Маршрутамі роднага краю

- 12:16Год гістарычнай памяці

Адукацыйны патэнцыял краязнаўчай дзейнасці абмяркоўвалі ўдзельнікі рэспубліканскага краязнаўчага форуму педагагічных работнікаў.

Сустрэча праходзіла ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў вочным і анлайн-фарматах з удзелам каля 100 педагогаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з устаноў дадатковай адукацыі Расіі, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзяржаўных устаноў і грамадскіх аб’яднанняў.

У цэнтры ўвагі былі актуальныя формы і метады арганізацыі края­знаўчай работы з навучэнцамі праз іх уключэнне ў даследчую і праектную дзейнасць, выкарыстанне патэнцыялу музейнай педагогікі, электронных адукацыйных рэсурсаў у краязнаўстве.

Краязнаўчая дзейнасць — гэта частка адукацыйнага працэсу і найважнейшы рэсурс патрыятычнага выхавання моладзі. Поспех у многім залежыць ад правядзення доўгатэрміновых праектаў. Менавіта такім праектам з’яўляецца Усебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, якая стартавала ў 2021 годзе.

Напярэдадні Дня Перамогі актыўныя ўдзельнікі Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі пройдуць маршрутамі памяці па аб’ектах воінскай славы, будуць праведзены патрыятычныя акцыі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, добраўпарадкаванне мясцін, мітынгі з ускладаннем кветак.

— Праект накіраваны на комплекснае даследаванне роднага краю, якое ўключае розныя напрамкі і формы работы. Ва ўстановах адукацыі ствараюцца экспедыцыйныя атрады, турысцкія і экскурсійныя групы, якія на працягу года арганізоўваюць паходы, экскурсіі і экспедыцыі. Удзельнікамі праекта ўжо сталі больш за 550 атрадаў, а гэта каля 23 тысяч навучэнцаў. Па выніках мінулага года распрацаваны турыстычныя маршруты, дзённікі вандроўніка, інтэрактыўныя анлайн-карты з указаннем адметнасцей розных куточкаў краіны. Напярэдадні Дня Перамогі актыўныя ўдзельнікі Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі пройдуць маршрутамі памяці па аб’ектах воінскай славы, будуць праведзены патрыятычныя акцыі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, добраўпарадкаванне мясцін, мітынгі з ускладаннем кветак, — паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык.

У Беларусі створана і ўдасканальваецца сістэма патрыятычнага выхавання на ўсіх узроўнях адукацыі. Правільна арганізаванае ваенна-патрыятычнае выхаванне — адна з умоў паспяховай падрыхтоўкі навучэнцаў да служэння сваёй краіне, абароны яе інтарэсаў. Таму невыпадкова ў гэтым навучальным годзе ініцыіравана стварэнне рэсурсных цэнтраў па ваенна-патрыятычным выхаванні на базе кадэцкіх вучылішчаў. Выдатным прыкладам з’яўляецца Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі.

У гэтым навучальным годзе ініцыіравана стварэнне рэсурсных цэнтраў па ваенна-патрыятычным выхаванні на базе кадэцкіх вучылішчаў.

Краязнаўчы форум — гэта ў першую чаргу дыялогавая пляцоўка для абмену вопытам. Так, у Гродзенскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства ведаюць, як эфектыўна выкарыстоўваць асабліва ахоўныя тэрыторыі ў якасці базавых пляцовак для края­знаўчай дзейнасці. А вось аб’ектамі краязнаўчых даследаванняў выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання сталі драўляныя храмы, помнікі гісторыка-культурнай спадчыны. Цікавымі напрацоўкамі падзяліліся таксама педагогі з Кармянскага, Слуцкага, Бярозаўскага, Мінскага, Брагінскага, Глыбоцкага раёнаў, з Асіповіч, Полацка, Брэста, Магілёва. Асаблівая ўвага ўдзялялася пытанню работы школьных музеяў. Дарэчы, з 1448 музеяў, якія функцыянуюць ва ўстановах адукацыі, 204 маюць ваенна-гістарычны профіль, а 110 прысвоены статус народнага.

Больш падрабязна з вопытам работы, прадстаўленым на форуме, мы пазнаёмім нашых чытачоў у рубрыках “Любіць Беларусь”, “Захавальнікі памяці”, “Родная зямля”. Будзем разам даследаваць нашу краіну і захоўваць гістарычную памяць.

Ігар ГРЭЧКА.