Яшчэ адным прыпынкам нашага падарожжа стала Балтыйская міжнародная акадэмія, якая з’яўляецца адной з найбуйнейшых недзяржаўных устаноў вышэйшай адукацыі ў краінах Балтыі і Усходняй Еўропы. Беларускія педагогі пазнаёміліся з арганізацыяй прафарыентацыйнай работы ва ўстанове і ўзаемадзеяннем яе са школамі.
Балтыйская міжнародная акадэмія была створана ў 1992 годзе, мае філіялы не толькі ў Рызе, але і ў іншых латвійскіх рэгіёнах (Даўгаўпілс, Ліепая, Рэзекне, Вентспілс, Елгава і інш.). У акадэміі вучацца 2670 студэнтаў з 35 краін свету. Агульная колькасць замежных студэнтаў складае больш за 1665. Установа прапаноўвае магчымасць навучання па праграмах бакалаўрыята, магістратуры і дактарантуры на англійскай, латышскай і рускай мовах. Прычым па навучанні па праграмах на рускай мове акадэмія займае першае месца сярод еўрапейскіх УВА. Студэнтам прапаноўваюцца 32 праграмы навучання ў такіх галінах, як камп’ютарны дызайн, міжнародныя адносіны, псіхалогія, права, кіраванне культурай, фінансы, сувязі з грамадскасцю, турызм і гасціннасць і інш. Усе праграмы прайшлі нацыянальную акрэдытацыю і атрымалі станоўчую ацэнку ад міжнародных экспертаў. У акадэміі ёсць магчымасць выкарыстаць унікальную сістэму “Медыямост” не толькі ў працэсе вучобы, але і на канферэнцыях, семінарах, што дазваляе злучаць рыжскі філіял з рэгіянальнымі.
Установай падпісаны 257 дагавораў аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі ЕС, уключаючы 110 дагавораў па праграме ERASMUS+. Галоўнай мэтай праграмы з’яўляецца фарміраванне адзінай еўрапейскай адукацыйнай прасторы ў межах Балонскага працэсу праз забеспячэнне студэнцкай мабільнасці (кожны студэнт еўрапейскай УВА мае магчымасць правесці як мінімум адзін семестр, навучаючыся па спецыяльнасці ва УВА іншай краіны), абмен выкладчыкамі, распрацоўку транснацыянальных вучэбных планаў, рэалізацыю міжнародных інтэнсіўных праграм і развіццё еўрапейскіх прафесійных сувязей.
Дарэчы, актыўна развіваецца супрацоўніцтва акадэміі з УВА Беларусі па абмене студэнтамі і па ўдзеле ў міжнароднай дзейнасці. Папулярнасцю карыстаюцца кароткатэрміновыя праграмы, звязаныя са стажыроўкамі, павышэннем кваліфікацыі і г.д. Дамоўленасці аб супрацоўніцтве заключаны акадэміяй з БДУ, БДЭУ. Так, у красавіку мінулага года паміж Балтыйскай міжнароднай акадэміяй і БДЭУ было падпісана пагадненне “Аб узаемапрызнаных праграмах навучання” з выдачай двух дыпломаў: дыплома магістра эканомікі і кіравання па спецыяльнасці “Маркетынг” БДЭУ, дыплома прафесійнага магістра па спецыяльнасцях “Кіраванне і адміністраванне прадпрымальніцкай дзейнасці” ці “Кіраванне камунікацыямі ў індустрыі адпачынку і забаў” Балтыйскай міжнароднай акадэміі.
Рэгулярна арганізоўваюцца міжнародныя летнія школы для студэнтаў, мастацкія выставы, семінары, навуковыя канферэнцыі, дыскусіі за круглым сталом, у якіх актыўна прымаюць удзел не толькі студэнты акадэміі, але і студэнты з іншых УВА, дацэнты, выкладчыкі, работадаўцы, а таксама эксперты.
Каб прыход школьнікаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі быў плаўным і паступовым, у акадэміі вядзецца прафарыентацыйная работа. Галоўны яе прынцып — рабіць не так, як усе, не дубліраваць дзейнасць школьнага настаўніка. Акадэмія імкнецца рэалізоўваць сумесныя праекты, якія прыносяць карысць і настаўнікам, і выпускнікам. Педагогі запрашаюцца на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў акадэміі.
Для таго каб дапамагчы школьнікам 10—12 класаў (а ў прыбалтыйскіх краінах — дванаццацігадовае навучанне) зрабіць першы крок насустрач будучай прафесіі, удасканаліць школьныя веды, падрыхтавацца да навучання ў вышэйшай навучальнай установе, паспрабаваць сябе ў навукова-практычнай рабоце, прыняць удзел у цікавых студэнцкіх мерапрыемствах, у Балтыйскай міжнароднай акадэміі створана Малая акадэмія. Узначальвае яе Рыма Дударава.
Назва “Малая акадэмія” не выпадковая. Навучэнцы не проста атрымліваюць новыя веды, яны вучацца кіраваць турысцкім бізнесам і ўдасканальваюць свае веды ў дзелавой англійскай мове і матэматыцы. Прычым заняткі арганізоўваюцца і ў дыстанцыйнай форме.
Для маленькіх акадэмікаў, як ласкава называюць школьнікаў ва УВА, прадугледжаны не толькі заняткі, але і экскурсіі, забаўляльныя мерапрыемствы. Напрыклад, для іх ладзіцца баль у стылі ХІХ стагоддзя, дзе можна навучыцца танцаваць мазурку і пабываць, вярнуўшы час назад, у велікасвецкім салоне.
Зразумела, якая ж акадэмія без навукі! Яе слухачы могуць правесці ўласнае даследаванне пры падтрымцы выкладчыкаў УВА і прадставіць сваю работу не толькі на школьнай, але і на навуковай канферэнцыі БМА, а таксама падрыхтаваць яе да выдання ў спецыяльным зборніку навуковых прац навучэнцаў. У межах Малой акадэміі створана навуковае таварыства школьнікаў, пасяджэнні якога праходзяць раз на месяц і на якія запрашаюцца і настаўнікі, каб навучыцца арганізоўваць даследчую работу з вучнямі і курыраваць яе. Праводзіць акадэмія і алімпіяды па вучэбных прадметах.
За пяцігадовы тэрмін існавання Малой акадэміі яе выхаванцы зарэкамендавалі сябе вельмі патрабавальнымі і падрыхтаванымі да сур’ёзнай работы, таму выкладчыкі не даюць паблажак, працуюць, як з сапраўднымі студэнтамі, адзначаючы ўпэўненасць і імкненне да ведаў, уласцівыя вучням. Так, акадэмік Валерый Нікіфараў пасля правядзення заняткаў па логіцы падкрэсліў падрыхтаванасць і высокі пазнавальны інтарэс навучэнцаў. “Хацелася б навучыць іх арыентавацца не на запамінанне, а на разуменне, бо менавіта ў гэтым залог паспяховай адукацыі, а адсюль і паспяховай кар’еры”, — падкрэсліў ён.
У Балтыйскай міжнароднай акадэміі лічаць, што адна з галоўных задач вышэйшай навучальнай установы — дапамагчы атрымаць веды тым, хто да іх імкнецца, таму навучанне ў Малой акадэміі бясплатнае. Праграма будуецца па модульным прынцыпе, які дазваляе ў любы момант уключыцца ў працэс навучання. Слухачы ў залежнасці ад запытаў могуць наведваць заняткі на аддзяленні дызайну ці мастацтваў або сацыяльна-гуманітарным аддзяленні.
На 1 курс запрашаюцца навучэнцы 10—11 класаў, а на 2 курс — навучэнцы 12-х класаў і тых, хто наведваў заняткі летась. Пасля заканчэння Малой акадэміі слухачы атрымліваюць дыплом, які пацвярджае іх права на скідку на навучанне ў БМА да 20 працэнтаў. Дарэчы, сёлета ўпершыню ў гісторыі акадэміі замежнаму студэнту прадастаўлена права бясплатнага навучання за асаблівыя поспехі, праяўленыя падчас навучання на дыстанцыйным аддзяленні Малой акадэміі.
Правільнаму выбару прафесіі садзейнічае і практыка студэнтаў акадэміі ў школах. Так, з 2 курса студэнты праводзяць прафарыентацыйную работу з навучэнцамі, знаёмяць з прафесіямі ў рэгіёнах, праводзяць анкетаванне і тэсціраванне. На 3 курсе праводзіцца псіхадыягностыка, студэнты правяраюць, наколькі могуць працаваць з групай вучняў і з адным дзіцем. На 4 курсе студэнты праводзяць развіццёвыя заняткі, кансультаванні. У межах дзён адкрытых дзвярэй арганізоўваюцца трэнінгі, студэнты працуюць валанцёрамі, выхавальнікамі ў студэнцкіх летніках. Усё гэта дае магчымасць патэнцыяльным абітурыентам зрабіць усвядомлены выбар прафесіі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.