Марафон актыўнасцей і алея руж

- 7:41Выбар прафесіі

Марафон актыўнасцей, прысвечаных 55-годдзю Тэхналагічнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, стартаваў 24 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень 1966 года выйшла пастанова Савета Міністраў БССР “Аб адкрыцці Гродзенскага хіміка-тэхналагічнага тэхнікума”.

Вытокі

— Увесь 1966 год быў насычаны значнымі падзеямі і вялікай працай па стварэнні новай навучальнай установы, — расказвае дырэктар каледжа кандыдат фізіка-матэматычных навук Андрэй Буць. — Узводзіўся новы будынак тэхнікума, ствараўся калектыў, адбыўся першы набор навучэнцаў.

Вучобу пачалі 195 чалавек па трох спецыяльнасцях: “Абсталяванне хімічных і нафтаперапрацоўчых заводаў”, “Эксплуатацыя аўтаматычных прылад хімічных вытворчасцей” і “Тэхналогія мінеральных угнаенняў і кіслот”. У Гродне ў той час ішло будаўніцтва азотна-тукавага завода, патрэбны былі кад­ры. 80 чалавек прынялі ў тэхнікум на вячэрнюю форму навучання.

Спачатку заняткі право­дзіліся ў політэхнічным тэхнікуме, а на пачатку снежня 1966 года справілі наваселле ва ўласным будынку. Таму штогод 4 снежня адзначаюць як дзень нараджэння каледжа.

У праграме святочнага марафону да 55-годдзя ўстановы шмат актыўнасцей: выстаў, акцый, спартыўных мерапрыемстваў, сустрэч з выпускнікамі. За гэты час установа адукацыі дала пуцёўку ў прафесійнае жыццё больш чым 16 тысячам спецыялістаў. Круглагадовая спартакіяда прой­дзе пад дэвізам “Тэхналагічнаму каледжу — 55!”. Канцэртная праграма ў рамках абласнога этапу “АРТ-вакацый” таксама прысвечана юбілею каледжа.

Сучаснасць

Зараз у Тэхналагічным каледжы працуюць тры аддзяленні: электратэхнічнае, тэхналагічнае, хіміка-тэхналагічнае. Сёлета набор будзе весціся па васьмі спецыяльнасцях на аснове агульнай базавай адукацыі і па дзвюх спецыяльнасцях на аснове агульнай сярэдняй адукацыі.

— Структура спецыяльнасцей складаецца з патрэб прадпрыемстваў рэгіёна, — гаворыць Андрэй Іванавіч. — Па-ранейшаму рыхтуем спе­цыялістаў для хімічнай вытворчасці. У сувязі з развіццём дрэваапрацоўкі і мэблевай вытворчасці на Гродзеншчыне пачалі рыхтаваць спецыялістаў і для гэтай галіны. Інфармацыйныя тэхналогіі таксама адкрылі новы кірунак навучання. Адна з апошніх новых спецыяльнасцей — тэсціроўшчык. Навіна прыёмнай кампаніі 2021 года — аднаўленне набору на спецыяльнасць “Электронныя вылічальныя сродкі”.

Акрамя навучання па запатрабаваных у рэгіёне спецыяльнасцях, навучэнцы Тэхналагічнага каледжа маюць магчымасць атрымаць дадатковыя адукацыйныя паслугі. Так, навучэнцы спецыяльнасцей “Машыны і апараты хімічных вытворчасцей і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў” і “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей” могуць асвоіць рабочую прафесію апаратчыка. Навучэнцы ўсіх спецыяльнасцей могуць атрымаць на выбар прафесію электразваршчыка ручной зваркі, лабаранта хімічнага аналізу, аператара ЭВМ з веданнем праграмы “1С: Бухгалтэрыя”, электраманцёра па вымярэннях і выпрабаваннях з групай допуску па напружанні.

Выпускнікі размяркоўваюцца на вядучыя гродзенскія прадпрыемствы “Гродна-Азот”, “БелТАПАЗ”, “Гроднааблгаз”, “Гроднаводаканал”, “Белкард”, будаўніча-мэблевае аб’яднанне “ЗОВ” і інш. Такое працаўладкаванне прываблівае не толькі гродзенскіх абітурыентаў. Як паведамілі ў каледжы, бывалі гады, калі да 80 працэнтаў першакурснікаў складала моладзь з іншых рэгіёнаў.

Сёння ў каледжы вучыцца звыш 800 чалавек, трэць з іх — дзяўчаты. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 86 выкладчыкаў, 60 працэнтаў з іх маюць вышэйшую і першую катэгорыю. Для якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў у каледжы створаны 100 кабінетаў і 55 лабараторый, 5 камп’ютарных класаў,  лінгафонны кабінет.

— У сувязі з сучаснымі патрабаваннямі, з фізічным і маральным старэннем абсталявання каледж правёў рамонт і мадэрнізацыю шэрага лабараторый, — расказвае намеснік ды­рэктара па вытворчым навучанні Алег Кірэй. — Іх сучаснае напаўненне дазваляе рэалізаваць шырокі спектр напрамкаў падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна для высокатэхналагічных і навукаёмістых галін эканомікі. Лабараторыі аснашчаны сучаснымі лабараторнымі стэндамі “Цеплазабеспячэнне”, “Тэрмадынаміка”, “Гідраўліка”, “Тэарэтычныя асновы электратэхнікі”, “Электрычныя вымярэнні”, “Тэарэтычныя асновы электратэхнікі”, “Гідрамашыны і гідрапрывады” і інш. Яны выкарыстоўваюцца пры правядзенні лабараторна-практычных заняткаў студэнтамі ўсіх спецыяльнасцей каледжа.

З першага дня існавання ўстанова скіравана на высокую якасць адукацыі і падрыхтоўку моладзі да самастойнага жыцця. Гэтай мэце садзейнічае і сістэма семестравай рэйтынгавай ацэнкі вучэбна-выхаваўчай дзейнасці навучэнцаў, якая ўлічвае такія паказчыкі, як сярэдні бал, удзел у грамадскім жыцці, дасягненні ў спорце, творчых конкурсах, навукова-практычных праектах.

Праводзіцца конкурс на лепшы пакой у інтэрнаце, дзе крытэрыямі ацэнкі з’яўляюцца не толькі чысціня і парадак, але і актыўны ўдзел у жыцці інтэрната. Пакой-пераможца адзначаецца падарункам, а бацькам навучэнцаў — пераможцаў конкурсу высылаюцца падзячныя лісты.

З 2016 года навучэнцы каледжа ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, а выкладчыкі і майстры вытворчага навучання з’яўляюцца яго экспертамі.

Прыклад актыўнасці сваім навучэнцам дэманструюць выкладчыкі і майстры вытворчага навучання. Адно з апошніх дасягненняў — майстры вытворчага навучання Васіль Муха і Арцём Ганчар па выніках 2020 года сталі пераможцамі Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў намінацыі “Арт-аб’ект”.

Укараненню сучасных інавацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс, павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў садзейнічаюць мерапрыемствы метадычнага кірунку. Штогод у каледжы праходзіць конкурс “Мае лепшыя адкрытыя заняткі”. Так, у апошнім конкурсе выкладчыкі вышэйшай і першай катэгорыі прадставілі вучэбныя дысцыпліны “Чарчэнне”, “Беларуская літаратура”, “Аўтаматызацыя хімічнай вытворчасці”, “Утылізацыя і ліквідацыя адходаў”, “Грамадазнаўства”, “Інфармацыйныя тэхналогіі”.

На аснове агульнай базавай адукацыі:

• “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”;

• “Машыны і апараты хімічных вытворчасцей і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў”;

•  “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”;

•  “Хімічная тэхналогія неарганічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў”;

•  “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”;

•  “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”;

•  “Тэхналогія машынабудавання”;

• “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”.

На аснове агульнай сярэдняй адукацыі:

•  “Электронныя вылічальныя сродкі”;

•  “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.

Новы статус

20 гадоў назад хіміка-тэхналагічны тэхнікум быў перайменаваны ў Тэхналагічны каледж і ўключаны ў склад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Так пачалася новая старонка ў гісторыі гэтай установы адукацыі.

— Нашы навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у жыцці ўніверсітэта, — расказвае намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Гецэвіч. — Гэта павышае іх матывацыю да вучобы і актыўнасці ва ўсіх сферах. Нядаўна, на­прыклад, 30 навучэнцаў каледжа прынялі ўдзел у дыстанцыйнай алімпіядзе, арганізаванай на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання, і навучэнец 4 курса Дзяніс Саўчук заняў першае месца. Нашы хлопцы, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў, могуць паралельна без аплаты вучыцца на ваенным факультэце ГрДУ, што дае магчымасць атрымаць вайсковую спецыяльнасць і ў далейшым скараціць тэрмін службы ў арміі.

Выпускнікі каледжа мо­гуць атрымаць вышэйшую адукацыю па скарочаных тэрмінах у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, а таксама ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Полацкім дзяржаўным універсітэце, Расійскім хіміка-тэхналагічным універсітэце імя Д.І.Мендзялеева.

Выкладчыкі каледжа вучацца ў магістратуры ўніверсі­тэта. Сёння ва ўстанове працуе 13 магістраў навук.

За эфектыўную арганізацыю і правядзенне конкурсаў студэнцкіх стартап-праектаў, цык­ла вучэбных семінараў, а таксама прыцягненне навучэнцаў да ўдзелу ў інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэта ў 2020 годзе выкладчык Тэхналагічнага каледжа Кацярына Пчэльнік узнагароджана граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Навука дарыць цяпло

— Адукацыйны і выхаваўчы працэсы з’яўляюцца аднолькава важнымі, — гаворыць ды­рэктар каледжа. — Мы ствараем такія ўмовы для навучэнцаў, каб яны маглі ўсебакова развівацца. У каледжы дзейніча­юць грамадскія, спартыўныя, творчыя аб’яднанні. Нашы навучэнцы актыўныя, яны прымаюць удзел не толькі ў мерапрыемствах каледжа і ўніверсітэта, а таксама ў гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх акцыях, фэстах, конкурсах.

Конкурс КВЗ “Мы і каледж — гэта сіла”, конкурс талентаў, дабрачынныя акцыі “Я не самотны” і “Падары цяпло на Каляды”, “Вахта памяці” да Дня Перамогі, дэкады прававых ведаў, конкурс праектаў “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”, акцыі “Моладзь за здаровы лад жыцця” і “Чысты горад”, літаратурна-музычны праект “Дзеці вайны”, турыстычны злёт, асенні і вясновы лёгкаатлетычныя злёты — гэтыя і многія іншыя актыўнасці сталі традыцыйнымі ў каледжы.

— У гісторыі ўстановы ёсць старонка, якая да сёння не дае супакоіцца: падчас афганскіх падзей загінулі выпускнікі каледжа Аляксандр Піскун і Валерый Бараноўскі. У гонар гэтых маладых герояў на будынку каледжа размешчана памятная дошка, сродкі на якую сабралі нашы навучэнцы і выкладчыкі. У гонар выпускнікоў-афганцаў праводзіцца турнір па міні-футболе, прыняць удзел у якім ганарова для кожнай групы, — расказвае старшыня прафкама навучэнцаў Таццяна Навіцкая.

Кожнае новае пакаленне навучэнцаў падтрымлівае традыцыі валанцёрства. Хлопцы і дзяўчаты аказваюць дапамогу ветэранам, выхаванцам дзіцячага дома, праводзяць з імі сумесныя мерапрыемствы. Актыў самакіравання каледжа штогод ладзіць дабрачынную акцыю “Падары цяпло на Каляды” для дзяцей Парэцкай школы-інтэрната, Дома дзіцяці, дзіцячага дома, прымае ­ўдзел у абласных дабрачынных акцыях “Анёл у тваім сэрцы”, “Каляды ў Элізы Ажэшкі”.


Сярод святочных юбілейных мерапрыемстваў ёсць і закладка вясной выпускнікамі Тэхналагічнага каледжа алеі руж. Будуць цвісці ружы, будзе развівацца і прыгажэць каледж.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.