Малады настаўнік гісторыі Аляксей Шабуня: імкнуся быць для вучняў арыенцірам ва ўсім

- 14:00Образование

Разуменне мінулага дапамагае ўсведамляць сучаснасць і фарміраваць будучыню, лічыць настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Свіслацкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Аляксей Шабуня. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Для мяне гісторыя — гэта не проста набор фактаў ці дат, а і лёсы рэальных людзей — нашых продкаў. Гісторыя дазваляе нам разумець, хто мы ёсць, адкуль з’явіўся беларускі народ, як мы дайшлі да цяперашняга грамадства. Калісьці менавіта так неабходнасць ведання гісторыі тлумачыла мая школьная настаўніца Наталля Уладзіміраўна Лук’яненка. Зараз гэтыя ісціны даношу ўжо да сваіх вучняў, — расказаў Аляксей Іванавіч.

На педагагічны шлях Аляксей Шабуня стаў крыху больш за два гады назад. Прафесійны выбар рабіў упэўнена, выкладаць у Асіповіцкі раён таксама прыехаў мэтанакіравана.

— Цалкам падзяляю сэнс прымаўкі “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, таму вярнуўся жыць і працаваць на малую радзіму. Спецыяльнасць у мяне сумежная — заканчваў Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ. З дзяцінства жыву з верай у душы: прыслужваў у алтары, скончыў школу званароў. Думаў пайсці па рэлігійным напрамку, аднак выкладчыцкая практыка заахвоціла змяніць рашэнне. Педагогіка, работа з дзецьмі аказаліся мне бліжэй, — па­дзяліўся Аляксей Іванавіч.

Паводле яго слоў, у настаўніцкія будні ўліўся даволі хутка. Па першым часе ўзнікалі пэўныя цяжкасці, але ўсебаковая падтрымка кіраўніцтва школы і калектыву паспрыяла іх пераадоленню.

— Былі цяжкасці з нарматыўнай дакументацыяй, метадычнымі аспектамі. Тады моцна падтрымалі слушнымі парадамі вопытныя калегі, спецыялісты раённага вучэбна-метадычнага кабінета і Магілёўскага абласно-
га інстытута развіцця адукацыі, — паведаміў Аляксей Шабуня.

Да прафесійнага станаўлення педагог бесперапынна імкнецца і сам: наведвае вучэбныя курсы, семінары, канферэнцыі, майстар-класы. Дзякуючы гэтаму, сёння мае першую кваліфікацыйную катэгорыю:

— Настаўніку ніяк нельга без самаўдасканалення. Каб весці падрастаючае пакаленне за сабой, неабходна заўсёды быць на крок наперадзе, валодаць перадавымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Аднак і пра правераныя часам методыкі пры гэтым не трэба забываць.

Урокі настаўнік будуе якраз на гарманічным спалучэнні традыцыйных і інавацыйных форм навучання. Педагог шырока выкарыстоўвае праек­тную дзейнасць, разнастайныя інтэрактыўныя прыёмы, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі:

— Акцэнт раблю на эмацыянальным складніку заняткаў. Праз дыялогі, дыскусіі, віртуальныя экскурсіі даю навучэнцам магчымасць ад­чуць дух мінулага, асэнсаваць сутнасць гістарычных працэсаў, зрабіць персанальныя вывады і адкрыцці. Ствараю для вучняў сітуацыі поспеху, матывую іх на самастойны пошук ведаў. Важным лічу індывідуальны падыход да дзяцей, бо кожны з іх — унікальная асоба.

Даволі часта на ўроках настаўнік прымяняе метад пераносу ў гістарычную эпоху. Навучэнцы ўяўляюць сябе ў ролі гістарычных дзеячаў, шукаюць прычынна-выніковыя сувязі, вучацца ўзаема­дзейнічаць адно з адным і адстойваць розныя пункты гледжання.

— Выкарыстанне гэтай методыкі робіць вывучэнне гісторыі цікавай і займальнай справай. А дэталёвае паглыбленне ў знакавыя падзеі, якія адбываліся раней на беларускай зямлі, дазваляе вучням унутрана спасцігнуць нашы нацыянальныя асаблівасці, выхоўвае ў дзяцей патрыятычныя пачуцці, — растлумачыў Аляксей Шабуня.

Дарэчы, выхаванне навучэнцаў малады настаўнік бачыць адной са сваіх першачарговых задач. Ён фарміруе ў хлопцаў і дзяўчат любоў да роднага краю, грамадзянскія і духоўна-маральныя якасці і ро­біць гэта ўласным прыкладам:

— З’яўляюся класным кіраўніком у дзевяцікласнікаў. Рэгулярна сустракаюся з вучнямі па-за ўрокамі. Стараюся ва ўсім быць для іх арыен­цірам. Да спорту далучаю праз сумесныя гульні і турніры.

Актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучу, расказваючы пра асабістую работу ў маладзёжным парламенце пры раённым Савеце дэпутатаў і прыцягваючы да ўдзелу ў карысных сацыяльных акцыях.

Асновы духоўнасці закладваю праз супрацоўніцтва з вясковай царквой у гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Настаяцель храма айцец Андрэй перыядычна прыходзіць да нас на заняткі, праводзіць з дзецьмі гутаркі аб праваслаўных каштоўнасцях і маральных чалавечых ідэалах.

Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, Аляксей Шабуня ўжо мае шэраг прафесійных дасягненняў. Самыя адметныя з іх звязаны з абласным фестывалем “Прызванне — педагог”. Двойчы станавіўся лаўрэатам, а летась увайшоў у лік пераможцаў гэтага конкурснага руху.

— Фестываль аб’ядноўвае творчую ініцыятыўную моладзь сферы адукацыі Магілёўшчыны. Для мяне ­ўдзел — гэта заўсёды магутны штуршок да развіцця педагагічнага майстэрства. А нядаўняя перамога ўвогуле неверагодна натхніла, зацвердзіла ў правільнасці выбранай жыццёвай дарогі, — падкрэсліў Аляксей Шабуня. — Усе планы цяпер зводзяцца да працягу прафесійнага росту: хочацца станавіцца лепшым, каб укладваць толькі лепшае ў розумы і сэрцы навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ