Мелодыя жыцця — школьны званок

- 11:30Людзі адукацыі

Ужо 27 гадоў у Мастоўскім краі на ніве адукацыі плённа працуюць Аляксандр Рыгоравіч і Вольга Валянцінаўна Старавойтавы. Маладая сям’я прыехала сюды пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З часам агульным месцам працы прыгожай, гарманічнай пары педагогаў стала сярэдняя школа № 2 Мастоў.

Аляксандр Рыгоравіч — настаўнік гісторыі і грамада знаўства. З 2007 года займае пасаду дырэктара. Спачатку быў кіраўніком Зарудаўскай агульнаадукацыйнай базавай школы Мастоўскага раёна і ўжо 11 гадоў узначальвае сярэднюю школу № 2 Мастоў. Аднак ён ніколі б не згадзіўся быць выключна дырэктарам, перастаўшы пры гэтым весці ўрокі. І зараз ён паспявае не толькі кіраваць установай, якая паказвае высокія вынікі ў розных кірунках, але і паспяхова выкладаць. Яго вучні — частыя пераможцы і прызёры раённага этапу прадметных алімпіяд. Сёлета выпускніца атрымала найвышэйшы бал на цэнтралізаваным тэсціраванні па гісторыі Беларусі.

— Урокі — асабліва дарагі і цікавы для мяне час, неад’емная частка майго жыцця, — адзначае А.Р.Старавойтаў. — Мне важна не толькі сустракацца са школьнікамі на перапынках і школьных мерапрыемствах, але і самому даваць ім веды, развіваць. Да таго ж, менавіта дзякуючы ўласным урокам, я лепш разумею, чым жывуць і цікавяцца сённяшнія вучні розных класаў, да чаго яны імкнуцца. Гэта дае магчымасць аператыўна рэагаваць на іх запыты, каб у роднай школе дзеці адчувалі сябе камфортна і ва ўсім самарэалізоўваліся. Вялікае настаўніцкае шчасце — бачыць, што ўдалося ўнесці свой уклад у адукацыю і выхаванне чалавека, дапамагчы яму знайсці сваё месца ў жыцці і стаць дастойным членам грамадства.

Для Аляксандра Рыгоравіча важна было стварыць у школе абстаноўку, спрыяльную і для паспяховай вучобы, і для рознабаковага развіцця, творчасці. Сёння дзеці маюць магчымасць вучыцца ў спецыялізаваных спартыўных класах, займацца ва ўзорным тэатры “Музы” ці тэатры песні “Добрыя казкі”, шматлікіх гуртках. Было б жаданне! У мінулым годзе па запытах бацькоў з’явіўся беларускамоўны клас. Традыцыйна старшакласнікі могуць выбраць для сябе профільнае навучанне, каб узмоцнена займацца прадметамі, якія найбольш цікавяць і патрэбны для паступлення.

Дырэктара і калектыў школы вельмі радуюць поспехі навучэнцаў. Сёлета на цэнтралізаваным тэсціраванні тры чалавекі атрымалі запаветныя сто балаў. Усе выпускнікі паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на бюджэтную форму навучання. Маладыя людзі і бацькі ўдзячны роднай установе адукацыі за тое, што дала ім такі паспяховы старт.

— Я не лічу, што патрэбен нейкі асаблівы талент для таго, каб добра вучыцца і праявіць сябе ў творчасці, — сцвярджае Аляксандр Рыгоравіч. — У кожнага чалавека ёсць свае здольнасці, пэўны патэнцыял. Безумоўна, немагчыма раскрыць яго, развівацца без пастаяннай работы настаўніка і вучня. Калі гэтыя намаганні спалучаюцца, удаецца зацікавіць дзіця і атрымаць станоўчыя вынікі.

У сваёй рабоце Аляксандр Рыгоравіч кіруецца прынцыпамі дыпламатыі, сістэматычнасці і паслядоўнасці. З самага пачатку зрабіў стаўку на згуртаванне калектыву, павышэнне педагагічнага майстэрства настаўнікаў. Дырэктара сярэдняй школы № 2 вылучаюць мэтанакіраванасць, творчы, індывідуальны падыход да кожнага, інтэлігентнасць.

Жонка Аляксандра Рыгоравіча — яго надзейная падтрымка і аднадумец, бо выдатна разумее ўсе настаўніцкія радасці і праблемы. Вольга Валянцінаўна родам з Мастоў, пасля заканчэння ўніверсітэта сям’я пасялілася на яе малой радзіме. В.В.Старавойтава выкладае рускую мову і літаратуру. У студэнцкія гады філолаг і гісторык адчулі ўзаемную сімпатыю і знайшлі агульныя інтарэсы. Яны на ўласным прыкладзе ведаюць: вялікае шчасце, калі муж і жонка з цікавасцю глядзяць у адным кірунку. Для сям’і Старавойтавых агульнай тэмай, якая яшчэ больш іх аб’яднала, стала педагогіка. Зараз жа ў іх на дваіх не толькі адна прафесія, але і школа, дзе рэалізуюцца іх адданасць справе, вопыт і жаданне дасягнуць максімальных вынікаў.

Вольга Валянцінаўна — удзельніца раённай творчай групы педагогаў. На працягу 8 гадоў узначальвала раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў рускай мовы і літаратуры. Сёлета вучаніца Вольгі Валянцінаўны таксама атрымала сто балаў на ЦТ. Гэта было вельмі радаснай навіной як для сям’і Старавойтавых, так і для школы. Настаўніца ўжо на працягу шэрага гадоў вядзе міжшкольны факультатыў па рускай мове, дапамагаючы такім чынам юным мастаўчанам на высокім узроўні авалодаць прадметам. Вучні В.В.Старавойтавай — пастаянныя пераможцы і прызёры раённай прадметнай алімпіяды. На працягу апошніх 3 гадоў яны займалі 1-е, 2-е і 3-е месцы адначасова, не пакідаючы іншым шансаў на перамогу.

Высокую патрабавальнасць настаўніца ўдала спалучае з разуменнем і мудрасцю, і такі падыход дае свой плён. Для Вольгі Валянцінаўны важнае дасягненне — выхад вучня на новы ўзровень. Калі амаль абыякавы да вучобы пяцікласнік з пяці-шасці балаў праз некалькі гадоў вырастае да адзнакі  “восем” або “дзевяць”, што можа быць лепшым? На сваіх уроках настаўніца стараецца максімальна эфектыўна выкарыстоўваць час, паспявае многае зрабіць разам з вучнямі, не перагружаючы іх вялікімі дамашнімі заданнямі. Прымяняе метад актыўнай ацэнкі, часта арганізоўвае ролевыя гульні, прапануе індывідуальныя заданні, розныя формы ўзаемакантролю, індывідуальна-групавыя заданні рознаўзроўневага характару, тэставыя формы праверкі ведаў, заахвочвае школьнікаў да пазнавальнай дзейнасці.

У мінулым навучальным годзе як класны кіраўнік Вольга Валянцінаўна выпусціла ў дарослае жыццё сваіх адзінаццацікласнікаў. Зараз ёй радасна чуць аб іх першых поспехах у студэнцкім жыцці. Сваю работу з класам В.В.Старавойтава заўсёды накіроўвае на стварэнне матывацыі на поспех, вялікую ўвагу ўдзяляе выхаванню адказнасці і міласэрнасці. Таксама робіць акцэнт на здаровым ладзе жыцця і прафарыентацыі.

Сёлета і Аляксандр Рыгоравіч, і Вольга Валянцінаўна за ўклад у адукацыю і шматлікія дасягненні былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў. Мелодыяй жыцця сям’і Старавойтавых стаў школьны званок. Зноў і зноў ён кліча мужа і жонку на новыя ўрокі, да планаў на будучыню і поспехаў, рабочых будняў, напоўненых працай, якая прыносіць ім радасць і задавальненне.

Таццяна ШЫМКО.