Марына Кутовіч вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з моладдзю — у Астраўцы дзейнічае раённы маладзёжны савет

- 14:09Профсоюзный лидер

Пачуць голас моладзі — гэтыя словы раз­-пораз паўтарае пры нашай сустрэчы старшыня Астравецкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Кутовіч. Надзвычай вялікую ўвагу прафсаюзны лідар удзяляе рабоце з моладдзю — у Астраўцы створаны і дзейнічае раённы маладзёжны савет. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кузня кіраўніцкіх кадраў

— З маладзёжным саветам, створаным у Астравецкай раённай арганіза­цыі галіновага прафсаюза, праца вядзецца па некалькіх напрамках: спартыўным, інтэлектуальным, працоўным, экскурсійным, інфармацыйным, культурна-масавым, прафарыентацыйным, валанцёрскім, — падкрэслівае Марына Мар’янаўна. — У кожным з напрамкаў ёсць свой кіраўнік, якому гэта цікава. Зразумела, усё гэта на добраахвотных па­чатках. Маладыя спецыяліс­ты самі прадумваюць ідэі, чым бы ім хацелася займацца. Лічу, што рабоце з моладдзю варта ўдзяляць асаблівую ўвагу. Мы павінны чуць лю­дзей, якім будаваць будучыню Беларусі. Нам трэба прывіваць ім любоў да роднага краю, абу­джаць у іх сэрцах патрыя­тызм. Я чалавек, неабыякавы да сваёй краіны, патрыёт нашай цудоўнай, чыстай і светлай Беларусі. Нашы дзеці і моладзь павінны расці на тых прыкладах, якія мы, кожны дарослы, дэманструем ім сёння.

Марына Кутовіч таксама лічыць, што моладзь павінна сама выра­шаць і выказвацца, што ёй цікава. Важна пачуць моладзь, арганізаваць яе, каб маладыя педагогі ведалі адно аднаго, сябравалі, арганізоўвалі доб­рыя, карысныя для грамадства і раёна справы. І, у рэшце рэшт, каб маглі праявіць свае здольнасці, былі дружнай камандай сістэмы адукацыі. Маладзёжны савет — сапраўдная кузня кіраўніцкіх кадраў. Напрыклад, Алена Валянцінаўна Сайковіч, старшыня савета, нядаўна была прызначана загадчыцай дзіцячага сада № 5 Астраўца.

Зацікавіць прафесіяй і раёнам

Астравецкаму раёну заўсёды ёсць чым пахваліцца. Сюды прыбывае значна больш маладых спецыялістаў, чым у іншыя раёны. Нягледзячы на гэта, забяспечанасць жыллём складае 100% — яго атрымліваюць нават маладыя педагогі, выхадцы з гэтых мясцін. Гэта станоўчы момант, які адрознівае Астравеччыну ад іншых рэгіёнаў. Акрамя захавання ўсіх сацыяльных гарантый, якія пазначаны ў калектыўных дагаворах устаноў, адна з задач пры рабоце з маладымі спецыяліс­тамі — згуртаваць іх і зацікавіць прафесіяй і раёнам.

— Мы арганізоўваем экскурсіі па Астравеччыне для маладых спецыя­лістаў, выяз­джаем у іншыя раёны і гарады, — працягвае старшыня Астравецкай раённай арга­нізацыі галіновага прафсаюза. — Усё гэта прыводзіць да згуртавання, любові да выбранай прафесіі і да нашага краю. Аб’ез­дзілі са сваімі педагогамі ўсю Беларусь, толькі ў Віцебску пакуль не былі, аднак ужо запланавалі наведаць гэты горад падчас наступнага “Славянскага базару”. А нядаўна зладзілі экскурсію маладых педагогаў на мясцовае КСУП “Гудагай”, якім кіруе Эдуард Іванавіч Садоўскі. Прадпрыемства спецыя­лізуецца на вы­творчасці мяса, малака, цукровых буракоў, збожжа і алею з рапсу. Наша моладзь была ўражана ўзроўнем арганізацыі працы на прадпрыемстве і ўзроўнем зарплаты. Цяпер мы плануем арганізаваць дыялогавую пляцоўку для нашых маладых спецыялістаў, каб па­знаёміць іх з паспяховымі людзьмі Астравеччыны. Лічу, што ты адбудзешся ў прафесіі і ў жыцці, калі будзеш любіць сваю справу і ставіцца з душой да людзей. Твае намаганні вернуцца да цябе бумерангам дабрыні.

У Астравецкім раёне наладжаны ўзаемаадносіны з моладдзю суседняга Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, у планах наладзіць такую ж работу з ветэранскай арганізацыяй суседзяў. На Мядзельшчыне шмат месцаў баявой славы (асабліва ўразілі зямлянкі, дзе пачынаў сваю бая­вую дзейнасць П.М.Машэраў), астравецкія ж педагогі паказва­юць суседзям установы адукацыі, узведзеныя ў раёне ў рамках будаўніцтва Беларускай АЭС: гімназію, раённы цэнтр творчасці, дзіцячы сад № 3, ся­рэднюю школу № 3.

Без гальштукаў

Марына Кутовіч упэўнена, што данесці да моладзі значнасць прафсаюза можа толькі той чалавек, які сам браў актыўны ўдзел у яго дзейнасці.

— Мы дапамагаем моладзі раскрыць свае таленты, памкненні, — гаворыць Марына Мар’янаўна, — далучаем яе да канкрэтных спраў, мерапрыемстваў. Напрыклад, на Дзень народнага адзінства запрасілі маладых спецыялістаў (у большасці першага года работы) і прадстаўнікоў мясцовай улады, сацыяльных партнёраў на велапрабег і сустрэчу пасля яго ў фармаце “без гальштукаў”. Стартаваўшы з Астраўца, калона веласіпедыстаў пад кіраў­ніцтвам намесніка старшыні райвыкан­кама Паўла Міхалюка і начальніка аддзела адукацыі Аксаны Земляковай прыбыла ў Дайнаўку. Тут удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць расстраляных у Вялікую Айчынную вайну цыган, наведаўшы іх магілу, якую даглядаюць вучні Гудагайскай сярэдняй школы. Дзеці і дарослыя пра падзеі, якія адбыліся на гэтым месцы, ведаюць з успа­мінаў старажылаў.

Ужо на базе раённага лагера “Лас­таўка”, пакаштаваўшы салдацкай кашы, згатаванай на палявой кухні РАНС, маладыя педагогі правялі дыялог без гальштукаў з прадстаўнікамі ўсіх зацікаўленых структур, дзе кожны малады спецыяліст мог задаць любое пытанне. Моладзь цікавілася, ці можа малады спецыяліст атрымаць асобную кватэру і пры якіх умовах; якія перспектывы чакаюць Астравец у буду­чыні і ці можна выкупіць арэнднае жыллё; што матывуе да працы вопытных педагогаў і ці ёсць сакрэт педагагічнага майстэрства. Гэта было зроблена для таго, каб скараціць дыстанцыю паміж моладдзю і прадстаўнікамі ўлады.

Настаўнік працягваецца ў вучню

Па меркаванні Марыны Кутовіч, фішкай Астравецкага раёна можна назваць святкаванне Дня настаўніка. Два гады назад настаўніцкае свята назвалі “джынсавай вечарынкай у стылі 80-х”. У джынсах быў нават намеснік старшыні райвыканкама! Маладзёжны савет сустракаў гасцей у піянерскім строі.

— На наступны год мы зладзілі Дзень настаўніка ў выглядзе настаўніцкага балю, — расказвае Марына Кутовіч. — Дрэс-код — смокінг і бальная сукенка. У бягучым навучальным годзе вырашылі сабраць на сцэне розныя пакаленні, а мерапрыемства назвалі “Нас­таўнік працягваецца ў яго вучню”. На сцэне сустрэліся настаўнікі і іх ужо дарослыя колішнія навучэнцы. Так, наш старшыня райвыканкама Сяргей Тадэвушавіч Медзвецкас атрымаў віншаванне ад свайго класнага кіраўніка. Я выйшла на сцэну з былой старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза Ларысай Васільеўнай Ярмоліч. Было так шчымліва выказаць свайму настаўніку словы ўдзячнасці. Ветэраны дзякавалі нам за тую цеплыню, якую мы падарылі ім на Дзень настаўніка. Нам вельмі дапамагае ў рабоце падтрымка з боку начальніка аддзела адукацыі Аксаны Анатольеўны Земляковай.

У нас больш за 50 працэнтаў сярод старшынь прафсаюзных пярвічак складае моладзь. Мне падабаецца ў гэтых людзях іх нераўнадушнасць. Калі з адной з членаў прафсаюзнай арганізацыі здарылася няшчасце і патрэбны былі грошы на аперацыю і аднаўленне здароўя, на мой заклік аб дапа­мозе адгукнуліся ўсе. Сродкі збіралі ў сваіх калектывах і пасля перадалі гэтай жанчыне на лячэнне. І гэта не адзінкавы прыклад. Калі здарыўся пажар у кватэры іншага члена нашай арганізацыі, таксама сабралі грошы і дапамаглі чалавеку. Я шчаслівы чалавек — мне шчасціць на добрых людзей.

Наталля КАСТЭНКА
Фота з архіва Астравецкай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза