Марафон педагагічных знаходак

- 13:37Адукацыйная прастора

X педагагічны марафон кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі “Прафесійнае самавызначэнне — умова паспяховай сацыялізацыі асобы” прайшоў на Міншчыне. Ён праводзіўся з мэтай удасканалення прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у пытаннях арганізацыі прафарыентацыйнай дзейнасці і выкарыстання яе сучасных форм, папулярызацыі і ўкаранення эфектыўных педагагічных практык.

— Выбар прафесіі — адно з самых адказных рашэнняў, якое прымае чалавек у жыцці. Перад сучасным педагогам стаіць задача стварэння неабходных умоў для вырашэння праблемы аптымальнай адпаведнасці паміж асабістымі якасцямі навучэнца і патрабаваннямі выбранай прафесіі. Ад паспяховасці вырашэння гэтай задачы залежыць заўтрашні дзень нашых выпускнікоў, — адзначаюць арганізатары юбілейнага марафону. — Удзел у запланаваных метадычных мерапрыемствах павінен стаць адным з важных этапаў у развіцці прафесіяналізму настаўнікаў, бо толькі падрыхтаваны педагог можа аказаць кампетэнтную дапамогу навучэнцам у прафесійнай арыентацыі, выкарыстоўваць новыя формы і метады работы з дзецьмі, што дазволіць забяспечыць пераход на новы якасны ўзровень прафарыентацыйнай работы.

Педмарафон складаўся з пяці тэматычных дзён. У панядзелак ва ўстановах адукацыі вобласці прайшоў дзень педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі і дзень бібліятэкара, у аўторак — дзень настаўніка-прадметніка, дзень маладога педагога, дзень майстра вытворчага навучання. Дзень класнага кіраўніка, дзень куратара вучэбнай групы і дзень работніка ўстановы дадатковай адукацыі быў арганізаваны ў сераду. Чацвер стаў днём работніка сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы і работніка спецыяльнай адукацыі, пятніца — днём кіраўніка.

Мерапрыемствы педмарафону былі арганізаваны як у вочнай, так і ў дыстанцыйнай форме. Актыўны ўдзел у іх прынялі навучэнцы профільных класаў педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай накіраванасці.

На павышэнне прафесійных кампетэнцый педагогаў-дашкольнікаў, статусу прафесіі педагога былі накіраваны мерапрыемствы, прысвечаныя дню педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі. У Барысаўскім раёне ў гэты дзень прайшлі адразу два мерапрыемствы. У яслях-садзе № 36 Барысава для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі была арганізавана квест-гульня “Вясёлка прафесій”, мэтай якой стала актывізацыя тэарэтычных ведаў і практычных уменняў педагогаў-практыкаў у фарміраванні ў дашкольнікаў уяўленняў і цікавасці да прафесійнага свету дарослых. Для навучэнцаў педагагічнага класа Лошніцкай гімназіі была арганізавана экскурсія ў Лошніцкі яслі-сад, падчас якой намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Алена Віктараўна Макарская ў інтэрактыўнай форме пазнаёміла дзяцей са спецыфікай работы ўстановы адукацыі. Падчас экскурсіі гімназісты пераканаліся, што сучасны дзіцячы сад — гэта даволі складаная структура, у якой могуць працаваць дзясяткі людзей розных прафесій, але ўсе яны робяць адну агульную справу — забяспеч­ваюць рознабаковае развіццё дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту.

Метадычная гасцёўня запрасіла намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці Вілейскага раёна. Яе ўдзельнікі абмяняліся вопытам работы па азнаямленні дзяцей дашкольнага ўзросту з прафесіямі дарослых, распрацавалі міні-праект “Все работы хороши”, спланавалі сістэму ўвя­дзення ў гульнявы вопыт дзяцей сюжэтна-ролевых гульняў. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Вілейкі Марына Аляксандраўна Хоміч азнаёміла калег з сістэмай работы па фарміраванні ў дзяцей уяўленняў аб прафесіях дарослых з дапамогай выкарыстання твораў мастацкай літаратуры. Выхавальніца ясляў-сада № 7 Вілейкі Ірына Анатольеў­на Івашкевіч прадставіла вопыт работы па тэме “Фарміраванне ўяўленняў аб прафесіях дарослых у дзяцей сярэдняга ўзросту ў працэсе розных відаў дзіцячай дзейнасці”. У выніку мерапрыемства ў раёне з’явілася скарбонка метадычных матэрыялаў у дапамогу педагогам па далучэнні дзяцей да свету прафесій.

На Лагойшчыне педагогі таксама прынялі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на аказанне прафесійнай падтрымкі па фарміраванні ў дзяцей уяўленняў аб сацыяльнай значнасці работы дарослых: дзелавой гульні “Задачы, змест уяўленняў выхаванцаў аб прафесіях дарослых”, кансультацыі “Роля ранняй прафарыентацыі ў паспяховай сацыялізацыі дзяцей дашкольнага ўзросту”, семінары-практыкуме “Знаёмім дзяцей з прафесіямі дарослых”.

Прадукцыйна, цікава і змястоўна прайшоў ва ўстановах адукацыі Міншчыны дзень настаўніка-прадметніка. Так, у сярэдняй школе № 2 Жо­дзіна настаўніца замежнай мовы Алена Уладзіміраўна Пузына прадставіла панараму вопыту “Развіццё прафарыентацыйнага кругагляду на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі”, дзе падзялілася асаблівасцямі выкарыстання аўтэнтычных іншамоўных матэрыялаў (інтэрнэт-сайтаў, відэаматэрыялаў, інфаграфікі, перыядычных выданняў) на ўроках нямецкай мовы. У дзіцячым садзе — сярэдняй школе № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна быў арганізаваны круглы стол для маладых спецыялістаў “Паспяховы вучань — паспяховы настаўнік”. У цэнтры ўвагі яго ўдзельнікаў былі пытанні прафарыентацыйнай дзейнасці і выкарыстання сучасных форм прафарыентацыі. Педагогі паспрабавалі вызначыць падыходы да арганізацыі актуальных форм прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, пазнаёміліся з асаблівасцямі пабудовы сістэмы работы ў межах вырашэння праблемы выбару прафесіі, вызначылі фактары, якія зніжаюць развіццё прафарыентацыі ў сучасным грамадстве. Настаўнікі падзяліліся вопытам сваёй работы ў гэтым напрамку, падкрэсліўшы асаблівую ролю педагога ў правільным самавызначэнні навучэнцаў і іх прафесійнай паспяховасці.

Педагогі Маладзечанскага раёна падчас дня настаўніка-прадметніка звярнулі ўвагу на наладжванне і рэалізацыю ўзаема­сувязі вучэбных прадметаў з прафесійным асяроддзем, садзейнічанне ў прафесійнай накіраванасці, пашырэнне кола ўяўленняў аб свеце прафесій пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Настаўнік фізікі гімназіі № 10 Маладзечна Алег Пятровіч Давідовіч правёў заняткі па тэме “Электрычны ток у розных асяроддзях. Вытворчасць паўправадніковых прыбораў у Маладзечне” для навучэнцаў 11 класа. Навучэнцы прыгадалі заканамернасці праходжання току ў розных асяроддзях, засвоілі веды аб прыродзе электрычнага току ў паўправадніках, відах праводнасці паўправаднікоў, залежнасці праводнасці паўправаднікоў ад тэмпературы і асветленасці і інш. Уявілі сябе навукоўцамі-фізікамі, канструктарамі і прапанавалі сваю мадэль вытворчасці паўправадніковых прыбораў у Мала­дзечанскім раёне. Навучэнцы гэтага ж класа разам з настаўніцай хіміі Аксанай Віктараўнай Калядой на ўроку “Прафесія — хімік, прафесія — біёлаг” вызначылі сутнасць прафесій, звязаных з хіміяй і біялогіяй (інжынер-тэхнолаг, біятэхналогіі, хімік-эколаг, навуковец, выкладчык і многія іншыя).

У Дзяржынскім раёне быў праведзены дыстанцыйны семінар па тэме “Магчымасці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у творчай самарэалізацыі педагогаў”. Вопытам работы ў гэтым напрамку падзяліўся настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Дзяніс Фёдаравіч Саевіч. Карыснай для педагогаў была кансультацыя “Як працаваць у дыстанцыйным рэжыме з навучэнцамі ў перыяд самаізаляцыі”.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Уздзенскай раённай гімназіі Алена Анатольеўна Розава правяла майстар-клас для настаўнікаў-філолагаў раёна “Фарміраванне прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з дапамогай тэхналогіі адукацыйнага падарожжа”. Педагог паказала прысутным, як праз удзел у інавацыйным праекце можна даць навучэнцам магчымасць ацаніць сваю гатоўнасць да розных нестандартных сітуацый, пашырыць межы зносін, знайсці спосабы абуджэння асобы, яе самавызначэння ў бязмежным свеце прафесій. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уздзен­скай раённай гімназіі Эдуард Аляксанд­равіч Ляшук прадставіў удзельнікам мерапрыемства вопыт работы секцыі навучэнцаў па футболе, прадэманстраваў адкрытыя заняткі секцыі, формы і метады работы, якія дазваляюць навучэнцам дасягнуць высокіх спартыўных вынікаў.
У межах дня маладога педагога для спецыялістаў адукацыі Вілейскага раёна, якія працуюць першы год, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Вілейкі Валянціна Эдуардаўна Рагоўская прадставіла майстар-клас па правядзенні бацькоўскага сходу “Калейдаскоп прафесій. Як адчыніць “свае” дзверы”. У ходзе майстар-класа прысутныя азнаёміліся з методыкай правядзення бацькоўскага сходу. Маладыя педагогі даведаліся аб структурных складніках бацькоўскага сходу, зразумелі сутнасць іх напаўнення канкрэтным зместам, атрымалі ўяўленне аб разнастайных метадах і прыёмах работы з бацькамі. Усе настаўнікі былі самі ўцягнуты ў актыўную пазнавальную дзей­насць: працавалі ў групах, выказвалі свой пункт гледжання па вызначаных пытаннях, дыскутавалі, прымалі ўдзел у прапанаваных гульнях і конкурсах. Несумненна, маладыя настаўнікі набылі вопыт, які акажа станоўчы ўплыў на станаўленне іх як спецыялістаў, дапаможа пабудаваць паспяховую траекторыю прафесійнага развіцця.

У Валожынскім раёне настаўніца хіміі і біялогіі Івянецкай сярэдняй школы Вольга Аляксандраўна Суша правяла майстар-клас “Будучыня ў тваіх руках: выбар за табой” для маладых спецыялістаў і навучэнцаў 11 класа. Удзельнікам майстар-класа былі прапанаваны відэаролікі, заданні для работы ў групах. Уся работа была накіравана на тое, каб навучэнцы выбралі менавіта тую прафесію, якая прынясе ім не толькі матэрыяльнае забеспячэнне, але і маральнае задавальненне.

Для маладых педагогаў Капыльшчыны ва ўстановах адукацыі былі арганізаваны адкрытыя вучэбныя заняткі, майстар-класы. Настаўнікі азнаёміліся з методыкамі правядзення бацькоўскіх сходаў, трэнінгаў, класных гадзін, дыспутаў, ролевых гульняў, якія спрыяюць самавызначэнню навучэнцаў. Кіраўнік школы маладога настаўніка Капыльскага раёна Іна Вітальеўна Юрчык прадставіла пачынаючым педагогам гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі вучэбныя заняткі па англійскай мове з выкарыстаннем сэрвісу Kahoot.

У Маладзечанскім раёне кіраўнік школы маладога настаўніка гімназіі № 10 Маладзечна Таццяна Іванаўна Вальчук правяла трэнінг “Гэта мая прафесія!?.”. Юнакі і дзяўчаты вызначалі сваю мэту прыходу ў прафесію, збіралі прафесійны партфель педагога, разважалі пра тое, якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны прадстаўнік гэтай прафесіі. Жывы дыялог аб тым, што сапраўды хвалюе, стаў добрым арыенцірам для многіх і падказаў, у якім кірунку трэба рухацца.

Падчас коўч-трэнінгу маладыя педагогі сярэдняй школы № 2 Старых Дарог азнаёміліся з паняццем “класная гадзіна”, вызначылі яе функцыі. Маладым спецыялістам была прадстаўлена тэхналогія падрыхтоўкі і правядзення класнай гадзіны, а таксама вопыт выкарыстання метадаў узаемадзеяння з навучэнцамі пры арганізацыі класных гадзін прафарыентацыйнай накіраванасці. Педагагічная майстэрня “Капялюш шчасця” аб’яднала пачынаючых педагогаў і навучэнцаў педагагічнага класа Пастовіцкай сярэдняй школы. Былі прапанаваны розныя педагагічныя сітуацыі, а ўдзельнікам майстэрні прапанавана знайсці ў іх пазітыўныя бакі, гэта значыць, паглядзець на сітуацыю вачыма шчаслівага чалавека-аптыміста.

У дзень кіраўніка “Праф­арыентацыя ў інавацыйным рэжыме” на базе Уздзенскай раённай гімназіі адбылася прэзентацыя вопыту рэалізацыі інавацыйных і педагагічных праектаў, накіраваных на прафесійную арыентацыю навучэнцаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснікі дырэктараў па вучэбнай рабоце ўстаноў адукацыі раёна. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Уздзенскай раённай гімназіі Марыя Дзмітрыеўна Шаруенава прадставіла прысутным інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях”. Педагог-псіхолаг гімназіі Вераніка Валер’еўна Пілікевіч паказала, як педагагічны праект “Фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці навучэнцаў шляхам развіцця жыццёвых навыкаў і падрыхтоўкі да працаўладкавання” спрыяе арганізацыі работы педагагічных груп установы. На метапрадметным патэнцыяле вучэбных заняткаў у профільных групах засяродзіла ўвагу прысутных настаўніца матэматыкі Марыя Захараўна Грудкоўская. Настаўніца хіміі ўздзен­скай сярэдняй школы № 1 імя А.С.Пушкіна Вольга Міхайлаўна Красоўская прадставіла прысутным вопыт арганізацыі профільнага агракласа ва ўстанове адукацыі і разгледзела пытанне важнасці прафесійнай матывацыі навучэнцаў.

На Дзяржыншчыне быў арганізаваны метадычны мост, падчас якога адбыўся канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі Расійскай Федэрацыі па тэме “Валанцёрства ў сучасных адукацыйных арганізацыях: рэсурс станаўлення сацыяльна адказнай асобы, паспяховага прафесійнага вызначэння”. Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з вопытам Янінскага цэнтра адукацыі Усевалажскага раёна Ленінградскай вобласці па арганізацыі валанцёрства і з вопытам работы гімназіі № 1 Дзяржынска па праекце “Дарогаю дабра”.

Тыдзень педагагічнага марафону выдаўся насычаным і плённым. На працягу пяці дзён яго ўдзельнікі змаглі абмяняцца вопытам, падзяліцца знаходкамі, убачыць цікавыя ідэі сваіх калег, вызначыць для сябе новыя вектары развіцця.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.