Мір — абсалютная каштоўнасць

- 11:03Рознае, Сродкі навучання, Якасць адукацыі

Мы працягваем публікаваць урокі па тэме “Нам мір завешчана берагчы!”, якія распрацавалі педагогі да 1 верасня.

Мэта: садзейнічаць выхаванню патрыятызму, супрацоўніцтва, адказных адносін да міру на Зямлі.

Задачы: спрыяць пашырэнню ўяўленняў вучняў аб міры як абсалютнай каштоўнасці, далучаць падрастаючае пакаленне да найважнейшых каштоўнасцей, ідэй, перакананняў, якія раскрываюць сутнасць беларускай дзяржаўнасці; фарміраваць актыўную грамадзянскую і асобасную пазіцыю моладзі ў станаўленні моцнай і аўтарытэтнай дзяржавы, фарміраваць у вучняў сістэму ведаў, разуменне гістарычнай і прычыннай абумоўленасці падзей і з’яў, якія адбываюцца ў грамадстве, уяўлення аб ролі асобы ў гісторыі і яе адказнасці за мір, прыроду, навакольнае асяроддзе, грамадства, калектыў, сваю сям’ю і за самога сябе; садзейнічаць выхаванню ў вучняў пачуцця гордасці за міралюбівую палітыку нашай дзяржавы, уключэнню навучэнцаў у міратворчую дзейнасць, накіраваную на міласэрнасць.

Абсталяванне:

камп’ютар, відэаролік “Нам патрэбен мір”, слайд-шоу “Дзеці і вайна”, мультымедыйная прэзентацыя “Нам мір завешчана берагчы” (дадаткі-прэзентацыі кожны настаўнік зможа зрабіць па-свойму), мадэль планеты з блакітнай паперы, трафарэты галубоў, выявы далоняў з рознакаляровай паперы.

Эпіграф:

Трэба мужнымі быць у жыцці,
Памятаць кожны дзень і гадзіну:
Жыць на свеце — не поле прайсці,
Мы ў адказе за мір, за Радзіму.
                                                Надзея Ярмак

Ход урока
Арганізацыйны момант. Вызначэнне тэмы і мэт

— Добры дзень, мае дарагія васьмікласнікі, бацькі, госці! Наш чарговы верасень зноў сабраў нас разам. Мы развітваемся з летам, каб цэлы навучальны год жыць побач, у адным калектыве. Так мы вучымся жыць у соцыуме, вучымся падтрымліваць адно аднаго, вучымся быць Чалавекам з вялікай літары. А што найперш неабходна чалавеку?
(Вучні выказваюць свае думкі.)

— А вось што адказалі на гэтае пытанне вашы бацькі, знаёмыя, настаўнікі.
(Дэманстрацыя відэароліка “Нам неабходны мір”.)

— Менавіта таму тэма нашага ўрока гучыць так: “Нам мір завешчана берагчы”. І для таго каб мы разам змаглі ацаніць, якое гэта вялікае шчасце — жыць на мірнай зямлі, я прапаноўваю правесці ўрок у форме вуснага часопіса, а старонкі будуць такімі (назвы старонак вывешаюцца на дошцы):

1. Мір як абсалютная каштоўнасць.
2. Першыя міратворцы беларускай зямлі.
3. Дасягненні сучаснай Беларусі, якія спрыяюць міру.
4. Трагічныя ўрокі нашай гісторыі.
5. Мы адказныя за мір.
(Далей настаўнік агучвае мэты на мове вучняў.)
Напрыканцы ўрока вы зможаце:
1. Растлумачыць выраз “Мір — абсалютная каштоўнасць”.
2. Успомніць асноўныя звесткі пра першых міратворцаў беларускай зямлі.
3. Назваць не менш як тры дасягненні сучаснай Беларусі, якія садзейнічаюць міру ў краіне.
4. Сфармуляваць не менш як адзін доказ, чаму кожны з нас адказны за мір.

Работа над старонкамі вуснага часопіса
Старонка першая. Мір як абсалютная каштоўнасць.
(Слайд 1.)

— Што азначае слова “мір”?
(Выказванні вучняў.)

— Малайцы. Вы правільна сказалі, што слова “мір” азначае сяброўскія адносіны, спакой, адсутнасць варожасці, вайны, сварак. Усё гэта дасягаецца негвалтоўнымі сродкамі: законамі, правіламі, дамовамі. У гутарковай мове гэтае слова замяняецца сінонімам “лад” (“парада”). Ад слова “мір” узнік рад іншых слоў: мірыць, мірыцца, міралюбівы, міратворац. (Слайд 2.)

Сучасныя рэаліі такія, што менавіта згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных, стваральных каштоўнасцей з’яўляецца гарантам яе захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту. Таму невыпадкова на 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый наша краіна названа сімвалам міру. Беларускі народ умее атрымліваць урокі з мінулага, даражыць чыстым небам над галавой і спакоем у грамадстве.

Аб гэтым жа заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на V Усебеларускім народным сходзе, які адбыўся гэтым летам. (Слайд 3.)

“Адзінства народа дае магчымасць зберагчы мір у краіне і саму краіну. 75 гадоў назад пачалася самая страшная і кровапралітная вайна ў гісторыі. Мы добра памятаем яе ўрокі. І галоўны ўрок у тым, што любую, нават самую вялікую бяду можна адолець толькі разам. Калі перад тварам цяжкасцей народ аб’ядноўваецца, а людзі не падаюць духам, то любыя перашкоды пераадольныя і любыя мэты дасягальныя. Нельга быць бесклапотнымі і самаўпэўненымі. Нельга легкадумна ставіцца да будучага. Нельга дазваляць застаць сябе неспадзявана, як гэта было ў тыя гады. Трэба ўмець своечасова прадбачыць і прадухіліць небяспеку. Сёння ў Беларусі няма такой жа трагічнай сітуацыі, як тры чвэрці стагоддзя назад, у краіне мір, спакой і парадак. Мы жывём на сваёй зямлі — жывём сціпла, але ў дастатку. На прыкладзе нашых суседзяў мы пераканаліся: мір — вялікая, найвялікшая каштоўнасць. Страціць яго вельмі лёгка, а шлях ад міру да вайны можа быць вельмі кароткім. У сувязі з гэтым абараназдольнасці і бяспецы дзяржавы ў Беларусі надаецца першараднае значэнне. Распрацаваны і прыняты Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і новая рэдакцыя Ваеннай дактрыны, у якіх сфармуляваны асноўныя задачы і вызначаны напрамкі дзейнасці з улікам сучасных пагроз і выклікаў. Галоўнае для нашай дзяржавы — міралюбная шматвектарная знешняя палітыка”.

А зараз давайце на рознакаляровых далонях напішам, што ўключае ў сябе паняцце “мір”.
(Калектыўная праца. Афармленне на дошцы першай старонкі часопіса — далоняў вакол папяровага макета зямлі. На далонях напісаны словы “дом”, “сям’я”, “спакой”, “дзеці”, “усмешкі” і г.д.)
(Слайд 4.)

Старонка другая. Першыя міратворцы беларускай зямлі. (Слайд 5.)

— У свой час міратворчую функцыю выконвалі місіянеры, якіх пасылалі для рэлігійнай прапаганды сярод нехрысціянскага насельніцтва. Першыя міратворцы беларускай зямлі — Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі. Пра каго з названых выдатных людзей вы ведаеце?

(Адказы вучняў. Паведамленні вучняў, якія атрымалі апераджальнае заданне. Размяшчэнне выступленняў на дошцы.) (Слайды 6, 7, 8, 9.)

Ефрасіння Полацкая

Сярод жанчын-асветніц Ефрасіння Полацкая з’яўляецца найбольш яркай постаццю. Яна нарадзілася каля 1101 года ў сям’і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына Усяслава Чарадзея. У 12 гадоў прыняла манаскі пострыг з імем Ефрасіння. Яна была адукаванай, шмат чытала і з дазволу Ільі, біскупа Полацкага, пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора, дзе знаходзілася багатая бібліятэка. Займалася перапісваннем кніг па заказах гараджан, атрыманыя грошы раздавала як міласціну.

У 1127—1128 гадах Ефрасіння заснавала Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, куды пад яе ўплывам пастрыглася таксама яе сястра Гардзіслава і стрыечная сястра Звеніслава Барысаўна. Манастыр атрымаў багатыя ўклады, і Ефрасінняй у ім быў пабудаваны каменны храм Збаўцы, які захаваўся да нашых часоў. Стала першай жанчынай на тэрыторыі Беларусі, прызнанай святой. Нягледзячы на тое, што нарадзілася яна пасля расколу хрысціянства, роўна ўшанавана як у праваслаўі, так і ў каталіцтве. “Жыціе Ефрасінні Полацкай” — адзін з помнікаў ранняга праваслаўя ў Беларусі. На тэрыторыі Беларусі Ефрасіння Полацкая нараўне з Кірылам Тураўскім — адна з самых шанаваных святых.
Дабратворна паўплывала на пераадоленне варожасці паміж Полацкім і Кіеўскім княствамі. Фiналам жыцця Ефрасінні Полацкай стала паломніцтва ў Іерусалім, у час якога яна захварэла і ў 1173 годзе памерла.

Кірыла Тураўскі

Кірыла Тураўскі займае выключнае месца ў беларускай гісторыі. Манах-аскет, ахвярны пастыр, таленавіты пісьменнік і прапаведнік, “другі Залатавусны”, як называлі Кірылу за красамоўства, адзін з найбольш вядомых усходнеславянскіх духоўных дзеячаў ХІІ стагоддзя.

Жыццёвы шлях Кірылы Тураўскага, выдатнага сына нашай зямлі, пачаўся ў старажытным Тураве. Родны горад Кірылы быў сталіцай моцнага княства і адным з галоўных аплотаў усходнеславянскай асветы. У багатых кнігазборах захоўвалася рукапіснае Тураўскае Евангелле XI стагоддзя — самая старажытная з вядомых вучоным кніг, створаных у Беларусі.

“Жыціе Кірылы Тураўскага” не паведамляе дакладных дат пачатку і канца яго зямной дарогі. Вядома, што ён быў сынам багатых бацькоў, але “богатества” і “славы тленныя мира сего” яго не вабілі. Спачатку ў бацькоўскім доме, а потым у мясцовым епіскапскім манастыры будучы пісьменнік атрымаў высокую адукацыю, засвоіўшы веды і ідэі і візантыйскага, і рымскага свету.

Зачыніўшыся ў высокай драўлянай вежы, што стаяла на прыпяцкім беразе, малады манах маліўся і тварыў. З-пад яго пяра выходзілі натхнёныя аповесці, “словы”, прытчы, пасланні і павучанні. Ужо ў гэты час да Кірылы прыйшла літаратурная слава. Яго творы перапісвалі, чыталі і вучылі на памяць ва ўсіх усходнеславянскіх княствах.

Францыск Скарына

Зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры і сёння з’яўляецца Францыск Скарына — найбольш велічная постаць эпохі Адраджэння ў Беларусі. Геній Скарыны — заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, асветніка-гуманіста, доктара медыцыны, арыгінальнага мысліцеля, пісьменніка-публіцыста, перакладчыка-паліглота, выдаўца — мог зрабіць гонар любой дзяржаве.

У Празе Скарына заснаваў друкарню, у якой паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню, выдаў 6 жніўня 1517 года першую кнігу — “Псалтыр”, а потым на працягу 1517—1519 гадоў — яшчэ 22 кнігі Бібліі. Скарына выдаў іх з уласнымі прадмовамі і пасляслоўямі пад агульнай назвай “Библия руска”.

Кнігі Францыска Скарыны распаўсюджваліся і карысталіся папулярнасцю і аўтарытэтам на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы, Расіі і іншых краін. Яны беражліва захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, служылі ўзорам для пераймання паслядоўнікамі і здзейснілі вялікую культурную місію ва Усходняй Еўропе.

Скарына разумеў важнасць роднай мовы як фактару, які спрыяе захаванню цэласнасці народа, яго адзінства і нацыянальнай самабытнасці. Таму ён замацаваў родную мову ў высокай літаратуры сусветнага значэння — у Бібліі — як мову раўнапраўную, “боскую”. Скарына стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай культуры і стаў яе сімвалам.

Мікола Гусоўскі

Сярод плеяды слаўных і несмяротных імёнаў эпохі Адраджэння адно з пачэсных месцаў даследчыкі аддаюць Міколу Гусоўскаму — беларускаму паэту-гуманісту і асветніку.

Абагульніўшы перадавыя на той час погляды, Гусоўскі стаў адным з выразнікаў сваёй эпохі. Даследчыкі яго творчасці засведчылі, што аўтар “Песні пра зубра” заклікаў да яднання і дружбы розныя народы еўрапейскага кантынента.

Паэма “Песня пра зубра” з’яўляецца выдатным малюнкам нашай гераічнай Бацькаўшчыны. Пейзажы і замалёўкі з натуры, аформленыя пры дапамозе неверагодна маляўнічых фарбаў, перадаюць нацыянальны характар беларусаў, нашу вобразнасць, каларыт.

Ці не самым першым у нашай нацыянальнай культуры і літаратуры Мікола Гусоўскі паставіў і развіў праблему захавання прыроднага наваколля, выкарыстання і прымнажэння багаццяў зямлі-матухны. Ён бачыў прыроду агульнанародным набыткам, вытокам здароўя, радасці і выхавання патрыятычных пачуццяў і маральных паводзін.

У справе выхавання людзей і ўмацавання дзяржавы наш зямляк найперш аддаваў перавагу мастацтву і навуцы.

Паэт сцвярджаў непарушнасць прынцыпаў раннехрысціянскай маралі, ідэалаў тагачаснай народнай этыкі.

Старонка трэцяя. Дасягненні сучаснай Беларусі, якія спрыяюць міру. (Слайд 10.)

— А зараз, дзеці, кожны з вас пабудзе рэдактарам нашага часопіса. Я прапаноўваю вам матэрыялы, у якіх апісаны дасягненні сучаснай Белерусі, якія спрыяюць міру. Паколькі такіх матэрыялаў шмат, вы павінны выбраць самае важнае, важкае і пастарацца пераканаць астатніх аб неабходнасці размяшчэння гэтага матэрыялу ў нашым часопісе.

(Індывідуальная работа выхаванцаў з матэрыяламі. Прэзентацыя матэрыялаў. Размяшчэнне на дошцы.)

Па Індэксе чалавечага развіцця Беларусь сярод амаль 200краін сусветнай супольнасці перамясцілася з 68-га ў 2000 годзе на 50-е месца ў 2015 годзе. За пяцігодку — на 18 пазіцый. Гэта забяспечыла нам месца ў групе краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця.

З 2014 года ўпершыню за 20 гадоў колькасць жыхароў Беларусі пачала расці. Узроўні нараджальнасці і смяротнасці практычна зраўняліся — сціснуты так званыя дэмаграфічныя нажніцы. Гэта вынік, да якога мы імкнуліся і якім мы ганарымся.

У рэйтынгу па ўзроўні развіцця адукацыі мы знаходзімся ў групе 30 развітых краін і апярэджваем усе краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Па паказчыках даступнасці адукацыі — паступленні дзяцей у школу, колькасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі — Беларусь знаходзіцца на ўзроўні высокаразвітых краін і апярэджвае многія краіны Еўропы і свету. Рэспубліка лідзіруе па колькасці навучэнцаў ва ўстановах прафесійнай адукацыі.

У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі. Завяршаецца тэхнічнае аднаўленне дзевяці найбуйнейшых дрэваапрацоўчых вытворчасцей, уведзены ў эксплуатацыю тэхнічныя лініі па вытворчасці цэменту “сухім” спосабам, арганізавана вытворчасць комплексных складаназмешаных угнаенняў.

Пачалася серыйная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выраблены самы буйны ў свеце кар’ерны самазвал грузапад’ёмнасцю 450 тон. Пабудаваны завод па вытворчасці сучасных чыгуначных электрапаяздоў. Пачата будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі.

Мадэрнізацыя вытворчасці дазволіла аднавіць тэхналогіі і істотна скараціць затраты на выпуск вырабаў. Зніжэнне ўзроўню матэрыялаёмістасці вырабаў у прамысловасці склала каля 8 працэнтаў.

За 5 гадоў уведзена ў эксплуатацыю і тэхнічна пераабсталявана больш за тысячу малочна-таварных комплексаў, 55 свінаводчых, 456 зернасушыльных, больш як 500 птушкаводчых комплексаў. Аўтаматызацыя асноўных тэхналагічных працэсаў сельскай вытворчасці дазволіла павялічыць прадукцыйнасць працы амаль у 1,5 разу.

Выпуск інавацыйнай прадукцыі за пяцігодку павялічыўся больш чым у 4 разы. У краіне маюцца значныя напрацоўкі ў сферы высокіх тэхналогій, у прыватнасці, у вытворчасці аптычных і лазерных прыбораў, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Шырокую вядомасць у свеце набыў рад камп’ютарных праграм беларускіх распрацоўшчыкаў. Па экспарце ў галіне камп’ютарных і інфармацыйных паслуг на душу насельніцтва краіна апярэджвае ўсе краіны Садружнасці.

Паказчыкам сусветнай цікавасці да беларускай эканомікі з’яўляецца ўзрослая актыўнасць замежных інвестараў. За апошнія пяць гадоў аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку ўзрос у 2,5 разу.

Старонка чацвёртая. Трагічныя ўрокі нашай гісторыі.

— Сапраўдны чалавек — гэта патрыёт сваёй краіны, які не хоча, каб яго Радзіма ўдзельнічала ва ўзброеных канфліктах. Ніякія “стратэгічныя інтарэсы” не могуць апраўдаць гібель і пакуты людзей. Патрыёт можа ўзяць зброю ў рукі толькі ў адзіным выпадку: калі на яго Радзіму напаў вораг. Менавіта так дзейнічалі беларусы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы подзвігу салдат, іх велізарнаму ўкладу ў справу захавання міру, а таксама мірнаму “почырку” сучаснай знешняй палітыкі нашай дзяржавы ў Беларусі захоўваюцца мір і спакой. Давайце ўспомнім, якой была самая страшная вайна мінулага стагоддзя.
(Вучні праглядаюць слайд-шоу “Дзеці і вайна”.)

Старонка пятая. Мы адказныя за мір.

— Мір — гэта самая важная каштоўнасць. І кожны з нас павінен разумець, што толькі дзякуючы агульным намаганням, адказнасці кожнага за даручаную справу, узаемнай падтрымцы мы зможам зберагчы мір у нашай краіне. Я папрашу вас напісаць на трафарэтах галубоў, што можам зрабіць мы для таго, каб мір быў стабільным.
(Вучні запісваюць выразы “Дапамагаць адно аднаму”, “Падтрымліваць і клапаціцца аб састарэлых людзях”, “Шанаваць бацькоў” і г.д. Пасля замацоўваюць галубоў міру на дошцы.)

Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія

— На пачатку ўрока мы з вамі вызначылі задачы. Зараз я прапаноўваю ацаніць, наколькі мы справіліся з імі.

На дошцы замацаваны далоні розных колераў. Выберыце далонь таго колеру, які адпавядае вашаму настрою пасля сённяшняга ўрока, і растлумачце свой выбар.
Дзякуй за работу. Жадаю вам міру і ладу.
(Гучыць песня “Солнечный круг”.)

Вольга СУДНІК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вязынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вілейскага раёна Мінскай вобласці.