Метапрадметнасць на ўроках англійскай мовы

- 12:19Адукацыйная прастора

У сучаснай школе вывучаюцца розныя дысцыпліны, аднак адсутнічаюць трывалыя сувязі паміж імі, у выніку чаго ў навучэнцаў фарміруецца няпоўнае ўяўленне пра карціну свету. На сёння паняцце “метапрадметнасць” — адно з ключавых у адукацыі. Метапрадметнасць фарміруе цэласнае вобразнае бачанне свету ў вучняў, спрыяе іх асобаснаму развіццю, уменню вучыцца.

Знаёмства з матэрыяламі даследаванняў А.В.Хутарскога ў галіне метапрадметнасці дапамагло мне засвоіць яе сутнасць і стала штуршком для выкарыстання метапрадметнага падыходу на ўроках англійскай мовы. У чым жа яго ўнікальнасць? Менавіта гэты падыход культывуе іншы тып свядомасці вучня і настаўніка, вывядзенне іх да надпрадметнага заснавання, пры якім неабходны змест разглядаецца як спосабы мыслення і дзейнасці, веды для асэнсаванага выкарыстання, а не як звесткі для запамінання. Гэта не значыць, што метапрадметнасць павінна замяніць прадметную адукацыю. Зусім не. Патрэбна ўмацаваць усё тое, што яна мае, пераарганізаваць прадметны матэрыял, не застацца ў інфармацыйных абмежаваннях аднаго вучэбнага прадмета.

Замежная мова валодае асаблівым патэнцыялам. Так, на ўроках англійскай мовы вучні засвойваюць лексіку, якая адносіцца практычна да ўсіх сфер жыцця чалавека (ecology, painting, family, culture, education, hobby, job), вывучаюць граматыку, выкарыстоўваючы веды і правілы з урокаў рускай мовы (verb, noun, adjective, adverb), чытаюць мастацкія тэксты на замежнай мове, што дазваляе пашырыць веды па літаратуры, знаёмяцца з культурай і традыцыямі краін пэўнай мовы, што звязана з урокамі гісторыі, геаграфіі, сусветнай мастацкай культуры, выконваюць матэматычныя аперацыі на замежнай мове (numerals). Спецыфіка замежнай мовы стварае вучням умовы для авалодання метапрадметнымі ўменнямі і самастойнага вырашэння жыццёвых праблем.

У навуковых школах А.В.Хутарскога, Ю.В.Грамыкі выдзелены такія метапрадметы, як “Знак”, “Праблема”, “Задача”, “Лікі”, “Культура”, “Сэнс”, “Сітуацыя” і інш. Метапрадмет існуе ў розных прадметах, у той жа час і кожны прадмет можна раздзяліць па розных метапрадметах. Так, прыём схематызацыі метапрадмета “Знак” па тэмах “Спорт”, “Прырода” дазваляе сціснуць матэрыял і прадставіць яго ў выглядзе крупнаблочных апор, табліц і схем, што фарміруе ў вучняў здольнасць да схематызацыі.

Метапрадмет “Праблема” дапамагае інтэграваць на ўроку англійскай мовы па тэме “Экалагічныя праблемы” такія метатэмы, як “Экалогія”, “Здароўе”, “Эканоміка”, “Геаграфія”, метапрадмет “Колькасць” — вылучыць метатэмы “Колькасць у матэматыцы і лічэбнік у замежнай мове”. Метапрадмет “Сітуацыя” на ўроку англійскай мовы па тэме “Геаграфічнае становішча Беларусі і Вялікабрытаніі” садзейнічае інтэграцыі такіх метатэм, як “Геаграфія”, “Эканоміка”, “Гісторыя”.

Зразумела, спецыяльна спланаваны ўрок у метапрадметным ключы — пакуль што рэдкасць для звычайнай школы. Аднак пры планаванні ўрока стаўлю новыя мэты, шукаю магчымасць у заданні прыцягнуць веды іншых прадметаў, уключаць навучэнца ў разумовы працэс, актывізаваць механізм моўнай здагадкі, ствараць праблемную сітуацыю з мэтай матывацыі самастойнай дзейнасці вучняў (“Спосабы вырашэння экалагічных праблем у нашым горадзе”), прагназаваць вынікі навучання, знаходзіць метапрадметныя магчымасці ў прадметным матэрыяле, фарміраваць уменне вылучаць гіпотэзы і фармуляваць пытанні, арганізоўваць такія віды самастойнай пошукавай дзейнасці вучняў, як назіранне і эксперымент (cтварэнне ўласнага праекта), вылучаць важную інфармацыю ў тэксце, арганізоўваць групавую дзейнасць на ўроку.

Пры рэалізацыі метапрадметнага падыходу на ўроках англійскай мовы арганізую работу па фарміраванні метаўменняў — універсальных для многіх вучэбных прадметаў спосабаў і дзеянняў атрымання і прымянення ведаў: рыхтаваць выказванні, працаваць з табліцамі, даведачным матэрыялам, дабываць інфармацыю з праслуханых тэкстаў, слухаць і весці дыялог, працаваць у групе, пары, параўноўваць, класіфікаваць, рабіць самакантроль, ацэнку і самаацэнку. Выкананне большасці заданняў па англійскай мове садзейнічае развіццю не аднаго, а цэлага комплексу ўменняў у залежнасці ад віду моўнай дзейнасці.

Метапрадметны падыход спалучаю з такімі прадметнымі методыкамі, як асобасна-арыентаваныя зносіны, групавое ўзаемадзеянне, ролевая арганізацыя вучэбнага працэсу, поліфункцыянальнасць практыкаванняў, эўрыстычнае пазнанне, праблемнае навучанне, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, даследчы метад, метад праектаў, дэбаты, дыскусіі.

На ўроках выкарыстоўваю лагічныя пяціхвілінкі, якія спрыяюць фарміраванню лагічных уменняў; асацыяцыі пры знаёмстве з новым паняццем; тэатралізацыю — разыграванне мініяцюр пасля вывучэння новага матэрыялу; прыём “Здзіві” — кароткія паведамленні пра цікавыя гістарычныя звесткі, незвычайныя факты; інтэрв’ю; рэкорды — працу з дадатковымі інфармацыйнымі крыніцамі з заданнем скласці пытанні, якія пачынаюцца словамі “Самы доўгі…”, “Самая вялікая…” (кароткая, глыбокая, цёплая і інш.); “Перакінем мосцік” — з урока ва ўрок, з прадмета ў прадмет: запісаць геаграфічныя назвы той ці іншай краіны, успомніць гістарычныя падзеі, вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва.

У маёй практыцы належнае месца знайшлі ўрокі з міжпрадметнымі сувязямі, інтэграваныя ўрокі, якія праводзяць столькі настаўнікаў, колькі заяўлена ў тэме ўрока, дзе выкарыстоўваюцца веды па іншых дысцыплінах для лепшага засваення матэрыялу ў галіне. Навучанне англійскай мове выбудоўваю, праводзячы аналогіі з рускай мовай. На ўзроўні лексічных адзінак англійская і руская мовы маюць, напэўна, самую відавочную сувязь. Англійская лексіка вельмі добра дапамагае развіццю моўнай здагадкі. У рускай мове шмат запазычаных слоў з англійскай мовы. Не ведаючы англійскай мовы, можна без праблем перакласці на рускую словы professor, sport, automobile, student, autobiography, hobby, patriotic, radio. Акрамя таго, лёгка запомніць іх вымаўленне і значэнне на замежнай мове. Заданні на суаднясенне замежнага слова з яго рускім эквівалентам могуць садзейнічаць не толькі больш паспяховаму авалоданню слоўнікам англійскай і рускай моў, але і павышэнню цікавасці вучняў да таго, што вывучаецца на замежнай мове.

Пры ўвядзенні новага граматычнага матэрыялу абапіраюся на веды дзяцей па рускай мове. У любых мовах існуюць роднасныя паняцці (напрыклад, назоўнік, дзеяслоў, час і г.д.). Звяртаю ўвагу на тое, што дзеяслоў-звязка am на рускую мову не перакладаецца, але ў англійскай мове сказы без гэтага дзеяслова не існуюць. Пры вывучэнні шматлікіх граматычных тэм даю магчымасць вучням самастойна вывесці граматычнае правіла, выкарыстоўваю алгарытмы, крупнаблочныя табліцы, логіка-сэнсавыя мадэлі, карты, кластары.

Інтэграваны ўрок — гэта асаблівы тып урока, які пры вывучэннi адной тэмы аб’ядноўвае навучанне адначасова па некалькіх дысцыплінах. Інтэграваны ўрок садзейнічае павышэнню матывацыі вучэбнай дзейнасці за кошт нестандартнай формы ўрока, арганізацыі мэтанакіраванай працы па фарміраванні вучэбна-лагічных уменняў, развіцці цікавасці і актыўнасці. Ключавое звяно інтэграцыі — пошук, а вучні — актыўныя ўдзельнікі вучэбнага працэсу. Яны даследуюць, супрацоўнічаюць, навучаюць іншых і вучацца самі.

Прыкладам можа быць інтэграваны ўрок англійскай мовы і харэаграфіі “Каляды ў Англіі і Беларусі”, які быў праведзены ў 3 класе ў форме падарожжа. У пачатку ўрока зацікаўліваю вучняў: “Сёння ў нас урок-падарожжа. Мы адправімся ў дзівосную краіну, краіну вывучаемай вамі мовы, дзе даведаемся пра святкаванне Каляд, культуру танцаў у Вялікабрытаніі. Я буду вашым гідам. Сёння на ўрок мы запрасілі настаўніка харэаграфіі, які не толькі раскажа пра танцы ў Вялікабрытаніі, але і пакажа нацыянальныя танцы гэтых краін”.

Тэму сама не называю, па малюнку дзеці вызначаюць, што на ўроку будзе ісці гаворка пра Каляды. Фармулюю мэту ўрока, якая заключаецца ў тым, што вучні папоўняць слоўнікавы запас новай лексікай, будуць ведаць пра святкаванне Каляд у Вялікабрытаніі, культуру танцаў і змогуць параўнаць і знайсці агульнае з беларускімі каляднымі традыцыямі.

Паказваю слайд-шоу і расказваю пра традыцыі святкавання Каляд у Вялікабрытаніі: “На Каляды ў Вялікабрытаніі ўсе вокны сельскіх дамоў асветлены свечкамі, таму ў мясцовых жыхароў ноч перад Калядамі называецца ноччу свечак. У дамах традыцыйна разыгрывалі сцэнкі, прысвечаныя Калядам. Пазней былі створаны містэрыі — драматычныя прадстаўленні біблейскіх сцэн. Удзельнікі драматычных прадстаўленняў былі звычайна ў масках і з дапамогай танцаў паказвалі сцэну Каляд. У Шатландыі ў Сярэднія вякі на Каляды выконвалася старажытная гульня — пантаміма, названая “голосхан”.

Настаўнік харэаграфіі паказвае элементы пантамімы. Дзеці спрабуюць самі адлюстраваць герояў Каляд і разыграць біблейскія сцэны. (Вучні рыхтаюць загадзя.) Потым паведамляю пра Лорда бязладзіцы, які мог добра жартаваць, ладзіць забавы, карнавалы. Пасля аповеду пра святкаванне Каляд у Вялікабрытаніі задаю пытанні:

— Як адзначаюць Каляды ў Беларусі?

— Як вашы сем’і святкуюць Каляды?

Дзеці расказвалі, як адзначаюць Каляды ў Беларусі (працавалі з даведачнай літаратурай, бралі інтэрв’ю ў пажылых людзей пра традыцыі і святкаванне Каляд), дзяліліся, як іх сем’і святкуюць Каляды. У якасці фізкультхвілінкі настаўнік харэаграфіі разыгрывае гульню “Лорд бязладзіцы”, арганізоўвае флэш-моб пад музыку. Вучні спяваюць і танцуюць, паўтараючы рухі за настаўнікам харэаграфіі.

Грунтоўнай працы патрабавала засваенне новага лексічнага матэрыялу: stockings, budgie, dog, pen, disk, sing, dance, doll, Christmas, New Year, zebra, Santa Claus, puppy, kitten, rabbit, frog, light, holiday, present, christmas tree. Значэнне слоў раскрывала сродкамі прадметна-выяўленчай нагляднасці з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі. Раскрыццё гукавой і графічнай форм новых слоў праводзіла шляхам супастаўлення новага слова са знаёмымі, вызначаючы агульнае і рознае паміж імі. Для замацавання новых слоў прапанавала вучням заданні знайсці лішняе слова, суаднесці карцінку і слова, уставіць літару, скласці слова з літар, упрыгожыць ялінку словамі, скласці сказы са словамі, напісаць ліст да Дзеда Мароза па шаблоне.

Далей дзеці знаёміліся з традыцыйнымі каляднымі танцамі Вялікабрытаніі. Дэманструю слайд-шоу — нацыянальныя касцюмы і бальныя танцы, відэапрадстаўленне нацыянальных танцаў. Настаўнік харэаграфіі паказвае танцавальныя рухі і запрашае вучняў патанцаваць. Дзецям цікава было даведацца пра такія старадаўнія танцы, як “Сэр Роджэр дэ Каверлі” (Sir Roger de Coverley) і “Джэні збірае грушы” (Jenny Pluck Pears), бар-данс (barn dance), хайланд (highland dancing — танцы горцаў). Прапаную заданне параўнаць святкаванне Каляд у Вялікабрытаніі з беларускімі каляднымі традыцыямі. Напрыканцы ўрока — рэфлексія.

Урокі з міжпрадметнымі сувязямі, інтэграваныя, метапрадметныя ўрокі — звёны аднаго ланцужка. Метапрадметны ўрок — гэта не проста інтэграцыя, дапаўненне адной навукі другой, гэта асаблівая сінтэзацыя ведаў, уменняў і навыкаў, гэта фарміраванне бачання свету, разуменне месца і ролі чалавека ў ім. Менавіта метапрадметныя вынікі — тыя сімвалічныя масты, што звязваюць усе вучэбныя прадметы. Метапрадметныя вынікі — гэта засвоеныя навучэнцамі спосабы дзейнасці, якія прымяняюцца як у рамках адукацыйнага працэсу, так і пры рашэнні праблем у рэальных жыццёвых сітуацыях. І нам, настаўнікам, патрэбна змяніць свой светапогляд, засвоіць культурныя спосабы і карыстацца імі, валодаць ведамі, якія тычацца розных сфер жыцця чалавека, выступаць у якасці кансультанта, моўнага партнёра, фасілітатара, эксперта, энергізатара, каб сфарміраваць цэласнае вобразнае бачанне свету ў вучняў, якія б змаглі паспяхова вырашаць праблемы ў рэальных жыццёвых сітуацыях.

Людміла ЗАХАРЭВІЧ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні.