Метры з падтрымкай і без

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Падчас цяжкіх эканамічных сітуацый заўсёды церпіць будаўнічы комплекс: ён першы адчувае на сабе недахоп інвестыцый і першы рэагуе на сітуацыю. Такое меркаванне выказаў нядаўна міністр архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Анатоль Барысавіч Чорны. Але, па яго словах, пры пад’ёме эканомікі будаўнікі першыя адчуваюць яго на сабе.

Так, зніжэнне аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва з дзяржпадтрымкай звязана з часовымі эканамічнымі цяжкасцямі, якія не дазваляюць выдаткаваць больш сродкаў на такое жыллё. Сёлета аб’ёмы такой падтрымкі зніжаны да 4,5 трлн рублёў — іншымі словамі, такой падтрымкі не будзе для будаўніцтва прыкладна 700 тысяч м2.
Пры гэтым цана за квадратны метр не павінна падняцца больш чым на 5% у параўнанні з мінулым годам. У 2015-м, між тым, квадратны метр жылля, пабудаванага з дзяржпадтрымкай, каштаваў у сярэднім (на канец года) 7 млн 188 тысяч рублёў, такім чынам, суадносіны да сярэдняй заработнай платы склалі 1,07. Было пабудавана крыху больш за 5 млн м2 жылля — 126,5% да задання, 1,6 млн м2 жылля ўзведзена з дзяржпадтрымкай — 102,2% да задання.
Зніжаны і заданні па аб’ёме будаўніцтва арэнднага жылля. Але міністр архітэктуры і будаўніцтва адзначыў, што гэтая праграма не згортваецца. Прычына абмежаванняў у будаўніцтве такога жылля — змяншэнне бюджэту, што паўплывала і на будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках.
Максімальная ж колькасць арэндных квадратных метраў у Беларусі была дасягнута ў 2014 годзе — 224 тысячы. Летась адпаведная лічба склала амаль 177 тысяч м2, сёлета яна запланавана ў памеры 127 тысяч. “Гэта тое, што могуць сабе дазволіць бюджэты, у асноўным абласныя. Мінск, на жаль, не можа сабе дазволіць сёння з бюджэту выдаткаваць сродкі на гэтае будаўніцтва, бо дастаткова вялікія нагрузкі і па іншых інвестыцыйных напрамках”, — заўважыў А.Б.Чорны.

Марына ХІДДЖАЗ.