Метадычная культура, роўныя магчымасці, якасць і эфектыўнасць адукацыі

- 12:50Адукацыйная прастора

Гэтыя і іншыя пытанні былі абмеркаваны на абласной жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў Магілёўшчыны “Рэалізацыя аптымальных адукацыйных стратэгій — гарантыя ўстойлівага развіцця рэгіёна”, якая прайшла ў Кіраўску напярэдадні пачатку новага навучальнага года.

У праграму ўвайшло наведванне навучальных устаноў раённага цэнтра, работа па прадметных секцыях, прэзентацыя дасягненняў сістэмы адукацыі Прыдняпроўскага краю, знаёмства ў рамках тэматычных пляцовак з установамі прафесійнай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў падвёў вынікі работы рэгіянальнай сістэмы адукацыі за мінулы навучальны год, акрэсліў стратэгічныя напрамкі развіцця на найбліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву, а таксама запрасіў удзельнікаў мерапрыемства да абмеркавання першачарговых задач, пастаўленых перад галіной кіраўніком дзяржавы на Рэспубліканскім педсавеце.

— Фарміраванне свабоднай, творчай, інтэлектуальна і фізічна развітой асобы — асноўная мэта адукацыі як аднаго з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, — падкрэсліў падчас свайго выступлення Уладзімір Уладзіміравіч. — Выпрацоўка канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі да 2020 года і на перспектыву да 2030 года накіравана на ўдасканаленне механізмаў павышэння якасці, захаванне даступнасці, абнаўленне зместу, матэрыяльнага і інфармацыйнага забеспячэння адукацыі.

Прадметам актыўнага абмеркавання педагагічнай грамадскасці стала якасць адукацыі, якая павінна ацэньвацца па ўзроўні асобаснага і сацыяльнага развіцця кожнага вучня, а таксама пераход на абавязковую агульную сярэднюю адукацыю, удасканаленне правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі, паляпшэнне структуры спецыяльнасцей і пераход да адзінага тыпу ўстаноў прафесійнай адукацыі, змяненне парадку правядзення выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы і многае іншае.

— 1 верасня на Магілёўшчыне за парты сядзе больш як 110 тысяч школьнікаў, установы дашкольнай адукацыі прымуць 45 тысяч дзяцей, — працягнуў дакладчык. — У новым навучальным годзе па аб’ектыўных прычынах на тэрыторыі вобласці былі закрыты дзесяць навучальных устаноў. Гэта звязана з павышэннем эфектыўнасці функцыянавання сістэмы адукацыі рэгіёна — адным з асноўных патрабаванняў, прадыктаваных часам. Аптымізацыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі дазволіла павялічыць сярэднюю напаўняльнасць класаў да 17,3 чалавека, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — да 8,3. Самая высокая напаўняльнасць адзначаецца ў Магілёўскім, Бабруйскім і Крычаўскім раёнах.

На думку спецыяліста, арганізацыя профільнага навучання стварае роўныя магчымасці для атрымання якаснай адукацыі з улікам здольнасцей і прафесійнага выбару вучняў. У такіх умовах праводзіцца ацэнка мэтазгоднасці функцыянавання гімназій. Па ўзгадненні з бацькоўскімі камітэтамі з 1 верасня гімназія Кіраўска працягне сваю работу ў статусе сярэдняй школы. Спынены набор і ў глускую гімназію. У перспектыве рэарганізацыя дазволіць умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі.

На значнай ролі асобасна арыентаванага падыходу ў навучанні дзяцей падрабязна спынілася начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Святлана Васільеўна Уклейка. Паводле яе слоў, першачарговая задача настаўніка — стварыць максімальна камфортныя ўмовы навучання для кожнага дзіцяці незалежна ад яго здольнасцей і ўзроўню падрыхтоўкі. Гэта тычыцца і сістэмы ацэнкі ведаў дзяцей: адзнака не павінна выкарыстоўвацца як інструмент пакарання, яна павінна заахвочваць вучня, працаваць на фарміраванне атмасферы поспеху ў класе.

Выпрацаваць індывідуальны, дыферэнцыраваны падыход да кожнага дзіцяці — бясспрэчна, складаны працэс, асабліва калі ў адным класе сабраны дзеці з абсалютна розным узроўнем ведаў. Аднак імкнуцца да такой арганізацыі працы неабходна, упэўнена Святлана Васільеўна.

— Асобасна арыентаваны падыход у абавязковым парадку трэба падняць на новую вышыню, і гэта задача сістэмы павышэння кваліфікацыі, — адзначыла яна. — Тым не менш нішто не заменіць самаадукацыі: настаўнік павінен пастаянна імкнуцца павышаць свой прафесійны ўзровень, сваё майстэрства. Гэта павінна стаць яго ўнутранай матывацыяй. Мы ніколі нічога не зменім ва ўстанове адукацыі, калі не зможам памяняць стаўленне настаўніка да сваёй працы.

Таксама гаворка ішла аб тым, што галоўную ролю ў школе адыгрывае менавіта настаўнік, а не матэрыяльная база ці вучэбная праграма. Больш за тое, педагог не ахвяра вучэбных праграм або падручнікаў. Нельга прыйсці ў клас непадрыхтаваным са словамі, што праграма складаная, а падручнік дрэнны, лічыць Святлана Уклейка. Нават самую складаную праграму можна асвоіць так, што яна будзе цікавая і займальная і для настаўніка, і для вучня. Прычым гаворка ідзе не пра ператварэнне ўрока ў безадказную гульню, а аб майстэрстве і ступені матывацыі педагога, задача якога — выбраць такую форму арганізацыі вучэбнага працэсу, каб з максімальнай карысцю выкарыстоўваць адведзены на заняткі час для развіцця і выхавання дзіцяці.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Міхайлавіч Кунцэвіч яшчэ раз спыніўся на высокай ролі настаўніцтва як маральнай і ідэалагічнай аснове дзяржавы.

— Словы прэзідэнта аб ролі настаўніка ў сучасных эканамічных рэаліях, дзе галоўным становіцца ўкараненне прарыўных тэхналогій для пабудовы эканомікі ведаў, чарговы раз замацавалі ў грамадскай свядомасці высокі аўтарытэт настаўніцкай прафесіі, — адзначыў ён. — І задача педагагічнай грамадскасці заключаецца ў тым, каб не апусціць гэтую высокую планку, забяспечыўшы сучасныя запыты грамадства і дзяржавы, якія сёння зводзяцца да стварэння магчымасцей для кожнага грамадзяніна Беларусі рэалізаваць сваё права на якасную адукацыю, а таксама да садзейнічання ў яго станаўленні як грамадзяніна сваёй краіны, прафесіянала-працаўніка, адказнага сем’яніна.

Андрэй Міхайлавіч звярнуў увагу на неабходнасць удасканалення метадычнай культуры педагогаў, значнасць якаснай арганізацыі выхаваўчага працэсу і прыцягнення да гэтага пытання дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый. Таксама ён выказаў занепакоенасць узроўнем адукацыі абітурыентаў, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Не засталася без увагі і неабходнасць прысутнасці педагогаў у сацыяльных сетках — асноўным інфармацыйным асяроддзі падлеткаў, не ўлічваць альбо ігнараваць якое ў сучасных рэаліях з прычыны разнастайных рызык для жыцця і псіхікі дзяцей проста немагчыма. Менавіта таму сёння важна навучыць дзіця не толькі ведам, але і разуменню, прывіць вучням уменне аналізаваць і разважаць, супастаўляць розныя пункты гледжання і пазіцыі, адсейваць дэструктыўныя інфармацыйныя патокі. Больш падрабязна абмеркаваць гэтае пытанне прапанавана на асобным семінары-практыкуме з прэзентацыяй перадавога вопыту і тэматычных напрацовак.

Напрыканцы канферэнцыі адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне педагогаў і трэнераў, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, спецыяльнымі дыпломамі і прэміямі Магілёўскага аблвыканкама. Таксама былі ўручаны ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі і нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. За дапамогу ў падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года падзячнымі лістамі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама адзначаны прадпрыемствы і гаспадаркі рэгіёна.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.