Мару, каб мае вучні хадзілі ў звычайныя школы

- 11:36Спецыяльная адукацыя

“У сферы спецыяльнай адукацыі выпадковыя людзі, як правіла, не затрымліваюцца. Я ўпэўніўся ў гэтым, бо працую ў сістэме больш за 30 гадоў, — расказаў дырэктар сярэдняй школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку Аляксей Мікалаевіч ПЯТНІЦА. — Педагогі, якія прыходзяць у нашу школу, асэнсавана робяць свой выбар, ясна ўсведамляючы ўсю важнасць і неабходнасць той справы, за якую бяруцца. А нашым навучэнцам нават сур’ёзныя праблемы са здароўем не перашкаджаюць вучыцца, развівацца, быць у соцыуме”.

— Аляксей Мікалаевіч, раскажыце спачатку пра сябе. Як вы сталі дырэктарам такой незвычайнай школы?

— Родам я з Ушач Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння школы і службы ў арміі паступіў у Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры, бо хутчэй, як кажуць, хацеў стаць на ногі. На выдатна яго закончыў і вярнуўся на радзіму, дзе ўладкаваўся ў школу настаўнікам фізкультуры. Потым паступіў у Мінскі педагагічны інстытут на спецыялізацыю “алігафрэнапедагогіка”. Чым мяне прыцягвала дэфекталогія? Сваёй незвычайнасцю. У дзяцінстве я сябраваў з хлопчыкам, які не чуў. Ён вучыўся ў школе-інтэрнаце Мсціслава, а летам прыязджаў дадому ва Ушачы. Мы шмат часу праводзілі разам, пры гэтым добра разумелі адзін аднаго. Яшчэ ў тыя часы ў мяне ўзнікла ідэя аб неабходнасці дапамогі такім дзецям. Пасля заканчэння інстытута ўладкаваўся ў школу для дзяцей з парушэннем слыху. Раней яна называлася школай для глухіх дзяцей.

Першая і адзіная ў сталіцы школа для дзяцей з парушэннямі зроку (для невідушчых дзяцей і тых, якія слаба бачаць) была адкрыта ў 1988 годзе. Нарэшце ў мінчан, якія атрымлівалі адукацыю ў спецыяльных школах іншых гарадоў, з’явілася магчымасць вучыцца ў сваім горадзе. У гэтую ўстанову я і перайшоў, спачатку — настаўнікам фізкультуры, затым у 2002 годзе ўзначаліў школу. Раней я працаваў у аддзеле адукацыі Цэнтральнага раёна сталіцы, у гарадскім аддзеле адукацыі (цяперашнім камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама), але найбольш запатрабаваным я адчуў сябе менавіта ў школе, бо тут маю магчымасць непасрэдна ўплываць на працэс навучання дзяцей, аказваць ім дапамогу. Каб падтрымліваць працаздольнасць, жыццёвы тонус, люблю вандраваць, асабліва па Беларусі. Перамяшчаюся ў асноўным на веласіпедзе ці вяслую на лодцы. Маршруты прадумваю з вялікай дакладнасцю, тэматычна аб’ядноўваю іх, напрыклад, вывучаю мясціны, дзе ішлі баі падчас вайны 1941-га або 1812 года. Гісторыя — яшчэ адно маё захапленне.

— Што вы параіце бацькам, якія ў разважаннях: куды аддаць дзіця з парушэннем зроку — у масавую школу або ў спецыяльную?

— Зразумела, што выбар заўсёды індывідуальны. Ён залежыць ад усіх фактараў і абставін. Уявіце стандартную табліцу для праверкі зроку, якая ёсць у кожнай паліклініцы. Калі дзіця зусім не бачыць літар або бачыць толькі два верхнія радкі, то яно дакладна наш вучань. Калі ж яно бачыць літары, што размешчаны ніжэй, то, на мой погляд, дзіця можа вучыцца ў звычайнай школе. Але ж канчатковае рашэнне аб навучанні ў той ці іншай установе прымаецца на пасяджэнні псіхолага-медыка-псіхалагічнай камісіі ў ЦКРНіР.

Сёння ў сярэдняй школе № 188 — 112 навучэнцаў. Усе яны маюць сур’ёзныя афтальмалагічныя дыягназы: глаўкома, дыстрафія сятчаткі, пухліны і г.д. Усё больш сярод нашых навучэнцаў дзяцей, у якіх, акрамя асноўнага парушэння зроку, ёсць іншыя складаныя паталогіі — ДЦП, рэўматоідны артрыт, разумовая недастатковасць і г.д. Праблемы са зрокам у дзяцей часам спадчынныя, у школе вучацца дзеці яе былых выпускнікоў. Дзіця можа страціць зрок і ў выніку траўмы або ўскладненняў пры цяжарнасці і родах у маці. Да нас прыходзяць навучэнцы і з масавых школ, якія ішлі туды з нармальным зрокам, а праз некалькі гадоў сталі невідушчымі. Здараецца і наадварот, што ад нас ідуць вучыцца ў масавыя школы, каб паспрабаваць свае сілы там. Але гэта бывае не так часта. Былі выпадкі, калі нашы дзеці паступалі ў гімназіі. Здараецца, што некаторыя з масавых школ вяртаюцца да нас, бо тут ім спакайней ды і напаўняльнасць класаў меншая — максімум 12 навучэнцаў. Адукацыя ў нашай школе агульная, навучанне не дыскрымінуе інтэлектуальна развітых і таленавітых дзяцей. У гэтым можна ўпэўніцца, калі ўбачыць іх вучэбныя дасягненні, а таксама поспехі падчас творчых і інтэлектуальных конкурсаў. Тым не менш я заўсёды раю бацькам, калі бачу, што іх дзіця паспяхова вучыцца, што яго зрок у пэўнай ступені захаваны, скарыстацца шансам пайсці ў звычайную школу. Кажу так: “Да нас вы паспееце трапіць заўсёды”.

— Раскажыце, калі ласка, пра адметнасці адукацыйнага працэсу ў вашай школе.

— У класах, дзе займаюцца вучні, усё прыстасавана пад іх патрэбы: школьныя прылады, лінейкі. На кожнай парце замацаваны лямпы лакальнага асвятлення, падстаўкі для ручак, алоўкаў. Толькі частка дзяцей, якія слаба бачаць, можа вучыцца па падручніках з плоскадрукавальным тэкстам. Астатнія карыстаюцца дапаможнікамі са шрыфтам Брайля. Так, напрыклад, з дапамогай брайлеўскай “калодкі” адпрацоўваюцца навыкі ўспрымання рэльефна-кропкавага алфавіта. Ёсць друкавальныя машынкі па Брайлю. Размяшчаючы на магнітнай дошцы прыбора “Арыенцір” пэўныя збудаванні, дарожкі, перашкоды, дзеці могуць мадэляваць і вывучаць неабходныя маршруты. Для развіцця тактыльнай адчувальнасці прадугледжаны спецыяльныя аб’ёмныя фігуркі, выпуклыя, рэльефныя “ўзгоркі”, “кветкі”, дапаможнікі з шурпатымі паверхнямі.

Амаль усе навучэнцы школы займаюцца па агульнаадукацыйнай праграме. Навучанне невідушчых адбываецца пераважна на слыха-тактыльнай аснове. У іх добрая памяць, у пачатковых класах, напрыклад, многія вусна складаюць і адымаюць трохзначныя лічбы, а таксама дзеляць і множаць іх. Існуе меркаванне, што ў сляпых людзей абвостраны слых, нюх, тактыльная адчувальнасць. Гэта сапраўды так, але ўсе гэтыя кампенсаторныя здольнасці набываюцца толькі ў выніку пастаянных і ўпартых заняткаў. Дарэчы, у дзяцей, якія маюць вялікія праблемы са зрокам, як правіла, нядрэнная паспяховасць, яны вельмі старанныя.

Навучэнцы нашай школы асвойваюць усе школьныя прадметы, у тым ліку выяўленчае мастацтва, чарчэнне, інфарматыку, замежную мову. Раней нам часта задавалі пытанне: “Навошта невідушчым дзецям камп’ютар?” Сапраўды, быў час, калі нашых навучэнцаў вызвалялі ад заняткаў інфарматыкай. Але ж яны могуць асвойваць камп’ютар з дапамогай дадатковых опцый. Напрыклад, вучацца набіраць тэкст “сляпым” метадам. У кабінеце інфарматыкі створаны належныя ўмовы для навучання рабоце з камп’ютарам усіх навучэнцаў, незалежна ад ступені парушэння зроку: камп’ютары аснашчаны дысплеямі па Брайлю, гукавымі праграмамі, ёсць шматфункцыянальны тачборд. Тэкст на маніторы можна павялічыць да выявы адной літары на ўвесь экран. Праграма “Кнігалюб” дазваляе невідушчым чытаць любы плоскадрукаваны тэкст з кнігі ці газеты ў электронным выглядзе. Ёсць і прынтар, які раздрукоўвае любыя матэрыялы рэльефна-кропкавым шрыфтам. Калі навучэнец татальна невідушчы, то на інфарматыцы ён не працуе з графікай і маляваннем, вывучае гэта толькі тэарэтычна. Ён карыстаецца пераважна тэкставым рэдактарам, інтэрнэтам, табліцамі. Праграмістамі сярод невідушчых становяцца адзінкі. І яны рэалізоўваюць сябе ў вузкім кірунку, напрыклад, у сферы сінтэзу маўлення. Выкладаючы інфарматыку, настаўнік Уладзімір Уладзіміравіч Мікульчык прытрымліваецца прынцыпу, што трэба даць школьнікам як мага больш тых уменняў і навыкаў, якімі яны могуць карыстацца ў штодзённым жыцці. Камп’ютар павінен стаць для іх сябрам і памочнікам.

Нашых навучэнцаў трэба вучыць і многім побытавым навыкам. Калі тыя, хто бачыць, іх проста пераймаюць, то ў невідушчых такія навыкі трэба фарміраваць. У гэтым дапамагае настаўнік-дэфектолаг, які не толькі карэкціруе дзецям маўленне і развівае іх зрокавае ўспрыманне. У пакоі спецыяліста ёсць кухня для замацавання сацыяльна-бытавых навыкаў, дзе дзеці вучацца гатаваць, прасаваць, арыентавацца ў прасторы. Некаторыя навучэнцы праяўляюць самастойнасць ва ўсім, нават самі дабіраюцца са школы дадому. Часам жа назіраем і процілеглую сітуацыю: дзіця нараджаецца з дэфектам, у бацькоў фарміруецца комплекс віны перад ім, і яны праяўляюць гіперапеку над дзіцем з малых гадоў. Упускаюць такім чынам сензітыўны перыяд, калі малыш мог бы чамусьці навучыцца і стаць больш самастойным. Дзіця прывыкае да таго, што дастаткова адкрыць рот і яму ўсё ў гатовым выглядзе туды пакладуць. Я заўсёды нагадваю бацькам, што яны не будуць вечна маладымі і поўнымі сіл, што неабходна выхаваць дзіця так, каб яно стала ім апорай, а не абузай.

— Як рэалізуюць сябе вашы навучэнцы і выпускнікі? Раскажыце пра іх дасягненні.

— Страта зроку — ні з чым не параўнальная паталогія, калі гаварыць аб фізічных парушэннях. Інваліднасць па зроку — адна з самых цяжкіх, бо да 90 працэнтаў інфармацыі чалавек атрымлівае праз зрокавы аналізатар. Нашы навучэнцы маюць розныя магчымасці ў плане сацыялізацыі і прафесійнай рэалізацыі. Адна справа, калі ў навучэнца зусім адсутнічае зрок, і іншая, калі дзіця хоць слаба, але бачыць.

“Але ніколі не трэба адчайвацца, — звяртаюся я да навучэнцаў. — Вы лічыце, што вы самыя няшчасныя? Паглядзіце, колькі людзей з выдатным зрокам, але гэта ім не дадало талентаў, не дапамагло стаць шчаслівымі. Бог або дае чалавеку талент, або адмаўляе ў ім. Галоўнае — сіла вашага інтэлекту і моцнае імкненне да мэты. Невідушчы чалавек можа шмат чаго дасягнуць, у гісторыі шмат такіх прыкладаў, хаця гэта надзвычай складана”.

Сярод нашых выпускнікоў ёсць удзельнікі Параалімпійскіх гульняў, майстры спорту, спартсмены міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы і плаванні, кандыдаты ў майстры спорту па веласпорце — удзельнікі спартыўных тандэмаў (калі наперадзе едзе чалавек з нармальным зрокам, а за ім — спартсмен з парушэннем зроку). Нашы дзеці займаюцца плаваннем у гарадскім Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх відах спорту. У нас трое сярэбраных прызёраў Параалімпійскіх гульняў: па плаванні — Юра Рудзянок, які сам зараз трэніруе спартсменаў, і двое па лёгкай атлетыцы — Саша Кузьмічоў і Юра Бучкоў. З нашай школы выйшаў шашыст Дзіма Фадзееў, які з’яўляецца майстрам спорту міжнароднага класа.

На базе нашай установы амаль 20 гадоў дзейнічае філіял дзіцячай музычнай школы № 19, у якой займаюцца і навучэнцы з парушэннямі зроку (па класе фартэпіяна, акардэона, гітары, флейты, харавых спеваў) і атрымліваюць пасведчанне аб яе заканчэнні. У музычнай школе наша выпускніца Маша Рудко выкладае нотную грамату па Брайлю. Навучае дзяцей музыцы і лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Патрыцыя Курганава, якая таксама заканчвала 188-ю школу. Частыя госці ў нас музыканты і вакалісты з філармоніі, яны праводзяць для дзяцей майстар-класы.

Хацелася б адзначыць дасягненні нашай юнай зорачкі дзевяцігадовай Мар’яны Бабіч, якая ўражвае сваім уменнем іграць на некалькіх музычных інструментах — на скрыпцы, флейце і фартэпіяна. Дзяўчынка стала пераможцай гарадской конкурснай шоу-праграмы “Маленькая фея”, конкурсу “Вясёлкавы карагод”. Інтарэс да музыкі Мар’яне прывіла мама Святлана Ігараўна — настаўніца музыкі ў нашай школе.

— У якіх навучальных установах можна сустрэць выпускнікоў 188-й школы?

— У БДПУ імя Максіма Танка, БДУ, Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце, Курскім музычным каледжы-інтэрнаце для сляпых, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі і нават у Каралеўскім каледжы ў Лондане. Паступаюць у гэтыя ўстановы на агульных падставах. Ёсць і ўнікальныя выпадкі: з выпуску 2013 года ўсе навучэнцы паступілі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Камусьці шанцуе, і ён знаходзіць работу па спецыяльнасці. Толькі ў нашай школе працуюць шасцёра педагогаў (нашых выпускнікоў), якія маюць інваліднасць па зроку. Хтосьці ўладкоўваецца на завод “Святлопрыбор” БелТІЗ. У адзінкавых выпадках дзеці, якія маюць не толькі паталогіі зроку, але і іншыя цяжкія парушэнні, пасля заканчэння школы застаюцца дома.

— Ці змогуць у будучым усе вашы навучэнцы пайсці ў масавую школу? Якім, на ваш погляд, будзе лёс спецыяльнай школы?

— Школа не стаіць на месцы, яна развіваецца. Нашы педагогі актыўна дзеляцца вопытам з калегамі, яны актыўныя ўдзельнікі прафесійных конкурсаў, уладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама. У 2014 годзе мне пашчасціла атрымаць грант Мінгарвыканкама на праект “Інтэрнальная адукацыйная інтэграцыя ва ўмовах школы для дзяцей з парушэннямі зроку”, які быў прысвечаны пытанням аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з парушэннямі зроку, якія маюць спадарожныя паталогіі (парушэнні інтэлекту, ДЦП). Такіх навучэнцаў з кожным годам становіцца ўсё больш. Настаўнікам з імі складана працаваць. Іншы раз у адным класе неабходна рэалізоўваць адразу тры праграмы — агульнаадукацыйную, праграму дапаможнай школы і праграму для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. І да таго ж ажыццяўляць навучанне па Брайлю. Але гэта патрабаванне часу, і ўсе цяжкасці мы пераадольваем.

Калі навучэнцы пытаюцца ў мяне, якая мая самая вялікая мара, адказваю: “Я мару аб тым, каб усе дзеці добра бачылі і хадзілі ў звычайныя школы”. Вельмі важна, каб для дзяцей з парушэннямі зроку былі створаны ўсе належныя ўмовы для навучання побач з домам. Каб бацькам не трэба было вазіць іх праз увесь горад у нашу школу або аддаваць у школы-інтэрнаты для дзяцей з парушэннямі зроку, што знаходзяцца ў іншых гарадах (Маладзечне, Гродне, Шклове, Васілевічах, Жабінцы). Мяркую, што інклюзіўныя працэсы будуць развівацца паступова і ў першую чаргу закрануць дзяцей, якія слаба бачаць. Татальна невідушчыя дзеці ў найбліжэйшай перспектыве ўсё ж будуць вучыцца ў спецыяльных школах. Ад такіх устаноў пакуль не адмовіліся нават у развітых заходніх краінах. Але інклюзія — двухбаковы працэс: па-першае, ва ўстановах агульнай адукацыі ствараюцца належныя ўмовы для таго, каб прыняць асаблівага навучэнца, па-другое, улічваецца жаданне бацькоў прывесці сваё дзіця ў масавую школу. Пры гэтым важна памятаць аб самым галоўным — інтарэсах дзіцяці, аб тым, наколькі камфортна яму ў той установе, дзе яно вучыцца.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.