Мігрантаў-злачынцаў будуць высылаць

- 12:18Інфармацыйная гадзіна

Савет міністраў Германіі адобрыў законапраект, што дазваляе высылаць з краіны мігрантаў, якія ўчынілі злачынствы, паведамляюць інфармагенцтвы.

Высылка іншаземнага грамадзяніна будзе дапушчальнай у тым выпадку, калі ў адносінах да яго ўступіў у сілу прыгавор за злачынства, накіраванае супраць жыцця, фізічнай недатыкальнасці, сексуальнага самавызначэння або ўласнасці, а таксама за супраціўленне праваахоўным органам. Пры гэтым не мае ніякага значэння, ці заменены вынесены прыгавор на ўмоўны.
Акрамя таго, прэтэндэнту на прыстанішча будзе адмоўлена ў статусе бежанца, калі ён за ўчыненне вышэйназваных злачынстваў будзе прыгавораны да турэмнага пакарання на тэрмін, не меншы за адзін год. Раней гэтае правіла прымянялася ў адносінах да іншаземных грамадзян, асуджаных на тры гады пазбаўлення волі.
Гэтая ініцыятыва была ўзгоднена групай кансерватараў і сацыял-дэмакратаў пасля таго, як стала вядома, што сярод тых, хто напаў на жанчын у Кёльне, было шмат мігрантаў.
Міністр юстыцыі ФРГ Хайка Мас заклікаў прыцягваць замежных злачынцаў да адказнасці, адзначыўшы, што гэта будзе на карысць і самім бежанцам. “Бежанцы не заслужылі таго, каб іх блыталі са злачынцамі”, — растлумачыў міністр.
Адобраны ўрадам законапраект павінны будуць разгледзець бундэстаг і бундэсрат.