Малады педагог Дар’я Лацкевіч ведае, як зрабіць хімію займальнай і цікавай для вучняў

- 9:00Главная, Образование

Чаму метал не гарыць? Чаму алей не тоне, а воцат гасіць соду? Адказы на гэтыя і многія іншыя цікавыя пытанні шукаюць навучэнцы на ўроках настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 5 Крычава Дар’і Лацкевіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дар’я Аляксандраўна — малады спецыяліст. У пачынаючага педагога няма яшчэ і года працоўнага стажу, але яна ўжо з упэўненасцю гаворыць, што ў школе адчувае сябе на сваім месцы:

— Іншага жыццёвага шляху не ўяўляю. Стаць настаўнікам марыла з дзяцінства. Памятаю, як вучыла сваіх сябровак, у ролі вучняў выступалі і цацкі. У мяне нават была дошка, сшытак з прозвішчамі навучэнцаў і чырвоная ручка. У школьныя гады захапілася прадметамі прыродазнаўчага цыкла. Менавіта тады прыняла канчатковае рашэнне наконт прафесійнага выбару.

Мару Дар’я Аляксандраўна здзейсніла ў галоўнай кузні педагагічных кадраў рэгіёна — МДУ імя А.А.Куляшова. Маладым настаўнікам вярнулася на малую радзіму — у райцэнтр Крычаў, што на ўсходзе Магілёўшчыны.

— Вельмі задаволена, што трапіла па размеркаванні ў родны горад. Мяне з цеп­лынёй прынялі кіраўніцтва школы і педагагічны калектыў. Калі патрэбна, атрымліваю слушныя парады і метадычную падтрымку ад вопытных калег. Усё гэта спрыяе майму прафесійнаму станаўленню, — расказала Дар’я Лацкевіч.

З асаблівым трапятаннем Дар’я Аляксандраўна ўспамінае свой першы ўрок. Напярэдадні гэтай падзеі яна адчувала змешаныя пачуцці.

— Было радасна, што нарэшце прыступаю да педагагічнай дзейнасці. Разам з тым прысутнічала хваляванне наконт таго, як успрымуць мяне вучні. Але, калі пачала ўрок, усе перажыванні як рукой зняло. Удалося хутка наладзіць кантакт з дзецьмі, і заняткі прайшлі паспяхова, — падзялілася суразмоўніца.

Хімія — гэта няпросты прадмет. Звычайна мова формул навучэнцам здаецца складанай. Аднак Дар’я Аляксандраўна ведае, як зацікавіць школьнікаў:

— Імкнуся абудзіць іх пазнавальную актыўнасць. Урок нязменна пачынаю з незвычайных фактаў ці пытанняў. А яшчэ максімальна набліжаю хімію да рэальнасці, расказваю вучням, што хімічныя працэсы акружаюць нас паўсюль. Заняткі напаўняю доследамі і эксперыментамі. Адна справа — расказаць тэму па падручніку, і зусім іншая — растлумачыць хімічную з’яву, прывёўшы даступны наглядны прыклад. Такі падыход робіць заняткі практыка-арыентаванымі, а вучэбны матэрыял — зразумелым для дзіцячага ўспрымання.

Урокаў Дар’і Аляксандраўны школьнікі чакаюць з нецярпеннем, бо на іх нязменна адбываецца нешта захапляльнае. Акрамя доследаў, гэта інтэлектуальныя гульні, брэйн-рынгі, віктарыны.

— У такой форме адбываецца замацаванне ведаў навучэнцаў. У асноўнай частцы ўрока прымяняю інфармацыйныя тэхналогіі, мазгавыя штурмы і дыскусіі, метад праектаў і праблемнага навучання. Часта выкарыстоўваю гексы на розных этапах заняткаў, — растлумачыла настаўніца.

Значным фактарам эфектыўнага навучання Дар’я Аляксандраўна лічыць узаема­дзеянне з вучнямі. Па яе меркаванні, педагог павінен разгледзець здольнасці дзяцей і быць з імі шчырым і адкрытым.

— У кожнага навучэнца свой характар, інтарэсы, схільнасці. Усё гэта ўлічваю пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Індывідуальна падбіраю ўзровень заданняў, з ра­зуменнем стаўлюся да дзіцячых праблем і цяжкасцей. Гэта паспрыяла таму, што ў мяне выбудаваны даверлівыя адносіны з вучнямі, — падкрэсліла Дар’я Лацкевіч.

Выхаваўчым момантам Дар’я Аляксандраўна ўдзяляе ўвагу і на занятках, і ў пазаўрочны час. Нягледзячы на маладосць, яна не пабаялася ўзяцца за класнае кіраўніцтва. Зараз пад яе куратарствам хлопчыкі і дзяўчынкі з 5 “Б” класа.

— Сваіх вучняў выхоўваю працавітымі, сумленнымі, ініцыятыўнымі. Упор раблю на фарміраванне патрыятызму. Дзеці павінны ўсведамляць сваю адказнасць за будучыню роднага горада, вобласці, краіны, — пераканана настаўніца.

Першы навучальны год прынёс Дар’і Лацкевіч першыя працоўныя дасягненні. Яна ўвайшла ў лік лаўрэатаў раённага конкурсу “Лепшы малады спецыяліст”, а яе вучні заваявалі дыпломы на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.

— Я ўпэўнілася, што з прафесіяй не памылілася. Работа прыносіць мне задавальненне, — прызналася педагог. — У найбліжэйшых планах — удасканаленне педагагічнага майстэрства. Хачу весці сваіх навучэнцаў да новых вучэбных перамог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара