Маладзёжная практыка,

- 10:18Людзі адукацыі

або Як набрацца вопыту па дагаворы з наймальнікам

Пытанне працаўладкавання было і застаецца злабадзённым для грамадства і заўсёды на слыху. Наяўнасць працы — гэта не толькі матэрыяльны дабрабыт, але і маральнае задавальненне. Доўгі час у нашай краіне існаваў трывалы баланс паміж прапановай і попытам на працоўныя рэсурсы. Па сутнасці, усе жадаючыя маглі працаўладкавацца. Але ў апошнія гады наш рынак працы стаў адлюстроўваць тэндэнцыі сусветнага эканамічнага крызісу. Наколькі сітуацыя выпраўляецца, што робіцца для занятасці нашых грамадзян, у тым ліку моладзі, якія новыя нормы з’явіліся ў Законе “Аб занятасці насельніцтва”? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Валер’евіч ТОКУН.

— Алег Валер’евіч, пачнём размову з пытання, якое найбольш хвалюе нашых грамадзян. Якая сітуацыя сёння складваецца на беларускім рынку працы?

— Хачу адразу супакоіць насельніцтва самымі свежымі звесткамі аб тым, што сітуацыя на рынку працы стабілізавалася, скажу нават, выраўнавалася. Ужо няма тых рыўкоў, скачкоў, істотнага зніжэння попыту на рабочую сілу, як гэта было яшчэ нядаўна. З мая мы назіраем памяншэнне колькасці грамадзян, якія прыходзяць у службу занятасці, каб знайсці работу, і пакрысе павялічваецца попыт на рабочую сілу. Калі гаварыць, якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваны наймальнікамі, то ў агульнарэспубліканскім банку вакансій 56 працэнтаў — рабочыя прафесіі, астатнія — гэта спецыялісты і служачыя. Да нядаўняга часу суадносіны былі іншымі: 80 працэнтаў вакансій былі заяўлены для рабочых і толькі 20 — для спецыялістаў і служачых. Такая карціна сведчыць аб пераходзе рабочай сілы з вытворчай сферы ў сферу паслуг і пацвярджае, што попыт на кваліфікаваныя рабочыя кадры павышаецца. Калі гаварыць больш дакладна, што ўяўляе рынак працы на 1 лістапада, то ўзровень беспрацоўя ў нашай краіне складае 0,8 працэнта ад агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. На ўліку ў службе занятасці сёння знаходзіцца 36,5 тысячы чалавек, а наймальнікамі заяўлена 37,5 тысячы вакансій. Як бачым, каэфіцыент напружанасці істотна знізіўся.

Калі гаварыць пра тых, хто да нас звяртаецца, то ў большасці гэта людзі, якія звольніліся па розных уважлівых прычынах, частка з якіх не працуе больш за год. Выпускнікі ўстаноў адукацыі рэдка звяртаюцца ў службу занятасці (у агульнай колькасці беспрацоўных яны займаюць не больш за 2 працэнты), а калі і звяртаюцца, то гэта звычайна людзі, якія па нейкіх суб’ектыўных прычынах не змаглі працаўладкавацца. У цэлым жа выпускнікі прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных, вышэйшых навучальных устаноў паспяхова размяркоўваюцца і, згодна з заканадаўствам, атрымліваюць гарантаванае першае працоўнае месца.

Моладзь — самая актыўная частка насельніцтва ў пошуку працы. Маладыя людзі вельмі мабільныя і дастаткова хутка знаходзяць работу. Напрыклад, сярэдні перыяд працаўладкавання беспрацоўных па краіне складае 2,3 месяца, а моладзь працаўладкоўваецца ў сярэднім за 1,9 месяца. Калі працягласць беспрацоўя ў сярэднім па краіне складае 5 месяцаў, то для моладзі — менш за 4. Вядомыя і папулярныя сярод насельніцтва кірмашы вакансій вельмі эфектыўная форма працаўладкавання, у тым ліку для маладых людзей. Для студэнцкай і навучэнскай моладзі, як правіла, такія мерапрыемствы арганізоўваюць навучальныя ўстановы, запрашаючы службы занятасці, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады і наймальнікаў кадраў.

— Нядаўна ўступіў у сілу Закон “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” у новай рэдакцыі. Раскажыце, калі ласка, пра гэты дакумент.

— З 24 кастрычніка бягучага года ўступілі ў сілу змяненні і дапаўненні, якія ўнесены ў гэты закон, і звязаны яны з пераменамі, якія адбываюцца сёння ў сферы занятасці. Закон атрымаў новае гучанне, бо фактычна 10 гадоў не рэдагаваўся. Усе змяненні і дапаўненні можна ўмоўна падзяліць на 3 групы: тыя, што закрануць беспрацоўных; якія тычацца наймальнікаў на рынку працы; змяненні, якія тычацца парадку работы дзяржаўных службаў занятасці на месцах. Калі гаварыць аб беспрацоўных, то з’явіўся асобны артыкул “Абавязкі беспрацоўных”. Менавіта на ім акцэнтуецца найбольшая ўвага нашых грамадзян, але, па вялікім рахунку, нічога новага не з’явілася. Усе нормы пра абавязкі і раней былі змешчаны ў законе, у тым ліку і норма пра меру адказнасці за невыкананне абавязкаў, проста цяпер яны сканцэнтраваны ў адным артыкуле, выкладзены зразумела для ўсіх зацікаўленых. Ніякіх звышпатрабаванняў няма. Галоўнае — ведаць, што трэба своечасова прыходзіць у службу занятасці, не адмаўляцца ад прапанаваных месцаў працы, своечасова звяртацца па выдадзеным накіраванні на работу. Тыя грамадзяне, якія накіраваны службай занятасці на вучобу, павінны ўдзельнічаць у вучэбным працэсе і не парушаць правіл унутранага распарадку навучальнай установы.

Разам з тым для грамадзян, якія шукаюць работу, у законе прадстаўлены новыя крокі садзейнічання ў гэтым пытанні, большыя магчымасці. Напрыклад, людзі, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, атрымалі права на тых жа ўмовах, што і беспрацоўныя, прайсці бясплатнае навучанне па накіраванні службы занятасці менавіта па той прафесіі, якая запатрабавана на рынку працы. Падчас навучання яны будуць атрымліваць стыпендыю. Калі дзіцяці споўніцца 3 гады і маці прыйдзецца выходзіць на работу, яна зможа лягчэй працаўладкавацца. Акрамя таго, наймальнік атрымаў права накіроўваць на перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі людзей, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення пры скарачэнні штату, ліквідацыі прадпрыемства, няпоўнай занятасці работніка або якія знаходзяцца ў адпачынку па ініцыятыве наймальніка. У такім выпадку служба занятасці можа кампенсаваць затраты на навучанне такіх работнікаў. Гэта зроблена для таго, каб чалавек не станавіўся беспрацоўным, а, атрымаўшы новую прафесію або новую кваліфікацыю, запатрабаваную сёння на рынку працы, заставаўся працаваць у ранейшага наймальніка, ці служба занятасці дапаможа знайсці яму новае месца працы.

Шмат новаўвядзенняў у законе тычыцца і наймальнікаў. Па-першае, скараціўся тэрмін інфармавання з боку наймальніка службы занятасці аб вакансіі, якая адкрылася. Нагадаю, што паводле ранейшага заканадаўства гэты тэрмін складаў 14 дзён, з 24 кастрычніка — 5 дзён. Гэта тычыцца наймальнікаў усіх форм уласнасці, дзяржаўнай і прыватнай. Акрамя таго, цяпер наймальнікі будуць інфармаваць службу занятасці аб усіх выпадках звальнення работнікаў у сувязі са скарачэннем штату, а таксама ліквідацыяй прадпрыемства. Гэта дазволіць мясцовым органам улады валодаць дакладнымі звесткамі пра рынак працы, прагназаваць сітуацыю, нейкім чынам на яе ўплываць, каб не было незадаволенасці з боку грамадзян, і, урэшце, рэгуляваць стан спраў у інтарэсах і людзей, і ўвогуле свайго рэгіёна. Дзякуючы новай норме закона, Міністэрству працы і сацыяльнай абароны ўпершыню за ўсю гісторыю нашай краіны прадастаўлена права каардынаваць дзейнасць агенцтваў па працаўладкаванні. З 1 студзеня 2017 года тыя агенцтвы, якія не ўключаны ў рэспубліканскі рэестр агенцтваў па працаўладкаванні, не будуць мець права ажыццяўляць такую дзейнасць. У пакеце нарматыўных прававых актаў падрабязна распісана і рэгламентавана ўся працэдура: у якім месцы агенцтвы па працаўладкаванні павінны будуць атрымаць пасведчанне аб уключэнні ў рэестр, вызначаны пералік паслуг агенцтваў. Усе гэтыя змяненні выкліканы вялікай колькасцю скаргаў ад грамадзян на прыватныя агенцтвы па працаўладкаванні, якія бралі грошы за паслугі, але іх не аказвалі. Спадзяёмся, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца.

— Як вядома, дзяржаўная палітыка ў сферы занятасці насельніцтва забяспечваецца рэалізацыяй Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады. Якія кірункі прадугледжаны ў ёй на наступныя пяць гадоў?

— У праграме прадугледжана рэалізацыя і фінансаванне шэрага мерапрыемстваў, накіраваных на працаўладкаванне грамадзян, на падрыхтоўку і перападрыхтоўку беспрацоўных.

У пытанні падрыхтоўкі кадраў з ліку дарослага насельніцтва мы цесна супрацоўнічаем з сістэмай адукацыі. Згодна з заказам службы занятасці, навучальныя ўстановы рыхтуюць беспрацоўных па спецыяльнасцях, якія запатрабаваны на рынку працы, у асноўным канкрэтнага рэгіёна. Іх налічваецца каля 120.

Навучанне беспрацоўных практыка-арыентаванае і ў сярэднім складае 3,5 месяца. Беспрацоўным у гэты перыяд выплачваецца стыпендыя, аказваецца матэрыяльная дапамога, у тым ліку за праезд да месца вучобы і назад, прадастаўляецца жыллё. Апошнія два гады павялічваецца колькасць жадаючых прайсці перанавучанне або атрымаць тую ці іншую спецыяльнасць. Сярод беспрацоўных, якія перавучваюцца, 60 працэнтаў моладзі ва ўзросце да 30 гадоў.

Для ўдзелу ў падрыхтоўцы кадраў на базе навучальных устаноў мы аб’яўляем конкурсы, тэндары, электронныя аўкцыёны. Разглядаем усе заяўкі дзяржаўных і прыватных навучальных устаноў. Пры гэтым у нас ёсць пэўныя патрабаванні да навучання: стан вучэбна-матэрыяльнай базы, педагагічны склад, метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу. Сёння мы цесна супрацоўнічаем з установамі прафесійнай адукацыі ўсіх узроўняў. Для нашай сферы гэта добра, таму што беспрацоўны атрымлівае прафесію, для навучальных устаноў — эканамічныя выгоды.

Служба занятасці выступае ў ролі заказчыкаў кадраў, вывучае попыт на прафесію на рынку працы і прапаноўвае адпаведную падрыхтоўку навучальнай установе. Але іншы раз навучальныя ўстановы самі выступаюць ініцыятарамі ў падрыхтоўцы па тых прафесіях, у якіх мае патрэбу рэгіён.

— Якія іншыя меры прымаюцца сёння для таго, каб чалавек быў забяспечаны работай? Ёсць выпадкі, калі для гэтага нават пераязджаюць на новае месца жыхарства.

— Калі чалавек па нейкіх прычынах не можа знайсці работу ў пэўным населеным пункце, часцей, вядома, у вялікім горадзе, то ў краіне ёсць дастатковая колькасць месцаў, дзе можна працаўладкавацца і атрымаць жыллё. Таму беспрацоўны можа пераехаць. Жыллё можа быць розным: ад інтэрната да добраўпарадкаванага дома. Як правіла, такія жыллёвыя ўмовы прадастаўляюцца ў сельскай мясцовасці. Там патрабуюцца ветэрынарныя ўрачы, аграномы, трактарысты, эканамісты, юрысты, сярэдні спецыяльны медыцынскі персанал. Калі чалавек вырашыў пераехаць у іншы населены пункт, то яму аплачваецца праезд і перавозка рэчаў да новага месца жыхарства. Калі ён перасяляецца ў сельскую мясцовасць, то дадаткова выплачваюцца так званыя пад’ёмныя ў памеры 9 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. На сёння ёсць шмат прыкладаў, калі маладыя сем’і ва ўзросце 33—35 гадоў вырашылі змяніць месца жыхарства, каб знайсці новую работу і палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.

Акрамя таго, для выпускнікоў навучальных устаноў дзейнічае праграма “Маладзёжная практыка” (падобная — і для іншых беспрацоўных), якая дапамагае набыць вопыт работы. Гэта асабліва неабходна тым, хто толькі што атрымаў прафесію, але не быў размеркаваны і па нейкіх прычынах сам не можа працаўладкавацца. Служба занятасці накіроўвае чалавека без вопыту работы да наймальніка на перыяд да года, папярэдне заключыўшы трохбаковыя дамоўленасці паміж службай занятасці, работнікам і наймальнікам. Служба занятасці кампенсуе наймальніку частку заробку работніка. За год чалавек набіраецца вопыту работы і ў далейшым можа застацца працаваць у наймальніка ў залежнасці ад таго, як сябе зарэкамендуе, або шукаць новае месца працы, ужо маючы вопыт па спецыяльнасці, набытай у навучальнай установе.

Таксама мы аказваем дапамогу ў арганізацыі ўласнай справы. Выдаём субсідыю беспрацоўнаму, які хоча быць індывідуальным прадпрымальнікам (хоча адкрыць прыватнае прадпрыемства, заняцца рамеснай дзейнасцю, агратурызмам). Гэта незваротная дапамога ад дзяржавы, але яна мэтавая і прадастаўляецца выключна на арганізацыю і развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці ў самым пачатку. Памер матэрыяльнай дапамогі можа быць ад 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў агульным парадку і 15, калі чалавек хоча адкрыць уласную справу ў сельскай мясцовасці. Калі чалавек вырашыў заняцца інавацыямі, укараняць у практыку навуковыя распрацоўкі і вынаходніцтвы, то сума субсідыі можа быць у памеры 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Штогод каля 2 тысяч чалавек пачынаюць сваю справу з дапамогай службы занятасці.

Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з навучальнымі ўстановамі ў арганізацыі другаснай занятасці. У час канікул або ў іншы вольны час навучэнцы могуць зарабляць грошы, выконваючы пэўныя віды работ. Служба занятасці прапаноўвае работу, выдае заробак, аплачвае падаткі, закуплівае неабходныя матэрыялы. Штогод у гэтай праграме ўдзельнічае каля 30 тысяч школьнікаў і навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

— У Беларусі распрацоўваецца новая мадэль прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах. У гэтым задзейнічаны і супрацоўнікі вашага ўпраўлення.

— Мы зацікаўлены ў доўгатэрміновым прагназаванні патрэбнасці эканомікі ў кадрах. Але ўзгадненне рынку працы і сістэмы адукацыі, збалансаванасць паміж імі — адно з самых сур’ёзных пытанняў. Ніводная краіна ў свеце не вырашыла яго на 100 працэнтаў, а толькі наблізілася да гэтай лічбы. Сёння ў нашай сістэме прагназавання галоўным механізмам з’яўляецца Міністэрства адукацыі. Гэта выклікае здзіўленне. Трэба, каб наймальнікі былі заказчыкамі кадраў, а сістэма адукацыі займалася сваімі функцыямі, таму стаіць задача перагледзець сітуацыю. З гэтай мэтай створана міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам Міністэрства эканомікі, куды ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, НДІ, РІПА, РІВШ. Якой будзе сістэма прагнозу, яшчэ невядома. Але тое, што заказчыкамі кадраў павінны быць наймальнікі і яны павінны дыктаваць сістэме адукацыі, якім павінен быць спецыяліст, адназначна. Менавіта работадаўцам важна ведаць, як будуць развівацца галіны эканомікі, якія віды дзейнасці будуць прыярытэтнымі, калі будзе ажыццяўляцца пераход да наступнага тэхналагічнага ўкладу і якія прадпрыемствы ў сувязі з гэтым будуць адкрывацца.

Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе будзе створана новая цікавая мадэль прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.