Матывуе на поспех

- 9:55Людзі адукацыі

Свой прафесійны шлях настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 43 Магілёва Святлана Караленка выбірала свядома. Выхоўваючыся ў сям’і педагогаў, яна з дзяцінства не па чутках ведала ўсё аб няпростай настаўніцкай прафесіі. І тым не менш цвёрда вырашыла прадоўжыць педагагічную дынастыю.

Над профілем Святлана Мікалаеўна таксама не разважала. Яшчэ ў школе вызначылася: працягваць адукацыю будзе на геаграфічным факультэце цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. На гэты выбар паўплываў бацька, які, будучы настаўнікам геаграфіі, цалкам захапіў яе гэтай рознабаковай навукай. У часы студэнцтва гэтае захапленне толькі ўзмацнілася.
— Геаграфію мы вывучалі не толькі ў сценах ВНУ, але і пры дапамозе ног. Штогод усёй групай падарожнічалі па роднай Беларусі і блізкім замежжы. Ездзілі з палаткамі на Байкал, Урал, ва Украіну, Крым, Прыбалтыку, — расказала Святлана Мікалаеўна.Адметна, што большасць студэнтаў таго курса выбранай у маладосці прафесіі не здрадзілі, сталі высокакваліфікаванымі педагогамі. У іх ліку і Святлана Караленка. Усё яе прафесійнае жыццё, а гэта 44 гады, звязана са школай. Некаторы час даводзілася працаваць на кіруючых пасадах, але асноўны ўпор яна заўсёды рабіла на выкладанне.
— Геаграфія — своеасаблівы мост паміж прыродай і грамадствам. Навука, якая ахоплівае многія бакі жыцця. Таму я заўсёды імкнуся зрабіць свае заняткі максімальна займальнымі для навучэнцаў, — адзначае Святлана Мікалаеўна.
На яе думку, цікавасць вучняў да прадмета непасрэдна залежыць ад настаўніка. Таму на ўроках яна ўмела камбінуе сучасныя педагагічныя тэхналогіі і традыцыйныя методыкі навучання. Не менш важная і практычная накіраванасць заняткаў.
— Вывучаючы тую ці іншую тэму, навучэнцы павінны выразна ўсведамляць, для чаго яны гэта робяць, дзе ў далейшым ім спатрэбяцца атрыманыя веды, — лічыць Святлана Караленка.
Практычную накіраванасць сваіх заняткаў настаўніца забяспечвае пры дапамозе краязнаўчай дзейнасці, арганізацыі розных экскурсій па Магілёўшчыне і Беларусі ў цэлым. Пры гэтым Святлана Мікалаеўна арыентуе вучняў на самастойнае набыццё патрэбных ведаў, уменняў знаходзіць ім практычнае прымяненне. Такі падыход спрыяе фарміраванню ў дзяцей асноў экалагічнага выхавання, геаграфічнай культуры.
Асаблівае значэнне Святлана Караленка надае рабоце з адоранымі навучэнцамі. У распрацаванай ёй сістэме падрыхтоўкі да ўдзелу вучняў у алімпіядным руху няма нічога незвычайнага. Настаўніца практычна штодня сустракаецца з навучэнцамі, у якіх заўважыла пэўную цікавасць да прадмета, і развівае іх здольнасці. Галоўнае, на што яна матывуе сваіх адораных вучняў, — гэта працавітасць і ўласнае жаданне дасягнуць поспеху. Вынік ад падобнай матывацыі адпаведны: толькі за два апошнія гады вучні Святланы Мікалаеўны заваявалі 18 прызавых дыпломаў на другім, трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.
Плённая праца Святланы Караленка неаднаразова была адзначана ганаровымі граматамі, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Аднак сваім галоўным педагагічным дасягненнем яна лічыць поспехі вучняў. Асабліва тых, хто, як і яна, звязаў сваю прафесію з займальнай геаграфіяй.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.