Маленькімі крокамі да вялікага мастацтва

- 10:43Якасць адукацыі

З гэтага навучальнага года ў вучэбныя планы базавай школы пасля сямігадовага перапынку вярнуўся прадмет “Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура”. Аднак боязь, звязаная з рэалізацыяй новых праграм, і вопыт папярэдняга выкладання прымушаюць задумвацца не толькі аб перспектывах, але і аб няўдачах мінулага этапу. Зразумець іх — значыць атрымаць шанс пазбегнуць паўтарэння пралікаў. Менавіта з такой мэтай быў арганізаваны рэспубліканскі семінар “Арганізацыя адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура”, які прайшоў на базе Нацыянальнага інстытута адукацыі і сабраў як вучоных, так і педагогаў-практыкаў.

Сістэма мастацкай адукацыі ў нашай краіне стваралася і ўдасканальвалася на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Асаблівую ролю ў гэтай эвалюцыі адыграў савецкі перыяд, калі ў якасці абавязковых прадметаў у вучэбныя планы школ былі ўключаны выяўленчае мастацтва, музыка, а напрыканцы 80-х гадоў — і сусветная мастацкая культура. Усё гэта дазволіла забяспечыць элементарнае далучэнне школьнікаў да эстэтычных каштоўнасцей на працягу ўсяго перыяду навучання з 1 па 11 клас. У 90-я гады на хвалі лібералізацыі ўсіх сфер грамадскага жыцця ў некалькі разоў у параўнанні з савецкім перыядам павялічылася колькасць школ з мастацкім ухілам. За два няпоўныя дзесяцігоддзі склалася магутная традыцыя мастацкай адукацыі і эстэтычнага выхавання ў такіх школах, сфарміраваўся штат вопытных выкладчыкаў, былі распрацаваны арыгінальныя вучэбныя планы, праграмы. У новым тысячагоддзі разам з актыўным укараненнем інфармацыйных тэхналогій і з’яўленнем новых магчымасцей якаснага ўзнаўлення твораў мастацтва намеціліся тэндэнцыі, якія прывялі да выключэння прадмета з вучэбных планаў. Сярод прычын, якія паспрыялі такой сітуацыі, — бессэнсоўнасць форм кантролю ў выглядзе рэфератаў і эсэ (інтэрнэт дазваляе здабыць любую інфармацыю, але не забяспечвае яе засваення), увядзенне тэсціравання і ўніфікацыя патрабаванняў да прыёму ў ВНУ выключылі прадмет са спіса неабходных для паступлення. Спроба стварыць свае падручнікі таксама не прынесла жаданага выніку: кампіляцыя ўрыўкаў з мастацтвазнаўчых артыкулаў не была цікавай школьнікам. Адсутнасць разумення ўзроставых асаблівасцей дзяцей таксама адыграла сваю негатыўную ролю: прадмет практычна без змен у праграмах зрушылі на два гады “ўніз”, перамясціўшы вывучэнне матэрыялу з перыяду ранняга юнацтва на этап старэйшага падлеткавага ўзросту. А характар успрымання вучняў у 8 класе адрозніваецца ад успрымання ў10 класе.
У выніку па сістэме эстэтычнага выхавання школьнікаў быў нанесены адчувальны ўдар. Прадметы “Музыка” і “Выяўленчае мастацтва” выкладаліся толькі да 5 класа, а прадмет “Сусветная мастацкая культура” быў пераведзены ў разрад факультатыву і фактычна не вывучаўся ў большасці школ. Да таго ж і ўзровень выкладання нават тых прадметаў, якія засталіся ў вучэбных планах, быў невысокі, паколькі настаўнікі, якія мелі мастацка-педагагічную адукацыю, сыходзілі са школы, не атрымліваючы дастатковага аб’ёму педагагічнай нагрузкі.
З 2015/2016 навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі было адноўлена вывучэнне прадмета “Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура”. Вучэбная праграма па гэтым прадмеце для 5 класа распрацавана ў адпаведнасці з прынцыпамі адноснай завершанасці зместу адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.
У першай частцы семінара яго ўдзельнікі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі вучонымі і мастацтвазнаўцамі краіны, якія прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы праекта праграмы. У аснову праграмы пакладзена ідэя кампаратыўнага мастацтвазнаўства, распрацаваная і ўкаранёная ў мастацкую адукацыю Беларусі доктарам мастацтвазнаўства В.П.Пракапцовай. Сутнасць і значэнне кампаратыўнага мастацтвазнаўства раскрыла на семінары выкладчык кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў кандыдат мастацтвазнаўства Дзіна Валер’еўна Брыткевіч.
З сучаснымі падыходамі да арганізацыі зместу вучэбнага прадмета АСМК прысутных пазнаёміла дацэнт кафедры псіхалогіі і педагогікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Алегаўна Грачова. Па яе словах, з пункту гледжання арганізацыі зместу, сучасная канцэпцыя курса ўвабрала ў сябе ўсё лепшае і прадукцыйнае, што было ў папярэдніх праграмах. У базавай школе прапаноўваецца абапірацца галоўным чынам на праблемна-тэматычны прынцып, выхоўваючы культуру ўспрымання мастацтва, фарміруючы мастацкія інтарэсы і патрэбы навучэнцаў. У старшых класах даецца сістэматызаваны курс гісторыі мастацтваў з апорай на сучасныя інтэрпрэтацыі дасягненняў папярэдніх эпох.
На думку В.А.Грачовай, каб прадмет стаў любімым для вучняў, важна правільна вызначыць мэту. А мэта курса — выхаванне асобы, здольнай успрымаць і ацэньваць эстэтычныя з’явы ў соцыуме, у прыродзе і мастацтве, асобы, якая імкнецца ствараць і захоўваць эстэтычныя каштоўнасці ў сваёй практычнай дзейнасці. Настаўнік гэтага прадмета звяртаецца перш за ўсё да эмацыянальнай сферы асобы, на якую і ўплывае мастацтва, а ўсё, што тычыцца імён, назваў і паняццяў, — яны толькі сродак, якому сучаснае інфармацыйнае асяроддзе надае максімальную даступнасць. Да кожнай тэмы праграмы ў адпаведнасці з яе накіраванасцю прапаноўваюцца спісы мастацкіх твораў, дыферэнцыраваных па відах мастацтва. Прычым мастацкія творы маюць прыкладны характар. У залежнасці ад метадычных і тэхнічных магчымасцей настаўнік можа ўносіць змяненні ў спіс твораў, самастойна ўстанаўліваючы паслядоўнасць і колькасць для разгляду твораў мастацтва.
АСМК не замыкаецца толькі на творах мастацтва першай велічыні і разлічана на выхад творчага працэсу далёка за межы ўрока. Выніковасць заняткаў будзе залежаць ад таго, наколькі паспяхова педагогам будуць арганізаваны тры віды дзейнасці: успрыманне, пазнанне, уласная вучнёўская творчасць.
“У праграмах непазбежны і неабходны паўторы, бо на новым этапе асобаснага развіцця ўзнікае магчымасць новага ўзроўню ўспрымання, разумення і творчай інтэрпрэтацыі, — адзначыла В.А.Грачова. — Не страшна, калі знаёмства з В.А.Моцартам пачынаецца з мелодыі ў мабільніку, а з І.Хруцкім — з выявы на банкноце. Важна, каб на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці навучэнцу захацелася знайсці творы гэтых аўтараў у інтэрнэце, наведаць музей ці канцэрт. Гэта адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі на ўроку будуць гучаць небанальныя пытанні, калі творчыя заданні будуць максімальна разгорнуты ў пазаўрочную, пазашкольную прастору эстэтычных уражанняў”.
Пры гэтым высокія патрабаванні прад’яўляюцца да педагога. Ён павінен быць камунікабельным, артыстычным і, безумоўна, валодаць салідным запасам яркіх мастацкіх уражанняў, якімі б хацелася падзяліцца. Вучні захочуць быць падобнымі да такога настаўніка: пабываць у тых жа тэатрах і музеях, з’ездзіць на такія ж цікавыя экскурсіі, паглядзець тыя ж фільмы і г.д.
Як адзначылі педагогі-практыкі, добрай падмогай у арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах адсутнасці вучэбнага дапаможніка з’явіўся рабочы сшытак па прадмеце, выпушчаны да пачатку навучальнага года. Ён дапамагае знайсці з’явы мастацкай культуры і культуры ўвогуле ў сваім горадзе ці пасёлку, у сваёй сям’і. А калі не знойдзецца, дапамагчы вучню іх стварыць.
Вялікі інтарэс у настаўнікаў выклікалі выступленні практычнай накіраванасці. Спецыфічныя метады і прыёмы ў працэсе ўспрымання музычных твораў у рознай інтэрпрэтацыі прадэманстравала метадыст аддзела метадычнага забеспячэння пачатковай адукацыі НІА Марыя Барысаўна Гарбунова. Каб “зачапіць” вучняў тым або іншым творам мастацтва, важна на практыцы рэалізоўваць прынцып сувязі з жыццём. Адзін з прыёмаў — прымяненне сродкаў масмедыя, якія выкарыстоўваюць творы мастацтва (у рэкламах, фільмах, шоу). Ажыццявіць сувязь з жыццём дазваляе і арачная сістэма, закладзеная ў вучэбнай праграме. “Настаўніку варта пастаянна глядзець па баках, заўважаць, што сёння актуальна, чым захапляюцца дзеці, у якія камп’ютарныя гульні гуляюць, якія застаўкі выкарыстоўваюць і г.д.”, — лічыць М.Б.Гарбунова.
Практычным вопытам работы падзяліліся са слухачамі семінара настаўніца музыкі гімназіі № 8 Мінска Алена Уладзіміраўна Міхайлоўская, настаўніца АСМК сярэдняй школы № 54 Гомеля Святлана Леанідаўна Сямёнава, якія прадэманстравалі і прааналізавалі дзіцячыя работы — малюнкі, вырабы, вершы, адказы навучэнцаў у рабочым сшытку.
Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага настаўніца АСМК Вольга Аляксандраўна Карповіч, прадмет раскрывае неабмежаваныя магчымасці для развіцця асацыятыўнага мыслення навучэнцаў. Правільна пабудаваўшы заняткі, можна даць магчымасць дзецям з рознымі тыпамі актыўнасці праявіць сябе і атрымаць станоўчы вынік. Прыёмы актывізацыі асацыятыўнага мыслення дастаткова простыя: крэатыўная тэма, нестандартная сітуацыя, якая прапаноўваецца настаўнікам і садзейнічае таму, што дзіця пачынае думаць, знаходзіць асацыятыўныя сувязі і пашырае сваё асацыятыўнае поле, падборка правільнага нагляднага матэрыялу. Сярод метадаў і прыёмаў актывізацыі — дэманстрацыя мастацкіх магчымасцей, выкарыстанне змешаных тэхнік і матэрыялаў, варыятыўнасць спосабаў мастацкай дзейнасці, выкарыстанне літаратурных крыніц, акцэнт на характэрных асаблівасцях выразных сродкаў. Па перакананні Вольгі Аляксандраўны, вельмі важнай з’яўляецца атмасфера на ўроку: пазітыўная творчая энергетыка павінна зыходзіць ад настаўніка.
Адной з эфектыўных форм работы настаўніцы з’яўляецца правядзенне інтэрактыўнай гульні “Клуб культуры зносін”, мэта якой — навучыць дзяцей весці дыскусіі. Так, падчас вывучэння тэмы “Казка ў мастацтве” ў класе выбіраюцца два эксперты карпарацыі казак і сноў: эксперт па развіцці сюжэтаў і эксперт па здаровым сне. Экспертам усе астатнія вучні класа задаюць пытанні па незразумелых у казцы “Аліса ў краіне цудаў” момантах, якую для аналізу выбралі самі дзеці.
На змест прадмета АСМК добра кладзецца праектная дзейнасць. Аб яе выкарыстанні расказала начальнік цэнтра вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі МАІРА Алена Іванаўна Калістратава. Неразвітасць дыялагічнага маўлення вучняў, няўменне аргументаваць свае думкі, адсутнасць сфарміраваных навыкаў работы ў групе садзейнічаюць арганізацыі праектнай дзейнасці. Праектная дзейнасць фарміруе вопыт суперажывання, сутворчасці, суўспрымання. Вучні працуюць у мікрагрупах, ёсць элемент спаборнасці, а вынікам з’яўляецца пэўны прадукт. Выкананыя вучнямі праекты адлюстроўваюць узровень засваення вучэбнага матэрыялу, здольнасць да ўвасаблення атрыманых уражанняў, гатоўнасць да асваення розных відаў мастацтва ў актыўнай творчай дзейнасці.
Асаблівасці арганізацыі працэсу мастацкага ўспрымання тэксту з выкарыстаннем магчымасцей сеткі інтэрнэт ахарактарызавала загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, дацэнт МАІРА, кандыдат філалагічных навук Людміла Віктараўна Камлюк-Ярашэнка. Па яе словах, задача сучаснай методыкі выкладання літаратуры — распрацаваць спосабы чытацкай дзейнасці, якія змогуць “распакаваць” чытача і дапамогуць яму ажыццявіць падарожжа ў сэнс твора. Сучасная методыка ідзе ад чытача да тэксту і потым — да аўтара (а не “ўслед за аўтарам”). Пры рабоце з творам настаўнік павінен стварыць умовы і правесці вучня праз тры стадыі вучэбнай дзейнасці: перадразуменне (задача гэтага этапу — дапамагчы навучэнцу вывесці на паверхню свае суб’ектыўныя эмоцыі, уражанні, пытанні), аналіз (фарміруецца крытычна думаючы чытач, яго аналітычныя здольнасці), інтэрпрэтацыя ці разуменне сэнсу. Тры этапы праводзяць чытача ад адчування слова праз падзеі і вобразы ў тэксце да разумення ідэй, светапогляду (і аўтарскага, і свайго).
Людміла Віктараўна прадставіла педагагічны анлайн-праект “Чытанне ў Web 2.0. Раман з тэкстам”, распрацаваны ёю ў суаўтарстве з настаўніцай сярэдняй школы № 5 Салігорска А.І.Волкавай. Праект вырашае праблему актывізацыі чытання пры дапамозе сэрвісаў Google. У працэсе рэалізацыі праекта для ўспрымання і аналізу літаратурнага твора прапаноўваецца выкарыстоўваць новыя ў педагагічнай практыцы прыёмы, такія як гіперспасылка, каментарый, чат, пост, постар, буктрэйлер. Алгарытм рэалізацыі праекта такі: падбор тэксту, які азадачвае, уцягвае ў гульню, дазваляе разбурыць стэрэатыпы ўспрымання; затым — стварэнне формы (у якасці формы выкарыстоўваецца Googlе-документ, які дапускае адначасовае рэдактаванне некалькімі карыстальнікамі), уласна інтэрактыўнае чытанне і аналіз твора з выкарыстаннем чата, каментарыяў, гіперспасылак; інтэрпрэтацыя (чытачы афармляюць уласнае разуменне тэксту твора ў форме паста, падбіраюць постар, ствараюць творчыя праекты — сцэнарыі, прэзентацыі, буктрэйлеры).
Перспектывы выкарыстання інтэрактыўных анлайн-праектаў шырокія: іх прымяненне магчыма ў любой галіне, у межах практычна любога вучэбнага прадмета, у тым ліку і АСМК, дзе прапаноўваецца даследаванне, асэнсаванне, інтэрпрэтацыі. Па меркаванні Л.В.Камлюк-Ярашэнка, выкарыстанне анлайн-праекта садзейнічае павышэнню матывацыі школьнікаў да вучэбнай дзейнасці. Гэта сучасная інтэрактыўная форма навучання, якая ўключае ў гульню работу і фарміруе эмацыянальны водгук і зацікаўленасць навучэнцаў.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць задаць аўтарам-распрацоўшчыкам канцэпцыі і вучэбнай праграмы курса АСМК пытанні. У прыватнасці, іх цікавілі крытэрыі і нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, асаблівасці вывучэння прадмета на старшай ступені навучання, перспектывы стварэння вучэбна-метадычнага забеспячэння.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.