Мацней трымацца за баранку

- 10:37Рознае, Якасць адукацыі

На базе Уздзенскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Асацыяцыя “БАМАП” і Міністэрства адукацыі правялі круглы стол аб развіцці ўзаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў, з базавымі арганізацыямі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Асацыяцыі “БАМАП”, міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, упраўленняў адукацыі рэгіёнаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, навучальных устаноў.

Тэма круглага стала для яго ўдзельнікаў гучала не ўпершыню. Рэгулярна па ініцыятыве асацыяцыі, органаў кіравання адукацыі праводзіцца своеасаблівы маніторынг супрацоўніцтва, дзе вызначаюцца ўсё новыя і новыя шляхі для яго ўдасканалення, улічваючы пры гэтым сённяшнія рэаліі жыцця і запатрабаванні рынку працы. Узаемадзеянне паміж заказчыкамі кадраў у сферы міжнародных перавозак і навучальнымі ўстановамі мае свой працяг, становіцца ўсё больш эфектыўным, глыбокім, чаму спрыяе падпісаны паміж асацыяцыяй і Міністэрствам адукацыі План сумесных мерапрыемстваў па ўдасканаленні падрыхтоўкі вадзіцеляў міжнародных перавозак на найбліжэйшыя гады. Да гэтага часу такому цеснаму ўзаемадзеянню паміж заказчыкамі кадраў і ўстановамі прафесійнай адукацыі няма аналагаў. Гэта пакуль унікальны прыклад, калі словазлучэнне “заказчык кадраў” цалкам адпавядае свайму сэнсу.

М.І.Баравой, старшыня Асацыяцыі “БАМАП”, нагадаў, што сёння падрыхтоўка вадзіцеляў-міжнароднікаў вядзецца ўжо ў 10 установах прафесійнай адукацыі. Штогадовы набор вадзіцеляў-міжнароднікаў складае больш за 330 навучэнцаў, а ў гэтым годзе — нават 357. У некаторых установах у час прыёму назіраўся конкурс, які склаў амаль 2 чалавекі на месца, што сведчыць аб папулярнасці гэтай прафесіі сярод моладзі.

Гэта пацвердзіў і А.Г.Грыгаровіч, загадчык рэсурснага цэнтра Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага.

— Мы шмат папрацавалі ў прафарыентацыі школьнікаў, — заявіў Анатоль Генадзьевіч. — Таму колькасць навучэнцаў, якія хацелі б паступіць на гэтую прафесію, з кожным годам павялічваецца. Сёлетні план прыёму цалкам выкананы, у тым ліку за кошт выпускнікоў, якія маюць даволі высокі сярэдні бал атэстата.Сярод навучэнцаў ёсць такія, у каго гэты бал складае 8 і вышэй.

Галоўны спецыяліст аддзела персаналу і кантролю Асацыяцыі “БАМАП” Т.А.Ястраб паведаміла, што матывацыя вучыцца па прафесіі вадзіцеля-міжнародніка вывучаецца ў час анкетавання, якое праводзіцца на 1 курсе. Як сведчаць вынікі, у сваёй большасці кантынгент навучэнцаў усвядомлена зрабіў выбар, таму выпадковых маладых людзей ва ўстановах няма.

Агульнымі намаганнямі як з боку асацыяцыі, так і з боку сістэмы прафесійнай адукацыі навучальныя ўстановы забяспечаны метадычнымі і нагляднымі дапаможнікамі, неабходным сучасным абсталяваннем, вузламі аўтамабіляў розных марак. Выдадзены асноўны падручнік для навучання будучых вадзіцеляў-міжнароднікаў “Міжнародныя аўтамабільныя перавозкі” з грыфам Міністэрства адукацыі. У хуткім часе будзе выдадзены і другі падручнік — па ўстройстве і эксплуатацыі сучасных грузавых аўтамабіляў.

Для павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў навучальных устаноў штогод у вучэбным цэнтры “БАМАП-ВЕДЫ” праводзіцца семінар-стажыроўка з улікам прапаноў саміх выкладчыкаў. Праграмы семінараў скіраваны на практычную частку навучання, калі педагогі вывучаюць праходжанне пагранічнага і мытнага кантролю транспарту і грузаў у пунктах пропуску з выездам на дзяржаўную мяжу, праходжанне вагагабарытнага кантролю непасрэдна на пункце кантролю, мытнага афармлення на ўнутраных пунктах мытнага афармлення, арганізацыю работы лагістычных і сэрвісных цэнтраў па тэхнічным абслугоўванні аўтамабіляў. Штотыдзень да ўсіх устаноў прафесійнай адукацыі, якія займаюцца падрыхтоўкай кадраў для сферы міжнародных перавозак, даводзіцца актуальная інфармацыя пра змены ў нарматыўных прававых актах, якія рэгламентуюць гэтую сферу, з мэтай своечасовага ўнясення змяненняў у змест навучання. Тэарэтычнае навучанне ва ўстановах праходзіць пры ўдзеле прадстаўнікоў Асацыяцыі “БАМАП”. Яны выкладаюць у тым ліку такія прадметы, як “Арганізацыя міжнародных перавозак”, “Асновы мытнага заканадаўства”, “Эксплуатацыя транспартных сродкаў”.

Як паведаміла начальнік упраўлення навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА А.М.Пятрова, інстытут працуе ў цесным кантакце з Асацыяцыяй “БАМАП”, непасрэдна з канкрэтнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Каб падтрымліваць ініцыятыву і творчасць сярод педагогаў, былі падрыхтаваны і праведзены конкурсы на лепшую метадычную распрацоўку па прадмеце “Арганізацыя міжнародных перавозак”, што дазволіла выдаць яшчэ адзін падручнік у дапамогу выкладчыку. Вынікам конкурсу на лепшы прафарыентацыйны праект па прафесіі вадзіцеля-міжнародніка стала стварэнне ў кожнай з 10 устаноў сваёй своеасаблівай прэзентацыі прафарыентацыйнай работы ў папулярызацыі прафесіі. Сумесна вядзецца работа і над выданнем вучэбна-метадычнай літаратуры, змест якой пастаянна абнаўляецца з улікам змяненняў, якія адбываюцца ў сферы міжнародных перавозак.

— Далейшае ўдасканаленне і пашырэнне кола прафесійных ведаў і практычных уменняў адбываецца праз сістэму метадычнай работы на ўзроўні самой навучальнай установы, — заўважыла А.Я.Яўсюк, дырэктар Уздзенскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. — Гэта дзейнасць педагагічнага калектыву ліцэя, работа метадычных камісій і сістэма самаадукацыі. Наша ўстанова ў метадычным забеспячэнні навучання па прафесіі вадзіцеля-міжнародніка мае статус вядучай, што, безумоўна, дае матывацыю для новых і больш дасканалых метадычных распрацовак, з якімі мы дзелімся са сваімі калегамі з іншых устаноў.

Дырэктар ліцэя адзначыла, што калектыў прыкладае ўсе намаганні для замацавання выпускнікоў у арганізацыях, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, але з-за аб’ектыўных прычын (патрабаванне ЕПТР аб наяўнасці двухгадовага стажу работы па адпаведнай катэгорыі, а таксама дасягненне 21 года) гэта не заўсёды ўдаецца. Часта прыходзіцца працаўладкоўваць выпускнікоў у арганізацыі, дзе яны могуць выпрацаваць неабходны стаж, або ў арганізацыі, не звязаныя з аўтамабільнымі перавозкамі. Гэтая акалічнасць, безумоўна, з’яўляецца каменем спатыкнення ў рабоце ліцэя з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

Такія пытанні ўзнікаюць і ў іншых установах.

— Для правядзення вытворчага навучання мы выкарыстоўваем магутнасці магілёўскіх аўтапрадпрыемстваў, у тым ліку аўтапаркаў, — расказаў А.Г.Грыгаровіч. — Нашы аўтатранспартнікі ніколі не адмовілі нам у прадастаўленні вытворчых пляцовак для праходжання практыкі вадзіцеляў, аўтаслесараў, але ў працаўладкаванні такога аднадушша няма.

— Сапраўды, працаўладкаванне выпускнікоў прафесійных устаноў становіцца ўсё больш складаным, — пацвердзіла Т.М.Тарасевіч, намеснік дырэктара аўтапрадпрыемства “Вестаўта”. — Праблема ў тым, што работадаўцы ў гэтай галіне запаўняюць вакансіі ў большай меры спецыялістамі з вопытам і не вельмі хочуць браць маладых. Мы супрацоўнічаем з навучальнымі ўстановамі многіх рэгіёнаў, а для Пінскага ПТК машынабудавання з’яўляемся базавай арганізацыяй. На нашым прадпрыемстве навучэнцы праходзяць практыку з далейшым працаўладкаваннем па прафесіі слесара па рамонце аўтамабіляў. “Вестаўта” з’яўляецца выдатнай базай для практычнага навучання. У нас ёсць вопытныя спецыялісты, аснашчэнне рамонтных майстэрань на самым высокім узроўні, ёсць інтэрнат. Большасць навучэнцаў выказваюць жаданне застацца працаваць на нашым прадпрыемстве, некаторыя з іх едуць на работу па месцы жыхарства.
Т.М.Тарасевіч выказала прапанову, каб дзяржава ў большай меры падтрымлівала сацыяльна арыентаваныя прадпрыемствы.

Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва А.В.Токун расказаў аб сітуацыі, якая сёння складваецца на рынку працы. Калі яшчэ пару гадоў назад існаваў баланс паміж попытам і прапановай і, па сутнасці, усе жадаючыя мелі магчымасць працаўладкавацца, то ўжо ў 2014 годзе, і асабліва ў 2015, сітуацыя рэзка змянілася. Рынак працы стаў адлюстраваннем эканамічнага крызісу, які характэрны сёння для кожнай краіны.

— Мы адчулі істотны прыток беспрацоўных у службы занятасці і зніжэнне попыту на рабочую сілу ў цэлым, — заявіў Алег Валер’евіч.— Праграмамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны мяжа зарэгістраванага беспрацоўя ўстаноўлена на ўзроўні 2% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. На 1 верасня бягучага года гэты ўзровень складае 1%. Як бачна, у нас сітуацыя не крытычная і, мяркуючы па звестках, намнога лепшая, чым у іншых краінах. Асаблівасцю рынку працы апошняга часу стаў той факт, што кадравыя плыні істотна пераразмеркаваліся. Калі яшчэ нядаўна быў вялікі попыт на рабочую сілу, то сёння ён істотна ўпаў, што прывяло да канкурэнцыі за рабочае месца, а гэта ў іншым выпадку мае і станоўчы эфект. Як паведаміў прадстаўнік міністэрства, на 1 верасня 2016 года заяўлена 37,5 тысячы вакансій, а на ўліку стаіць 42 тысячы 500 беспрацоўных. Згодна са змяненнямі структуры вакансій, атрымліваецца, што попыт на рабочых складае 54% (не так даўно — 80%), астатняя працэнтная частка — на спецыялістаў. Патрэбны медыцынскія работнікі, выхавальнікі ў дзіцячыя сады, інжынеры-тэхнолагі, інжынеры-праграмісты, ветэрынары, спецыялісты сельскай гаспадаркі. Па-ранейшаму сярод рабочых патрэбны арматуршчыкі, цесляры, бетоншчыкі, мантажнікі, работнікі гандлю, цырульнікі, кухары, сельгасрабочыя.

Што тычыцца вадзіцеляў, у тым ліку вадзіцеляў-міжнароднікаў, то тут сітуацыя ў працаўладкаванні больш-менш стабільная. Расце колькасць жадаючых працаўладкавацца па гэтай прафесіі. На 1 вакансію прыходзіцца 1,5 чалавека з ліку беспрацоўных. Але трэба прызнаць, што попыт на дальнабойшчыкаў у прадпрыемствах і арганізацыях у сферы міжнародных перавозак крыху знізіўся. Знайсці работу стала цяжэй.
З кастрычніка ўступае ў сілу новая рэдакцыя Закона “Аб занятасці насельніцтва”, дзе будзе ўведзена шмат новых норм з улікам сённяшняй сітуацыі. Рынак працы будзе развівацца ва ўмовах негатыўных дэмаграфічных тэндэнцый, што прывядзе да зніжэння колькасці працоўных рэсурсаў. Іх фарміраванне цяпер адбываецца на аснове замены людзей пенсійнага ўзросту на працуючую моладзь, якой сёння не хапае, што пацвярджае недахоп працоўных рэсурсаў у найбліжэйшы час. У такой сітуацыі дзяржава не можа заставацца ўбаку. У гэтым годзе прынята і ўжо дзейнічае Дзяржаўная праграма аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва, асноўнымі мэтамі якой з’яўляецца забеспячэнне збалансавання попыту і прапановы рабочай сілы на рынку працы, садзейнічанне павышэнню якасці працоўных рэсурсаў і росту канкурэнтаздольнасці рабочай сілы, стымуляванне эканамічнай актыўнасці насельніцтва. Калі гаварыць у цэлым аб ідэалогіі дзяржавы на рынку працы, то стаіць задача не дапусціць росту ўзроўню зарэгістраванага беспрацоўя звыш 2%, не дапусціць масавага беспрацоўя.

І.Г.Алісевіч, кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі, паведаміла аб цяжкасцях у працаўладкаванні выпускнікоў прафесійнай школы. Праблему можна вырашыць толькі пры цесным кантакце з работадаўцамі. Аказваецца, сёння многія прадпрыемствы не прадастаўляюць звестак аб патрэбнасці ў кадрах у аўтаматызаваную сістэму прагназавання, хаця яны абавязаны рабіць гэта.Таму і атрымліваецца дысбаланс у попыце і прапановах.

— Трэба канкрэтна і дасканала складаць прагноз з улікам развіцця галіны, канкрэтнага прадпрыемства і згодна з гэтым заказваць кадры, — адзначыла Ірына Георгіеўна. — Цяпер прад’яўляюцца больш жорсткія патрабаванні да фарміравання кантрольных лічбаў прыёму, што немагчыма зрабіць без непасрэдных заказчыкаў кадраў. Таму да 1 кастрычніка заказчыкі кадраў могуць удакладніць сваю патрэбнасць у кадрах і адлюстраваць яе ў аўтаматызаванай сістэме.

У гэты ж дзень быў праведзены адборачны (тэарэтычны) этап дзясятагага конкурсу прафесійнага майстэрства вадзіцеляў магістральных аўтапаяздоў, у якім прынялі ўдзел не толькі вадзіцелі-прафесіяналы, але і педагогі ўстаноў прафесійнай адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.