Заключны этап Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон — 2013” прайшоў у Баранавічах Брэсцкай вобласці. Вызначаны пераможцы ў пяці завочных і дзвюх вочных намінацыях. Марафон праводзіўся ў сёмы раз, але цяперашні стаў асаблівым, бо 2013 год у Беларусі быў аб’яўлены Годам беражлівасці. Школы і іншыя ўстановы адукацыі актыўна яго падтрымалі: і эканомячы рэсурсы, і праводзячы рознага кшталту агітацыйныя і асветніцкія мерапрыемствы. Арганізатарамі “Энергамарафону” традыцыйна выступілі дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Юшка з сонечнай печы
А ў Баранавічах адбылося свята, якое пачалося яшчэ перад уваходам у глядзельную залу гарадскога Палаца дзіцячай творчасці. Тут разгарнулася выстава “Энергазберагальная дзейнасць устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці”. Выставу, дарэчы, наведаў намеснік міністра адукацыі Васіль Антонавіч Будкевіч. І менавіта з выставы пачаўся рэспубліканскі семінар “Энергазберагальная дзейнасць устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці: вопыт, інавацыі, перспектывы”, што папярэднічаў выступленням фіналістаў конкурсу і падвядзенню вынікаў.
Наведвальнікі ўбачылі экспанаты, задуманыя і зробленыя ў асноўным навучэнцамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны, стэнды з інфармацыяй аб развіцці энергасістэмы вобласці. Сярод экспанатаў былі, напрыклад, такія цікавыя, як сонечная печ, якая выкарыстоўваецца ў некаторых рэгіёнах планеты, але для Беларусі — нязвыклая. “Канечне, у нас сонечных дзён не так многа, — гаворыць метадыст Белаазёрскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі Галіна Максімаўна Пыж’янава, — але, калі вы летам прыедзеце да нас на Белае возера, мы абязкова прыгатуем у гэтай печы юшку і пачастуем вас”.
Тут жа можна было ўбачыць макеты эканамайзера — сістэмы летняга воданагравання, энергазберагальнага дома мары, такіх жа — энергазберагальных — вокнаў. Вокны зроблены рукамі навучэнцаў Белаазёрскага каледжа. “Мы паставілі ў адным кабінеце такія вокны з драўлянымі рамамі, зробленымі навучэнцамі, — гаворыць Галіна Максімаўна, — замерылі тэмпературу, аказалася, што ў памяшканні стала на чатыры градусы цяплей”. “Гэта праект у галіне экапартнёрства, — дадае дырэктар Белаазёрскага каледжа Ганна Георгіеўна Жуковіч, — першы, што мы рэалізавалі пасля таго, як атрымалі сертыфікат школьнага праекта выкарыстання рэсурсаў і энергіі. Спецыялісты вучылі нашых майстроў вытворчага навучання, а майстры — навучэнцаў”.
Акрамя таго, на выставе былі прадстаўлены сумкі з пластыкавых бутэлек, сукенкі з абрэзкаў тканіны, кветкі з лісця кукурузы, скарбонкі са старых, непрыдатных для чытання кніг, карціны з кавалачкаў скуры, магніты для халадзільніка, у аснове якіх — старыя камп’ютарныя дыскі, пано, партрэты і нават выява сімвала чэпіянату свету па хакеі — 2014 Зубраня са стужкі, што клеіцца сама. Гэтая ідэя, між іншым, была паспяхова абаронена ў рамках Рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”.
Атрымаўшы яркія ўражанні на выставе, удзельнікі семінара накіраваліся ў навучальныя ўстановы і арганізацыі горада, каб больш даведацца аб іх рабоце па энергазберажэнні. Яны наведалі Баранавіцкі малочны камбінат, дзе на месцы азнаёміліся з энерга- і рэсурсазберагальнымі тэхналогіямі ў вытворчасці малочнай прадукцыі, яслі-сад № 8, 5-ю гімназію Баранавіч, правялі круглы стол у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. “Няцяжка рабіць справу добра, калі працуюць прафесіяналы. Мы разгледзелі матэрыялы, якія прадаставілі нам установы адукацыі, і зразумелі, што сёлета Брэсцкая вобласць робіць сур’ёзную заяўку на перамогу ў конкурсе”, — адзначыла метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Наталля Міхайлаўна Янчук.
Але да конкурсу і яго пераможцаў мы вернемся пазней, пакуль жа скажу крыху пра вопыт устаноў адукацыі Брэстчыны па энергазберажэнні, які прадставіў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Андрэевіч Ціханчук. Ён расказаў, што галіновай праграмай энергазберажэння вобласці на 2013 год было прадугледжана выканаць 102 мерапрыемствы, а выканана значна больш — 202. Накіравана на выкананне гэтых марапрыемстваў ва ўстановах адукацыі вобласці было 77,5 мільярда рублёў. Што зроблена за такія немалыя грошы? Напрыклад, заменены 24 неэканамічныя катлы з нізкім каэфіцыентам карыснага дзеяння на больш эфектыўныя, больш за шэсцьсот метраў цеплатрас з выкарыстаннем папярэдне ізаляваных труб, 40 халадзільнікаў, абсталяванне харчаблокаў і пральняў, устаноўлена амаль 11,5 тысячы энергазберагальных свяцільняў, выканана цеплавая рэабілітацыя некаторых будынкаў. Прынамсі, у бягучым годзе плануецца асвоіць 39 мільярдаў рублёў за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.
Канечне, прагучала справаздача і аб удзеле навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці ў мерапрыемствах Года беражлівасці, аб акцыях, прысвечаных гэтай тэме. Напрыклад, некаторыя навучэнцы і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”. З іх чатыры работы адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі, шэс ць — граматамі. Работа Сяргея Пяшко, навучэнца Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя мэблевай вытворчасці і аўтамабільнага транспарту, па рашэнні журы накіравана на Міжнародны конкурс “Энергія і асяроддзе пражывання” ад Рэспублікі Беларусь.
Танец электралямпачак
Дарэчы, у “Энергамарафоне” каманды Брэсцкай вобласці ўжо маюць перамогі. Так, летась прадстаўнікі Брэстчыны перамаглі ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў сферы энергазберажэння”. Тады першае месца заняла Мінянская сярэдняя школа Кобрынскага раёна. А прадстаўнікі гімназіі № 5 Баранавіч летась занялі другое месца ў намінацыі “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”. Былі і іншыя перамогі ў гэтым конкурсе.
А што сёлета? Сёлета заключны этап “Энергамарафону” пачаўся з абароны праектаў па энергазберажэнні. Напрыклад, навучэнец Белаазёрскага каледжа Андрэй Казлюк прадставіў практычны праект мадэрнізацыі электрычнай пліты ПЭМ 2-020. Прыстасаванне, якое прапанаваў хлопец, дазваляе знізіць расход электраэнергіі, аўтаматычна адключае канфорку, калі яе забылі выключыць. Асабліва патрэбнае такое прыстасаванне для інтэрнатаў, дзе кухні агульныя і расход электраэнергіі вялікі. А, скажам, навучэнец гімназіі № 6 Маладзечна Мінскай вобласці Дзяніс Баран прадставіў на конкурс праект “Эканомія і беражлівасць: ад тэорыі да практыкі. Уцяпленне старых будынкаў знутры”.
Пакуль на сцэну выходзілі хлопцы са сваімі праектамі, канкурсанты ў намінацыі “Лепшая творчая работа навучэнцаў устаноў адукацыі па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў: агітбрыгада” рыхтаваліся да выступленняў. Так, у фае давялося пазнаёміцца з агітбрыгадай “Бумеранг дабра” з Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў яркіх касцюмах дружна расказалі, што яны запускаюць свой бумеранг дабра і заклікаюць усіх “беражліва ставіцца да нашай планеты”. І кожны з удзельнікаў гэтай агітбрыгады, як, зразумела, і іншых, ведае, што трэба рабіць, каб сэканоміць энергію і рэсурсы: выключаць ваду і святло, замяняць звычайныя электралямпачкі на энергазберагальныя, менш карыстацца электрапрыладамі і г.д.
Сваімі ведамі ў яркай крэатыўнай форме ўдзельнікі конкурсу дзяліліся са сцэны з гледачамі і журы. Гэта было запамінальна, кранальна, часам весела, часам журботна і абавязкова — інфарматыўна. Ну як забудзеш, напрыклад, танец і песню электрычных лямпачак або заклік “Няхай па тэлевізары ідзе серыял, а ты кнігу чытай і часопіс гартай”?
Намеснік старшыні Дзяржстандарту дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Сяргей Аляксандравіч Сямашка, адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, сказаў: “Сёння мы пераканаліся, што дзеці лепш, чым хто, ведаюць, як эканоміць электрычнасць, энергію і цяпло”. А яшчэ ён паведаміў, што зараз дэпартамент працуе па новым праекце з Еўрапейскім саюзам. Згодна з ім, тры школы ў Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай абласцях будуць рэканструяваны па апошнім слове тэхнікі ў галіне энергазберажэння.
Але гэта справа будучыні. Што ж да вынікаў конкурсу “Энергамарафон — 2013”, то яны такія:
– у намінацыі “Лепшы рэгіён рэспублікі па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энергазберажэння” 1-е месца занялі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі, 2-е — упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, 3-е — упраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта;
– у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў сферы энергазберажэння” перамог Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі, на 2-м і 3-м месцах — сярэдняя школа № 37 Мінска і Парэцкая дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат Гродзенскага раёна;
– лепшым педагагічным работнікам па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў навучэнцаў стаў педагог сярэдняй школы № 1 Полацка Віцебскай вобласці Арцём Аляксандравіч Осіпаў. Другое месца падзялілі Валянціна Мікалаеўна Свістунова з гімназіі № 19 Мінска і Валянціна Мікалаеўна Гідрэвіч з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, трэцяе — у Аляксандра Фёдаравіча Савянка з 6-й гімназіі Маладзечна Мінскай вобласці;
– лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні, на думку журы, прадставілі Аляксандр Пацыновіч і Вадзім Богдзель з сярэдняй школы №1 Дзятлава (Гродзенская вобласць), 2-е месца заняў Андрэй Казлюк з Белаазёрскага каледжа электратэхнікі, 3-е — Яўген Богінаў з сярэдняй школы №1 Дуброўна Віцебскай вобласці;
– у намінацыі “Лепшы практычны цэнтр (музей) па энергазберажэнні” месцы размеркаваліся наступным чынам: Мар’інагорская гімназія Пухавіцкага раёна (Мінская вобласць), Альгомельскі вучэбна-педагагічны комплекс “яслі-сад — сярэдняя школа” (Брэсцкая вобласць), сярэдняя школа № 7 Калінкавіч (Гомельская вобласць);
– лепшай агітбрыгадай стала агітбрыгада “Шанс” Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч, на 2-м і 3-м месцах — брыгады з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі і Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі;
– і, нарэшце, у самай вялікай намінацыі — “Лепшая творчая работа навучэнцаў устаноў адукацыі па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” (тут былі паднамінацыі “Малюнак”, “Відэаролік”, “Лістоўка”, “Плакат”) пераможцамі і лаўрэатамі сталі Максім Майсеенка з сярэдняй школы № 40 Магілёва, Насця Багданец з Лунінецкай сярэдняй школы (Брэсцкая вобласць), Мікіта Танявіцкі з сярэдняй школы № 35 Мінска.
Былі таксама спецыяльныя і заахвочвальныя прызы, кубкі, медалі, падарункі ад спонсараў (у тым ліку білеты на хакейныя матчы). Было свята.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.