Мальберт-трансформер і інтэрактыўныя гульні. Як у дзіцячым садзе № 22 Рэчыцы працуюць з асаблівымі выхаванцамі

- 11:08Образование

Крыху больш за палову выхаванцаў дзіцячага сада № 22 Рэчыцы маюць пэўныя асаблівасці ў развіцці: цяжкія парушэнні маўлення, інтэлектуальную недастатковасць, РАС. Усе яны атрымліваюць ва ўстанове карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Падрабязна пра гэта даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Пасаду загадчыцы дзіцячага сада Таццяна Стасевіч заняла ў 2013 г.

— Тады ўстанову не наведвалі дзеці з АПФР. Затое зараз у нас функцыянуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, спецыяльная група для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, спецыяльныя групы для выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення, групы інтэграванага выхавання і навучання, якія наведваюць і малышы з РАС, — адзначыла суразмоўніца.

У 2022 г. за кошт спонсарскай дапамогі былі набыты тэхнічныя сродкі навучання: інтэрактыўны стол «Інтошка», светлавы стол, дапаможнікі «Слухаць цікава» і «Зоюшкіны папеўкі». Наталля Скорб, на той момант намеснік загадчыка ўстановы, стварыла аўтарскі празрысты мальберт-трансформер з аргшкла ў драўлянай раме з магчымасцю дынамічнага змянення становішча акна для творчасці. Ён выкарыстоўваецца на занятках выяўленчай дзейнасцю з асаблівымі дзецьмі і ў студыі інклюзіўнай творчасці. Маляванне на шкле — выдатны спосаб творчага самавыяўлення. Гэты працэс дорыць новыя візуальныя ўражанні і тактыльныя адчуванні.

Настаўнік-дэфектолаг Аліна Свіч працуе з малышамі з інтэлектуальнай недастатковасцю.

— У іх нізкая працаздольнасць, звычайныя метады з імі не заўсёды даюць эффект, — гаворыць педагог. — Адной з тэхналогій, якая нясе карэкцыйныя і развіццёвыя магчымасці, з’яўляецца пясочная тэрапія. У снежні 2023 г. я прадстаўляла дапаможнік «Інтэрактыўная пясочніца» на раённым конкурсе «Лепшы настаўнік-дэфектолаг», дзе заняла другое месца.

Перш чым малыш пачне разумець мову, ён вучыцца разумець навакольныя гукі. Успрымаючы іх, мозг з часам будзе аналізаваць і маўленчыя гукі. А гэта неабходна для таго, каб у далейшым быў добры фанематычны слых і маўленне. Для вырашэння гэтай задачы выкарыстоўваецца дапаможнік «Слухаць цікава», які змяшчае ў сабе гукаўзнаўляльнае ўстройства з картай памяці, дзе запісаны немаўленчыя і маўленчыя гукі, карткі з ілюстрацыямі да гукаў і сюжэтныя карцінкі. Дзецям раздаюць карткі з ілюстрацыямі. Настаўнік-дэфектолаг узнаўляе сюжэтны аповед з немаўленчымі гучаннямі. Калі выхаванцы чуюць гук, які адпавядае іх картцы, то падымаюць яе ўгару.

Настаўнік-дэфектолаг Валянціна Пугачова і педагог-псіхолаг Алена Дворнік у снежні 2023 г. сталі ўдзельнікамі XIIІ Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства, дзе прадстаўлялі аўтарскую інтэрактыўную гульню «Школа Лунціка і яго сяброў», якая спрыяе развіццю вышэйшых псіхічных функцый, актывізуе маўленчую і разумовую дзейнасць, валявую сферу ў дашкольнікаў з АПФР.

— У 2022 г. на базе нашай установы першай у Рэчыцкім раёне была адкрыта група інтэграванага навучання і выхавання, у склад якой увайшлі малышы з парушэннямі аўтыстычнага спектра. Ва ўстанове такіх дашкалят ужо 6, яны забяспечаны індывідуальным педагагічным суправаджэннем, — расказала Т. Стасевіч. — Нашы педагогі ўдзельнічаюць у стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з РАС з улікам іх магчымасцей і абмежаванняў, павышаюць свой прафесійны ўзровень. Своечасовая і правільна арганізаваная карэкцыйная работа дазваляе падтрымаць спробы выхаванца з аўтызмам уступіць у больш актыўныя і складаныя адносіны са светам, сфарміраваць у іх цэласнае ўспрыманне і ўяўленне аб розных прадметах і з’явах навакольнай рэчаіснасці, узбагачае пачуццёвы вопыт: глядзець і бачыць, слухаць і чуць, абмацваць і адчуваць. Правільна арганізаваная работа педагогаў, узаемадзеянне звычайных выхаванцаў і выхаванцаў з РАС ідзе на карысць усім. Паміж дзецьмі ў будучыні не будзе бар’ераў у зносінах, «асаблівыя» жа змогуць сацыялізавацца.

З верасня 2023 г. дзіцячы сад № 22 Рэчыцы быў уключаны ў рэспубліканскі эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі «Апрабацыя мадэлі дзейнасці выхавальніка, які забяспечвае персанальнае суправаджэнне дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра ва ўстанове адукацыі». Праект накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці выхавальніка персанальнага суправаджэння, фарміраванне прафесійных кампетэнцый, неабходных для ўключэння выхаванцаў з РАС у адукацыйны працэс. Кіраўніком з’яўляецца загадчык кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ Вольга Светлакова.

У рабоце з выхаванцамі з РАС педагогі сада выкарыстоўваюць метад матывацыйных стымулаў. Асноўная яго ідэя простая: дзіця выконвае дзеянне, калі яму падабаюцца вынікі. Гэты метад дазваляе зразумець, што можа быць выкарыстана ў ролі заахвочвання (узмацняльніка), які дапамагае эфектыўна фарміраваць новыя навыкі і новыя паводзіны. Тэсціраванне матывацыйных стымулаў праводзіцца сістэматычна, бо матывацыя ў дашкольніка часта змяняецца, таму стымулаў павінна быць шмат. Практыкуецца і метад адзінкавых стымулаў (структураванае назіранне). Напрыклад, педагог размяшчае ў зоне доступу гульні, цацкі, ежу і назірае, што дзіця бярэ, чаму аддае перавагу, фіксуе гэта і запаўняе табліцу назіранняў. Мэта — вызначыць, наколькі доўга можа быць заматываваны выхаванец прадметам. Складаецца іерархія стымулаў. Калі прадмет цяжка забраць, значыць, гэта звышматывуючы стымул. Важна мяняць стымулы пазіцыйна, бо дзіця можа выбіраць тое, што бліжэй знаходзіцца, а не тое, што яго цікавіць.

Для таго каб зразумець свет асаблівага дзіцяці, педагогі рэкамендуюць паглядзець анімацыйны фільм «Каструлька Анатоля» (яго лёгка можна адшукаць у інтэрнэце). Ён пра тое, як нашы асаблівасці могуць камусьці здавацца дзіўнымі і гэта робіць нас часам адзінокімі і ўразлівымі. Але абавязкова знаходзяцца «свае людзі», для якіх ты — цудоўны! Каструлька — гэта метафара нейкай асаблівасці дзіця з РАС, ад якой яно не можа пазбавіцца, з якой яму трэба неяк упісацца ў гэты свет. У кожнага чалавека з РАС ёсць свая «каструлька». А па вялікім рахунку, яна ёсць у кожнага з нас. У кагосьці зусім маленькая, непрыкметная і добра схаваная. Але бывае, што «каструлька» навідавоку, і чалавек не ўмее з ёй спраўляцца. Гэта перашкаджае жыць, падтрымліваць зносіны з іншымі людзьмі. Што рабіць, калі пазбавіцца ад «каструлькі» (асаблівасці) немагчыма? Навучыцца выкарыстоўваць яе на карысць. А яшчэ пашыць зручную сумачку для яе (сацыялізавацца), каб яна нікому не замінала. Самому зрабіць гэта цяжка, таму патрэбен надзейны дарослы, сустрэча з якім зменіць жыццё, які навучыць спраўляцца з «каструлькай», дапаможа знайсці рэсурс, убачыць моцныя бакі. А галоўнае — навучыць выкарыстоўваць яе так, каб і дзіцяці, і навакольным было добра.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы