Мэтанакіраванасць, упартасць і трывалыя веды

- 14:57Адукацыйная прастора

…прывялі да поспеху навучэнцаў, якія ўдзельнічалі ў Міжнародным анлайн-конкурсе па інфарматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр-2017” (Bebras), вынікі якога падвялі ў Беларусі. Спаборніцтвы былі арганізаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі. 680 навучэнцаў сталі абсалютнымі пераможцамі гэтых спаборніцтваў.

— Сёння ва ўсім свеце расце патрэба ў спецыялістах у галіне інфармацыйных тэхналогій, здольных распрацоўваць сучасныя інавацыйныя камп’ютарныя праграмы і прадастаўляць інтэлектуальныя паслугі, — гаворыць нацыянальны каардынатар анлайн-конкурсу дацэнт кафедры інжынернай псіхалогіі і эрганомікі БДУІР Ірына Фёдараўна Кірыновіч. — Асноўная задача заключаецца ў навучанні: з малодшага ўзросту неабходна вучыць логіцы, развіваць алгарытмічнае, аналітычнае і працэдурнае мысленне. Варта стварыць умовы ўсім жадаючым навучэнцам, незалежна ад месца іх пражывання, для ўдзелу ў анлайн-конкурсах і алімпіядах, іншых сеткавых інтэлектуальных спаборніцтвах. Такім глабальным анлайн-конкурсам па інфарматыцы і вылічальнай логіцы, папулярным сеткавым інтэлектуальным рухам у свеце і з’яўляецца Bebras. Сярод мэт спаборніцтваў — стымуляванне імкнення педагогаў больш інтэнсіўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ў навучанні.

Ідэя конкурсу была прапанавана ў 2003 годзе загадчыкам кафедры методыкі выкладання інфарматыкі інстытута матэматыкі і інфарматыкі Вільнюскага ўніверсітэта прафесарам Валянцінай Дагене. Назва конкурсу нарадзілася падчас вандроўкі па Фінляндыі, дзе жанчына аднойчы назірала за бабрамі на берагах праток. Яны працуюць да таго часу, пакуль не дасягнуць дасканаласці. Штодзённую работу гэтых жывёл можна параўнаць са спаборніцтвам: хто зваліць больш дрэў, той спыніць больш праток. Таму і атрымалася, што конкурс назвалі ў гонар працалюбівага разумнага бабра. Беларусь падключылася да маштабнага інтэлектуальнага руху ў 2015 годзе.

У чэрвені 2017 года на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбылася ў Брэшыя (Італія), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі па выніках тайнага галасавання за высокія дасягненні і ўклад у развіццё конкурсу ў нашай краіне быў уключаны ў склад міжнароднай супольнасці Bebras, стаў яе паўнапраўным членам і прызнаным каардынатарам Міжнароднага анлайн-конкурсу ў Беларусі з уручэннем адпаведнага сертыфіката.

Конкурс з’яўляецца поўнасцю камп’ютарызаваным і праводзіцца праз інтэрнэт у рэжыме анлайн. Сёлета ў Bebras прынялі ўдзел больш за 60 краін, у тым ліку ЗША, Канада, Мексіка, Бразілія, Германія, Англія, Польшча і інш. Спаборніцтвы праводзіліся з 8 па 22 лістапада для навучэнцаў 1—11 класаў і І і ІІ курсаў сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія паступілі на аснове базавай адукацыі, без папярэдняга і наступнага адбору. Канкурсанты падзяліліся на пяць узроставых груп: 1—3, 4—5, 6—7, 8—9, 10—11 класы. Навучэнцам прапаноўваліся задачы сусветнага ўзроўню двух тыпаў: тэставыя заданні з варыянтамі адказаў і заданні з уводам адказу ў тэкставае поле. Колькасць заданняў вар’іравалася для кожнай узроставай групы ад 8 да 12. Раўнды спаборніцтваў працягласцю 40 мінут праводзіліся ў камп’ютарных класах устаноў адукацыі.

У гэтым годзе ўдзел у конкурсе прынялі 103 244 навучэнцы з 2143 устаноў адукацыі, што амаль на 50% больш, чым летась. Актыўны ўдзел прынялі вучні ўстаноў адукацыі Віцебскай, Гродзенскай абласцей і Мінска. Найбольшую колькасць канкурсантаў прадставілі сярэднія школы № 46 Віцебска і № 14 Наваполацка, гімназія № 20 Мінска, сярэдняя школа № 45 Магілёва, гімназія № 5 і сярэдняя школа № 40 Віцебска, сярэдняя школа № 6 Кобрына, гімназія № 1 імя Я.Ф.Карскага і сярэдняя школа № 31 Гродна. Гэта дазволіла нашай краіне выйсці на 6 пазіцыю ў рэйтынгу сярод больш як 60 краін-удзельніц.

22 899 удзельнікаў конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені, а таксама дыпломамі абсалютных пераможцаў, што прыкладна ў тры разы больш, чым у 2016 годзе. Па колькасці заваяваных дыпломаў лідзіруюць сярэдняя школа № 14 Наваполацка, гімназіі № 20, №17, сярэдняя школа № 19 Мінска, сярэдняя школа № 43 Магілёва, сярэдняя школа № 4 імя В.Маркелава (Гомель), гімназія № 1 імя Я.Ф.Карскага (Гродна), сярэдняя школа № 44 і гімназія № 5 Віцебска.

Віншуем пераможцаў!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.