Мацярынства і настаўніцтва роднасныя

- 12:00Адукацыйная прастора

З першых хвілін сустрэчы з гераінямі сённяшняй публікацыі ў мяне з’явілася адчуванне няўлоўнай блізкасці — так бывае, калі размаўляеш з зусім не падобнымі знешне сёстрамі, — і чым далей, тым яно мацнела. Іна Філіпава і Марына Гузенка працуюць у сярэдняй школе № 38 Віцебска. “Педагогаў аб’ядноўваюць прафесіяналізм, адданасць дзецям і выбранай справе, ініцыятыўнасць, самааддача, імкненне да самаадукацыі і развіцця, — дала кароткую характарыстыку дырэктар установы адукацыі Ірына Гаявая. — А яшчэ добразычлівасць, тактоўнасць, сардэчнасць, жаноцкасць у самым высокім разуменні гэтага слова. Яны абедзве стараюцца зрабіць свет вакол сябе лепшым. У іх атрымліваецца”. Іна Вітальеўна і Марына Вікенцьеўна — мнагадзетныя маці. Ёсць два распаўсюджаныя стэрэатыпы: паспяховы настаўнік — няпростае прызванне, асаблівы лад жыцця, калі на сям’ю, дзяцей часу застаецца нямнога, і ў добрай мнагадзетнай маці сям’я займае амаль увесь час: тут не да прафесійнай самарэалізацыі, хіба крыху для душы, у якасці дадатку да мацярынскіх клопатаў. Гісторыі дзвюх цудоўных жанчын, з якімі мне пашчасціла пазнаёміцца напярэдадні Дня маці, — поўны разрыў шаблонаў. Таму і першае пытанне да іх было аднолькавае: “Як удаецца сумяшчаць на першы погляд несумяшчальнае?” Характэрна, што ў адказах прагучала рознымі словамі сказанае, але па сутнасці вельмі блізкае: супрацьлегласць тут хутчэй уяўная. У глыбіннай сваёй аснове мацярынства і настаўніцтва роднасныя, бо жывяцца любоўю да дзяцей, менавіта праз яе праяўляюцца. 

Іна Філіпава, настаўніца рускай мовы і літаратуры: “З ранняга дзяцінства не бачыла сябе ні ў якой іншай прафесіі, акрамя як настаўніцай. Помню, у першым класе прыходзіла са школы… і пачынала гуляць у школу. Рассаджвала лялек, запаўняла класны журнал, выстаўляла адзнакі. Так да выпускнога ніякіх іншых варыянтаў нават не разглядала. Безумоўна, на гэта паўплывалі мае школьныя педагогі. Першая настаўніца Ірына Юр’еўна Дзмітрыева была вельмі маладая, прыйшла да нас адразу пасля інстытута. Яна ўкладвала ў вучняў усю сваю душу, і мы шчыра яе любілі, бралі прыклад. Мой класны кіраўнік Людміла Рыгораўна Ярмоленка была настаўніцай хіміі — мне таксама хацелася ў нечым быць да яе падобнай. А паколькі я вельмі любіла чытаць, то і ў выбары спецыяльнасці не сумнявалася: канечне ж, мова і літаратура, і беларуская, і руская! Паступіла ў ВДУ імя П.М.Машэрава. Я жыла тады ў дзвюх мінутах хадзьбы ад універсітэта. Мая бабуля напаўжартам пракаменціравала, што іншых варыянтаў і быць не можа. Студэнцтва — залатыя гады жыцця: выдатныя выкладчыкі, дружная і моцная група — у нас многія скончылі ўніверсітэт з чырвоным дыпломам, сяброўскія адносіны падтрымліваем і сёння”. 

Свой першы ўрок Іна Вітальеўна правяла ў цяперашняй гімназіі № 9 Віцебска, падчас практыкі па беларускай мове і літаратуры. Як успамінае, абсалютна не хвалявалася, бо падрыхтавалася як след. Толькі падумала перад пачаткам: “Ура, нарэшце спраўдзілася! Я — настаўніца і буду зараз вучыць дзяцей!” Словы ўніверсітэцкага куратара Ірыны Бондал пасля ўрока літаральна акрылілі: “Малайчына, проста цудоўна. Ні дадаць, ні адняць!” Сёння ў прафесійнай скарбонцы Іны Філіпавай вялікае мноства паспяховых урокаў і мерапрымстваў, удалых метадычных распрацовак, вучнёўскіх перамог на гарадскіх, раённых і абласных конкурсах, канферэнцыях даследчых работ. Яна ўпэўнена: настаўнік як вучыць, так і вучыцца ўсё жыццё, каб ісці ў нагу з часам разам з вучнямі. Зараз тэма педагога ў рамках школьнага інавацыйнага праекта — “Актыўная ацэнка на ўроках рускай мовы і літаратуры праз прызму культуралагічнай кампетэнцыі”. Мультыборд у кабінеце задзейнічаны па максімуме на кожным уроку. Навучэнцы рыхтуюць буктрэйлеры, відэаролікі, прэзентацыі. Могуць на ўрок літаратуры і з гітарай прыйсці: праграмныя творы часта пакладзены на музыку, а калі не — спрабуюць імправізаваць, ствараць уласныя песні. Работа сумесная, але ініцыятыву найчасцей праяўляюць дзеці. Настаўніца сапраўды ўмее заразіць прагай да ведаў і творчага самавыяўлення. Пасля ўрокаў педагог актыўна кантактуе з навучэнцамі ў сацыяльных сетках: узгадняюць планы, абменьваюцца ідэямі і карыснымі спасылкамі на дадатковыя матэрыялы па прадмеце, фільмамі па вывучаных тэмах. Асобная яркая старонка школьнага жыцця, дзе ў ролі арганізатара выступае настаўніца, — экскурсіі па родным краі. Літаральна нядаўна з класам вярнуліся з турыстычнай паездкі, наведалі Хатынь, Мінск і Дукорскі маёнтак. У планах да канца навучальнага года — паглядзець цыркавы паказ у Мінску і наведаць Гродна. Між іншым падарожжы для Іны Вітальеўны — гэта і сямейнае захапленне: напрыклад, мінулым летам разам былі ў Полацку. 

Іна Філіпава : “Я адна дачка ў сям’і, затое ў маёй маці былі чатыры сястры і брат. Неяк у школьныя гады прачытала артыкул (у часопісе ці газеце, і не ўспомню цяпер), дзе абгрунтоўвалася: ідэальная сям’я тая, у якой трое дзяцей. Гэта запала ў сэрца, бо каму ж не хочацца ідэальную сям’ю?! Мой старэйшы сын Кірыл ужо ўсур’ёз задумваецца аб стварэнні ўласнай сям’і, ён вучыцца ў ВДУ імя П.М.Машэрава. Сюды ж сёлета паступіла дачка Ганна пасля выпуску з Віцебскага кадэцкага вучылішча. Абое вывучаюць правазнаўства, збіраюцца звязаць прафесійную дзейнасць з сілавымі структурамі. Малодшанькі, Міша, — чацвёртакласнік. Дачка скончыла музычную школу па класе цымбал, самастойна асвоіла гітару. Мы сябруем са спортам. Кірыл займаўся боксам і баскетболам, дачка — канькабежным спортам. Сама стараюся прытрымлівацца актыўнага ладу жыцця, аднак часцей уся ў кніжках. У настаўніцкай рабоце і мацярынстве многа агульнага: трэба любіць дзяцей безумоўнай любоўю, не падзяляць на добрых і дрэнных, знаходзіць агульную мову, быць на адной хвалі. Я, дарэчы, сваіх сыноў і дачку не вучыла: павінна была стаць у Кірыла класным кіраўніком у 5 класе, але пайшла ў дэкрэт. Лічу, што чым больш у цябе дзяцей, тым больш пунктаў апоры ў жыцці, ласкавых і надзейных рук, якія могуць цябе абняць, падтрымаць у цяжкую хвіліну. І мацярынская радасць, шчасце ў мяне памножаныя ўтрая!” 

Традыцыя сям’і ў Дзень маці — сустрэча трох пакаленняў, бо абавязковыя ўдзельнікі свята — бабуля з сёстрамі. Дзеці падрыхтавалі ўжо свае падарункі, віншаванні і сюрпрызы. У меню — самыя любімыя і фірменныя маміны стравы: салат “Святлафор”, бутэрброды “Напалеон”, запечаная ў духоўцы курыца, торт “Кучаравы пінчар”. У гэты дзень сям’я як ніколі адчувае сябе адзіным цэлым. “Маці — самае дарагое, цёплае і блізкае для кожнага чалавека, — пераканана Іна Філіпава. — Мы да таго часу крыху дзеці, пакуль з намі нашы маці, гэта найвышэйшая каштоўнасць. Глыбока сімвалічна, што Дзень маці адзначаецца ў той жа дзень, што і свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Маці Божая — наша заступніца, а Пакроў — тая засцярога, якую яна ўсім нам дае ад жыццёвых нягод, тое натхненне і сілы, якія дорыць на далейшае жыццё”.


Марына Гузенка, настаўнік-дэфектолаг: “У маёй спецыяльнасці найбольш прывабнае і складанае, напэўна, — гэта індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, які ты шукаеш пастаянна і знаходзіш. Такое шчасце, калі потым бачыш аддачу, пэўны вынік! У мінулым годзе выпусціла 4 клас, у мяне былі дзеці з цяжкасцямі ў навучанні. Сустракаю іх у школе, бачу радасць у вачах — яна сугучная з маёй. Веды патрэбны, як і многае астатняе, але бачыць дзіцячае шчасце і радасць — галоўнае. Дзеці часта прыходзяць да мяне ў кабінет проста паразмаўляць, ім цікава. Дзеля гэтага хочацца пастаянна ўдасканальвацца ў прафесіі, эксперыментаваць, асвойваць новае. Мая настаўніцкая біяграфія даволі нетрывіяльная, бо ў ВДУ імя П.М.Машэрава я паступіла пасля таго, як стала мнагадзетнай маці. У кастрычніку нарадзіла малодшую дачку Сашу, а праз год восенню ўжо была студэнткай-завочніцай — старэйшай па ўзросце ў групе. Гэта свядомае рашэнне і, як цяпер пераканалася, абсалютна правільнае”. 

Марына Вікенцьеўна родам з Латвіі. Бацька — ваенны, прызываўся з Беларусі. На момант пераезду на Віцебшчыну дзяўчыне было 17 гадоў. Тут яна і сустрэла сваю другую палавінку. Абое вельмі хацелі дзяцей, але спазнаць доўгачаканае бацькоўскае шчасце давялося толькі праз сем гадоў пасля стварэння сям’і. Цяпер Ілья ў 9 класе, Алеся — у 7-м, Аляксандра сёлета пайшла ў 1 клас. Маці па першай прафесіі мадэльер-канструктар. Выбар другой абумовіла работа ў дашкольнай установе, дзе загадчыца Наталля Пузанава ўзяла на аловак перспектыўную работніцу і настойліва ўгаворвала набыць вышэйшую педагагічную адукацыю, а таксама сумная жыццёвая гісторыя. Пасля абследавання падчас цяжарнасці ўрач параіў Марыне пазбавіцца дзіцяці, бо рызыка нарадзіць немаўля з адхіленнямі ў развіцці была надзвычай высокай. Тая ўважліва выслухала — і пачала вывучаць неабходную літаратуру, каб у будучыні дасведчана змагацца з усімі цяжкасцямі. На жаль, воляй лёсу дзіця страціла, аднак цікавасць да педагагічнай дзейнасці і спецыяльнай адукацыі засталася. Ледзь не адмовілася ад вучобы, калі даведалася: у перыяд сесій вучыцца трэба будзе з 15 гадзін і часам затрымлівацца да 21-й вечара. У роспачы дома сказала мужу: “Здаецца, я не змагу”. І пачула ў адказ: “Ты не зможаш, затое мы зможам. Вучыся”. Сапраўды, разам справіліся. Як і з заканчэннем аўташколы: цяпер Марына Вікенцьеўна не ўяўляе жыцця без магчымасцей, што дае ўласная машына. З ёй значна прасцей, бо дзеці вучацца ў розных школах у розныя змены, да таго ж займаюцца дадаткова: каму трэба на гімнастыку, каму — у басейн, на гурток па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у ВДУ на заняткі, плюс уласная работа, а гэта чацвёртая школа ў штодзённым сямейным маршруце… Без рэжыму і правільнага размеркавання часу ніяк! Абавязкі ў сям’і падзяляюць па індывідуальных схільнасцях і інтарэсах, адпачываюць звычайна разам.

Марына Гузенка: “Прыклад з жыцця: Леся ў нас адказная па блінах, Ілья — па яечні: ні ў кога ў сям’і смачней згатаваць не атрымліваецца, тата больш па частцы паесці, я за шэф-кухара. Уборкай займаемся ўсе, арганізуе часцей Ілья. Для мяне верасень, кастрычнік — напружаныя ў рабоце месяцы: дакументацыя, знаёмства з новымі дзеткамі ў школе. Ведаеце, я кайфую ад амаль дарослага сына. Ілья — гэта цяпер наша мужчынская падтрымка, пакуль муж у рэйсах (ён вадзіцель-дальнабойшчык), і дысцыпліну наводзіць. Між тым парадак наладзіць няпроста, бо ў кватэры яшчэ жывуць кошка з наравістым характарам і 8 хамякоў. Сямёра з’явіліся на свет тыдзень назад, зараз мы ім шукаем надзейных гаспадароў. Дзень маці — асаблівае сямейнае свята. Будуць і словы падзякі, віншаванні, падарункі ад дзяцей, і стол з любімымі прысмакамі. Ілья звычайна аддае перавагу нечаму патрэбнаму. У 4 класе па драбнічцы неўпрыкмет адкладваў кішэнныя грошы і падарыў мне прыгожую, зручную апрацоўчую дошку. І сёння ёй карыстаюся. Дачка — творчая асоба, у яе ўсе падарункі эксклюзіўныя, з сюрпрызам: малюе плакаты, клеіць, вышывае бісерам. Абавязкова павіншуем старэйшае пакаленне. Мая маці і маці мужа жывуць непадалёк ад Віцебска, аднак мы больш мабільныя, таму самі да іх завітаем у госці. Увогуле, любім выязджаць за горад. Прыглядзелі аграсядзібу ў Шумілінскім раёне. Невялічкі спраўны хутарок над Дзвіной, маляўнічыя пейзажы, свежае паветра — прыгажосць. Увосень, спадзяюся, таксама туды выберамся. У нас агульная сямейная мара: вялікі дом і вялікі сабака. Працуем над гэтым, спадзяёмся, што ўсё спраўдзіцца”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.