Мікалай Максіменка: “Спасцігаючы законы фізікі, трэба жыць па законах сумлення”

- 10:21Людзі адукацыі

Асобай не нараджаюцца, асобай становяцца… Крок за крокам, пераадольваючы цяжкасці, імкнучыся да мэты і з верай у сябе…

Доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Мікалай Васільевіч Максіменка — чалавек, які дасягнуў вышынь індывідуальнасці. Яго мэтанакіраванасці можна пазайздросціць, сілай волі — захапіцца, з яго прыстойнасці — узяць прыклад. Між тым жыццё не песціла Мікалая Васільевіча лёгкімі перамогамі, не падавала лаўры на сподачку, ды і сам ён ніколі не шукаў абходных шляхоў. Яго поспех — вынік працавітасці, упартасці і, вядома, адданасці любімай справе — навуцы.

“Фізіка — маё жыццё, — прызнаецца даследчык. — У ёй я знайшоў сябе, яна мая крыніца натхнення і стымул для руху наперад”.

Характэрна, што на выбар жыццёвага шляху Мікалая Васільевіча паўплываў яго школьны настаўнік. Простая школа ў вёсцы Ліпень Асіповіцкага раёна, шэраг вучэбных прадметаў, а сярод іх той, які захапляў больш за ўсё, — фізіка.

“Мы не абмяжоўваліся сухой тэорыяй, фізічныя з’явы і законы спасцігалі на практыцы, “мацалі рукамі”. Спакваля расла цікавасць да вывучэння законаў прыроды, нараджаліся смелыя мары пра адкрыцці, а разам з імі ўмацоўвалася ўпэўненасць у выбары будучай прафесіі”, — успамінае прафесар.

Фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага педінстытута імя В.П.Чкалава стаў пачаткам станаўлення Мікалая Васільевіча як сапраўднага даследчыка. Дапамог і шчаслівы збег абставін — сустрэча з вядомым навукоўцам А.А.Богушам, які прыехаў у Гомель чытаць лекцыі першакурснікам.

“Па яго рэкамендацыі я і паступіў у аспірантуру Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — расказвае прафесар. — Не ўтойваю, вучыцца было складана, шмат часу аддаваў самаадукацыі, гадзінамі праседжваў у бібліятэцы. Аднак гэта быў светлы перыяд майго жыцця, я быў акрылены: перада мной адкрываліся ўсе шляхі!”

Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, вучоны вярнуўся ў сваю альма-матар, дзе аддана працуе ўжо больш за паўстагоддзя.

“Мікалай Васільевіч — унікальны чалавек, — лічыць яго вучань, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Віктар Васільевіч Андрэеў. — Ён стаяў ля вытокаў стварэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, яго сіламі ішло актыўнае развіццё фізічнага факультэта, яго талент вёў да росквіту навуковай школы фізікі ядзер і элементарных часціц”.

Усёй душой аддаючыся любімай справе, прафесар ніколі не шкадаваў ні сіл, ні часу: шмат працаваў, не баяўся цяжкасцей, заўсёды даводзіў пачатую справу да канца. Кафедра тэарэтычнай фізікі, якой кіраваў М.В.Максіменка на працягу 32 гадоў, ператварылася ў сапраўдны навуковы цэнтр, яго супрацоўнікі ўмела спалучалі даследаванні з выкладаннем.

“У Мікалая Васільевіча ёсць унікальны дар адчуваць людзей, бачыць самародкаў. Ён здолеў сабраць вакол сябе выдатную каманду, — распавядае сябар вучонага, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Анатоль Мікалаевіч Сердзюкоў. — Сапраўдны лідар, ён ніколі не пазбягаў адказнасці, смела прымаў рашэнні, быў патрабавальны перш за ўсё да сябе. І гэта выклікала непахісную павагу ў калег”.

Захапляе адкрытасць і прыродная сціпласць навукоўца. Усё гэта — вынік выхавання і асяроддзя, у якім вырас Мікалай Васільевіч. Там цаніліся галоўныя чалавечыя каштоўнасці: сумленнасць, дабрыня, павага, любоў да радзімы. Нездарма паэма Якуба Коласа “Новая зямля” стала любімым творам прафесара.

“Перачытваючы нашага класіка, я думкамі вяртаюся ў сваё вясковае дзяцінства. Так, жыццё ў тыя часы было няпростае, але яно было сапраўднае”, — успамінае вучоны.

Мікалаю Васільевічу ёсць чым ганарыцца: поспехі ў навуцы, шматлікія публікацыі ў прэстыжных міжнародных часопісах, манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі, таленавітыя вучні…

Студэнты-фізікі бачаць у ім Настаўніка з вялікай літары, бо найскладанейшыя паняцці і з’явы ён робіць даступнымі і зразумелымі, умее ўсё “раскласці па палічках”, данесці самую сутнасць, захапіць, зацікавіць.

Мікалай Васільевіч упэўнены, што працаваць трэба так, каб быць задаволеным сабой. Планка патрабаванняў да сябе ў яго нязменна высокая. А гэта значыць, працаваць трэба шмат, старанна, скрупулёзна. Гэта і стала жыццёвым прынцыпам прафесара, які не пакідае навуку ні ва ўніверсітэце, ні дома. Хатняя бібліятэка, якую ён ствараў на працягу ўсяго жыцця, уражвае багаццем навуковых выданняў. Складана ўявіць, але Мікалай Васільевіч не толькі ведае, на якой паліцы стаіць тая ці іншая кніга, але і памятае змест кожнай з іх! З гэтай нагоды нават бывалі жартоўныя спрэчкі з сябрамі. Нядзіўна, што новыя выданні па фізіцы, якія з’яўляюцца ў кнігарнях, як правіла, папаўняюць гэтую ўнікальную бібліятэку. Сваімі кнігамі вучоны ганарыцца, ставіцца да іх беражліва і трапятліва, пастаянна перачытвае.

“Нават адпраўляючыся на лецішча, бяру з сабой кнігі”, — прызнаецца прафесар. Свой дачны дом у вёсцы Рудня-Споніцкая Мікалай Васільевіч пабудаваў сам. Вялікі двухпавярховы будынак з верандай і балконам, камінам і сапраўднай, амаль як у дзяцінстве, печчу. А вакол дома — шыкоўны сад і лужок. Яблыні, слівы, вішні, чарэшні — усе дрэвы прафесар пасадзіў сваімі рукамі. Яблынькі — у гонар унукаў, а іх у Мікалая Васільевіча чацвёра.

На лецішчы, дзе збіраецца вялікая сям’я, можна адпачыць і целам, і душой: паляжаць у цені сосен і бяроз з добрай кнігай, пакорпацца ў градах, схадзіць на рыбалку ці ў лес па грыбы. А якое задавальненне прыносіць сямейнае чаяванне, якое Мікалай Васільевіч ператварае ў сапраўдную цырымонію — заўсёды сам заварвае гарбату па сваіх сакрэтных рэцэптах, змешвае гатункі, эксперыментуе з дабаўкамі.

“Калегі і сябры часта дораць мне чай ці каву, — расказвае прафесар. — На кафедры тэарэтычнай фізікі ўжо даўно з’явіўся своеасаблівы клуб, дзе мы, аматары духмянага напою, збіраемся ў вольны час і абмяркоўваем навіны”.

На працы — з калегамі, а дома — з любай жонкай… Як прызнаецца Мікалай Васільевіч, Вольга — самы каштоўны падарунак лёсу. Разам з ёй, клапатлівай і адданай, ідуць яны па жыцці ўжо больш за паўстагоддзя. І ўсё ў іх агульнае, адно на дваіх: і радасці, і нягоды.

У свае 75 гадоў Мікалай Васільевіч Максіменка малады душой і моцны духам. Як сапраўдны мужчына ён пабудаваў дом, пасадзіў дрэва, выгадаваў сына… Як таленавіты вучоны дасягнуў значных вышынь у навуцы… Як сапраўдны чалавек жыве па законах сумлення… І многае яшчэ наперадзе.

Святлана ХАЗЕЙ.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.