Метка страляць і Радзіму абараняць

- 15:40Выхаванне, Рознае
На Маларытчыне Брэсцкай вобласці cкончыўся месячнік ваенна-патрыятычнага выхавання, які быў прымеркаваны да 25-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана, Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстым адкрыцці, якое прайшло на базе сярэдняй школы № 1 райцэнтра, бралі ўдзел намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Строк, старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Бойка, першы сакратар РК БРСМ Аляксей Дзямінскі, а таксама ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Наўрось.

Месячнік выхаваўча-патрыятычнай работы адкрыўся правядзеннем першынства раёна па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. 45 юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту, якія прадстаўлялі 15 каманд устаноў адукацыі раёна, выйшлі на старт, каб паспаборнічаць за званне найбольш меткага стралка. У спартыўнай зале першай школы разгарэлася сапраўдная барацьба за перамогу. У атмасферы спартыўнага саперніцтва кожны са стралкоў імкнуўся стаць лепшым. Па колькасці меткіх выстралаў вызначаны пераможцы ў асабістым заліку.

У стральбе з апорай на стол лепшымі сталі Раман Курыла (1 месца, Олтушская сярэдняя школа); Аляксей Бурштын (2 месца, сярэдняя школа № 2 Маларыты); Арцём Наўрось (2 месца, Збуражскі дзіцячы сад — сярэдняя школа). У стральбе стоячы роўных не знайшлося Артуру Крэню (1 месца, Олтушская сярэдняя школа); Антону Нікіцюку (2 месца, Чарнянская сярэдняя школа); Кірылу Касенюку (3 месца, Пажэжынская сярэдняя школа). У практыкаванні “Стральба з калена” самымі меткімі былі Віктар Кулічык (1 месца, Чарнянская сярэдняя школа); Дзмітрый Сінавец (2 месца, Олтушская сярэдняя школа); Ігар Алесік (3 месца, Ланская сярэдняя школа). У камандным заліку пераможцамі зноў, як і некалькі гадоў запар, сталі стралкі з Олтушскай школы (настаўнік-трэнер Анатоль Алесік). На другую прыступку ўзнялася каманда Чарнянскай школы, трэцяе месца занялі прадстаўнікі Хаціслаўскай сярэдняй школы.
У час адкрыцця месячніка Валянціна Козак, інструктар Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТ СААФ, падвяла вынікі работы пярвічных аргструктур сярод устаноў адукацыі раёна. За актыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўных задач граматамі ўзнагароджаны Олтушская сярэдняя школа (1 месца), сярэдняя школа № 2 Маларыты (2 месца), Ляхавецкі дзіцячы сад — сярэдняя школа (3 месца). Таксама дыпломамі за плённую работу былі адзначаны пярвічныя аргструктуры Хаціслаўскай сярэдняй школы, раённай гімназіі, Гвозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы і Чарнянскай сярэдняй школы.

У рамках месячніка на Маларытчыне праведзены шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. У ліку найбольш значных — тэматычная сустрэча з нагоды 25-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана “Хай не цьмее золата пагонаў”, урачысты сход і святочны канцэрт “Святая справа — Радзіме служыць”, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны. Гэтыя і іншыя мерапрыемствы праводзіліся з удзелам грамадскіх арганізацый “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, “Беларускі саюз афіцэраў”. У рамках месячніка прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, юнацкая гульня “Рыцарскі турнір”, адбыліся кніжныя выставы, гульні-віктарыны, пасяджэнні міні-клубаў дома. Ва ўстановах адукацыі ладзіліся ўрокі мужнасці, класныя і інфармацыйныя гадзіны, акцыя “Міласэрнасць” па доглядзе помнікаў вайсковай славы. Не засталіся без увагі ветэраны і ўдзельнікі ваенных дзеянняў. Ім аказана цімураўская дапамога.

 

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.