аднак выхаваўчая работа мае свае асаблівасці. Стараемся рознымі мерапрыемствамі ахапіць як мага большую частку дзяцей. І робім гэта як на працягу вучэбнага тыдня, так і ў шосты школьны дзень.

— Аляксандр Канстанцінавіч, функцыянал дырэктара сёння шматгранны. Вы толькі дырэктар ці яшчэ працягваеце выкладаць фізіку?

— У мяне ёсць гадзіны для выкладання, хоць іх і не многа. Лічу, што любы чалавек, які звязаны з педагогікай, павінен весці заняткі. Не важна: ці гэта намеснік, дырэктар або метадыст. Інакш праз некалькі гадоў ён перастане быць педагогам і не зможа зразумець сваіх калег і вучняў. Але ж вы правільна сказалі, што функцыянальныя абавязкі дырэктара вельмі шматгранныя. Тут трэба быць і настаўнікам, і псіхолагам, і будаўніком, і інжынерам, і эканамістам, і юрыстам, і бухгалтарам. У нашай гімназіі, як я ўжо адзначаў, уласная бухгалтэрыя, таму з першага дня майго дырэктарства вектар маёй адукацыі зрушыўся менавіта ў гэты бок. Вывучаю эканоміку і фінансы, гаспадарчую дзейнасць. На сённяшні дзень я больш сябе адчуваю менавіта гаспадарнікам, чым педагогам. І гэты бок дырэктарскай дзейнасці вельмі важны.

Калі гаварыць пра вучэбны працэс, то ў мяне ёсць чатыры намеснікі. А вось што тычыцца гаспадарчай часткі, то тут працуе адзін чалавек — намеснік па гаспадарчай частцы. Гімназія наша знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы горада, побач з раённым выканаўчым камітэтам, таму павінна адпавядаць свайму размяшчэнню і, зразумела, статусу.

— Сёння шмат гавораць пра тое, што асноўнае месца настаўніка — каля дошкі, а не над справаздачамі. Што, на ваш погляд, можна было б зрабіць, каб мінімізаваць дакументаабарот у школе? Якія справаздачы рэальна дапамагаюць у вучэбна-выхаваўчым працэсе?

—Нядаўна я абмяркоўваў гэтае пытанне з адным са сваіх намеснікаў. І мы задаліся пытаннем, ці ёсць у нас лішнія паперы і ад чаго можна было б пазбавіцца. Планаваць сваю дзейнасць у любым выпадку трэба, а планаў атрымліваецца многа. Мяркуйце самі: план выхаваўчай работы — раз, каляндарна-тэматычнае планаванне як настаўніка-прадметніка — два, план работы ў кабінеце — тры, план работы на факультатыве — чатыры, план работы з высокаматываванымі дзецьмі, стымулюючых заняткаў — пяць. Калі яшчэ ёсць падтрымліваючыя, то ўжо шэсць. Быццам бы шмат, але як працаваць, калі няма?

Часцей за ўсё скардзяцца на справаздачы. Гавораць пра тое, што намеснікі любяць перакладваць свае абавязкі на настаўнікаў. У нас справаздачы зводзяцца фактычна толькі да аналізу паспяховасці вучняў за чвэр ць. Чвэр ць заканчваецца, і настаўнік лічыць, колькі вучняў закончыла яе на высокім, дастатковым або нізкім узроўні, выводзіць сярэдні бал, глядзіць на дынаміку і аналізуе ўсе паказчыкі, каб зрабіць высновы і ў будучым палепшыць паспяховасць дзяцей. Гэта дрэнна? Напэўна, не.

— Згодна з вамі. Але тут жа хочацца спытаць: а як жа рэйтынгі, якія ціснуць сваімі паказчыкамі на кожную ўстанову адукацыі?

— У нас у раёне рэйтынгавай сістэмы ацэнкі ўстаноў адукацыі няма. Наш асноўны рэйтынг — гэта давер бацькоў. Калі да нас у 1 клас прыходзяць 52 дзіцяці, то я лічу, што нам давяраюць і мы аўтарытэтная навучальная ўстанова.

— І апошняе. Наколькі для вас складана быць справядлівым і пазітыўным кіраўніком, побач з якім камфортна ўсім: і настаўнікам, і дзецям, і бацькам?

— Быць справядлівым складана, бо для кожнага чалавека сутнасць гэтага паняцця свая. Як, зрэшты, і праўда. Дагадзіць кожнаму не ёсць сутнасць. Галоўнае — быць справядлівым і праўдзівым перад сабой і сваім сумленнем. Гэта самы галоўны прынцып, якім стараюся кіравацца. А яшчэ — не крыўдзіць людзей незаслужана, быць прынцыповым і аднолькавым у адносінах да кожнага.

— Аляксандр Канстанцінавіч, дзякуй за размову. Поспехаў вам.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.