Дапамагае ў гэтым унікальны школьны музей, прысвечаны дзейнасці Чырвонага Крыжа. Кіраўнік музея Ірына Рэпіна стала лепшым валанцёрам года Гомельшчыны па рабоце з дзецьмі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Другое дыханне
Навучэнцам школы добра вядома імя швейцарскага бізнесмена Анры Дзюнана, які лічыцца заснавальнікам міжнароднай арганізацыі Чырвонага Крыжа. У 1859 годзе ён прыехаў у Італію і стаў сведкам пакут тысяч параненых байцоў — удзельнікаў бітвы пры Сальферына. Многія з іх былі пакінуты паміраць з-за адсутнасці догляду. Тыя моцныя ўражанні і неабыякавасць падштурхнулі Анры напісаць не проста кнігу “Успаміны пра Сальферына”, а кнігу-заклік, звернутую да ўсіх краін свету, стварыць арганізацыі для дапамогі ахвярам вайны, незалежна ад нацыянальнасці. І яго пачулі. Так у 1863 годзе з’явілася самая вялікая і моцная міжнародная дабрачынная арганізацыя. Сёння дзейнасць Чырвонага Крыжа аб’ядноўвае 192 краіны. Дэвізам сталі словы заснавальніка Tutti Fratelli, якія азначаюць “Усе мы браты”.
Яшчэ адно імя чырвонымі літарамі ўпісана ў гісторыю Чырвонага Крыжа. Флорэнс Найцінгейл у час Крымскай вайны аказвала дапамогу параненым у ваенным шпіталі. Яна распрацавала сістэму дапамогі, якая дазволіла зменшыць смяротнасць параненых у два разы. Яе называлі “жанчына з ліхтаром”, таму што начамі яна абыходзіла байцоў з ліхтаром у руках. Такая ж выява Флорэнс засталася на медалі, названым у яе гонар. Гэты медаль лічыцца найвышэйшай узнагародай, якой удастойваюцца лепшыя сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны 46 савецкіх медсясцёр былі ім узнагароджаны, у тым ліку шэсць беларусак. Сярод іх дзве гамяльчанкі — Марыя Гарачук і Соф’я Голухава. Падчас вайны яны выратавалі жыццё сотням байцоў. Менавіта яны сталі ганаровымі гасцямі на адкрыцці музея Чырвонага Крыжа, які быў створаны ў школе яшчэ ў 1986 годзе. Ён быў адзіны на прасторы Савецкага Саюза і зараз застаецца ўнікальным дзякуючы сваёй экспазіцыі і рабоце, якая тут праводзіцца. Ля вытокаў стварэння музея стаялі Алена Пад’ялец, першы дырэктар школы, Валянціна Бондар, намеснік дырэктара, Алена Крэмерава, кіраўнік клуба інтэрнацыянальнай дружбы. Усе гады свайго існавання музей быў у цэнтры школьнага жыцця, тут праходзілі шматлікія сустрэчы з ветэранамі, выхаваўчыя мерапрыемствы.

Па словах сённяшняга дырэктара школы Наталлі Шыкінай, з часам экспанатам музея стала цесна ў невялікім школьным пакоі, таму было прынята рашэнне адвесці пад музей больш прасторнае памяшканне. Ідэю падтрымала Ала Смаляк, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Урачыстае адкрыццё абноўленага музея адбылося ў студзені 2024 года з удзелам генеральнага сакратара БАЧК Дзмітрыя Шаўцова.
Залаты фонд
Сёння тут сабрана больш за 600 экспанатаў, палова з іх — сапраўдныя рэчы і дакументы. Ёсць падзякі сёстрам міласэрнасці і патранажным сёстрам Чырвонага Крыжа. Адна з іх выдадзена Лідзіі Кудраўцавай і падпісана генералам П.І.Батавым, пад кіраўніцтвам якога праходзіла вызваленне Лоева, і Героем Савецкага Саюза Аляксеем Марэсьевым.
Прыцягвае ўвагу калекцыя значкоў: донар І, ІІ ступені, ганаровы донар Савецкага Саюза, нагрудны знак прафесара Мікалая Пірагова за заслугі ў дзейнасці грамадскага аб’яднання Чырвонага Крыжа…
Залатым фондам музея па праве можна лічыць шматлікія лісты, якія дасылалі на адрас школы савецкія сёстры міласэрнасці, якія былі ўзнагароджаны медалём Флорэнс Найцінгейл. У кожным — словы падзякі стваральнікам музея за іх імкненне захаваць памяць аб франтавых медыках, а таксама аповед пра той шлях, пакуты і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі ў час вайны. У музеі ёсць форма і набор інструментаў Валянціны Волкавай, якая ў 19 гадоў добраахвотнікам адправілася на фронт, прайшла ўсю вайну і дэмабілізавалася ў 1947 годзе. Марыя Шкарлетава была санінструктарам стралковай роты. У адным з баёў на подступах да Варшавы замяніла забітага кулямётчыка і не падпусціла фашыстаў да параненых байцоў, якіх эвакуіравала з поля бою. За гэты подзвіг яна была ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза.
— Перачытваць гэтыя лісты без слёз немагчыма. Людзі павінны ведаць пра гераізм і мужнасць звычайных дзяўчат. Хіба можа пакінуць абыякавым гісторыя Марыі Афанасьеўны Гарачук, якая пісала, што яе гімнасцёрка была прамочана крывёю і потам салдат. На брацкай магіле яна паклялася: пакуль будзе жыць, будзе расказваць пра мужнасць і подзвіг савецкага народа. І стрымала слова. У мірны час яна прысвяціла сябе гэтаму, сустракалася са школьнікамі Гомеля, прымала іх у піянеры, — расказвае Ірына Рэпіна. — Папаўняецца экспазіцыя і зараз дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню музея з абласной і раённымі арганізацымі Чырвонага Крыжа, з пошукавымі атрадамі. Мы супрацоўнічаем з пошукавым атрадам “Рубеж” з Калінкавіч. Яны перадалі нам у мінулым годзе сумку медсястры часоў вайны. Пошукавы атрад “Гонар ветэрана” са Жлобіна знайшоў шкляныя бутэлькі з-пад медыкаментаў тых гадоў, яны таксама зараз у нашым музеі. Гомельскі клуб калекцыянераў “Юнона” дапамагае нам у рэканструкцыі ваеннай вопраткі. Не застаюцца ўбаку і неабыякавыя жыхары горада. На Дзень донара Лілія Уладзіміраўна Гаджыева перадала нам сваю ўзнагароду — нагрудны знак “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”.
Праектаў вялікая колькасць
Ірына Рэпіна працуе ў школе 25 гадоў настаўніцай нямецкай мовы. З верасня 2023 года з’яўляецца кіраўніком музея і працягвае актыўна праводзіць работу па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі на аснове прынцыпаў Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. У гэтым годзе стала лепшым валанцёрам па рабоце з дзецьмі на Гомельшчыне.

— Перш за ўсё мая задача — расказаць дзецям пра мужнасць савецкіх сясцёр міласэрнасці. Падчас экскурсій засяроджваю ўвагу на тым, што, магчыма, адна з іх выратавала іх прадзедаў, таму сёння яны жывуць на гэтым свеце. Імкнуся азнаёміць з гісторыяй арганізацыі, растлумачыць сутнасць і шматграннасць дзейнасці Чырвонага Крыжа. У многіх яна часцей за ўсё асацыіруецца з донарствам. На самай справе праектаў вялікая колькасць: дапамога хворым людзям, дзецям, дзецям-сіротам, падтрымка тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі не толькі ў ваенны, але і ў мірны час, — тлумачыць Ірына Аляксандраўна.
На базе музея працуе аб’яднанне па інтарэсах “Юныя экскурсаводы”. Яго ўдзельнікі — пяцікласнікі. Яны вельмі старанна і адказна падыходзяць да заняткаў. Настаўніца раздае ім персанальныя заданні па тэме Чырвонага Крыжа. Дзеці рыхтуюцца, а потым адно аднаму расказваюць сабраную інфармацыю. Прыемна адзначыць, што да такой работы актыўна далучаюцца і бацькі дзяцей. А самі навучэнцы пачалі ўжо праяўляць ініцыятыву.
— У гэтым годзе дзеці ў Міжнародны дзень валанцёра самі прапанавалі правесці сустрэчы з навучэнцамі малодшых класаў. Падзяліліся на групы, надзелі камізэлькі і пайшлі ў 2 і 3 класы. Прадэманстравалі ім фільм пра Гомельскае аб’яднанне Чырвонага Крыжа, расказалі, хто такія валанцёры, чым яны займаюцца і чаму гэта важна, — расказвае Ірына Аляксандраўна.
Вынікі плённай работы аб’яднання па інтарэсах адзначаны дыпломам ІІ ступені ў абласным конкурсе “Юны экскурсавод”, дыпломам І ступені ў Міжнародным фестывалі школьных музеяў, дыпломам у конкурсе “Панарама педагагічнага вопыту ў школьных музеях”.
Удзельнікаў аб’яднання добра ведаюць і ў горадзе, і ў раёне. Навучэнцы прымаюць удзел у акцыях Чырвонага Крыжа. Не пакідаюць без увагі памятныя даты арганізацыі і гісторыі. На базе школы праходзяць семінары абласнога Чырвонага Крыжа.
— Ходзім на экскурсіі ў іншыя школьныя музеі, каб вучыцца ў іншых. Праводзім тэлемасты не толькі з установамі адукацыі вобласці, а і з расійскімі гімназіямі. Так, адбыліся два тэлемасты з гімназістамі Бранска і Санкт-Пецярбурга. Папулярызавалі дзейнасць Чырвонага Крыжа такім жа спосабам з навучэнцамі Асіповіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Уваравіцкай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна, — дзеліцца кіраўнік музея і дадае: — Калі расказваю дзецям пра гераізм і мужнасць нашых сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа падчас ваенных канфліктаў, заўсёды ахоплівае пачуццё гордасці за наш народ, за тых людзей, якія аддалі сваё жыццё дзеля іншых. Калі расказваю пра сучасную дзейнасць валанцёраў ЧК, заўсёды падкрэсліваю, што і ў мірны час ёсць месца для подзвігу. З 2009 года дзевяць беларусак узнагароджаны медалём імя Флорэнс Найцінгейл. Адна з іх — Вольга Гейцава з Мазыра. Гэтыя жанчыны не імкнуліся да ўзнагароды, а праяўлялі міласэрнасць, спачуванне і цярпенне да людзей.
Ірыне Аляксандраўне прыемна назіраць, як дзеці мяняюцца ў лепшы бок. Па-іншаму пачынаюць адносіцца да іншых і адно да аднаго, з гатоўнасцю адгукаюцца на заклік дапамагчы. Школа стаіць на беразе возера, і кожны год падтопліваецца прыватны сектар, дзе жывуць і навучэнцы. І дзеці ў чырвоных камізэльках прыходзяць на дапамогу.
Марына ЖДАНАВА





