Маладыя педагогі сталіцы паразважалі пра эфектыўны ўрок

- 12:16Образование

Больш за 70 настаўнікаў са стажам работы да 3 гадоў аб’яднала пасяджэнне студыі прафесійнага ўдасканалення «РОСТ», якое прайшло на базе сярэдняй школы № 6 Мінска, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 6 Мінска Алы Фядосавай, тэма пасяджэння «Эфектыўнасць урока як умова павышэння якасці адукацыі» была выбрана невыпадкова, бо ў адукацыйнай практыцы асаблівае месца па-ранейшаму займаюць праблемы, звязаныя з падрыхтоўкай і правядзеннем урока. Сярод іх можна вылучыць наступныя:  не ўлічваюцца зыходныя ўмовы, у прыватнасці, узроўні навучальнасці і навучанасці школьнікаў; недыягнастычна фармулююцца мэта і задачы; не праектуецца дзейнасць кожнага навучэнца; вынік вучэбнай дзейнасці школьнікаў не суадносіцца з мэтавызначэннем. Акрамя таго, часта менавіта педагог з’яўляецца суб’ектам адукацыйнай дзейнасці, а навучэнец — аб’ектам; не наладжана партнёрскае ўзаемадзеянне падчас урока; няма апоры на эмпірычны вопыт навучэнцаў і іх патрэбы; дрэнна забяспечваецца зваротная сувязь; педагог арыентуецца часцей на прадметны змест адукацыі; ацэньваецца толькі вынік вучэбнай дзейнасці, а працэс — не; не дэлегуюцца навучэнцам паўнамоцтвы кантрольнай і ацэначнай дзейнасці.

Маладым педагогам была прапанавана дзелавая гульня «Эфект эфектыўнага ўрока», якую правялі начальнік упраўлення каардынацыі конкурснага руху і адукацыйных ініцыятыў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ала Міхеева і Ала Фядосава. Удзельнікі актыўна ўключыліся ў работу: вылучылі самыя важныя, на іх думку, крытэрыі эфектыўнага ўрока, правялі дыскусію аб іх значнасці.

Настаўнікі паразважалі над пытаннем «Які ўрок можна назваць эфектыўным?», з задавальненнем працавалі індывідуальна і ў парах. Яны прыйшлі да высновы, што эфектыўны ўрок арыентаваны на рэалізацыю канцэпцыі падтрымкі, супрацоўніцтва, партнёрскіх адносін, якія культывуюцца ў малой групе. Эфектыўны ўрок адрозніваецца дакладнай папярэдняй дыягностыкай, з яе дапамогай педагог улічвае ўсе ўмовы, пры якіх гэты ўрок будзе праводзіцца, і выбірае найлепшую для пэўных умоў стратэгію навучання, накіраваную на атрыманне запланаваных вынікаў; добрай папярэдняй падрыхтоўкай, прадуманым планам (з улікам магчымых сітуацый адступлення ад яго); узаемазалежнасцю і ўзаемнай абумоўленасцю ўсіх яго кампанентаў; канкрэтнай і дыягнастычнай пастаноўкай вучэбных мэт; дыферэнцыраваным падыходам да навучэнцаў. Акрамя таго, эфектыўны ўрок — гэта ўрок, на якім забяспечана зваротная сувязь. Для ўрока (і адукацыйнага працэсу ў цэлым) зваротная сувязь мае першараднае значэнне, паколькі яна забяспечвае эфектыўнае планаванне, стварае перадумовы для адсочвання працэсу навучання школьнікаў, з’яўляецца важным для навучэнцаў дыдактычным уменнем, аказвае на іх эмацыянальнае ўздзеянне, фарміруе адэкватную самаацэнку.

Працуючы ў групах, удзельнікі мерапрыемства вызначылі, які з фактараў павышае эфектыўнасць урока. Педагогамі былі названы структураванасць заняткаў, матывацыя навучэнцаў, дысцыпліна, падрыхтоўка настаўніка і навучэнцаў да ўрока і інш.

— Арганізацыя сістэмнай работы па стварэнні крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя па раскрыцці інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу навучэнцаў патрабуе адпаведнага ўзроўню прафесійнага майстэрства ад кожнага педагога, — адзначыла Ала Міхеева. — Студыя «РОСТ» аказвае мэтанакіраваную дапамогу маладым педагогам у сацыялізацыі, паўнацэннай самарэалізацыі і прафесійнай адаптацыі, павышэнні кампетэнтнасці праз вывучэнне вопыту работы лепшых педагогаў Мінска.

Педагогі-майстры сярэдняй школы № 6 прадставілі маладым калегам панараму адкрытых урокаў. Яны паказалі, як на практыцы выкарыстоўваюць метады, прыёмы, сродкі актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, якія спрыяюць дасягненню навучэнцамі высокіх метапрадметных і прадметных адукацыйных вынікаў.

Маладыя настаўнікі англійскай мовы прысутнічалі на ўроках у Ірыны Пархімовіч, Вольгі Сысоевай і Валерыі Манаенкавай. Урок прымянення ведаў і ўменняў у 4 класе па тэме Daily life прадставіла Ірына Пархімовіч. Сярод задач заняткаў — садзейнічаць развіццю ўменняў маналагічнай і дыялагічнай мовы па тэме «Распарадак дня», ужыванню Present Simple Tense ў камунікатыўных сітуацыях, актыўнаму ўзаемадзеянню ў працэсе інтэрв’юіравання. Вучні працавалі ў парах і групах, складалі дыялогі і разыгрывалі іх па ролях, прымалі ўдзел у гульні-драматызацыі. Для праверкі якасці засваення лексіка-граматычнага матэрыялу выкарыстоўваўся прыём «Воблака слоў». Мэта ўрока была дасягнута — школьнікі навучыліся паведамляць інфармацыю пра распарадак дня свайго таварыша.

Маладыя настаўнікі пачатковых класаў, працоўнага навучання і фізічнай культуры і здароўя наведалі ўрокі настаўнікаў пачатковых класаў Аляксандры Шчурко, Наталлі Смярэка і Іны Драздовай. Так, Аляксандра Шчурко правяла для трэцякласнікаў заняткі па рускай мове на тэму «Напісанне невымаўляльных зычных у корані слова». Навучэнцы азнаёміліся з новай арфаграмай і спосабам яе праверкі, актывізавалі свой слоўнікавы запас пры падборы роднасных слоў, аргументавалі выбар літары пры напісанні слоў. Педагог выкарыстала сістэмна-дзейнасны падыход, праблемна-дыялогавае навучанне. Інтэрактыўныя заданні садзейнічалі ўключэнню ў работу ўсіх малодшых школьнікаў.

Выкладчыкі матэматыкі, інфарматыкі і фізікі прысутнічалі на ўроку настаўніцы матэматыкі Ірыны Бічэль, дзе яна разглядала квадратычную функцыю і яе ўласцівасці. Як тлумачыць тэму «Умацаванне вялікакняжацкай улады» Ларыса Гарбацэвіч, паназіралі настаўнікі гісторыі, хіміі і біялогіі. А ў падарожжа па краіне прыставак разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Людмілай Муравейкай адправіліся маладыя філолагі.

Моладзь аналізавала, як вылучаныя імі падчас групавой работы крытэрыі праяўляюцца на ўроку і якія яшчэ прыёмы і метады выкарыстоўвае педагог для таго, каб заняткі былі эфектыўнымі.

Напрыканцы маладыя педагогі азнаёміліся з вынікамі праведзенага Джонам Хэці метааналізу ў галіне адукацыі пра ўплыў розных фактараў на працэс і вынікі навучання, у якім удзельнічалі больш за 240 мільёнаў школьнікаў з розных краін свету. Дж. Хэці імкнецца адысці ад акцэнту на стратэгіях выкладання і больш цэласна паглядзець на тое, што навучанне эфектыўным робяць менавіта настаўнікі.  

Вопытнымі педагогамі быў падрыхтаваны буклет, інфармацыя якога дапаможа пачынаючым спецыялістам спраектаваць і правесці эфектыўны ўрок.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 6 Мінска