Міжнароднае “золата” і гран-пры для мінскай даследчыцы

- 10:26Якасць адукацыі

Іван Анатольевіч Рускіх, кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў “Генетыка і селекцыя” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, добра вядомы нашым чытачам. Яго імя заўсёды на слыху дзякуючы яго ж выхаванцам: кожны год яны вяртаюцца з міжнародных экалагічных алімпіяд з залатымі медалямі. На гэты раз 11-класніца Паліна Касцяневіч, якая знайшла спосаб з дапамогай бактэрыі  ачышчаць ваду, прывезла з кенійскага Найробі не толькі залаты медаль, але і гран-пры VII Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў Golden Climate (GCIEPO).

У міжнародных алімпіядах экалагічнай накіраванасці выхаванцы Івана Анатольевіча прыма­юць удзел амаль 20 гадоў. І за гэты час былі толькі тры выпадкі, калі беларускія дзеці не прывозілі медалі за свае праекты. Апошнія некалькі гадоў ці адзін, ці абодва ўдзельнікі каманды (прадстаўнікоў ад краіны заўсёды не больш за два) штогод прыязджаюць выключна з залатымі медалямі. На гэты раз стаўка была зроблена на Паліну, і яна не падвяла.

 Даследчыца расказала пра сут­насць сваёй работы: “У сучасных сінтэтычных мыйных сродках асноўныя дзеючыя кампаненты — павярхоўна-актыўныя рэчывы. Гэта надзвычай актыўныя хімічныя злучэнні, якія, з аднаго боку, дапамагаюць хутчэй справіцца з брудам і тлушчам, а з другога — забруджва­юць навакольнае асяроддзе. Напрыклад, трапляючы з гаспадарча-бытавымі (шэрымі) і прамысловымі сцёкамі ў вадаёмы, фасфаты, якія змяшчаюцца ў пральных парашках, выклікаюць бурны рост водарасцей. Тыя, распадаючыся, у вялікай колькасці вылучаюць метан, аміяк і серавадарод, знішчаючы ўсё жывое ў вадзе.

Мы вылучылі з глебы бактэрыю, якая вельмі хутка і эфектыўна ўтылізуе павярхоўныя актыўныя рэчывы ў вадзе, што застаецца пасля мыцця посуду, гігіенічных працэдур і іншага бытавога выкарыстання ў гаспадарцы: разбурае малекулы ПАР, і пры гэтым вылучаюцца рэчывы, якія спрыяюць пенагашэнню (спірты, арганічныя кіслоты, слізі і г.д.). Бактэрыя, заселеная ў рэзервуар з такой вадой, робіць яе прыдатнай да другаснага выкарыстання — у хатняй гаспадарцы, для мыцця машын, паліву саду і агарода і інш. Па нашых падліках сярэдні кошт слоічка такога прэпарату — 2 долары.

А кожная чайная лыжка здольна ачысціць 100 літраў сярэднезабру­джанай вады”.

Па словах Паліны, ідэя такой ачы­сткі шэрых сцёкаў не новая. Каб знізіць пенаўтварэнне ў вадзе, у прамысловасці выкарыстоўваецца флатацыя — ачыст­ка сцёкавых вод, якая прадугле­джвае вывад на яе паверхню рознай завісі і іншых рэчываў. Для гэтага прымяняюцца балоны з паветрам або рэагенты, многія з якіх не прызначаны для выкарыстання ў прыватных дамах. Яшчэ адзін метад — каагуляцыя, для якой неабходны два рэзервуары і зноў жа хімічныя рэагенты, цэнтрыфугаванне і ­гіперфільтрацыя, што патрабу­юць значных затрат электра­энергіі і спе­цыяльнага абсталявання.

“Ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, многія людзі пераязджаюць у прыватныя дамы ў прыгарадах, і звычайна гэтыя дамы не падключаны да агульнай сцёкавай сістэмы, — аргументуе Паліна. — Тыя, хто там жыве, ведаюць, колькі вады траціцца на паліў саду, агарода, для іншых бытавых патрэб. І таму такі спосаб ачысткі быў бы эканамічна выгадным для чалавека, дазволіў бы эканоміць водныя рэсурсы і абараняць навакольнае асяроддзе ад агрэсіўных хімічных рэчываў”.

Але моманту, калі прэпарат ачысткі шэрых вод з’явіцца ў продажы, папярэднічае велізарная работа. Для гэтага патрэбны дадатковыя даследаванні, бо таго, што прэпарат працуе ў лабараторных умовах і ў асобна ўзятай хатняй гаспадарцы, — недастаткова.

“Сваю работу я завяршыла зімой і шырока апрабаваць яе не паспела. Цяпер чакаю сезон, каб узяцца за даследаванні, — гаворыць Паліна. — Для гэтага трэба прыватны дом ці дача. У маміных знаёмых ёсць дачы, і яны вельмі хо­чуць апрабаваць нашу суспензію. Біяпрэпарат можна выкарыстоўваць не толькі для герметычных септыкаў па­дземных ачышчальных збудаванняў, але і ў вялікіх цыстэрнах. Гэта не анаэробныя бактэрыі, якія найчасцей выкарыстоўваюцца ў падобных прэпаратах для закрытых падземных рэзервуараў і пры ўзаема­дзеянні з кіслародам не працу­юць. Бактэрыя, якую я вылучыла, аэробная — значыць можа выкарыстоўвацца і пры доступе кіслароду. Толькі пераканаўшыся, што мае даследаванні будуць карысныя на справе, я завяршу сваю працу і змагу абдумваць наступную”.

А ў тым, што даследаванні працягнуцца, нягледзячы на тое, што дзяўчына — выпускніца, можна не сумнявацца. Але пакуль трэба выбраць далейшы адукацыйны шлях і зрабіць перапынак на экзамены.

“Я выбіраю паміж Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, дзе ёсць кафедра экалогіі, гігіены і радыезабруджванняў, і Віцебскай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны, бо магчымасць дапамагаць жывёлам мяне таксама цікавіць, — дзеліцца планамі Паліна. — Але ў любым выпадку я не збіраюся завяршаць свае даследаванні. Нават калі траплю ў іншы горад, буду шукаць магчымасць хаця б раз у тыдзень прызджаць на заняткі ў Мінск да Івана Анатольевіча, бо ёсць ідэі, ёсць з чым працаваць, ёсць зацікаўлены кіраўнік.
А гэта падкупляе”.

Святлана НІКІФАРАВА.