Мая сям’я — маё багацце, здароўе — лепшы капітал

- 11:59Рознае, Сацыяльны ракурс

Дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” прынята сёлета на перыяд да 2020 года. Гэта ўжо трэцяя падобная праграма, якая дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь, але яна мае пэўныя базавыя адрозненні ад дзвюх папярэдніх. Яе ажыццяўленне грунтуецца на міжведамасным узаемадзеянні, у тым ліку на рабоце Міністэрства адукацыі, перш за ўсё па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы.

Дэмограф з беларускім дыпломам

— Адзін з кампанентаў гэтага праекта — менавіта адукацыйная частка, — заўважае Марына Арцёменка, намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, — як у выглядзе дэмаграфічнай адукацыі, так і ў плане развіцця інфармацыйнай прасторы, інфармацыйна-адукацыйнага суправаджэння дэмаграфічнай палітыкі.

Адукацыйная галіна, а дакладней, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, з’яўляецца партнёрам праекта “Падтрымка рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”. Як нагадала кіраўнік гэтага праекта Мар’яна Сакалова на семінары для журналістаў, што праводзіў Фонд ААН па народанасельніцтве, на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўведзена спецыяльнасць “Геадэмаграфія”. Такія спецыялісты неабходны краіне для прыняцця вывераных рашэнняў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі, правядзення маніторынгаў па іх выкананні і г.д.

Менавіта на базе БДУ мяркуецца зрабіць ацэнку патрэбы Беларусі ў спецыялістах-дэмографах і распачаць распрацоўку так званай дарожнай карты дэмаграфічнай адукацыі ў вышэйшай школе краіны, складанне праграм дэмаграфічнай адукацыі. Сёлета дзве падобныя праграмы былі абноўлены, будуць падрыхтаваны яшчэ дзве. У рамках праекта выкладчыкі БДУ праходзяць спецыялізаваныя стажыроўкі ў замежных універсітэтах, удзельнічаюць у канферэнцыях, праводзіцца студэнцкая канферэнцыя па дэмаграфіі, у рамках праекта для навучэнцаў спецыяльнасці “Геадэмаграфія” абсталяваны камп’ютарны клас.

— Мы ведаем пра зацікаўленасць некаторых іншых універсітэтаў, — гаворыць Мар’яна Сакалова. — Яны прапаноўваюць увесці агульную дэмаграфічную адукацыю для студэнтаў гуманітарных і сацыяльных спецыяльнасцей. Але зразумела, што падрыхтоўка спецыялістаў у галіне дэмаграфіі шмат у чым вызначаецца патрэбай у такіх прафесіяналах. Менавіта таму мы спачатку ацэньваем неабходнасць і патэнцыял такой адукацыі ў Беларусі на базе БДУ.

Унікальным элементам праграмы па падтрымцы рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі з’яўляецца сацыялагічнае даследаванне фарміравання сям’і, стабільнасці сямейных адносін і нараджальнасці ў зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах жыцця беларусаў. Палявыя работы па гэтым даследаванні распачнуцца ў 2017 годзе. Упершыню ў Еўропе, а магчыма, і ва ўсім свеце, Беларусь будзе праводзіць такое даследаванне па новай методыцы, па новай анкеце і з выкарыстаннем планшэтаў. Плануецца, што ў даследаванні будзе задзейнічана 10 тысяч рэспандэнтаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны краіны. Выканаўцам гэтага шырокамаштабнага апытання з’яўляецца Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. Работа распачнецца ў студзені, завершыцца ў кастрычніку будучага года.

Я, ты, ён, яна

Паказчыкі папярэдняй праграмы дэмаграфічнай бяспекі выкананы. Па статыстыцы, два апошнія гады ў Беларусі назіраецца абсалютны прырост колькасці насельніцтва краіны.

— Гэта стала магчымым дзякуючы павышэнню нараджальнасці, зніжэнню смяротнасці і, канечне, пазітыўным міграцыйным працэсам (станоўчае сальда летась склала 18,5 тысячы чалавек), — каменціруе М.Б.Арцёменка. — Дэмаграфічныя нажніцы ў 2015 годзе самкнуліся, узровень смяротнасці пакуль перавышае ўзровень нараджальнасці, але не намнога: натуральнае змяншэнне колькасці насельніцтва летась склала 998 чалавек. У параўнанні з 2010 годам гэты паказчык скараціўся ў 29 разоў, калі натуральнае змяншэнне насельніцтва складала больш за 29 тысяч чалавек. А ў Мінску і Брэсцкай вобласці ў нас зарэгістраваны натуральны прырост насельніцтва.

Праўда, у Беларусі працягваецца пагаршэнне полаўзроставай структуры насельніцтва, але працягваецца рост нараджальнасці: у 2015 годзе ў краіне нарадзілася 119 тысяч немаўлят. Гэта самы высокі паказчык за апошнія 20 гадоў. Што, бадай, яшчэ больш важна, — расце памер беларускіх сем’яў, доля дзяцей, якія нарадзіліся другімі і наступнымі, складае зараз больш за 57%. А мнагадзетных сем’яў у Беларусі налічваецца ўжо 83 тысячы, па даных перапісу насельніцтва, у 2009 годзе такіх сем’яў у нас было 62,5 тысячы.

Беларусь, як вядома, адносіцца да краін з нізкай мацярынскай і дзіцячай смяротнасцю і апярэджвае па гэтым паказчыку краіны СНД і шэраг краін Еўропы. Канечне, на зніжэнне смяротнасці аказалі ўплыў якасць і арганізацыя медыцынскай дапамогі падчас цяжарнасці і родаў, скарачэнне за 10 апошніх гадоў колькасці абортаў практычна ў 4 разы.

— Безумоўна, тыя поспехі, што дасягнуты ў сферы аховы мацярынства і дзяцінства, — гэта доўгатэрміновыя поспехі, — заўважае спецыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. — Арганізавана служба планавання сям’і, развіта сетка кансультацый “Шлюб і сям’я”, дзейнічае 49 цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, на базе арганізацый аховы здароўя, у штаты родадапаможных устаноў уведзены пасады псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, у тым ліку для перадабортнага кансультавання жанчын.

Пры гэтым чакаецца ўзмацненне тэндэнцыі да старэння насельніцтва: ужо сёння ў Беларусі, пражываюць 2 млн 357 тысяч асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, а гэта практычна кожны чацвёрты жыхар краіны. Да 2020 года колькасць такіх беларусаў складзе прыкладна 27% насельніцтва.

Пры гэтым чаканая працягласць жыцця беларусаў у апошнія 10 гадоў павялічылася на 5,3 года і склала сёння 73,9 года. Праўда, розніца паміж чаканай працягласцю жыцця жанчын і мужчын вялікая — больш за 10 гадоў. Адну з найважнейшых прычын гэтай з’явы спецыялісты бачаць у гендарных стэрэатыпах — ва ўстаноўцы беларусаў на тое, што “мужчыны не плачуць і не скардзяцца”, а значыць, не ідуць да ўрачоў да апошняга, калі дапамагчы ім ужо немагчыма.

***

Якія высновы можна зрабіць з усіх прыведзеных і многіх іншых фактаў? Перш за ўсё, адзначаюць спецыялісты, трэба гаварыць пра тое, што на дэмаграфічныя працэсы можна і неабходна ўплываць, што комплекс мэтанакіраваных мер прынёс свае вынікі. Асноўнае адрозненне новай Дзяржпраграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” ад папярэдніх у тым, што акцэнт зроблены на здароўе насельніцтва (падпраграмы “Папярэджанне і пераадоленне п’янства і алкагалізму”, “Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў”, “Туберкулёз”, “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі”, “Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”) і іншыя складнікі (падпраграмы па сям’і і дзяцінстве, па знешняй міграцыі).

Генеральная ж задача дзяржпраграмы — стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне чаканай працягласці жыцця (пакуль Беларусь на 107-м месцы са 194-х, па ацэнцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя). Многае, пагадзіцеся, залежыць і ад кожнага з нас, ад адказнага стаўлення да свайго здароўя.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.