Місія СНД апублікавала прамежкавую справаздачу па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Яна размешчана на сайце Выканкама СНД.
У прыватнасці, адзначаецца, што Беларусь забяспечыла неабходныя ўмовы для работы міжнародных наглядальнікаў. У рамках маніторынгу выбарчай кампаніі доўгатэрміновыя наглядальнікі наведалі 101 са 110 акруговых і больш за 200 участковых камісій. “Членам камісіі бесперашкодна прадастаўляліся неабходныя дакументы, якія тычацца выбарчага працэсу. Наглядальнікі адзначаюць прафесіяналізм членаў камісій, правільнае афармленне дакументацыі, што сведчыць аб паслядоўнай і мэтанакіраванай рабоце Цэнтральнай камісіі па навучанні арганізатараў выбараў”, — гаворыцца ў прамежкавай справаздачы.
Таксама звяртаецца ўвага, што ў мэтах максімальнага ўдзелу грамадзян у выбарах Цэнтральная камісія прыняла рашэнне пашырыць пералік дакументаў, што засведчваюць асобу (акрамя пашпарта), якія даюць права грамадзянам атрымаць бюлетэнь для галасавання пры наяўнасці іх у спісах выбаршчыкаў. Да такіх дакументаў аднесены службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, студэнцкі білет, вадзіцельскае пасведчанне, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), пенсійнае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), а таксама пасведчанне аб інваліднасці.
У цэлым справаздача змяшчае падрабязную інфармацыю аб фарміраванні камісій і іх дзейнасці па падрыхтоўцы да выбараў, вылучэнні і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, перадвыбарнай агітацыі, рабоце са скаргамі і заявамі і г.д.
“Місія будуе сваю работу ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права ў галіне арганізацыі і правядзення выбараў, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, не ўмешваючыся ў ход выбарчага працэсу і ўнутраныя справы дзяржавы”, — гаворыцца ў прамежкавай справаздачы. На думку наглядальнікаў ад СНД, Цэнтральная і ніжэйшыя выбарчыя камісіі прымаюць неабходныя меры для належнай падрыхтоўкі выбараў і іх правядзення ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства.
Па стане на 1 верасня ў складзе місіі Садружнасці акрэдытаваны 328 наглядальнікаў, якія прадстаўляюць Азербайджан, Арменію, Казахстан, Кыргызстан, Малдову, Расію, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, МПА дзяржаў — удзельніц СНД, Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Выканаўчы камітэт Садружнасці. На доўгатэрміновай аснове працуюць 44 наглядальнікі.
Свае канчатковыя высновы і ацэнкі місія выкладзе ў падагульняючым дакуменце па выніках маніторынгу выбараў, якія адбудуцца 11 верасня.