Метадычная работа: інтэрактыўна, апераджальна, дыстанцыйна

- 12:21Якасць адукацыі

З году ў год павышаюцца патрабаванні да якасці падрыхтоўкі выпускнікоў школ. А гэта ў сваю чаргу патрабуе пастаяннага ўдасканалення настаўнікам сваіх прафесійных якасцей як прадметніка, як мудрага выхавальніка і як дзіцячага псіхолага. І без метадычнай дапамогі не абысціся ні вопытнаму педагогу, ні маладому спецыялісту. Для таго каб метадычная работа ў школе была накіравана на павышэнне прафесійнага ўзроўню настаўніка, яго кампетэнцый, яна павінна весціся лагічна абгрунтавана, каб формы адпавядалі зместу, а змест выцякаў з праблем, якія вырашаюцца школай. Адным словам, неабходна лагічна выбудаваная сістэма метадычнай работы. У сталічнай гімназіі № 5 у адукацыйную практыку ўкараняецца кластарная мадэль навукова-метадычнага суправаджэння прафесійнай дзейнасці педагогаў і праектна-матрычная сістэма кіравання. Аб тым, што ўяўляе сабой кластарная мадэль, як яна рэалізуецца на практыцы, у чым перавагі праектна-матрычнай сістэмы кіравання, мы гутарым з метадыстам гімназіі Людмілай Іванаўнай ВАСІЛЕВІЧ.

— Людміла Іванаўна, ці патрэбна метадычная служба ва ўстанове адукацыі? Метадыст у школе ці гімназіі — вялікая рэдкасць?

— Так, не ў кожнай навучальнай установе ёсць метадыст. Звычайна яго функцыянальныя абавязкі размеркаваны ў рабоце іншых спецыялістаў, часцей намеснікаў дырэктара, але метадычная работа планамерна вядзецца ва ўсіх установах адукацыі. Магчыма, яна менш прыкметная для педагагічных работнікаў з вялікім стажам работы, бо гэта ўжо з’яўляецца сістэмай, у якую пагружаецца любы педагог штодзённа. А вось маладыя спецыялісты, сутыкнуўшыся з педагагічнай практыкай, па-сапраўднаму разумеюць, што прабелаў у адукацыі ў іх значна больш, чым ведаў. І менавіта пачынаючыя педагогі лепш за ўсё бачаць метадычную работу.

Апошнім часам асабліва ў рэгіёнах педагогі скардзяцца, што метадысты выконваюць кантралюючую функцыю, аднак ніякага кантролю метадыст не павінен ажыццяўляць. У першую чаргу нам неабходна аказваць кансалтынгавыя паслугі, дапамогу настаўнікам у іх прафесійным удасканаленні, павышэнні прафесійнага майстэрства, ажыццяўляць навукова-метадычнае суправаджэнне адукацыйнай дзейнасці і інш. Мы можам назапашваць і сістэматызаваць метадычныя матэрыялы, аналізаваць стан вучэбна-метадычнай работы, праводзіць экспертызу аўтарскіх рукапісаў, вучэбных выданняў і інш.

— Як арганізоўваецца метадычная работа непасрэдна ў гімназіі?

— Базісам, на якім будуецца ўся надстройка педагагічных тэхналогій, з’яўляецца тэхналогія кіравання адукацыйным працэсам праз навукова-метадычную работу, якая складаецца з двух складнікаў: вучэбна-метадычнага і навукова-даследчага. Вучэбна-метадычная работа накіравана на павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў, а навукова-даследчая, як правіла, — на апрабацыю пэўных інавацыйных тэхналогій, удзел педагогаў у эксперыментальнай дзейнасці, на развіццё асобных кампанентаў складанай педагагічнай сістэмы: змест адукацыі, удасканаленне арганізацыі адукацыйнага працэсу, педагагічны менеджмент сучаснага ўрока і інш. Якія пры гэтым выкарыстоўваюцца формы павышэння кваліфікацыі педагогаў? Эфектыўная практыка па самакіраванні ў гімназіі праходзіць праз педагагічны савет, да кампетэнцый якога адносяцца правядзенне работы па развіцці творчага патэнцыялу педагогаў, укараненне ў практыку дасягненняў педагагічнай навукі, эфектыўных тэхналогій і методык, вывучэнне педагагічнага вопыту. Да кожнага педсавета праводзіцца сур’ёзная падрыхтоўка: анкетаванне настаўнікаў і вучняў з мэтай удакладнення канкрэтнай праблемы на аснове аналізу сітуацыі, распрацоўка яго канцэпцыі, фарміраванне творчай групы, правядзенне прапедэўтычных семінараў-практыкумаў. І гэта ўсё работа метадыста.

Асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі метадычнай сеткі гімназіі з’яўляюцца прадметныя метадычныя аб’яднанні, часовыя творчыя аб’яднанні (“Творчая лабараторыя СППС”, “Творчая майстэрня”, у якую ўваходзяць настаўнікі выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання). Для маладога спецыяліста працуе школа пачынаючага настаўніка, дзе непасрэдна маладому педагогу аказваецца дапамога ў метадычным плане. Павышэнне прафесійнага майстэрства, курсавая падрыхтоўка, адсочванне тэрмінаў, у адпаведнасці з якімі кожны педагог павінен наведаць тыя ці іншыя курсы ці вучэбныя семінары, — гэта таксама ўваходзіць у работу метадыста.

Калі гаварыць пра другі складнік — навукова-даследчую работу, то ў гімназіі дзейнічае праектна-матрычная арганізацыя кіравання, якая разглядаецца як адзін з метадаў развіццёвага навучання, накіраванага на выпрацоўку самастойных даследчых уменняў, развіццё творчых здольнасцей, стварэнне ўласнага інтэлектуальнага прадукту, які прызначаны для выкарыстання ў адукацыйнай практыцы. Работа нашай гімназіі пабудавана на праектах. На сёння іх рэалізуецца 53 — педагагічныя, вучнёўскія, выхаваўчыя, метадычныя, якія накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, развіццё сістэмы арганізацыі і інфарматызацыі адукацыйнага працэсу, даследчай дзейнасці. Ініцыятыва распрацоўкі праектаў зыходзіць ад нашых педработнікаў. Арганізатарам і каардынатарам, галоўным кансультацыйным органам па пытаннях навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў гімназіі з’яўляецца інфармацыйна-метадычны цэнтр — крэатыўная прастора для педагогаў. Метадыст стымулюе калег, падказвае, што сёння актуальна і на што можна звярнуць увагу, што з’яўляецца спецыфічным для нашай установы адукацыі, каб праграма развіцця, якую мы распрацавалі на 2016—2020 гады, была рэалізавана.

Значную дапамогу педагогам аказвае і ВІРЗА — віртуальная завочная адукацыйная акадэмія, метадычная інфармацыйная база, якая ўтрымлівае ў сабе ўсе напрамкі педагогікі: дыдактыку, выхаванне, менеджмент адукацыі і інш. Гэта сістэма аднаўляецца і кожны настаўнік гімназіі можа атрымаць тут любую інфармацыю. Мы рэкамендуем карыстацца гэтым электронным прадуктам. На жаль, мы не можам выкласці яго ў інтэрнэт, бо ён вельмі цяжкі.

Асаблівасцю апошніх двух гадоў стала кластарная мадэль навукова-метадычнага суправаджэння метадычнай работы.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб кластарнай мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння. Як прыйшла ідэя распрацоўкі такога праекта?

— На мой погляд, любы метадыст павінен трымаць нос па ветры. Мы не абмяжоўваемся толькі тым, што прапаноўваюць нам зверху, вывучаем дакументацыю, цікавыя матэрыялы, выступленні, дзе прасочваюцца перспектывы развіцця сістэмы адукацыі. Паколькі наша гімназія з’яўляецца базай для правядзення раённых метадычных аб’яднанняў (на сёння іх 5 — класных кіраўнікоў, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце, выхавальнікаў групы прадоўжанага дня, сацыяльна-педагагічнай службы і кіраўнікоў рэсурсных цэнтраў), то з’явілася ідэя аб’яднаць усё тое, што назапашана на працягу шэрага гадоў: тое, чым дзеляцца калегі з намі, тое, што мы можам прадаставіць у плане метадычных напрацовак. У выніку быў распрацаваны адукацыйны кластар з улікам інтарэсаў і патрэб раёна. Тым больш што сістэма вышэйшай адукацыі арыентавана на кластарную мадэль. У перакладзе з англійскай мовы кластар — “збор, гронка”. Адукацыйны кластар разглядаецца як сеткавая арганізацыя камплементарных і тэрытарыяльна ўзаемазвязаных адносін, супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з арганізацыямі, аб’яднанымі вакол інавацыйнага цэнтра, дзейнасць якога накіравана на вырашэнне пэўнай задачы. Арыгінальным для нашай мадэлі з’яўляецца тое, што наш кластар мае два напрамкі: тэрытарыяльны кластар, які аб’ядноўвае ўстановы адукацыі Партызанскага раёна, і лакальны кластар, накіраваны на развіццё праектна-матрычнай арганізацыі кіравання ўнутры гімназіі. Што тычыцца тэрытарыяльнага кластара, мэта яго — павышэнне канкурэнтаздольнасці і інавацыйнага патэнцыялу школ і гімназій Партызанскага раёна, аказанне метадычнай дапамогі ў развіцці метадычных фарміраванняў устаноў адукацыі, а таксама садзейнічанне пашырэнню і арганізацыі па рознабаковым развіцці педадукацыі як сродку павышэння якасці падрыхтоўкі спецыя-лістаў. Яшчэ адна важная задача — распрацоўка і аказанне сэрвісных метадычных паслуг, накіраваных на задавальненне адукацыйных патрэб як кіраўнікоў устаноў адукацыі, так і педагогаў раёна. Тэхналогія тэрытарыяльнага кластара заключаецца ў лакалізацыі і агламерацыі суб’ектаў кластара на пэўнай тэрыторыі, у назапашванні спецыфічных галіновых ведаў у кластары, хуткім іх распаўсюджванні. Калі збіраюцца педагагічныя работнікі, якія маюць шмат ідэй, то гэтымі ідэямі пачынаюць карыстацца ўсе. Гэта садзейнічае і пашырэнню канкурэнцыі, што стымулюе інавацыі і павышае канкурэнтаздольнасць створанай адукацыйнай прадукцыі, якая распрацоўваецца дзякуючы кластару. А таксама развіваюцца ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі кластара.

Што тычыцца лакальнага кластара, то ідэя яго стварэння нарадзілася дзякуючы новай праграме развіцця гімназіі на 2016—2020 гады. Ён мае тры інавацыйныя сегменты. Першы сегмент — пераход гімназіі на праектна-матрычную арганізацыю кіравання. Характэрнай яе асаблівасцю з’яўляецца двайное падпарадкаванне метадычных падраздзяленняў і асобных педагогаў, арганізаваных у праектныя кластары. Як правіла, ва ўстанове адукацыі існуе лінейнае кіраванне, а праектна-матрычная арганізацыя дае магчымасць пераразмеркавання абавязкаў на іншыя структуры. З ліку намеснікаў дырэктараў былі створаны так званыя кіраўнікі дывізіянальных структур, кожны з якіх адказвае за кіраўніцкія, метадычныя, педагагічныя, вучнёўскія праекты. Акрамя таго, кожны з намеснікаў дырэктара адказвае альбо за якасць адукацыі, альбо за сістэму выхаваўчай работы, альбо за даследчую дзейнасць, альбо за інфарматызацыю ці сістэму арганізацыі адукацыйнага працэсу. З ліку кіраўнікоў прадметных метадаб’яднанняў (а іх у гімназіі 12) прызначаюцца арганізаваныя кіраўнікі партфеля праектаў. Другі сегмент — інавацыйны (педагагічныя работнікі займаюцца распрацоўкай праекта і падключаюць педагогаў з іншых метадычных аб’яднанняў для ўдзелу і рэалізацыі ў тым ці іншым праекце). Трэці сегмент праектнага кластара накіраваны на развіццё высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя. Мы лічым, што сучасны настаўнік — мабільны настаўнік, і пераход ад пасіўнага да апераджальнага навучання (ад калектыўнай формы работы да самаадукацыі) гаворыць пра тое, што сёння ў самаадукацыі настаўніка пераважае дыстанцыйная адукацыя, якая прапаноўваецца МГІРА і АПА і дае магчымасць кожнаму педагогу павышаць сваё прафесійнае майстэрства з дапамогай інтэрнэт-паслуг.

— Людміла Іванаўна, праз два гады рэалізацыі праекта ўжо можна сказаць, наколькі эфектыўнай аказалася кластарная мадэль?

— Мне падаецца, што ў нас усё атрымалася. Сёння мы дакладна ведаем, у якім напрамку нам працаваць (і працаваць беспамылкова). Мы дапамагаем іншым установам адукацыі. Настаўнікі звяртаюцца па дапамогу пры падрыхтоўцы да конкурсаў педмайстэрства, пры напісанні работ пры абагульненні педвопыту, пры напісанні грантаў, проста за кансультацыяй.

— Якія сёння найбольш запатрабаваныя формы метадычнай работы ў гімназіі?

— Метадычнай службай гімназіі выкарыстоўваюцца як традыцыйныя формы работы (праходжанне курсавой падрыхтоўкі па павышэнні кваліфікацыі на базах МГІРА, АПА, метадычныя прадметныя тыдні, настаўніцтва, праблемныя, вучэбныя семінары, семінары-практыкумы, круглыя сталы), так і інавацыйныя (дзейнасць філіяла кафедры педагогікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта). Дарэчы, работа філіяла кафедры накіравана на ажыццяўленне інавацыйнай педагагічнай дзейнасці, правядзенне практыка-арыентаваных семінараў для настаўнікаў і класных кіраўнікоў гімназіі, забеспячэнне ўдзелу навучэнцаў у конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях і іншых мерапрыемствах, якія праводзіць МДЛУ. Асаблівасцю ў арганізацыі дзейнасці творчых аб’яднанняў за апошнія гады з’яўлялася шырокае выкарыстанне інтэрактыўных метадаў: дзелавых, ролевых гульняў, практыкумаў, трэнінгаў і інш. Мы часта практыкуем крэатыўна-развіццёвыя гульні, квеставую работу, вывучэнне праблемных сітуацый. На семінарах і педсаветах вядзецца групавая работа, дзе адбываецца разбор пэўных педагагічных сітуацый. Мы даўно адышлі ад дакладаў — ад чыста тэарэтычнага ўспрымання матэрыялу. Усё праходзіць праз практыку, праз магчымасць настаўніку прапусціць усё праз самога сябе. Так, нядаўна ў форме дзелавой гульні “Аўкцыён педагагічных ідэй” прайшоў педагагічны савет “Ад традыцыі да навацый. Арганізацыя работы педагагічнага калектыву гімназіі ў шосты школьны дзень па фарміраванні грамадска неабходных і асобасна значных якасцей навучэнцаў”. Важна, каб педагог мог быць пастаўлены ва ўмовы, у якіх знаходзіцца вучань, і прадбачыць, якая форма работы будзе садзейнічаць больш хуткаму засваенню ведаў.

— Людміла Іванаўна, як маладыя педагогі могуць заявіць пра сябе?

— Штогод маладыя настаўнікі нашай гімназіі ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах, сярод якіх — гарадскі конкурс “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Мы — маладыя”. Сёлета мы рыхтуем да другога этапу настаўніка інфарматыкі Віталя Уладзіміравіча Алёшку. Нашы маладыя спецыялісты пабывалі ў “Лідары” на маладзёжным фестывалі педагагічных ідэй і рашэнняў з кіраўніком школы пачынаючага настаўніка педагогам-псіхолагам Ганнай Уладзіміраўнай Рамашка, прадстаўлялі свой вопыт.

Трэба адзначыць, што вельмі складана рыхтаваць канкурсанта. Але радуе тое, што нашы маладыя спецыялісты, якія прайшлі праз конкурсныя выпрабаванні, вяртаюцца ва ўстанову зусім іншымі, перафармаціраванымі. Яны растуць прафесійна. Перад намі зусім іншы спецыяліст, які абсалютна дакладна ведае, якім павінен быць урок, ён сур’ёзна адносіцца да мэтавызначэння, дыдактыкі ўрока. Ён не можа даваць просты ўрок, кожны з іх абавязкова адметны. І гэта адразу заўважаецца.

— А што ў планах на найбліжэйшую будучыню?

— У сваёй рабоце я арыентуюся на праграму развіцця гімназіі, аднак кожны год нясе свае сюрпрызы, новаўвядзенні, з’яўляюцца цікавыя знаходкі, таму пастаянна ідзе працэс пошуку і ўдасканалення шляхоў арганізацыі метадычнай работы. Перад кіраўніком метадычнай службы ўстановы стаіць задача дапамагчы настаўніку паглыбіць розныя аспекты яго прафесійнай падрыхтоўкі. Каб змест метадычнай работы адпавядаў запытам педагогаў і садзейнічаў самаразвіццю асобы настаўніка, работа плануецца з улікам прафесійных цяжкасцей калектыву.

Пераканана, што метадычная работа ў школе найбольш эфектыўная, калі яна арганізавана як цэласная сістэма. Яе поспех залежыць ад зацікаўленасці педагогаў у прафесійным развіцці, ад задаволенасці калектыву арганізацыяй адукацыйнага працэсу ва ўстанове. Чым больш задаволены настаўнік сваёй работай, тым больш ён зацікаўлены ва ўдасканаленні свайго майстэрства.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.