Мой тата — ЧЭМПІЁН

- 14:43Спецыяльная адукацыя

З такімі словамі забег шасцігадовы Максімка ў пакой, дзе я размаўляла з яго бацькам Эдуардам Лаўранюком. Вочы хлопчыка свяціліся, і было відаць, што ён па-сапраўднаму ганарыцца сваім бацькам, магчыма, з-за ўзросту нават не ведаючы, што гэта значыць. А ганарыцца ёсць чым.

Эдуарду было чатыры гады, калі траўма пазваночніка не дазволіла яму перамяшчацца. Пра стапрацэнтнае вылечванне ніхто і не марыў, для ўсіх было радасцю, што хлопец увогуле падняўся з ложка. І вось ужо многа гадоў ён інвалід І групы і перамяшчаецца пры дапамозе мыліц або каляскі. Але хіба гэта прыгавор?

— Цяжэй за ўсё было ў дзяцінстве, — расказвае Эдуард. — Асабліва калі настаў час пайсці ў школу. Цяжка і непрыемна, калі на цябе паказваюць пальцам і смяюцца. Але я ведаў, што ўжо нічога не зраблю са сваім здароўем, таму навучыўся жыць. Жыць, як усе.

Цяпер у хлопца ёсць сям’я, у якой гадуецца маленькі сын, работа сакратаром у Мельніцкай школе Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, якая Эдуарду ў радасць, а цяпер яшчэ і спорт з выдатнымі вынікамі.

— Летась мне пазванілі з тэрытарыяльнага цэнтра і прапанавалі паехаць на курсы інвалідаў-калясачнікаў у Пінску. Там нас вучылі тэхніцы язды. Пасля заканчэння курсаў я атрымаў дыплом, дзе пазначана, што я магу кіраваць каляскай актыўнага тыпу. Ад пакаёвых яна адрозніваецца сваёй лёгкасцю і манеўранасцю.

Першы раз Эдуард паспрабаваў сябе ў гарадскім марафоне, дзе заняў першае месца ў бегу на 2000 метраў у катэгорыі інвалідаў-калясачнікаў.

— А ў лістападзе гэтага года мне прапанавалі паўдзельнічаць за Брэсцкую вобласць у рэспубліканскіх спаборніцтвах інвалідаў-калясачнікаў, якія праходзілі ў Магілёве. Калі першапачаткова ў мяне і былі сумненні наконт удзелу, то сям’я падтрымала і пераканала, што ехаць трэба. Спаборніцтвы арганізоўваліся па некалькіх відах — дваябор’е, бочэ, армрэслінг, пераадоленне дыстанцыі 1,5 кіламетра і дартс. Эдуард не падвёў сваю каманду, заваяваўшы першае месца ў армрэслінгу і трэцяе — у дваябор’і. А сама ж каманда заняла другое месца. Дома свайго чэмпіёна сустрэлі з гордасцю і радасцю. Галоўнае, што перамога Эдуарда не ў граматах і кубках, а ў сіле духу, з якой ён пераадольвае ўсе выпрабаванні, як у жыцці, так і ў спорце.

Павел КАНАНОВІЧ.
Фота аўтара.