У найбліжэйшы панядзелак у краіне традыцыйна будзе адзначацца Дзень маці. З 1996 года гэты дзень трывала ўвайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як свята ўшанавання ўсіх жанчын-маці. Гэтае свята заклікана падтрымаць традыцыі беражлівых адносін да жанчыны, замацаваць сямейныя асновы, асабліва адзначыць значэнне ў нашым жыцці галоўнага чалавека — Маці. А напярэдадні гэтага дня — з 8 па 14 кастрычніка — у краіне традыцыйна праходзіць Тыдзень маці.
Дзень маці ў Беларусі суправаджаецца асаблівымі традыцыямі. Адна з іх — гэта правядзенне з 8 па 14 кастрычніка Тыдня маці. Адно з цэнтральных мерапрыемстваў гэтых дзён — урачысты прыём ва ўрадзе, на які запрашаюцца самыя дастойныя жанчыны-маці з усёй краіны. Сёлета прадугледжаны і прынцыпова новыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня маці, напрыклад, такія як віншаванне жанчын у радзільных дамах, якія нарадзілі дзяцей у Дзень маці, віншаванне жанчын-інвалідаў, якія сталі маці ў 2013 годзе, арганізацыя тэматычных кніжных выстаў, праектаў і акцый.
Неабходна адзначыць, што па даных перапісу, у краіне пражывае каля 2 млн 700 тысяч сем’яў, з якіх 1 млн 200 тысяч выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. У цэлым у краіне створаны ўмовы для паўнацэннага мацярынства, для падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Гэта і матэрыяльная падтрымка, і фінансавая дапамога сем’ям пры будаўніцтве жылля, і меры па развіцці ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя. Вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням якаснага медыцынскага суправаджэння жанчын-маці і дзяцей. Як вынік гэтай работы — Беларусь сёння адносіцца да краін з нізкім узроўнем мацярынскай і дзіцячай смяротнасці. Гэтыя паказчыкі ў нас супастаўляльныя з паказчыкамі еўрапейскіх краін. А паказчык мацярынскай смяротнасці адзін з самых нізкіх у рэігёне. На гэта ўплывае павышэнне бяспечнасці цяжарнасці і родаў і скарачэнне — за апошніх 10 гадоў амаль у 4 разы — колькасці абортаў.
За апошні час істотна павялічылася і матэрыяльная падтрымка ў сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. Так, з 1 студзеня 2013 года быў перагледжаны механізм разліку дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Сёння яна складае ад 35% да 40% заработнай платы работнікаў у краіне, што дазволіла істотна, амаль у два разы, павялічыць яе памер. Пры гэтым неабходна адзначыць, што выплата дапамогі ад сярэдняй заработнай платы прадугледжана для ўсіх асоб, што ажыццяўляюць догляд дзіцяці, незалежна ад таго, з’яўляюцца яны застрахаванымі ў сістэме сацыяльнага страхавання ці не. Іншымі словамі, права на дапамогу не залежыць ні ад даходаў бацькоў, ні ад іх занятасці. Пры гэтым ажыццяўляецца штоквартальны пераразлік дзяржаўных дапамог у сувязі з павелічэннем сярэдняй заработнай платы і бюджэту пражытачнага мінімуму. Чарговы пераразлік будзе праведзены 1 лістапада.
— Літаральна днямі, 9 кастрычніка, быў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 462 “Аб некаторых пытаннях назначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, — паведаміла на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня маці, Марына Барысаўна Арцёменка, намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. — Дакумент прадугледжвае права на прыпыненне дзейнасці ў сувязі з доглядам дзіцяці наступным катэгорыям грамадзян: індывідуальным прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, рамеснікам і адвакатам. Як вынік — устанаўліваецца права на атрыманне ў гэты перыяд дапамогі па доглядзе дзіцяці ў поўным памеры. Указам таксама ўстаноўлена, што парадак прыпынення дзейнасці вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць, што ў развіццё ўказа будзе прынята адпаведная пастанова ўрада па зацвярджэнні парадку прыпынення дзейнасці ўказаных катэгорый работнікаў.
Варта адзначыць, што меры, якія прымаюцца па падтрымцы сем’яў з дзецьмі, знаходзяць водгук у насельніцтва: сёння назіраецца станоўчая сітуацыя ў сферы нараджальнасці. У 2012 годзе ў краіне нарадзіліся 116 тысяч дзяцей, а гэта самы вялікі паказчык за апошніх 10 гадоў. За 8 месяцаў бягучага года — 78 тысяч малых, што на 2600 дзяцей больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Гэта, безумоўна, уплывае і на сумарны каэфіцыент нараджальнасці. З 2005 года гэты паказчык павялічыўся з 1,25 да 1,62. Больш за тое, за 8 месяцаў бягучага года ў краіне назіраецца абсалютны прырост насельніцтва на 545 чалавек.
Як станоўчы паказчык можна адзначыць і той факт, што павялічваецца не толькі колькасць сем’яў, але і іх склад. Сёння амаль палова нараджэнняў — гэта з’яўленне на свет другога і наступных дзяцей у сем’ях.
— Для вывучэння рэпрадуктыўных установак насельніцтва, рэакцыі на тыя меры, што рэалізоўвае дзяржава, праводзяцца сацыялагічныя даследаванні, навукова-даследчыя работы, — адзначыла Марына Барысаўна. — Адно з такіх даследаванняў паказала, што 84 са 100 жанчын, якія знаходзяцца ў шлюбе ці ў незарэгістраваных адносінах, ва ўзросце ад 15 да 49 гадоў хацелі б нарадзіць яшчэ адно дзіця ў найбліжэйшых 5 гадоў. Акрамя таго, каля 60% апытаных у рамках даследавання выказалі жаданне мець дваіх дзяцей, 21% — траіх і больш і толькі 13% — аднаго.
Такі настрой насельніцтва, безумоўна, радуе. Але, як паказала яшчэ адно даследаванне, для многіх стрымліваючым фактарам з’яўляецца матэрыяльны бок пытання: зніжэнне матэрыяльнага даходу ў сувязі са з’яўленнем кожнага наступнага дзіцяці ў сям’і. Адпаведна, вельмі актуальным у гэтых адносінах, як указваюць рэспандэнты, з’яўляецца вырашэнне жыллёвага пытання, а таксама павышэнне памеру дзіцячых дапамог.
Варта адзначыць, што сістэма матэрыяльнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі ўвесь час удасканальваецца. Актуальная тэма апошняга часу — магчымасць увядзення ў краіне сістэмы аналагічнай “мацярынскаму капіталу” ў суседняй Расіі.
— Мы вельмі актыўна вывучаем міжнароджны вопыт, вопыт суседніх дзяржаў па рэалізацыі палітыкі павышэння нараджальнасці. На сёння толькі ў Расіі дзейнічае сістэма “мацярынскага капіталу”, заснаваная на тым, што такі капітал налічваецца пры нараджэнні другога дзіцяці. У нас быў праведзены сумесны круглы стол з расійскімі калегамі па абмеркаванні механізмаў і эфектыўнасці дзейнасці такой сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі ў Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, у НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны была распрацавана навукова-даследчая работа, дзе аналізаваліся напрамкі, па якіх мог бы накіроўвацца такі капітал у нашых умовах: вырашэнне жыллёвага пытання, аплата адукацыі, лячэння. Але для таго каб механізм запрацаваў у нашай дзяржаве, неабходна прыняцце адпаведнай заканадаўчай базы. Увядзенне такой меры ў Беларусі патрабуе глыбокага аналізу, — адзначыла Марына Барысаўна Арцёменка. — Сёння мы ўжо прыступаем да распрацоўкі новай праграмы дэмаграфічнай бяспекі, якая будзе прынята пасля 2015 года. Адпаведна, новыя меры ўвойдуць у яе з улікам сацыяльна-эканамічных магчымасцей дзяржавы.