Мой любімы дзіцячы сад, мой горад, мая краіна…

- 14:42Дашкольная адукацыя

Цыкл фільмаў “Маленькія грамадзяне” стварылі ў ДЦРД № 1 Магілёва

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Магілёва з 2016 года рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў ва ўмовах арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў” (2016—2019 гг.). Педагогі — удзельнікі інавацыйнай дзейнасці распрацоўваюць мультымедыйныя прэзентацыі, дыдактычныя і маршрутныя гульні, лато, ствараюць відэафільмы, арганізоўваюць сацыяльныя акцыі, разам з выхаванцамі ажыццяўляюць праектную дзейнасць.

“Адным з эфектыўных сродкаў фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту стала стварэнне відэафільмаў і выкарыстанне іх у адукацыйным працэсе, — гаворыць загадчык цэнтра Таццяна Юр’еўна Швяцова. — Пры выбары тэматыкі фільмаў мы ўлічвалі развіццёвы прынцып навучання: ад найбліжэйшага акружэння дзіцяці — да больш далёкай перспектывы. У выніку вызначыўся тэматычны цыкл фільмаў, прысвечаных дзіцячаму саду, гораду, у якім мы жывём, роднай краіне, нацыянальным святам і традыцыям. Алгарытм работы па стварэнні відэафільмаў для дзяцей уключаў стварэнне творчай ініцыятыўнай групы, перспектыўнае планаванне тэматыкі фільмаў у адпаведнасці з этапамі работы па тэме, складанне сцэнарных планаў, праекта мастацкага афармлення фільма, падрыхтоўку матэрыяльнай базы, здымку эпізодаў або цэлага фільма (работу з дзецьмі, бацькамі, педагогамі), запіс каментарыяў, цітраў, мантаж фільма і яго дэманстрацыю. Бацькі выхаванцаў пры рабоце над фільмамі выступалі ў розных амплуа — рэжысёраў, кінааператараў, афарміцеляў, мастакоў і інш.”.

Такім чынам, у ДЦРД № 1 Магілёва быў створаны тэматычны цыкл фільмаў “Маленькія грамадзяне”. У яго ўвайшлі наступныя фільмы:

1. “Наш дзіцячы сад!”. У фільме прадстаўлены дзіцячы сад з яго добразычлівымі дарослымі, яркім, цікавым развіццёвым асяроддзем. У якасці асноўнага сюжэта выбрана свята “З днём нараджэння, дзіцячы сад!”— відэазапіс з аповедамі дзяцей аб дзіцячым садзе і пажаданнямі выхаванцаў.

2. “Мой любімы Магілёў”. Ідэя фільма — здзейсніць экскурсію па Магілёве, якую правядзе выхаванка старшай групы. Тут горад паўстае такім, якім яго ўбачыла дзіця. Яго ідэя была ў тым, каб ад імя дзіцяці старэйшага дашкольнага ўзросту расказаць аб родным горадзе, яго гісторыі, славутасцях, прыгожых месцах адпачынку гараджан. Галоўная гераіня расказвае кароткую гісторыю — легенду аб стварэнні горада, праводзіць аглядную экскурсію па памятных мясцінах Магілёва з паказам, як яны выглядалі ў мінулым. Завяршае фільм прыгожая відэапанарама Магілёва.

3. “Мы памятаем, мы ганарымся”. Фільм расказвае пра тое, як праводзяцца ў дзіцячым садзе святы героіка-патрыятычнай тэматыкі, у першую чаргу 9 Мая.

4. “Ля варот — сонцаварот, дружны сустрэўся народ”. У гэтым фільме дзеці старшых груп і дарослыя ў беларускай вопратцы ўдзельнічаюць у тэатралізаваным паказе з беларускімі песнямі, танцамі, гульнямі.

5. “Горад майстроў”. Тут дзеці знаёмяцца з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі (вышыўкай, ткацтвам, ганчарствам). Віртуальная экскурсія суправаджаецца фотаздымкамі. Голас дзіцяці па-за кадрам расказвае аб традыцыйных беларускіх рамёствах.

6. “Сябруюць дзеці на планеце” (этнафестываль). Фільм пачынаецца з невялікага тэатралізаванага дзейства — прыходу Вясны. Яна з’яўляецца ў асяроддзі галубоў — вешчуноў міру і дружбы, і адкрывае фестываль. Вядучыя — дзяўчынка і хлопчык у беларускіх касцюмах і педагог — запрашаюць гасцей. Пачынаецца этнадэфіле — дэлегацыі розных краін праходзяць пад народную музыку і дэманструюць свае нацыянальныя касцюмы, якія ў большасці пашыты рукамі саміх удзельнікаў. У гэтым паказе задзейнічаны дзеці і бацькі выхаванцаў, педагогі. Яны прадстаўляюць нацыянальныя касцюмы і элементы танцаў. Другая частка фестывалю — канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму дню танца. З народнымі танцамі ў ім выступаюць і выхаванцы дзіцячага садка, і сямейныя калектывы. Заканчваецца фестываль агульным карагодам дружбы. Атмасферу свята ствараюць і яркія фарбы нацыянальных касцюмаў, і паветраныя шары ў руках удзельнікаў, якія яны напрыканцы дружна адпускаюць увышыню.

Завяршаецца цыкл фільмаў кіначасопісам “Маленькія грамадзяне”, які расказвае пра самыя цікавыя віды дзейнасці дарослых і дзяцей у кірунку фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці.

“З мэтай фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці выхаванцаў мы арганізоўваем сацыяльныя акцыі, — адзначыла Таццяна Юр’еўна. — Спачатку педагогі вызначаюць разам з дзецьмі, на вырашэнне якой сацыяльнай праблемы будзе накіравана акцыя: хто ўвойдзе ў мэтавую групу, якая мэта акцыі і якія плануюцца вынікі (што тым самым хочуць сказаць яе ўдзельнікі). Прадумваем форму правядзення мерапрыемства (якім яно будзе) і прадугледжваем яго эфектыўнасць. Затым сцэнарый сацыяльнай акцыі рэалізоўваецца на практыцы. Гэта можа быць адно або некалькі мерапрыемстваў, якія ідуць адно за адным. І, нарэшце, падводзяцца вынікі сацыяльнай акцыі, атрымліваецца зваротная сувязь, вызначаюцца яе далейшыя перспектывы.

У нашай установе назапашаны пазітыўны вопыт правядзення сацыяльных акцый патрыятычнай накіраванасці (“Юныя патрыёты”, “Мы памятаем, мы ганарымся”, “Ліст невядомаму салдату” і інш.). Цікавасць у дзяцей выклікала акцыя “Мы разам”, якая праводзіцца да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Да мерапрыемства далучыліся ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу нашай установы, а таксама дзіцячага сада № 32 Петраградскага раёна Санкт-Пецярбурга”.

Педагогі-наватары ДЦРД № 1 Магілёва распрацоўваюць дыдактычныя і маршрутныя гульні (у тым ліку электронныя дыдактычныя гульні для інтэрактыўнай дошкі), лато па тэмах гісторыі і сучаснасці нашай краіны і роднага Магілёва, ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі. Падбіраюць даступныя для дзіцячага ўспрымання тэксты і маляўнічыя ілюстрацыі. Таксама зрабілі падборку твораў беларускага фальклору, беларускіх народных казак, музычных твораў беларускіх аўтараў. Усе матэрыялы выкарыстоўваюцца як у спецыяльна арганізаванай, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці.

Эфектыўны метад фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці — праектная дзейнасць. Спосабы атрымання інфармацыі дзецьмі пры падрыхтоўцы праектаў розныя: зварот да асабістага вопыту, пытанні да дарослых, інтэрв’ю з супрацоўнікамі музеяў, дзіцячай бібліятэкі, прагляд відэаматэрыялаў, прэзентацый, знаёмства з карцінамі, чытанне кніг, выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў, назіранне за работай дарослых. У некаторых групах дзеці аб’ядноўваліся ў падгрупы, паміж імі размяркоўваліся абавязкі. Напрыклад, адна падгрупа збірала інфармацыю пра прадукцыю прамысловых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь, другая — пра людзей, якія праславілі нашу краіну.

“Пры падрыхтоўцы праектаў нашы педагогі разам з выхаванцамі пабывалі на займальных экскурсіях па Магілёве, у этнаграфічным музеі, у Палацы гімнастыкі, у зале алімпійскай і спартыўнай славы Магілёўшчыны, у краязнаўчым музеі беларускіх народных цацак, у музеі лясгаса, — гаворыць Таццяна Юр’еўна. — Пазнаёміліся з людзьмі, якія праславілі родны горад: алімпійскім чэмпіёнам майстрам спорту па веславанні на каноэ Аляксандрам Масейкавым, салісткай Магілёўскай абласной філармоніі Наталляй Цямрук. Дзеці даведаліся, як жылі беларусы раней, аб прадпрыемствах нашай краіны, аб тым, якую прадукцыю яны выпускаюць, якія знакамітыя людзі і славутыя мясціны ёсць у Беларусі. Адказалі на пытанні аб тым, чаму тыгры і львы не жывуць у беларускіх лясах, чаму Беларусь называюць сінявокай, што трэба рабіць людзям, каб захаваць прыроду роднага краю. На занятках па ручным ткацтве самастойна стваралі сапраўдныя шэдэўры “Беларусачка”, “Бусел — сімвал Беларусі”, “Зубр”, “Дзяўчынка Алеся”, “Мой край родны”, “Васількі”, “Вуліцы роднага горада”.

Надзея ЦЕРАХАВА.