Як і ўсе мамы школьнікаў, у апошні месяц лета пасля работы я мушу хадзіць па магазінах, каб апрануць і абуць дзяцей да школы. Вядома, у ідэале трэба было б зайсці ў адзін вялікі магазін, купіць адразу ўсё і забыць пра школу да верасня. Але, на жаль, не атрымліваецца.
Я паспела пабываць у чатырох вялікіх магазінах сталіцы і хачу сказаць, што ўсюды прадаецца адно і тое ж. І хоць нядаўна лёгкая прамысловасць дэманстравала нам разнастайнасць колераў, тканін і фасонаў, у рэальнасці ўся вопратка па-ранейшаму непрыглядная і самотная. Ад вялікай колькасці чорнага колеру ў дзіцячых аддзелах робіцца неяк не па сабе.
У доўгіх радах чорных штаноў, касцюмаў і камізэлек зрэдку мільгане штосьці шэрага ці сіняга колеру, але гэта, як правіла, не той памер, і мусіш выбіраць з таго, што ёсць. А гэта задача, нягледзячы на прастату зыходных дадзеных — выбраць чорнае з чорнага, даволі складаная. Перабіраеш практычна аднолькавыя рэчы і яскрава разумееш, што не хочаш бачыць гэта на сваім сыне.
Прыкладна тое ж самае ў аддзелах для дзяўчынак: каляровая гама і асартымент вельмі бедны. Праўда, у адрозненне ад хлапечых штаноў сарафаны і сукенкі за кошт пэўнага аздаблення выглядаюць не так панура. Хаця, вядома, хацелася б больш яркіх фарбаў — сініх, фіялетавых, кармінавых…
Я ўвогуле не разумею, чаму вытворцы школьнай формы аддаюць перавагу менавіта чорнаму колеру. Дзелавы стыль для дзяцей не павінен узнаўляць дзелавы стыль дарослых. Нават калі і так, то сёння вельмі рэдка можна сустрэць чыноўніка ў чорным. А паглядзіце, як апранаюцца дзелавыя жанчыны: у іх гардэробе і адзенне яркіх колераў, і абутак, і аксесуары.
Тое ж самае тычыцца і абутку. У майго сына, напрыклад, дзіцячы 37-ы памер нагі. Чаравікі такога памеру пераважна на шнурках (ну навошта ў школьным абутку шнуркі, калі трэба некалькі разоў на дзень пераабувацца?), многія занадта цяжкія і выглядаюць так, быццам прызначаны для пенсіянераў. Ёсць і вытанчаныя, лакавыя, але яны хіба што на вяселле. Ну і, вядома, на 90% хлапечы абутак чорны. Мне, праўда, удалося купіць сыну чаравікі — хоць чорныя, затое з прыгожай белай акантоўкай на падэшве і чырвона-зялёнай гумкай замест шнуркоў. Але тут, як кажуць, пашанцавала.
Што да дзявочага абутку, скажу адно: бедны выбар і дорага.
Прыгоды бацькоў і дзяцей у магазінах — гэта асаблівая тэма. Вядома, усе стараюцца купіць рэчы хоць крыху танней (сама такая), таму ў дні, калі ў магазінах скідкі, там асабліва мнагалюдна. Я стараюся хадзіць у магазіны адна, без дзяцей, бо добра ведаю іх памеры і густы. Калі вагаюся, адпраўляю ім па “Вайберы” фота і атрымліваю хуткі адказ — браць ці не. Гэта не вельмі зручна, бо, калі рэчы не падыходзяць, даводзіцца зноў ехаць у магазін і вяртаць. Затое дзеці не мучаюцца ў чэргах на прымеркі і ў касы, дома спакойна могуць вырашыць, падабаюцца ім рэчы ці не.
Аднак вельмі многія сем’і ходзяць у магазіны з дзецьмі: выбіраюць, прымяраюць, зноў выбіраюць, зноў прымяраюць… Гэтая справа і дарослых людзей вымотвае, а што казаць пра малых?
— Прымерай яшчэ вось гэтыя чаравікі!
Хлопчык з узмакрэлымі валасамі пакорна прымярае і падымае вочы:
— Нармальна, мама.
— Ну як так? 38-ы памер дала — нармальна, 37-ы — нармальна, зараз 35-ы — зноў нармальна?
— Мама, паедзем ужо дахаты…
Вельмі часта можна бачыць, як бацькі навязваюць дзецям свой выбар.
— Я не буду гэта насіць, — ледзь не плача поўненькая дзяўчынка, а ў гэты час мама насоўвае на яе чорную як смоль спадніцу (многія не хочуць стаяць у чарзе ў прымерачную і прымяраюць рэчы ў аддзеле).
— Не дуры, нармальная спадніца! — ціха шэпча маці, хоць бачна, што ёй самой не вельмі падабаецца, але ўжо да смерці надакучылі бясконцыя прымеркі, чэргі і духата.
Пакуль бацькі выбіраюць хлопчыку кашулю, той перабірае ручкамі рознакаляровыя гальштукі. Зняў са стойкі сапраўды прыгожы блакітны гальштук і любуецца. Падышла маці, забрала гальштук і павесіла на месца:
— Ну што ты зноў выбраў? Што за колер? Паглядзі, мы ж ужо ўзялі! — і паказвае сыну чорны гальштук з танюсенькай светлай палоскай.
Карацей, выбар школьнай вопраткі — справа няпростая і нервовая. Тым, хто хоча апрануць сваіх дзяцей модна, ярка і прыгожа, трэба прыкласці немалыя намаганні і заплаціць значныя грошы, бо ўсё, што не чорнае, мае больш высокі кошт.
Затое канцылярскіх тавараў у магазінах — пеналаў, сшыткаў, альбомаў, фарбаў — велізарная колькасць, на ўсе густы і кашалькі. Сёлета ў продажы зноў з’явіліся вельмі дыхтоўна зробленыя дзённікі ў цвёрдай вокладцы. Ёсць спадзяванне, што яны захаваюць такі ж прыгожы выгляд на працягу ўсяго навучальнага года.
Надзвычай прыемна выбіраць яркія алоўкі, ручкі, гумкі, лінейкі. У канцылярскіх аддзелах падабаецца і дзецям, і дарослым.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.