Маладыя, таленавітыя, творчыя

- 10:04Якасць адукацыі

Маладыя, таленавітыя, творчыя — менавіта так коратка можна ахарактарызаваць удзельнікаў фестывалю для пачынаючых магілёўскіх настаўнікаў “Прызванне — педагог”.

Арганізатарам фестывалю выступіў абласны інстытут развіцця адукацыі з мэтай выяўлення і садзейнічання далейшаму прафесійнаму росту творчых маладых педагогаў.

— Мы імкнуліся да таго, каб праз удзел у фестывалі матываваць маладых настаўнікаў да пошуку і рэалізацыі інавацый у адукацыйным працэсе. Як аказалася, маладыя педагагічныя кадры зацікаўлены ў самаразвіцці. У адборачным туры прынялі ўдзел звыш ста канкурсантаў з усіх раёнаў, — расказала начальнік Цэнтра развіцця рэгіянальнай адукацыі МДАІРА Святлана Селязнёва.

Пропускам у фінал для ўдзельнікаў стаў відэаўрок са сваімі вучнямі. Нягледзячы на малы вопыт работы ў сферы адукацыі, многія канкурсанты прадставілі сапраўды цікавыя заняткі. Усе ўрокі былі дакладна выбудаваныя, вучэбны матэрыял падаваўся з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій. Найбольш жа эфектыўнымі журы назвала відэаўрокі настаўніка матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага Дзмітрыя Карпікава, настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 3 Магілёва Уладзіміры Лонскай, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Антона Лабаноўскага, настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 10 Бабруйска Марыны Марозавай, настаўніка фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 імя Ф.І.Кавалёва Клічава Рамана Данільчыка, настаўніка геаграфіі Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Вячаслава Фёдарава, настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 21 Бабруйска Кацярыны Шыкуць і выхавальніка ясляў-сада № 19 Крычава Вольгі Лепяцёнак.

У фінальных мерапрыемствах фестывалю вышэйпералічаныя ўдзельнікі актыўна дзяліліся сваім вопытам і напрацоўкамі з тымі, каму адборачны этап не скарыўся. Як паказалі заданні, маладыя магілёўскія настаўнікі сапраўды годная змена старэйшым калегам. Яны дасканала валодаюць сучаснымі прыёмамі навучання, рознымі методыкамі выкладання. Найлепшым чынам гэта пацвярджалі заданні, з якімі ўсе фіналісты спраўляліся хутка і якасна. Падчас самапрадстаўлення ўдзельнікі паказалі сябе неардынарнымі асобамі, таленавітымі педагогамі, шлях якіх у прафесію быў абраны па загадзе сэрца. Дэманстрацыя канкурсантамі фрагментаў сваіх урокаў пераканала прысутных, што, нягледзячы на маладосць, яны ўжо распрацавалі свае эфектыўныя метады навучання. Не ўзнікла цяжкасцей у конкурсантаў і ў ходзе рашэння розных педагагічных сітуацый.

Кожны фіналіст паказаў сябе дасведчаным спецыялістам, прафесіянальным педагогам. Гэты факт пераконваў: на Магілёўшчыне ў прафесіі настаўніка ёсць добры патэнцыял і надзейная будучыня.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.